Вы тут

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»


 

Iван Iванавiч МАРТЫНАЎ


Мы былi яшчэ першакурснiкамi, калi ў фае першага паверха ўбачылi незвычайную для нас, яркую аб'яву. Фiзмат вiншаваў свайго выпускнiка Iвана Iванавiча Мартынава з паспяховай абаронай кандыдацкай дысертацыi. Гэта навiна на мяне, напрыклад, падзейнiчала пазiтыўна, можна нават сказаць, натхнiла. Да гэтага часу мы ўжо адчулi, што вучыцца на фiзмаце вельмi цяжка, за непаспяховасць адлiчваюць рэгулярна i не шкадуючы, задача-мiнiмум — выжыць, утрымацца ў iнстытуце. А тут — выпускнiк нашага факультэта паступiў у аспiрантуру i адразу пасля яе заканчэння абаранiўся, стаў кандыдатам фiзiка-матэматычных навук у галiне тэорыi дыферэнцыяльных ураўненняў. Ён жа змог! Значыць, не трэба баяцца i здавацца — можна, пастараўшыся, i пэўных вышынь дасягнуць.

Iван Iванавiч быў родам з невялiкай вёскi Петухоўка Чавускага раёна. Нарадзiўся ў час вайны i зусiм дзiцем патрапiў у канцлагер, выжыў, пасля добра вучыўся, паступiў на наш фiзмат, i там яго прыкмецiлi выкладчыкi. Парэкамендавалi ў аспiрантуру да прафесара БДУ Ю. С. Багданава. Юрый Станiслававiч — вучань акадэмiка М. П. Яругiна, заснавальнiка i натхняльнiка навуковай школы сусветнага ўзроўню, таксама адзiн з самых аўтарытэтных матэматыкаў Беларусi. Ён лiчыў Iвана Iванавiча адным з найлепшых сваiх вучняў, пры гэтым шанаваў у iм перш-наперш чалавечыя якасцi: чэснасць, адказнасць, прыстойнасць. Выхаваны цяжкай вясковай працай, пабачыўшы на свае вочы зло, гвалт, вераломства i здраднiцтва, Мартынаў вызначаўся абвостраным пачуццём справядлiвасцi. Да студэнтаў, калег, увогуле да людзей адносiўся паважлiва, нават клапатлiва, але да тае пары, пакуль не сутыкаўся з непрыстойнасцю i зламыснасцю. Вось тады яго адносiны да такога чалавека станавiлiся прынцыпова патрабавальныя, а часам i непрымiрымыя.

Пакуль мы вучылiся на малодшых курсах, Iван Iванавiч быў у нас намеснiкам дэкана. Ён шчыра любiў свой фiзмат, iмкнуўся, каб наш факультэт быў найлепшы ў iнстытуце, вельмi шмат часу праводзiў са студэнтамi. Дапамагаў рыхтаваць камсамольскiя i прафсаюзныя сходы, удзельнiчаў з намi ў суботнiках, прысутнiчаў на ўсiх рэпетыцыях пры падрыхтоўцы да конкурсаў мастацкай самадзейнасцi. Запомнiлася, што пасля нашых выступленняў на сцэне ён купляў для нас велiзарны куль цукерак.

Пры ўсёй знешняй строгасцi Iван Iванавiч валодаў унiкальным пачуццём гумару i быў арганiзатарам многiх розыгрышаў сваiх сяброў. У той час калi ён абаранiў дысертацыю, у iнстытут для працы на фiзмаце былi накiраваныя яго равеснiкi, таксама маладыя кандыдаты фiзiка-матэматычных навук: К. К. Жылiк, Я. В. Карабёнак, А. К. Лапкоўскi. Усе былi яшчэ халастыя, жылi ў студэнцкiм iнтэрнаце, сябравалi. Iван Iванавiч пасля расказваў, што яны там выраблялi.

У гэты ж час на геаграфiчны факультэт прыехала выкладаць маладая, стройная, нязвыкла для нас прыгожая асецiнка. Яна, безумоўна, не магла не прыцягнуць да сябе ўвагу гэтых халасцякоў. А. К. Лапкоўскi прыўдарыў за ёю з усiм запалам, але... узаемнасцi не дамогся. Мартынаў i кампанiя назiралi з боку за гэтымi заляцаннямi i вырашылi Анатоля Кузьмiча разыграць. Iван Iванавiч апрануўся так, як тая асецiнка, прылёг на ложак, накрыўся з галавой, а яго сябры сказалi Лапкоўскаму, што дзяўчына вельмi засмучаная, не зразумела яго адносiны да сябе, перажывае, плача. Анатоль Кузьмiч iмгненна кiнуўся яе супакойваць, гладзiў, гаварыў ласкавыя словы, прызнаваўся ў сваiх пачуццях. I раптам з галавы «дзяўчыны» спадае хустка i адкрываецца гарэзны твар Мартынава... Лапкоўскi доўга не мог дараваць Iвану Iванавiчу гэтую дурноту, але з часам яна ўвайшла ў бяскрыўдны фальклор iнстытута.

