20 кастрычніка, аўторак

Вы тут

У свае 78 гадоў вясковая жанчына ўпраўляецца з трактарам «Беларус»


Нездарма ж кажуць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Простая вясковая жанчына Вера Шыгалёва не толькі па-майстэрску кіруе трактарам, але пры неабходнасці знойдзе ў машыне любую непаладку. Яшчэ сама можа злажыць печ і пабудаваць з цэглы летнюю кухню. А ў печы потым спячэ духмяны грачанік і вышые ўласнаручна абрус. Пры гэтым Вера Васілеўна ведае ўсе тонкасці агранамічнай справы, бо на яе палях растуць памідоры розных сартоў і іншая агародніна. Адукацыі ў вясковай пенсіянеркі — усяго пачатковая школа і 78 гадоў жыццёвага вопыту.


Пра дзяцінства, якога не было

Адразу відаць, што Вера Шыгалёва з тых людзей, якія і паўгадзіны не могуць пасядзець без работы. Пакуль размаўляем, гаспадыня наразае памідоры для будучага соусу. Ураджай таматаў гэтым летам вырас нядрэнны, а вось збыць вырашчанае — самая вялікая праблема для фермераў і гаспадароў. Гэтым займаецца сын Аляксандр, з сям'ёй якога яна зараз жыве. Пра сваё жыццё пенсіянерка з вёскі Арэхава, што на Брэстчыне, разважае крыху па-філасофску:

— Дзяцінства ў мяне, можна сказаць, не было. Самыя «яркія» ўспаміны з малых гадоў падобныя на спецыфічнае адчуванне ў раёне страўніка, увесь час моцна хацелася есці. Як цяпер памятаю, зайшла да суседзяў, іхняя маці на стол высыпае вялікі чыгун бульбы, сям'я вячэрае бульбай з салёнымі гуркамі. Мне яны даюць дзве бульбіны і невялікі агурок. Я дзякую, з'ядаю. Выходжу, а адчуванне голаду не прападае. У нас адзін час і бульбы не было ўволю...

Нарадзілася ў 1942 годзе ў вёсцы Вотчын, — працягвае. — Бацьку забралі ў 1944-м на фронт, вярнуўся дадому ў 1947-м, ён актывіст быў, першы запісаўся ў калгас. Яго паважалі, франтавік, аўтарытэт, следам за ім тады многія заявы падалі. Але ж у нас тут доўга пасля вайны банды па лясах гойсалі. Аднойчы ён убачыў, як нягоднікі магазін рабавалі. Вось і прыйшлі за ім, каб пазбавіцца ад лішняга сведкі. Яго павялі ў лес, там і забілі. Нам жа нават пенсіі не давалі потым, бо нехта выказаў меркаванне, што ён сам мог пайсці ў банду. А хто тады асабліва разбіраўся? У мамы праз два месяцы пасля гібелі бацькі дзяўчынка нарадзілася. Так вось мы і выжывалі ўтрох. У школу толькі пачатковую хадзіла. Настаўніца ў нас была, да гэтай пары памятаю, Зінаіда Андрэеўна з Бранска, а я ў яе — адна з лепшых вучаніц. Таму з Хаціслава потым прыехаў дырэктар школы, угаворваў маці аддаць мяне ў інтэрнат, бо за 8 кіламетраў школа сярэдняя, час неспакойны. Прывёз для мяне чаравікі, сукенку, паліто, у мяне ж не было чаго апрануць. Але маці сказала, як адрэзала: «З граматы хлеба есці не будзе». І не пусціла.

Сям'я і работа

Так Вера і пачала сваё працоўнае жыццё. Наймалася да гаспадароў пасвіць кароў на лета. Жыла па два тыдні ў аднаго, потым у другога, у трэцяга. Там кармілі і спраўлялі нейкую вопратку. Увосень за кожную карову давалі 200 рублёў. Для сям'і гэта была вялікая падмога. У пачатку 60-х, як і многія маладыя, паехала на заробкі ва Украіну. Адтуль прывезла паўтоны пшаніцы, мех цукру і 700 рублёў. «Як напяклі дома духмяных булак, во гэта было свята! — успамінае суразмоўніца. — Я тады паправілася, расцвіла як дзяўчына. У той год і сустрэла прама ў полі свайго Лёню. Ён быў малады спецыяліст, прыехаў па накіраванні інжынерам-механікам у калгас. Карову гнала з поля, пазнаёміліся. Лета сустракаліся, патанцавалі ў клубе, а восенню сям'ю ўжо стварылі». Так Вера Бягеза стала Верай Шыгалёвай.

