Вы тут

«З пэўных крыніц пэўныя весткі…»


Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы зберагае ў складзе розных фондавых калекцый сведчанні пра станаўленне прафесійнага беларускага тэатра і ўдзел у гэтым працэсе Янкі Купалы, яго сяброў і знаёмых. Гэтая вандроўка ў часе і прасторы натхнёная публікацыяй да 100-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Максіма Сохара «Здольнасць адлюстраваць жыццё», а менавіта раздзелам «Прадаўжальнікі», надрукаваным у «ЛіМе» 17 ліпеня 2020 года.


Уладзіслава Станкевіч (справа) і Яніна Родзевіч. Вільня, 1909. З фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы / ДЛМЯнК

Аднавіць атмасферу згаданых у артыкуле мясцін у тыя даўнія часы, сустрэцца праз гады з людзьмі, якія жылі па прынцыпе «рабі пільна, то і дома будзе Вільня» дазваляюць нам першакрыніцы — успаміны непасрэдных удзельнікаў падзей і публікацыі, аўтары якіх атрымлівалі звесткі з першых вуснаў.

Пачатак вандроўкі — Калісберг, даўней Карлсбэрг, які знаходзіцца не ў Швецыі, Нямеччыне ці Чэхіі, а ў ваколіцах мястэчка Рáдашкавічы (менавіта так кажа мясцовы люд). Уладальнікам фальварка быў Андрэй Снітка — гісторык, этнограф, які з 1909 года ўзначальваў Мінскі царкоўны гістарычна-археалагічны камітэт і музей. Прыбытак ад моцнай гаспадаркі выдаткоўваў на развіццё асветы Радашкавіч: падарыў дом пад гарадское вучылішча («Наша Ніва», 28.09.1907), «шмат стараўся» для адкрыцця рамеснай вучэльні («Наша Ніва», 10.06.1910). Ён далучыўся да дзейнасці гуртка беларусаў-інтэлігентаў мястэчка і яго ваколіц, сярод арганізатараў і сяброў якога былі гаспадар Карпілаўкі Антон Лявіцкі, як літаратар вядомы пад псеўданімам Ядвігін Ш.; доктар медыцыны Варшаўскага ўніверсітэта Ян Якуб фон Офенберг; уласнік маёнтка Мігаўка Аляксандр Уласаў, рэдактар «Нашай Нівы» і сенатар ІІ Рэчы Паспалітай. У 1892 г. гурток рыхтаваў пастаноўку п’есы «Злодзей» Ядвігіна Ш., але не атрымаў дазволу на спектакль. Але традыцыя сямейных і аматарскіх тэатраў жыла надалей. Як адзначана ў «Гісторыі Купалаўскага тэатра. Эпоха, горад, людзі» (2020, с.25), у 1894 годзе ў 80-тысячным Мінску было каля 150 сямейных тэатраў.

Праз 10 гадоў адбылася падзея, якую, са спасылкай на ўспаміны пана Аляксандра Уласава, падрабязна згадвае Францішак Аляхновіч у манаграфіі «Беларускі тэатр» (Вільня, 1924; с. 85-86): «Дзеля акуратнасьці нашай тэатральнай хронікі, адзначым “спэктакль”, які быў у ліпні 1902 г. ў маёнтку “Карльсбэр” вядомага беларускага архэолёга і гісторыка Андрэя Сьніткі. Арганізатарам і рэжысэрам быў Юры Уласаў (брат сэнатара А. Уласава), які сам пералажыў на беларускую мову «З пэўных крыніц пэўныя весткі…» ўкраінскую аднаактную п’еску “Па рэвізіі” і паставіў яе з учасьцем ваколічных сялян і сялянак. Рэжысэру трудна было ўтрымаць “на сцэне” дысцыпліну, дзеля таго, што “артысткі”, з якіх усе ў вёсцы, даведаўшыся аб рэпэтыцыях, сьмяяліся і кпінкі строілі, хутка адмовіліся ад роляў. Тады рэжысэр кінуўся на хітрыкі: ён “заангажаваў” свае артысткі... палоць траву. Дзеля гэтай работы дзяўчаты ўжо не сароміліся йсьці ў двор, дзе фактычна далей ішлі рэпэтыцыі, якія цягнуліся два месяцы. Спэктакль адбыўся ў пуні на спэцыяльна пабудаванай дзеля гэтага сцэне. Значная частка прыйшоўшай на спэктакль публікі ведала ўжо п’есу ня горш за “артыстаў”, гэтак ужо абіліся аб вушы і дакучылі ўсім у двары рэпэтыцыі. Дазвол на спэктакль адтрымалі, ашукаўшы іспраўніка быццам будуць гуляць паўкраінску (гэтак дазвалялася)». Можам дапусціць, што «ашуканцам» быў сам перакладчык-рэжысёр Юрка (Жорж) Уласаў, які, як згадвала яго пляменніца Вера Снітка-Ніжанкоўская, «меў ці то жандарскі, ці то паліцэйскі чын» (У. Содаль «Дачка, пляменніца, жонка», «Наша Ніва», 2001, № 15).