Мартынаў быў нейкiм зямным, рэальным, блiзкiм да нас, студэнтаў, чалавекам. Строгiм, але зразумелым, у нечым i арыгiнальным. <...>

Лекцыi да нас Мартынаў прыйшоў чытаць на трэцiм курсе. Гэта была тэорыя функцый сапраўдных пераменных. Матэматыку ён, безумоўна, адчуваў i ведаў. Але канспект за iм пiсаць было няпроста — вельмi iмпульсiўны, iмклiвы, часам у яго думкi апярэджвалi словы. Таму да экзамену мы рыхтавалiся па падручнiках. Характэрна, што як вучоны-матэматык ён патрабаваў паказаць веды, разуменне выкладзенай тэорыi, а не адказу выключна па яго канспекце. Iван Iванавiч бачыў здольнасцi студэнтаў, iх адносiны да вучобы, адкрыта паважаў i падтрымлiваў тых, хто праяўляў старанне. У нас на экзамене быў пацешны выпадак. Мой аднакурснiк Валерый Iваноў забыўся доказ незлiчонасцi мноства сапраўдных лiкаў i стаў пацiху прасiць мяне дапамагчы яму ў гэтым. Мартынаў i яго, i мяне ведаў як добрых студэнтаў, але нiяк не мог зразумець, хто каму падказвае. Так i не разабраўся, але ўсё ператварыў у жарт, як след пры адказе апытаўшы абодвух, i кожнаму з нас паставiў «выдатна».

З Iванам Iванавiчам мы з часам пасябравалi. Пры гэтым неяк натуральна, як быццам так i павiнна быць. Пры iм я пачынаў працаваць асiстэнтам, шукаў сябе ў навуцы, абараняўся, паступова падымаўся па службовай лесвiцы. Зблiжала нас i тое, што яго жонка Зiнаiда была маёй зямлячкай, яна родам з Быхава, i мы з ёю часта прыгадвалi родныя абодвум нам мясцiны. Яна, дарэчы, таксама скончыла наш фiзмат i нават некаторы час працавала на факультэце.

Я вельмi ўдзячны Iвану Iванавiчу за тое, што ён пазнаёмiў мяне з гiсторыкам Якавам Iванавiчам Трашчанком. Ён тады быў суседам Мартынавых, i мы часам збiралiся разам у Iвана Iванавiча пасядзець, пагаварыць, выпiць. Мартынаў i Трашчанок былi ў нечым падобныя — абодва разумныя, дзёрзкiя, бескампрамiсныя, начытаныя, са сваiмi поглядамi на жыццё. Стасункi з iмi — гэта сапраўдная школа развiцця, прафесiяналiзму. Якаў Iванавiч да канца свайго жыцця заставаўся нашым настаўнiкам. I не толькi нашым. Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Рыгоравiч Лукашэнка быў адным з любiмых вучняў Трашчанка. Мне — ужо як мiнiстру адукацыi — даводзiлася неаднаразова па даручэннi Прэзiдэнта наведваць Якава Iванавiча, каб высветлiць яго меркаванне па тым цi iншым гiсторыка-палiтычным пытаннi. Для Прэзiдэнта гэта было важна, ён таксама лiчыў Якава Iванавiча сваiм настаўнiкам i давяраў яму.

З часам Iван iванавiч заняў пасаду прарэктара па рабоце са студэнтамi-завочнiкамi, захапiўся даследаваннямi ў галiне педагогiкi. Яго чамусьцi заўсёды цiкавiлi метады выхавання хлапчукоў. Рабiў усё Мартынаў энергiчна, шырока, можна сказаць, азартна. Лiдар па натуры, ён часам мог пераўзысцi суразмоўцу, калегу, але пры гэтым захапiцца, адхiлiцца ад тэмы, а то i зусiм не патрапiць у яе. Ужо ў час свайго рэктарства гляджу вечарам праграму абласнога тэлебачання. Абмяркоўваюцца псiхалагiчныя праблемы сямейных адносiн. Два ўдзельнiкi — загадчык кафедры псiхалогii дацэнт Э. Катлярова i прарэктар унiверсiтэта, дацэнт I. Мартынаў. Мартынаў, па характары непаседа, палемiст, часта перабiвае Катлярову, хоць i вiдавочна саступае ёй у разуменнi абмяркоўваемага пытання. Тая ледзьве паспявае выводзiць тэму ў патрэбнае рэчышча.

