Вы тут

Амерыканскі рэпер Akon узводзіць свой горад будучыні ў Сенегале


Горад будуюць за 100 кіламетраў ад Дакара, сталіцы Сенегала. Амерыкана-сенегальскі рэпер і бізнесмен Эйкан Тыям, які выступае пад псеўданімам Akon, натхняўся Вакандай — выдуманай афрыканскай краінай з блокбастара «Чорная пантэра». У ёй жывуць супергероі сусвету Marvel. Кінапраект стартаваў у 2018-м, праз два гады быў закладзены першы камень Эйкан-сіці. «Толькі што заключылі пагадненне для будаўніцтва Akon Cіty ў Сенегале. Будзем рады прыняць вас там у будучыні», — напісаў хіп-хоп-выканаўца ў «Твітэры».


Чакаецца, што горад з'явіцца ў раёне прыморскага пасёлка Мбадзьен. Тэрыторыю плошчай 800 гектараў бізнесмену падарыў прэзідэнт Сенегала Макі Салі. Эйкан-сіці стане працаваць на сонечнай энергіі. Горад будуць атачаць штучныя астравы і экалагічныя курорты. Ён размесціцца ў пяці хвілінах руху ад аэрапорта, а таксама яго аснасцяць усёй неабходнай інфраструктурай. Унутры плануюць узвесці порт для круізных суднаў, хмарачосы з апартаментамі і бізнес-цэнтрамі, гандлёвыя цэнтры, кандамініумы, бальніцу, школу, універсітэт. Эйкан таксама паабяцаў, што да Эйкан-сіці можна будзе дабрацца за 1-2 гадзіны з любога пункта Афрыкі. Пры гэтым звычайны пералёт з Найробі ў Дакар займае больш за дзесяць гадзін. Расплачвацца жыхары і госці змогуць спецыяльнай лічбавай валютай AKoіn.

Будаўніцтва плануюць завяршыць да 2023 года пры падтрымцы ўрада Сенегала. Улады разлічваюць, што гэта дапаможа прыцягнуць у краіну інвестыцыі. Сам жа Эйкан заяўляе, што горад адкрые новыя магчымасці для ўсіх афраамерыканцаў. Кошт праекта ацэньваюць у шэсць мільярдаў долараў, і, па словах стваральніка, трэць сумы ад інвестараў яны ўжо атрымалі. У будучыні плануюць прадаваць канцэпцыю Эйкан-сіці па мадэлі франшызы, спадзеючыся, што гэта «вызначыць новую парадыгму дызайну і архітэктуры для Афрыкі», паведаміў rbc.ru.

Эйкан нарадзіўся ў ЗША, у сям'і сенегальцаў. Ён жыў у Сенегале да сямі гадоў. Потым сям'я пераехала ў ЗША. Эйкан актыўна выступае ў падтрымку бедных афрыканскіх краін, якія цалкам залежныя ад Захаду. Эйкан-сіці — не першы амбіцыйны праект зоркі R&B. У 2014 годзе ён абвясціў аб стварэнні дабрачыннай ініцыятывы Lіghtіng Afrіca («асвятліць Афрыку»), сумесна з Samba Bathіly і Thіone Nіang. Яе мэтай было забяспечыць афрыканскія гарады сонечнай энергіяй. Для гэтага планавалі пабудаваць аўтаномныя электрастанцыі і ўстанавіць на вуліцах ліхтары. Як сцвярджаюць стваральнікі праекта, ён дапамог больш як 32 мільёнам чалавек у 25 краінах.

У 2018 годзе Эйкан запусціў Akoіn — уласную крыптавалюту, прывязаную да смартфонаў праз спецыяльную праграму. Яна павінна была аб'яднаць афрыканскіх прадпрымальнікаў і стаць самай «стабільнай альтэрнатыўнай валютай па ўсёй Афрыцы». Аднак ужо на першым этапе праект сутыкнуўся з непераадольнымі цяжкасцямі: у большасці афрыканцаў вельмі нізкі ўзровень даходаў, а смартфоны ёсць толькі ў трэці насельніцтва.

«Я лічу вар'яцтвам, маючы мільярд долараў, захоўваць яго ў банку, калі вакол столькі людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе», — пракаментаваў свае ініцыятывы рэпер.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.