У час Першай сусветнай вайны сям’я Сніткаў жыла ў эвакуацыі, а маёнткам апекавалася Зося — так па-хатняму звярталіся гаспадары да сваёй ахмістрыні. Зоф’я Прозарава ў 1919 годзе падпісала дамову з арандатарам — шваграм Янкі Купалы Юльянам Раманоўскім. Летапіс жыцця і  творчасці паэта дазваляе зрабіць выснову, што ён спрыяў арэндзе і дапамагаў сям’і сястры Леакадзіі ў пераездзе. З 20 па 29 жніўня Янка Купала перамяшчаецца па маршруце Акопы — Калісберг — Гайдукоўка — Акопы — Калісберг і сярод гаспадарчых клопатаў за лічаныя дні піша «З павяўшай славы», «Беларускія сыны», «Над калыскай», «Груган», «Восень», «Ваяк», «Князь», «Паўстань», «На нашым», «Мая навука». На жаль, да нашага часу фальварак Калісберг не захаваўся.

Такі ж лёс напаткаў і мясціну, якую «Слоўнік геаграфічны Каралеўства Польскага і іншых земляў славянскіх» характарызуе як вялікі маёнтак Чарноцкіх над ракой Лошыцай (т. VIII, с. 220). У 1906 годзе ў маёнтку Пятроўшчына беларускі тэатр набыў форму класічнага публічнага прадстаўлення. Падрабязна гэтую падзею асвятляе артыкул Язэпа Дылы «Беларускія спектаклі ў перыяд рэвалюцыі 1905 года» (1957). Аўтар спасылаецца на Алеся Бурбіса, з якім быў знаёмы асабіста: «Сцэнай служыла пляцоўка ля свірна. Лаўкі зрабілі для платнай публікі і знаёмых гаспадароў фальварка. Быў самадзейны аркестр — цымбалы, скрыпка і бубен. Парабкі суседніх двароў і фальваркаў і сяляне мелі дармовы ўваход на спектакль. Людзей з вёскі сабралася шмат, звыш трохсот асоб. Старых, каб маглі ўсё добра ўбачыць і пачуць, саджалі наперадзе».

Рукапісная афіша спектакля цудам захавалася, яе рэпрадукцыя друкавалася ў газеце «Літаратура і мастацтва» (№ 85, 1957) пры артыкуле Гурыя Барышава «Братнія сувязі». Верагодна, на аркушы для карэспандэнцыі паведамлялася: «Krasawika 7-ho 1906 roku Pierszy bielaruski cjatier pradstaŭlać buduć Kamiedyju: “Pa Rawizyi” Krapiŭnickaho, pierałażyŭ pa biełarusku Apanas K. Asoby: Pisar  — K. Pryszczepczyk, Starszyna — H. Lawonczyk, Staraja baba — Todar Huś, jaje swietka — L. Kwacz, Saldatka, maładucha — A. Kalina, Storaż — B. Dziarkacz»

Пад псеўданімам «Апанас К.» выступаў «адзін з натхніцеляў тэатра» доктар Напалеон Чарноцкі, відаць, сваяк гаспадароў маёнтка. За мянушкай Б. Дзяркач хаваўся арганізатар спектакля Алесь Бурбіс, бо са студзеня года яго шукала паліцыя па справе «Мейшагольскай рэспублікі». Як і Алаіза Пашкевіч-Цётка, Алесь Бурбіс быў выдатным прамоўцам «з медзянай глоткай» і бліскуча граў разнапланавыя ролі. Яго грамадска-тэатральную дзейнасць перарваў арышт 24 жніўня 1906 года ў вёсцы Дольная ля Шчорсаў на Наваградчыне. Пасля вызвалення ў сярэдзіне 1909 года працаваў у Віленскім таварыстве сельскай гаспадаркі, быў ініцыятарам Першай беларускай вечарынкі ў Вільні 12 лютага 1910 года.

