Вы тут

Праз пандэмiю COVID-19 у свеце рэзка ўзрасла колькасць дзяцей, якiя жывуць у беднасцi


Праз пандэмiю COVID-19 у свеце рэзка ўзрасла колькасць дзяцей, якiя жывуць у беднасцi — апошняя вымяраецца не толькi грашовымi даходамi, але i магчымасцю вучыцца, лячыцца i мець дах над галавой. Пра гэта гаворыцца ў новым даследаваннi, праведзеным пад эгiдай Дзiцячага фонду ААН (ЮНIСЕФ), паведамляе Цэнтр навiн ААН.


Даследаванне было падрыхтавана ЮНIСЕФ i арганiзацыяй «Выратуем дзяцей». Яно паказала адно з сур'ёзных наступстваў пандэмii COVID-19 — рост колькасцi дзяцей, якiя жывуць ва ўмовах так званай шматаспектнай беднасцi. Зараз такiх каля 1,2 млрд, а гэта на 150 млн больш, чым да пандэмii.

Пры аналiзе шматаспектнай беднасцi выкарыстаны даныя з 70 краiн. Яны датычылiся доступу да адукацыi, аховы здароўя, жылля, харчавання, санiтарыi i вады. У папярэднiм аглядзе, праведзеным у гэтых краiнах яшчэ да пандэмii, было ўстаноўлена: каля 45 % дзяцей пазбаўлена доступу па меншай меры да адной з гэтых выгод. Аднак новыя даныя паказваюць, што сiтуацыя толькi пагоршылася i ў найблiжэйшыя месяцы стане яшчэ цяжэйшай.

— З-за COVID-19 i мер iзаляцыi, уведзеных, каб прадухiлiць яго распаўсюджванне, мiльёны дзяцей аказалiся ў беднасцi, — заявiла выканаўчы дырэктар ЮНIСЕФ Генрыета ФОР. — Тыя сем'i, што ўжо спраўлялiся з цяжкiм становiшчам, зноў у бядзе, а некаторыя сутыкнулiся з такiмi праблемамi, якiх не ведалi раней. Найбольшую трывогу выклiкае тое, што мы пакуль блiжэй да пачатку гэтага крызiсу, чым да яго канца.

Эксперты адзначаюць: грашовыя даходы сем'яў, безумоўна, важныя, але яны даюць толькi частковае ўяўленне аб становiшчы. Каб зразумець увесь маштаб беднасцi, неабходна прааналiзаваць усе праблемы, з якiмi сутыкаюцца дзецi з уразлiвых слаёў насельнiцтва, — ад медыцыны i адукацыi да водазабеспячэння i жыллёвых умоў. У ААН лiчаць, што толькi паляпшэнне паказчыкаў ва ўсiх гэтых кiрунках дапаможа лiквiдаваць шматаспектную беднасць.

Да таго ж справiцца з беднасцю сярод дзяцей не ўдасца без спецыяльных праграм сацыяльнай абароны, належнай падаткова-бюджэтнай палiтыкi, павышэння занятасцi бацькоў i прадастаўлення iм аплатных водпускаў па доглядзе за дзiцем.

Асаблiвая ўвага ў новым даследаваннi аддадзена праблеме няроўнага доступу дзяцей да новых тэхналогiй. Сёння гэта перашкаджае атрыманню адукацыi.

— Дзецi, пазбаўленыя магчымасцi вучыцца, з большай верагоднасцю стануць ахвярамi прымусовай працы або раннiх шлюбаў, — лiчыць генеральны дырэктар Мiжнароднага альянсу «Выратуем дзяцей» Iнгер ЭШЫНГ. — Мы не можам дазволiць цэламу пакаленню дзяцей стаць ахвярамi гэтай пандэмii. Урады i мiжнародная супольнасць павiнны распачаць неабходныя дзеяннi.

Кiраўнiк ЮНIСЕФ заклiкала ўрады аддаваць першачарговую ўвагу найбольш маргiналiзаваным сем'ям, пашыраць сiстэму iх сацыяльнай абароны, у тым лiку забяспечваць грашовыя выплаты, наладжваць дыстанцыйнае навучанне, гарантаваць дзецям медыцынскую дапамогу i забяспечваць iх школьным харчаваннем.

Наталля ТАЛIВIНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Чорны пояс па таэквандо і светлы шлях па жыцці плыўца-параалімпійца.

Грамадства

Патрыятычны марафон, флэшмобы, велапрабегі. Якія мерапрыемствы запланаваны ў рэгіёнах у гонар Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга?

Патрыятычны марафон, флэшмобы, велапрабегі. Якія мерапрыемствы запланаваны ў рэгіёнах у гонар Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга?

Штогод у другую нядзелю мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга.