Вы тут

Адзiнокая мацi — гэта не прысуд


Сiтуацыя, калi жанчына мае дзяцей, але не замужам, яшчэ i сёння ўспрымаецца ў грамадстве неадназначна. Адны лiчаць такi расклад нормай, а iншыя спрабуюць вярнуць гераiню ў рамкi «прыстойнасцi». Мы звярнулiся да псiхолага, каб зразумець, дзе такая з'ява перастае быць выключэннем, бо становiцца проста камфортным выбарам для асобнага чалавека.


Стэрэатып — вораг у блiжнiм

Згадваецца гiсторыя, калi маёй знаёмай, якая шукала кватэру, адна з гаспадынь напiсала: «Жанчына з дзiцем — не паказчык прыстойнасцi». У дзяўчыны гэта выклiкала спачатку абурэнне i слёзы, а потым мы сышлiся на тым, што няўменне нейкага чалавека бачыць далей за сваё акно — не прычына адчайвацца... Людзей з «багатым жыццёвым вопытам» i жаданнем дзялiцца iм з тымi, хто побач, вакол нас хапае. Праўда, калi па шчырасцi, то з узростам пачынаеш такiх добразычлiўцаў трымаць на адлегласцi.

— У грамадстве звычайна меркаванне такое, што жанчына павiнна выхоўваць дзiця з мужам. А калi гэта адзiнокая мацi, то адразу ў некаторых узнiкаюць думкi, быццам нешта з ёй можа быць не так. Усе такiя высновы, як правiла, не маюць нiякага пацвярджэння на практыцы, але прысутнiчаюць у мысленнi людзей. Гэтыя ўстаноўкi, стэрэатыпныя перакананнi цягнуцца з мiнулага. I якраз адзiнокiя жанчыны вельмi часта сустракаюць на сваiм шляху асуджэнне навакольных, — кажа Вера ПРОХАРЧЫК, псiхолаг Мiнскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'i i дзяцей. — Таму вельмi важна быць незалежнай ад чужых поглядаў, бо заўсёды знойдзецца калега, бабуля цi яшчэ нехта, хто захоча вас папракнуць i выказацца па вашай сiтуацыi. Рознiца толькi ў рэакцыi на такiя заўвагi — адна паслухае i пойдзе далей, а iншая пачне думаць: «Мабыць, са мной нешта не так». Аднак адзiнокай жанчына можа быць не толькi таму, што нарадзiла сама, але i ў вынiку разводу альбо гiбелi мужа. Якая нi была б прычына, жанчына пачынае вiнавацiць сябе ў тым, што яе дзiця расце без бацькi. Разам з тым важна разумець, што пачуццё вiны — разбуральнае i мае адмоўныя наступствы. Так, напрыклад, жанчына пачынае зашмат часу ўдзяляць дзiцяцi, залiшне непакоiцца пра яго або нi ў чым яму не адмаўляе. Як вынiк, вялiкая рызыка, што дзiця вырасце несамастойнае.

У такiх сiтуацыях, раiць спецыялiст, вельмi важна засяродзiць увагу на пошуку апоры для сябе, а не паддавацца эмоцыям. Ды i ўвогуле, калi жанчына свядома вырашае нарадзiць для сябе, маючы прафесiю, працу, то гэта яе выбар i рашэнне. У большасцi еўрапейскiх краiн такая сiтуацыя даўно нармальная i звыклая. А вось у нашым грамадстве жанчыны могуць сустрэцца з непаразуменнем i асуджэннем. Бо ў нас лепш быць замужам (нават калi ты нешчаслiвая ў гэтых адносiнах), таму што так прынята. Але ж давайце разважаць, няўжо для дзiцяцi лепш бачыць двух сваiх блiзкiх людзей няшчаснымi? Цi не сапсуе гэта сцэнарый для яго будучай сям'i?.. Iншая сiтуацыя, калi жанчына спрабуе як мага хутчэй пабудаваць новыя адносiны, зноў жа па прычыне «дзiцяцi патрэбен бацька», а не таму што гатовая да новага ў сваiм жыццi.

