Вы тут

Жыццё ў тры акты


Сёлета ўвосень Мінскі абласны драматычны тэатр, што знаходзіцца ў Маладзечне, распачне свой 30-ы тэатральны сезон. Гэтая падзея суседнічае з яшчэ адной юбілейнай датай: 6 верасня мог бы адзначыць сваё 80-годдзе Сяргей Барысавіч Вальковіч, які амаль 15 гадоў быў дырэктарам МАДТ і фактычна з’яўляецца яго стваральнікам. У 1992 годзе ён стаў кіраўніком новай установы культуры і прыняў на свае плечы ўвесь цяжар і праблемы перыяду станаўлення, што, як вядома, прыпадаў на не самы спрыяльны для творчасці час у гісторыі Беларусі. Толькі сапраўдны фанат Мельпамены мог рашыцца на такое.


Сяргей Вальковіч у гарадскім парку побач з абласным тэатрам.

Кожны раз, калі сэрца давала збоі і ўрачы літаральна выцягвалі яго з небыцця, Сяргей Вальковіч, ачуняўшы, пісаў чарговы ліст да сваёй каханай жонкі Тамары: «Мой мілы, любімы чалавек! Калі ты чытаеш гэтыя радкі, значыць, мяне ўжо няма…» Пяць лістоў ён парваў, шосты мы чытаем з Тамарай Вікенцьеўнай на яе ўтульнай маленькай кухні маладзечанскай кватэры. Сяргей Барысавіч, якога я ведала з дзяцінства, паўстае зусім іншым, фактычна разбураючы папярэдні вобраз, створаны мной і маімі калегамі-журналістамі, што пісалі пра яго бурную грамадскую і гаспадарчую дзейнасць. Гэты ліст да жонкі працягваецца такімі словамі: «Жыццё — замкнёнае кола. Але калі б Бог даў мне пачаць спачатку, то я больш часу быў бы з табой, мая родная, і з нашымі дзецьмі… Я вінаваты перад вамі, бо часта не ўдзяляў той увагі, якую вы чакалі ад мяне… Я люблю цябе, мой мілы чалавечак! Беражы сябе. Кліч мяне, калі будзе цяжка…»

Акт 1. Сенніца

Гэта вёска пад Мінскам, у назве якой трывалы пах сенакосу, улілася сёння ў сталічны мегаполіс новым мікрараёнам. Але ў падножжы сучасных хмарачосаў яшчэ туляцца там-сям прыватныя сядзібы ў зацені яблыневых садоў. Існуе дагэтуль сямейнае гняздо Вальковічаў. На відэа 40-гадовай даўніны захаваліся і спевы гаспадара, Барыса Вальковіча, зафіксаваныя аматарскай відэакамерай. Ах, як хораша спяваў звычайны шафёр, ветэран Вялікай Айчыннай вайны! Іншы раз падпявала яму жонка — настаўніца мясцовай школы. З цягам часу ўліліся ў сямейны ансамбль галасы сына і дачкі. Дзеці скончылі музычную школу. Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, сын Сяргей паступіў у Маладзечанскае музычнае вучылішча. Ад гэтай пары Маладзечна стаў яго горадам і радзімай для яго дзяцей.

Пасля першага курса давялося студэнту апрануць форму вайскоўца і два гады спраўна служыць Айчыне. Па шчаслівым збегу абставін службу Сяргей Вальковіч праходзіў у Мачулішчах, адкуль напрасткі, праз палі-лугі, да роднай Сенніцы было рукой падаць. Іншы раз юнак збочваў, шыбуючы ў звальненне, таму што да вёскі Шчомысліца, дзе жыла Жыццё ў тры акты Сёлета ўвосень Мінскі абласны драматычны тэатр, што знаходзіцца ў Маладзечне, распачне свой 30-ы тэатральны сезон. Гэтая падзея суседнічае з яшчэ адной юбілейнай датай: 6 верасня мог бы адзначыць сваё 80-годдзе Сяргей Барысавіч Вальковіч, які амаль 15 гадоў быў дырэктарам МАДТ і фактычна з’яўляецца яго стваральнікам. У 1992 годзе ён стаў кіраўніком новай установы культуры і прыняў на свае плечы ўвесь цяжар і праблемы перыяду станаўлення, што, як вядома, прыпадаў на не самы спрыяльны для творчасці час у гісторыі Беларусі. Толькі сапраўдны фанат Мельпамены мог рашыцца на такое. яго дзяўчына Тамара, весялуха і пявуння, было яшчэ бліжэй. Пасля армейскай службы яны прыехалі ў  Маладзечна разам. Пакуль муж заканчваў вучобу ў Ленінградскім інстытуце культуры, Тамара працавала на швейнай фабрыцы «Камсамолка». Затым прыйшоў яе час вучыцца на харавым аддзяленні музвучылішча без адрыву ад выхавання дваіх дзяцей.