Спачатку працавала даяркай у калгасе. Успамінае, як на першай пары рукамі кароў даілі. Акрамя таго ад даяркі патрабавалася корм жывёле раздаць і гной са стойлаў папрыбіраць. «А як дзяжурыш па кароўніку, то мусіш два прычэпы травы разнесці і падзяліць на дзевяць куч — па колькасці груп. Ды яшчэ і сварацца таваркі бывала: «Ты, маўляў, сабе найбольш пакінула». Вось такая работа была, і двое дзяцей ужо, і свая гаспадарка не малая, якую трэба было дагледзець. Спачатку працавалі і жылі ў Хаціславе, потым перавялі мужа ў Арэхава, ён загадваў калгаснай майстэрняй.

Ад «шасіка» да МТЗ

У Веры ўзніклі праблемы са здароўем. Пасля аперацыі ёй выдалі даведку, што цяжкая работа забароненая. На ферму не пойдзеш сілас цягаць і гной выграбаць, памеркавалі з мужам, ён параіў ісці вучыцца на трактарыста. Тут якраз Маларыцкае СПТВ філіял арганізавала, навучанне вялося ў вёсцы. Вось муж і сказаў ёй: «Будзеш ці не будзеш працаваць, час пакажа, а павучыцца год можаш, тым больш, што стыпендыю 48 рублёў плацяць». А калі стала вучыцца, зразумела, што гэта яе. Інтарэс да тэхнікі праявіўся адразу, гэта і майстры-інструктары заўважылі. Экзамен здала без праблем і паспяхова. У калгас якраз прыбыў трактар Т-16 (яго называлі «шасік», трактар, у якога кузаў спераду).

— Я на тым «шасіку» ўсё рабіла: сена касіла, бульбу акучвала, сянаж трамбавала, малако з вёскі вазіла. Раз заехала па сянаж, мае дзяўчаты грузяць ды бурчаць: «Вось Шыгаліха сядзіць, паглядае, а мы спіны гнём», а я ў адказ: «А хто вам не дае? Ідзіце вучыцеся». Некаторыя і пайшлі, але не атрымалася ў многіх. Напрыклад, Марыя, што са мной вучылася, і паўгода не папрацавала, разміналася з камбайнам раз, перавярнулася і болей за руль не села, сказала: не маё.

Праз тры гады ў гаспадарку прыйшоў новы Т-40, яго Веры Шыгалёвай далі як вопытнаму спецыялісту. Адразу давялося працаваць на вельмі адказным участку — на тралёўцы лесу. Бярвенні выцягвалі з дзялянкі, потым іх нагружалі ў прычэп і трактарыст везла драўніну на пілараму.

— Тэхніку я любіла, — успамінае Вера Шыгалёва. — Спачатку на трактары працавала, потым яшчэ шэсць гадоў была наладчыкам у майстэрні, працавала на рамонце трактароў.

Пра вопыт фермерства

А ў 1991 годзе калгасы сталі ўзбуйняць, мужа скарацілі на рабоце. І Шыгалёвы рызыкнулі ўзяць участак зямлі. Яны сталі фермерамі аднымі з першых у раёне. Купілі ў калгасе стары спісаны «шасік» і пачалі гаспадарыць. «Першыя свае чатыры гектары так апрацоўвалі, — смяецца гаспадыня, — раскажы сёння, не павераць, хоць кіно здымай пра тое. Вырашылі паспрабаваць прычапіць да трактара звычайны дзедаўскі плуг, які конь цягае. Спачатку я села за руль, ён становіцца за плуг, еду на першай скорасці, а ён крычыць, лаецца, не паспявае. Тады я здагадваюся, уключаю паніжаную, ён ужо паспявае, потым мяняемся, я станаўлюся за плуг. Намучыліся, але ўзаралі. Пасеялі, ураджай сабралі. Праз некаторы час зямлі ўзялі яшчэ, вырошчвалі агародніну, прадавалі патроху, тэхніку змаглі абнавіць. Праўда, пакуль знайшлі патрэбны севазварот, паездзілі ў лабараторыю, пасядзелі за літаратурай, параспытвалі ў людзей. На адным участку, напрыклад, не раслі памідоры, бо аналіз паказаў перадазіроўку гербіцыдаў. Аказалася, раней калгас тут перабаршчыў з ядахімікатамі, давялося зямлю мяняць».

Тады ўсё пачыналі з нуля, на ўсім гузы набівалі. Рынкі збыту трэба было асвойваць, гэта зусім новая справа для гаспадароў. Згадала Вера Васілеўна, як аднойчы яны ўвесь ураджай здалі оптам у нарыхтоўчую кантору. Тады толькі грошы беларускія з'явіліся, зайцы, вавёркі на іх намаляваныя. А выручку ім выдалі пачкамі з купюр невялікай вартасці. Іх аказалася столькі, што гаспадар прынёс звычайны мех, злажыў пачкі і закінуў за плечы. У той дзень ім яшчэ спатрэбілася да сваякоў заехаць. Зайшлі, а гаспадары ім з парога: «Куды вы з мяшком у хату працеся, кіньце яго ў сенцах». А яны ў адказ: «Як гэта, кінуць, там жа грошы!» Во смеху было потым.

