Вы тут

Хуткі кампост у мяшках


Увосень закладваем, а вясной уносім на градкі

Кампост — даступнае, карыснае, эфектыўнае арганічнае ўгнаенне, якое задавальняе патрэбу раслін у мікраэлементах і пажыўных рэчывах, паляпшае структуру глебы і яе характарыстыкі.

Робіцца кампост практычна з любых раслінных рэшткаў (пустазелле, кухонныя ачысткі, скошаная трава, бацвінне агародніны, тонкія галінкі). Толькі правільны кампост спее не менш як 1-2 гады, што можа здацца занадта доўга. Але існуюць тэхналогіі падрыхтоўкі «хуткага» кампосту ў мяшках. Калі ўзяцца за закладанне такога кампосту восенню, то да вясны вы атрымаеце паўнавартаснае ўгнаенне.

За і супраць

У адрозненне ад традыцыйнага спосабу стварэння кампосту гэты, прагрэсіўны, метад хуткага кампаставання мае практычна адны толькі плюсы. Эканоміцца час — выдатнае ўгнаенне будзе гатова ўжо праз 2-3 месяцы, тады як «звычайны» кампост спее не менш як год.

Для стварэння кампоставых скрынь, ям або куч не трэба адводзіць асобную пляцоўку. Пры неабходнасці мяшкі з кампостам можна проста перанесці ў іншае месца, вызваліўшы тэрыторыю, напрыклад, для дадатковых градак.

Не трэба рэгулярна пералапачваць кампоставую масу ў працэсе яе паспявання, дастаткова некалькі разоў перавярнуць мяшкі з боку на бок (а многія абыходзяцца і без гэтага).

У мяшках кампост не размываецца дажджамі.

Кампост з мяхоў атрымліваецца больш чысты. У мяшку не завядуцца новыя, прыўнесеныя звонку, шкоднікі і не з'явяцца дадатковыя насенне і карані пустазелля, занесеныя, напрыклад, ветрам у той час, калі старыя ўжо расклаліся.

Сярод вельмі ўмоўных мінусаў можна назваць той факт, што давядзецца набыць спецыяльныя мяшкі. Ды яшчэ, мабыць, той момант, што ў выпадку падрыхтоўкі хуткага кампосту вельмі пажадана закладваць увесь матэрыял для будучага ўгнаення аднаразова, каб ён перагніў адначасова.

Як прыгатаваць

Спатрэбяцца мяшкі, раслінныя рэшткі, пара карысных дабавак і трохі сонечнага месца на ўчастку.

Мяшкі варта браць з цёмнага матэрыялу. Пакеты не павінны быць маленькага аб'ёму — інакш кампост у іх будзе вельмі хутка перасыхаць, а тэмпература ўсярэдзіне не дасягне патрэбных высокіх паказчыкаў. Звычайна рэкамендуюць мяшкі ёмістасцю 120-250 л.

Матэрыял мяшка павінен быць досыць шчыльны. Некаторыя абыходзяцца шчыльнымі поліэтыленавымі чорнымі смеццевымі пакетамі, але лепш набыць мяшкі са шчыльнага матэрыялу (для будаўнічага смецця і бытавых адходаў, для збору восеньскага лісця).

Сыравінай для будучага кампосту могуць быць любыя раслінныя рэшткі, прыцярушаныя агароднай зямлёй, — выпалатае пустазелле, скошаная трава, абломкі галін і кары, агародніннае бацвінне, рэшткі садавіны, абрэзкі паперы і кардону. Некаторыя агароднікі нават укладваюць у мяшкі для кампосту невялікія кавалкі знятага дзёрну, страсянуўшы з каранёў лішнюю зямлю, — за некалькі месяцаў дзёран выдатна паспявае пераапрацавацца.

Няўдалым выбарам для хуткага кампосту будуць лупіна цытрусавых і апалае лісце бягучага сезона, якія доўга пераапрацоўваюцца, а таксама абрэзкі вечназялёных раслін і карэнні шматгадовага пустазелля. Яшчэ запаволіць працэс кампаставання могуць рэшткі кустоў таматаў і бульбоўнік.

Калі перабераце з азотазмяшчальнымі раслінамі ў кампоставым мяшку, напрыклад, з рэшткамі бабовых, на выхадзе можаце атрымаць прадукт з залішне рэзкім аміячным пахам замест нейтральнага глебавага. У ідэале бактэрыям, якія робяць кампост, прыйдуцца даспадобы суадносіны азоцістай і вугляродзістай сыравіны ў прапорцыі 1:30.

Важна сачыць, каб матэрыял, які закладваецца ў мяшкі для кампосту, быў здаровы — усе заражаныя і хворыя раслінныя рэшткі трэба спаліць, каб не дапусціць распаўсюджвання хваробы.

З прадуктаў жывёльнага паходжання ў будучы кампост дапушчальна дадаваць толькі трохі птушынага памёту і перапрэлага (ні ў якім разе не свежага!) гною.

Каб кампост выспяваў хутчэй, неабходна дадаць у кожны мяшок літровы слоік драўнянага попелу і жменю аміячнай салетры.

Некаторыя агароднікі таксама дадаюць у будучы кампост біягумус, ЭМ-прэпараты, раствор глебавых бактэрый і да т. п. для павелічэння колькасці перапрацоўчых мікраарганізмаў у ёмістасці. На самай справе пры наяўнасці ў мяшку рэшткаў глебы гэта рабіць зусім неабавязкова — у агароднай зямлі патрэбных мікраарганізмаў дастаткова.

Усе пласты складнікаў у мяшках шчыльна ўтрамбоўваюць, а самі мяшкі моцна завязваюць або герметычна замотваюць скотчам — гэта важна! Папярэдне, калі здаецца, што зыходная маса атрымалася залішне сухой, перад закрыццём мяшка яе можна злёгку ўвільгатніць. Дадатковыя адтуліны для аэрацыі ў мяшках рабіць няма неабходнасці.

Работа па падрыхтоўцы хуткага кампосту амаль скончаная — застаецца толькі размясціць мяшкі на ўчастку (пажадана на сонечным месцы) і забыцца пра іх на 2,5-3 месяцы.

Па сканчэнні пазначанага часу вы павінны атрымаць у мяшках друзлы чысты перапрэлы кампост, прыдатны абсалютна для любых мэт: мульчыравання градак, вырошчвання расады, угнойвання пакаёвых кветак і агародных раслін.

Вядучая рубрыкі Ірына Тамковіч. Тэл. 8 (017) 287-18-15

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.