Вы тут

ХXVІІ летнім Алімпійскім гульням — 20 гадоў!


Дваццаць гадоў таму на стадыёне «Аўстралія» лёгкаатлетка Кэтрын Фрыман запаліла агонь першых Алімпійскіх гульняў новага тысячагоддзя. Алімпіяда 2000 года ў Сіднеі ўвасабляла ўсе алімпійскія ідэалы: спартыўныя дасягненні, адзінства, стойкасць і інавацыі.


Фота: si.com

Важнай рысай алімпіяды ў Сіднеі стаў клопат аб навакольным асяроддзі. Усе аб'екты былі пабудаваны з экалагічна чыстых матэрыялаў. Было ачышчана 160 гектараў водных рэсурсаў і засвоена 180 гектараў прамысловых пустак. Гульні паспрыялі ўладкаванню многіх прылеглых да горада раёнаў. Пасля Сіднея алімпійскія аб'екты будуюцца з экалагічна чыстых матэрыялаў, з нагоды Алімпійскіх гульняў ствараліся ініцыятывы і праграмы па абароне навакольнага асяроддзя. Гэтыя і іншыя праграмы напраўлены на павышэнне дасведчанасці ўдзельнікаў і гледачоў алімпіяды аб уплыве вялікіх спартыўных падзей на экалагічную сітуацыю ў свеце. Пачынаючы з Лондана-2012 арганізатары Алімпійскіх гульняў актыўна супрацоўнічаюць з незалежнымі прыродаахоўнымі арганізацыямі — Сусветным фондам дзікай прыроды (WWF) і «Грынпіс».

З кожным алімпійскім цыклам экалагічная павестка становіцца больш актуальнай. Алімпійскія гульні ў Токіа мусяць стаць самай экалагічнай алімпіядай — калі не ва ўсёй алімпійскай гісторыі, то на бліжэйшыя два гады дакладна, да алімпіяды 2022 у Пекіне. У японскай сталіцы будзе выкарыстоўвацца электрычнасць выключна з узнаўляльных крыніц. Пастаменты і подыумы выкананыя з пластыкавых адходаў. Алімпійскі факел — з перапрацаванага алюмінію. Нават 18 тысяч ложкаў для спартсменаў зроблены з перапрацаванага кардону. Кожны ахвотны змог унесці свой уклад у стварэнне алімпійскіх медалёў. Арганізатары сабралі 6,2 мільёна старых гаджэтаў, каб атрымаць патрэбныя металы. Усяго старая тэхніка дала 32 кілаграмы золата, з якога зроблены медалі Токіа-2021.

Аднак на першым месцы ў Сіднеі ўсё ж такі быў спорт, які таксама прынёс шэраг значных падзей. Упершыню ў праграму Алімпійскіх гульняў былі ўключаны трыятлон, тхэквандо і скачкі на батуце. У спартыўнай гісторыі Камеруна з'явіўся першы залаты медаль алімпіяды, які заваявала каманда па футболе. На спаборніцтвах па стэндавай стральбе ўкраінец Мікалай Мільчаў выбіў 150 мішэняў са 150. Гэта вечны сусветны рэкорд, які можна паўтарыць, але не пераўзысці. Дасюль не пабіты рэкорд іранскага цяжкаатлета Хусейна Рэзазадэ, які ў суме сваіх спроб падняў 472,5 кілаграма.

Свой уклад у алімпійскую гісторыю ўнеслі і беларускія ўдзельнікі Алімпійскіх гульняў у Сіднеі. Беларусь прадстаўлялі 140 спартсменаў у 21 відзе спорту. Усяго беларусы заваявалі 17 медалёў, з іх тры — вышэйшай пробы. Свой першы і адзіны алімпійскі медаль у Сіднеі ўзяла Яніна Правалінская-Карольчык — у спаборніцтвах па штурханні ядра яна закінула снарад на 20 метраў 56 сантыметраў у шостай спробе. Сваё слова на гэтай алімпіядзе сказала і Эліна Зверава. Бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў 1996 года ў кіданні дыска ў Сіднеі ўзяла золата. Яе вынік — 68 метраў 40 сантыметраў — аказаўся недасягальным для саперніц. Тады ж двухразовай алімпійскай чэмпіёнкай у акадэмічнай грэблі стала легендарная Кацярына Карстэн. У 2000 годзе зорка яе таленту і майстэрства толькі разгаралася, каб свяціць яшчэ 19 гадоў да завяршэння кар'еры ў 2019 годзе.

Два сярэбраныя медалі Сіднея прынесла мастацкая гімнастыка. Юлія Раскіна заняла другое месца ў адзіночным першынстве, а зборная Беларусі — у камандным. Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь і шасцікратны чэмпіён свету ў стральбе з пісталета Ігар Басінскі на алімпіядзе 2000 года таксама падымаўся на другую і трэцюю ступені п'едэстала.

Бронзавых медалёў беларускія спартсмены прывезлі з Аўстраліі ажно адзінаццаць. Тры з іх заваявалі лёгкаатлеты. Ірына Ятчанка і Ігар Астаповіч у кіданні дыска і Наталля Сазановіч — у сямібор'і. Першы алімпійскі медаль у дзюдо для Беларусі заваяваў Анатоль Ларукоў. Адзначыліся і стралкі. Лаліта Яўглеўская стала бронзавай прызёркай у стральбе з пісталета. А Сяргей Мартынаў атрымаў медаль у спаборніцтвах з вінтоўкай. Праз 12 гадоў у Лондане Сяргей узяў рэванш і стаў першым у гісторыі незалежнай Беларусі алімпійскім чэмпіёнам па стральбе. Папоўнілася медальная скарбонка і ў цяжкай атлетыцы. Генадзь Аляшчук у катэгорыі 62 кг і Сяргей Лаўрэнаў у катэгорыі 69 кг занялі трэція месцы. Павел Доўгаль і Дзмітрый Дзябелка заваявалі бронзавыя медалі ў сучасным пяцібор'і і грэка-рымскай барацьбе адпаведна.

Алімпійскія гульні 2000 года паказалі прыклад, як галоўныя старты чатырохгоддзя павінны аб'ядноўваць людзей усіх прафесій і нацыянальнасцяў. Гэта быў удалы майстар-клас па выкананні алімпійскіх прынцыпаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: Майстар-клас на будучыню

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.