Акт 2. Зорныя паходы

Трыццаць гадоў плённай працы аддаў Сяргей Вальковіч Маладзечанскаму музычнаму вучылішчу, якое цяпер вядома як музычны каледж імя Агінскага. Не адно пакаленне выпускнікоў гэтай установы памятае яго не толькі як выкладчыка, але і як ініцыятара, натхняльніка і арганізатара шматлікіх імпрэз, цікавых змястоўных мерапрыемстваў, гучных праектаў. Мне пашчасціла іграць у дзіцячым аркестры народных інструментаў, які быў створаны Сяргеем Барысавічам і ў якім мы, вучні музычнай школы пры Маладзечанскім музвучылішчы, асвойвалі азы сумеснай працы і дырыжорскай мануальнай тэхнікі. На рэпетыцыях нашага аркестра я ўпершыню адчула той неверагодны стан душы, калі сціплы голас твайго інструмента ўзмацняецца, зліваючыся з іншымі. І гэта было дзівосным адкрыццём для жыцця не толькі ў музыцы. Быў адкрыццём і сам наш кіраўнік, жыццелюбівы чалавек з неверагодным пачуццём гумару, добразычлівай усмешкай, іскрынкамі-хітрынкамі ў светлых прыжмураных вачах.

Працуючы намеснікам дырэктара музвучылішча па выхаваўчай рабоце, Сяргей Вальковіч з вялікім энтузіязмам імкнуўся зрабіць жыццё моладзі цікавым, яркім, плённым. І яму гэта ўдавалася, бо заўжды знаходзіў сцяжынку да сэрцаў сваіх выхаванцаў. А яго ўласнага святла хапала, каб паказаць шлях у вялікае жыццё, падарыць надзею, захапіць прагай падарожжаў і адкрыццяў. Зорныя вандроўкі па родным краі, канцэрты ў вясковых клубах, школах, дамах культуры, футбольныя матчы, лыжныя пераходы, праца на калгасных палетках — усё гэта неад’емная частка студэнцкага жыцця, а значыць, і вялікая доля арганізацыйнай працы Сяргея Вальковіча. Яго заслугі былі адзначаны медалём ВДНГ за патрыятычнае выхаванне моладзі.

Акт 3. У абдымках Мельпамены

Адкрыццё прафесійнага тэатра ў Маладзечне стала з’явай рэспубліканскага маштабу. Пэўны час яго неафіцыйна называлі трэцім нацыянальным за вернасць беларускай мове. І, па шчырасці, не памятаю, каб мова была перашкодай у продажы білетаў  — прэм’еры заўжды праходзілі з аншлагам. Месца ў  11 радзе, замацаванае за мной як журналістам, было занятае больш ганаровым госцем. Трэба сказаць, тады раённыя кіраўнікі вельмі часта наведвалі мясцовы тэатр.

Афіцыйнае рашэнне аб адкрыцці абласнога драмтэатра было прынята ў 1991 годзе, але ўрачыстае адкрыццё МАДТ адбылося толькі на пачатку 1993 года спектаклем «Зямля» па паэме Якуба Коласа ў пастаноўцы яго першага мастацкага кіраўніка — заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь Мікалая Мацкевіча. Чым быў напоўнены амаль двухгадовы прамежак часу, сёння памятаюць нямногія. Як і мала хто ведае, якіх духоўных сіл, маральных выпрабаванняў і бяссонных начэй каштавала ўсё гэта дырэктару МАДТ.