Не плацiце за шчасце сабой

— Незалежна ад таго, чаму вы зараз адзiнокая, вельмi важна ўзяць паўзу i засяродзiцца на сваiм асабiстым жыццi. Бо ёсць роля мацi, а ёсць вы як жанчына, — працягвае псiхолаг. — Тут варта факусiравацца на сваiх iнтарэсах, хобi, сустрэчах з сябрамi i тымi, хто праявiць разуменне i падтрымае, а не будзе яшчэ больш цiснуць на вас. Вядома, цяжка выхоўваць дзiця адной, стамляешся фiзiчна i маральна, таму трэба мець тое, што вас падтрымлiвае i дае энергiю. Калi вам патрэбныя адносiны i вы гатовыя да iх, то цудоўна. А ў адваротным выпадку шукайце тыя заняткi, якiя робяць вас шчаслiвай i ўпэўненай. Зразумейце, у чым вашы iнтарэсы, акрамя саміх дзяцей.

I, думаю, для нас, жанчын, гэта парада вельмi слушная, бо пазiцыя «я ўсё раблю дзеля дзяцей» аднойчы можа пакiнуць за сабой толькi расчараванне. Сын цi дачка вырастуць, а наша адзiнота, перш за ўсё ўнутраная, застанецца з намi. Бясспрэчна, наяўнасць мужчыны (з якога дзiця зможа браць прыклад) важная. Калi ж пакуль вы не гатовыя да новых адносiн цi проста не хочаце кагосьцi пускаць на сваю тэрыторыю, то такую важную ролю можа выканаць дзядуля, дзядзька, настаўнiк у школе, трэнер спартыўнай секцыi цi нават хросны бацька. Галоўнае, не спрабуйце iмгненна вырашыць пытанне любой цаной. Самае важнае тут — гэта ваша самаадчуванне. Бо дзецi счытваюць усе нашы эмоцыi. Нiкому не патрэбна ахвярнасць, у вынiку якой усе будуць незадаволеныя.

— Цудоўна, калi ў мамы складуцца новыя адносiны, але нават калi гэтага не будзе, то не трэба думаць, што дзiця вырасце нейкае непаўнавартаснае. Мне здаецца, што асноўная праблема нашых матуль — гэта iх эмацыянальны стан, — дзелiцца Вера Васiльеўна. — Калi жанчына паддаецца негатыўнаму ўплыву акружэння, то яна пачынае жыць у пастаянным стрэсе, замест таго каб быць шчаслiвай i радавацца свабодзе. Спынiцеся i спытайце ў сябе: як я жыву, якiя адносiны мне патрэбны, чаму нешта не складваецца? I ў працэсе, нават калi ёсць праблемы з самаацэнкай, вы зможаце ўбачыць, куды рухацца, i лепш зразумееце сябе.

Нашы людзi знойдуцца

Якiя абставiны не змусiлi б жанчыну застацца адной з дзецьмi, жыццё працягваецца. I кожная з нас мае права будаваць яго так, як лiчыць патрэбным i правiльным. Можа, вы тая, хто вырашыў «нарадзiць для сябе», таму што дзiця — гэта ваша мара, а вось жыць з кiмсьцi i раздзяляць побыт — зусiм не ваш варыянт. Магчыма, вы сышлi ад мужа, таму што зразумелi, што паасобку будзе лепш, чым заставацца разам як чужыя. Галоўнае, каб вы знайшлi ў сабе сiлы быць шчаслiвай. Вашы погляды на жыццё могуць не супадаць з поглядамi тых, хто побач. А можа нават здарыцца, што такi расклад дасць падставу правесцi «рэвiзiю» свайго кола сяброў i знаёмых. Давайце будзем шчырыя, часам агульныя сябры выбiраюць не вашу кампанiю пасля разводу, а замужнiя сяброўкi ўвогуле пачынаюць бачыць у вас канкурэнтку... Але нашы людзi застаюцца з намi, i нават мужчына знаходзiцца (калi мы гатовыя яго сустрэць). I прымаюць яны нас з усiмi нашымi «абставiнамi».

Жанчыне важна, каб побач быў той, з кiм можна падзялiцца падзеямi пражытага дня. Разам з тым напрошваецца пытанне, а цi ўдасца новаму чалавеку пабудаваць адносiны з маiмi дзецьмi, цi прыме яго сын або дачка? Тут важна даць кожнаму з бакоў час i права выбару. Безумоўна, новыя адносiны могуць складвацца па-рознаму, але сур'ёзна настроены мужчына, якi любiць жанчыну, гатовы пераадольваць цяжкасцi. Калi гэта ваш чалавек, то ўсё абавязкова складзецца i вы станеце сям'ёй. Галоўнае — размаўляйце i чуйце адно аднаго.

Алена ДРАПКО

Фота psychologies.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».