Можам меркаваць, што спектакль у  Пятроўшчыне адбыўся пры спрыянні гаспадароў, якія зведалі гнеў некаторых суседзяў-фальваркоўцаў, у тым ліку і за вершы Янкі Купалы «Што ты спіш, беларускі мужык», «Пажалей мужыка!» (пазней «Пашкадуй мужыка!»), «Не рвіся к  багатым!», прачытаныя Алесем Бурбісам. З аўтабіяграфічных лістоў Янкі Купалы вядома пра іх знаёмства з лета 1904 года. Верагодна, Алесь Бурбіс ведаў неапублікаваныя вершы паэта з аўтарскіх рукапісаў. Звестак пра мару Алеся Бурбіса стварыць спектакль па творах Янкі Купалы нам выявіць не ўдалося, але імпрэза ў Пятроўшчыне адбылася ў фармаце многіх беларускіх вечарынак, калі да ўласна спектакля далучалася паэтычная дэкламацыя альбо спевы і танцы.

Цяпер Пятроўшчына найперш вядомая як станцыя Мінскага метрапалітэна, дзе пад зорным скляпеннем ужо ў ХХІ ст., з 5-га на 6-е кастрычніка 2019 года, прайшла «Ноч класікі ў метро».

З беларускім тэатрам звязаная мясціна і па-за межамі Беларусі — колішні клуб нямецкіх рамеснікаў «Пальма» ў СанктПецярбургу, дом 18 у завулку Пірагова, раней Максімільянаўскім. Тут у тэатральнай зале захаваліся шыкоўныя жырандолі, якія асвятлялі ўдзельнікаў яскравых беларускіх вечарынак, што звярнулі на сябе ўвагу і расійскай прэсы. Выяўленне такіх публікацый — перспектыўны напрамак вывучэння культурнага жыцця нашай вялікай працоўнай і вучнёўскай дыяспары ў сталіцы Расійскай імперыі. І зыходным пунктам пошуку з’яўляецца цытата з артыкула невядомага аўтара штодзённай газеты «Речь», якую Янка Купала ўзяў для свайго водгука ў «Нашай Ніве» (№ 8, 1911) на бліскучы выступ тэатра Ігната Буйніцкага 15 лютага 1911 года. У гэтай жа зале 9 лютага 1913 года адбылася другая пасля віленскай прэм’ера «Паўлінкі» — п’есы, пра нараджэнне якой сведчыць ліст Янкі Купалы да Браніслава Эпімаха-Шыпілы ад 05.06.1912: «Напісаў у двух актах камедыю, каторую чытаў пану Лявіцкаму, і ён казаў, што напісана дарэчы».

Андрэй Снітка, студэнт Рыжскага палітэхнічнага інстытута. 1880-я. З сямейнага архіва Ніжанкоўскай.

Вернемся ў Радашкавічы, дзе адбылася трэцяя прэм’ера камедыі — самая адказная для аўтара, бо на ёй прысутнічалі прататыпы герояў п’есы. У фондах музея захоўваецца блакнот Уладзіславы Луцэвіч, жонкі Янкі Купалы, з нататкай неўстаноўленага аўтара «Аб пастаноўцы “Паўлінкі”. Беларускі тэатр у Радашковічах». Ён упершыню экспанаваўся ў 2013 годзе ў Радашкавічах на выставе «Не загаснуць зоркі ў небе…» да 100-годдзя прэм’еры. У гады маладосці Уладка Станкевічанка актыўна ўдзельнічала ў працы Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні. Яна часта наведвала Мінск, удзельнічала ў сустрэчах творчай моладзі і магла быць сведкай і нават удзельніцай спектакля, пра які ў нататцы паведамляецца: «15 жніўня ў дзень выстаўкі Мінскія беларусы прыехалі іграць беларускі тэатр у Радашковічах, ігралі “Паўлінку” Янкі Купалы. Даход з тэатру пайшоў на паляпшэнне самога тэатру, зроблена была новая страха, прыбудаван буфэт, каса і раздзевальня. Аўтара “Паўлінкі” Янку Купалу, які быў на прадстаўленні, публіка вызвала на сцэну і горача дзякавала за працу і талент […] Мінскіх артыстаў-любіцелей уся публіка вітала і дзякавала за тое, што зрабілі радашкоўцам столькі духоўнай радасці і прасілі іх яшчэ калі прыехаць да нас.