Клiчу назаўтра ранiцай да сябе Iвана Iванавiча i кажу яму, што ён — прарэктар, прадстаўляе кiраўнiцтва ўнiверсiтэта, таму не павiнен саступаць загадчыцы кафедры. Адпаведна, цi трэба грунтоўна рыхтавацца, тым больш па пытаннi, дзе ты не прафесiянал, цi сысцi з праграмы. Iван Iванавiч сышоў з праграмы, але падобныя размовы нiяк не ўплывалi на нашы службовыя i сяброўскiя адносiны. Мартынаў на мае пралiкi i недапрацоўкi ўказваў карэктна, але без сарамлiвасцi.

Ёсць яшчэ гiсторыя, якая, я ўпэўнены, не закончылася да гэтага часу. I яна таксама звязана з характарам Мартынава, яго ўпартасцю пры дасягненнi мэты, якую ён перад сабой паставiў.

Сустракаю ва ўнiверсiтэце мiнiстра адукацыi В. I. Стражава. Ён прыбыў з дзелавым вiзiтам, але выходзiць з машыны ўзбуджаны, абураны, адразу заяўляе:

— Радзькоў, еду да цябе ва ўнiверсiтэт, па дарозе ўключаю радыё i чую, як твой прарэктар Мартынаў накiнуўся на мяне з крытыкай, што я не даю ход яго манаграфii i тым самым перашкаджаю ўкараненню правераных, актуальных, на дзiва неабходных грамадству метадаў выхавання юнакоў. Ты разбярыся, што ў цябе за прарэктар!

Гiсторыя для мяне не новая. Iван Iванавiч сапраўды напiсаў кнiгу пра тое, як трэба выхоўваць хлопчыкаў. Пiсаў кнiгу грунтоўна, карыстаўся архiвамi, сучаснымi даследаваннямi ў галiне педагогiкi i псiхалогii, «даставаў» кожнага з нас, спрабуючы ўцягнуць у гэту праблематыку. Але, самае галоўнае, папку з рукапiсам сваёй кнiгi на дадзеную тэму ён дэманстратыўна, пры людзях, часцей за ўсё на вялiкiх сходах уручаў новаму назначэнцу на пасаду мiнiстра адукацыi. Яе атрымалi Л. У. Сухнат, М. I. Дзямчук, В. А. Гайсёнак, прыйшоў час i В. I. Стражава. Вось той i ўскiпеў. У мяне не заставалася выхаду, як самому прачытаць рукапiс, разабрацца з гэтай працай Мартынава. Прашу прынесцi мне яго папку. Прачытаў на адным дыханнi. Жыва, пераканаўча, проста, цiкава. Кажу Iвану Iванавiчу:

— Методыку выхавання хлопчыка ў сям'i i ў грамадстве вы выбудоўваеце ў асноўным на прыкладзе жыцця Iвана Грознага. Але ж гэта выхаванне перш за ўсё цара. Наўрад цi гэта падыходзiць для любога хлопца.

Не думаю, што я пераканаў Мартынава. Болей таго, упэўнены, што ён працягвае атакаваць сваiмi iдэямi чарговых мiнiстраў.

Было яшчэ адно цiкавае захапленне Iвана Iванавiча: ён заняўся вывучэннем магчымасцяў чалавечага мозга. Атрыманыя ў час даследаванняў рэзультаты i высновы ён дэманстраваў нам на сабе, заклiкаючы актыўна iх выкарыстоўваць у паўсядзённай практыцы. У прыватнасцi, ён быў глыбока ўпэўнены ў карысцi вуснага лiчэння для развiцця памяцi i ўвогуле мыслення. Ведаў мноства арыгiнальных, вельмi эфектыўных прыёмаў такога лiку, настойлiва заклiкаў настаўнiкаў матэматыкi выкарыстоўваць iх на ўроках. Перад намi ж выступаў з дэманстрацыяй зусiм фенаменальных здольнасцяў мозга, якiя ён змог развiць дзякуючы ўпартым i сiстэматычным заняткам. Сядзiм на яго папулярнай лекцыi. Ён паказвае нам магчымасцi сваёй памяцi. Просiць дзесяць прысутных калег назваць па адным пяцiзначным лiку. Яго асiстэнт запiсвае гэту лiчбавую паслядоўнасць на дошцы. Iван Iванавiч паварочваецца да гэтага запiсу, хвiлiны тры яго вывучае i пасля без нiводнай памылкi прагаворвае!

Яшчэ адна тэма аб'ядноўвала мяне з Iванам Iванавiчам. Мы рэгулярна чыталi часопiсы «Наука и жизнь», «Знание — сила», «Природа». Калi яны ў чытальнай зале былi на руках, то, як правiла, у яго цi ў мяне. I Мартынаў быў заўсёды «набiты» цiкавымi звесткамi, фактамi з сучасных даследаванняў.

Мне зараз не хапае каларыту гэтай асобы.

Пераклаў з рускай мовы Максiм Веянiс

(Працяг будзе)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».