— На зямлі, вядома, не разбагацееш, але на прыстойнае існаванне сям'і зарабіць можна, калі не ленавацца, — робіць выснову фермерка са стажам.

Ужо амаль пяць гадоў няма яе спадарожніка жыцця Леаніда Мікалаевіча. Справу падхапіў сын. Цяперашні трактар МТЗ-82 «Беларус» ужо чацвёрты па ліку ў гаспадарцы. Ёсць уся прычапная тэхніка. Вядома, на трактары ўпраўляецца Аляксандр Леанідавіч. Але і матулю ніхто з рахунку не спісвае. Аднойчы ў маладога гаспадара спіну прыхапіла, а работа была неадкладная, дык маці спакойна села за руль і ўсё што трэба зрабіла. «Калі капусту, скажам, грузім, то я не чакаю, каб хто пад'ехаў, сама сядаю і падганяю машыну. Для мяне гэта не праблема», — кажа яна.

І пячнік, і муляр

Як і не была праблемай любая іншая работа з самых маладых гадоў Веры. Успомніла, як давялося скласці грубку самой. «Ну, так выйшла, — разводзіць рукамі пенсіянерка. — У нас тады толькі сын нарадзіўся, а дом халодны, сцены бетонныя. Печка зусім развалілася». Муж сказаў ёй печ разабраць, абяцаў прывезці печніка. Яна расчысціла пляцоўку, прывезла на «шасіку» цэглы, гліны, а пячнік... так і не прыйшоў. Тым часам у суседзяў майстар з Маларыты печку клаў. Вось яна і панадзілася туды хадзіць і глядзець. А майстру весялей, цікаўнай кабеце ён расказвае, паказвае, падкрэсліваючы сваё ўменне, потым яшчэ сказаў, што як закончыць, то да яе прыйдзе. Калі ж работу скончыў, то і ў яе ўжо печка гатовая была. Вось здзівіўся дзядзька, сказаў толькі: «А я думаў, баба работы не мае, што стаіць гадзінамі, назірае». Тая печка і цяпер служыць новым гаспадарам. А сабе Шыгалёвы потым дом у Арэхаве пабудавалі, і печы ў ім яна ўжо як вопытны пячнік складвала. Неўзабаве і людзям стала дапамагаць, суседу печ злажыла, потым — другому, цяпер і не ўспомніць дакладна, колькі людзей каля яе агню грэецца. Летнюю кухню, падобную на невялікі дамок, з цэглы сама склала. Ці трэба казаць, што вялікую рускую печ у гэтай летняй кухні гаспадыня пабудавала таксама сама. Цяпер нярэдка шчыруе каля печкі, радуе сямейнікаў смакатой, бо на газавай пліце так смачна не зварыш. А пра гэтае памяшканне ўспомніла, зноў засмяялася: па суседстве хлопцы хату ўзводзілі, дык гаспадар неяк да слова сказаў, што побач жанчына летнюю кухню паставіла. Прыйшлі паглядзець: абышлі вуглы, памералі — і не паверылі, што сама.

Чацвёра дзяцей выгадавала, шасцёра ўнукаў мае. Усе працуюць, за ўсіх бабуля радуецца. Ужо і чацвёра праўнукаў падрастаюць. «На юбілей, дай Бог дажыць, — сказала, — вялікая сям'я збярэцца». Ёй ёсць што сказаць родным. Яна пражыла зусім нялёгкае жыццё, але не страціла аптымізму, жыццёвай цвёрдасці, гэта пра яе сказана: што нас не забівае, тое робіць нас больш моцнымі.

Са старшынёй Арэхаўскага сельскага Савета Святланай Вітаноўскай ужо збіраемся развітвацца, калі Вера Васілеўна прыносіць здымак з сямейнага альбома, дзе яна 20-гадовая. З партрэта глядзіць прыгажуня, нечым падобная на актрыс пакалення 60-х. Размова заходзіць аб тым, кім бы магла стаць вясковая дзяўчына, каб ёй удалося атрымаць адукацыю. «Можа інжынерам, а можа, кнігу напісала б», — усміхаецца гаспадыня, паказваючы, што жартуе. Але мы ахвотна верым.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Маларыцкі раён

Загаловак у газеце: Пра майстэрства і мех грошай

Выбар рэдакцыі

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?

Грамадства

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Аб альтэрнатыве клайпедскаму порту, рэканструкцыi Нясвiжскага палаца i роднай мове падчас сямейных сустрэч.

Грамадства

Заразіцца прафесіяналізмам. Чаму трапіць на неканферэнцыю настаўнікаў EdCamp лічыцца вялікай удачай?

Заразіцца прафесіяналізмам. Чаму трапіць на неканферэнцыю настаўнікаў EdCamp лічыцца вялікай удачай?

Чацвёртая педагагічная неканферэнцыя прайшла ў мінулыя выхадныя з нязменным аншлагам і сабрала больш як тры сотні педагогаў з розных куткоў нашай краіны.