Тамара і Сяргей Вальковічы. Фота зроблена ў сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя.

Для Сяргея Вальковіча тэатр у шырокім сэнсе слова не быў марай і любоўю ўсяго жыцця. Гэта пазней, калі ў яго было ўкладзена неверагодна шмат душы і  здароўя, ён стаў як любімае дзіця, выпакутаванае і выпеставанае. А напачатку, я так мяркую, прыняцце прапановы ўпраўлення культуры на дырэктарскую пасаду навастворанага тэатра было ў пэўнай меры авантурай. Вядома ж, ён меў вопыт кіраўнічай працы, але крыху ў іншай галіне. Тут новаму дырэктару давялося ўнікаць у спецыфіку работы, якая тычылася не толькі тыповых арганізацыйных праблем, але і творчых, спецыфічных для тэатра. Былі пэўныя напрацоўкі аматарскага народнага тэатра, які існаваў пры Маладзечанскім раённым Доме культуры. Толькі для прафесійнага ўзроўню па ўсіх параметрах народны не дацягваў. Таму, паралельна з завяршэннем рэканструкцыі старога будынка, дзе раней базіраваўся РДК (а пабудаваны ён быў яшчэ «за польскім часам» як афіцэрскае казіно), Сяргей Барысавіч вырашаў кадравыя пытанні, шукаў акцёраў для трупы сярод выпускнікоў тэатральна-мастацкага інстытута і інстытута культуры. А рашэнне адной праблемы лагічна цягнула за сабой чарговую — забеспячэнне жылплошчай і зарплатай маладых спецыялістаў, стварэнне ўмоў для творчага росту і спрыяльнага мікраклімату ў калектыве. Прадстаўнікі тагачаснага дырэктарскага корпуса запомнілі Вальковіча як вельмі настойлівага, харызматычнага, эмацыянальнага, вынаходлівага і ўпартага ў дасягненні пастаўленай мэты чалавека.

Як сапраўдны беларус, строга прытрымліваўся Сяргей Вальковіч сваёй жыццёвай устаноўкі: увесь рэпертуар ішоў выключна па-беларуску. Гэта была яго грамадзянская пазіцыя. Ці не таму супрацоўнічалі з тэатрам, спрыяючы яго добрай рэпутацыі, драматург Аляксей Дудараў, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, заслужаная артыстка Беларусі Вера Кавалерава, кампазітар Алег Залётнеў і многія іншыя аўтарытэтныя творцы тэатральнага мастацтва.

А чаго варта было правядзенне рэспубліканскага фестывалю майстроў тэатральнага мастацтва «Маладзечанская сакавіца»? Дарэчы, ладзіўся і міжнародны фестываль монаспектакляў «Я». Тэатр стаў не проста культурным цэнтрам, а, як пісала тэатральны крытык Таццяна Арлова, «у наш няпросты час ён фарміруе духоўны клімат любімага горада і па-свойму ўплывае на час і грамадства». Пашыраліся рэпертуар і кола аўтараў, плённа заяўлялі маладзечанцы пра сябе на сталічных сцэнах і нават атрымалі прэзідэнцкі грант на гука-светлаабсталяванне. Стварыўшы добрую гастрольную праграму, артысты МАДТ радавалі сваёй творчасцю жыхароў іншых рэгіёнаў нашай краіны. За ўсімі новымі перамогамі і дасягненнямі сціпла стаяў чалавек, які не лічыў сябе ні геніем, ні «зоркай», а проста выконваў сваю працу — служыў мастацтву. І толькі адзінкі бачылі, што ўсё часцей яго рука застывае ў раёне сэрца.

Акцёр і рэжысёр Алег Чэчанеў згадвае ў сваім артыкуле для выдання «Жыццё без межаў» (Нясвіж, 2014 г.): «Не ўсё было гладка і яскрава ў яго напружаным тэатральным кіраўніцтве, але засталося цвёрдае разуменне, што побач з намі быў дбайны, няўрымслівы і нястомны гаспадар, для якога тэатр быў родным домам, бясконцым клопатам».

Ала СТРАШЫНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.