Тэатр так разбудзіў горад, што ўся моладзь пастанавіла [неразборліва] зрабіць у Радашковічах драматычны кружок. Трэба падзякаваць пана Ромэра, што прадаў дрэва на страху. Пані Э. Янішэўскай за 6 пней дрэва на тэатр.

Мейсцовыя людзі — валасны пісар Новік, вучыцель Шорэмна і А.У. дзве нядзелі працавалі над устр. тэатра з дапамогай дзетак, дабравольных памочнікаў. Калі вечарам увесь тэатр быў набіты народам, радашкоўскімі і краёвымі панамі, шляхтай і мужыкамі і ўсе білеты былі праданы, загадчыкі (арганізатары) весела ўздыхалі, што іх працу ацанілі. […] З талентам артысты ігралі “Паўлінку”, якая захапіла душу і сэрца публікі. […] Па тэатры загрымела “брава” ад крыкаў і плёску публікі. Артыстаў закідалі кветкамі».

А. У. — гэта, канешне, усюдыісны Аляксандр Уласаў, які быў завадатарам «беларускага кірмашу ў Менску». «Халера ты, Уласюк!» — такі камплімент яго дзейнасці зрабіла Алаіза Пашкевіч у захапленні атмасферай літаратурных пятніц на Аляксандраўскай вуліцы, рэпетыцый хору і тэатральнага гуртка. У музеі захоўваецца варыянт успамінаў Аляксандра Уласава «Дні жыцця», дзе ёсць яркія моманты, якія чытаць проста асалода: «У  Радашковічах быў трыумф. Моладзь шла са спевам, пад дэрыжорствам Смоліча, узяўшыся пад рукі фалангай ва ўсю шырыню шашы, пекным летнім папалуднем, дзівячы птушак па прыдарожным маляўнічым лесе.

Такім ходам, зрабіўшы сэнсацыю, прайшлі праз усё мястэчка проста да мяне ў Мігаўку, дзе перавярнулі ўсё дагары нагамі ў вясёлай суматосе.

Помню, на спектакль прыехаў сам аўтар Янка Купала. Быў Ядвігін Ш. Але найлепшы нумар было тое, што з’явіліся тыя жывыя шляхты-арыгіналы, з каторых наш Купала спісаў тыпаў п’есы. Мы, баючыся скандалу, непакоіліся, але, відаць, яны ўрэзалі добра муху па старасвецкаму звычаю, бо толькі патрафлялі барматаць нешта незразумелае. […]

Меншая частка была ў самім тэатры (стадола Ліпмана), а большая сабралася кругом на двары, наблюдаючы рух каля тэатра. Пры манатонным і шэрым жыцці народа гэта, відаць, было не малай разрыўкай. На скокі, калі ўжо кантралёры (зразумела добраахвотныя пажарнікі, нешта на манер нацыянальнай гвардыі) замарыліся і кінулі свае пасты, зрабіўся вясёлы народны баль. Найбольш матэрыяльнае падтрыманне аказаў беларускі археолаг і народнік А. К. Снітко і ўся яго сям’я. Першы раз яго дачка (цяпер жонка Тарашкевіча), тады яшчэ дзяўчынка, з’явілася з падругамі ў беларускіх нацыянальных вопратках».

З усіх прэм’ер 1913 года захавалася толькі віленская афіша. З таго часу «Паўлінка» — візітная картка беларускай сцэны. Просты рэцэпт папулярнасці даў Максім Гарэцкі: «аўтар спісаў сваіх герояў з сапраўднага жыцця». У снежні 2019 года спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы прызнаны годным статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Марыя БАРТКОВА, загадчык аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

На якіх банкаўскіх укладах заробіш больш

На якіх банкаўскіх укладах заробіш больш

Самыя вялікія працэнты — у рублёвых дэпазітах.

Грамадства

Які глыбінны сэнс змяшчае фраза «Хрыстос уваскрос!»

Які глыбінны сэнс змяшчае фраза «Хрыстос уваскрос!»

Вялікдзень для хрысціян — сімвал і сведчанне перамогі жыцця над смерцю.

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.