Вы тут

Алёна Спірыдовіч: «Вядучай я стала, можна сказаць, выпадкова…»


Без яе асляпляльнай усмешкі цяжка ўявіць сабе беларускае тэлебачанне. А яшчэ яна — сiмвал і талiсман «Славянскага базару ў Віцебску».

Каб выходзіць на сцэну заўжды ў добрым настроі і ўтрымліваць на сабе ўвагу дзясяткаў тысяч гледачоў, трэба штодня працаваць над сабой. Вось такі просты сакрэт папулярнасці ў заслужанай артысткі Беларусі Алёны Спірыдовіч.


— Алёна, нават праз гады вы выглядаеце так выдатна, як і ў пачатку сваёй кар'еры. Як гэта ў вас атрымліваецца, падзяліцеся сакрэтамі?

— На дыетах не сяджу, але прытрымліваюся пэўных правіл. Шмат гадоў не ем макароны і пельмені, фастфуд. Найлепшая ежа для мяне — гародніна і садавіна. Можа, на такі выбар паўплывала тое, што па гараскопе я Цялец? Зразумела, калі мы з мужам былі ў Італіі, то з задавальненнем ела там пасту, піцу… Але вярнулiся дадому, і я зноў перайшла да звыклага рацыёну.

Перад эфірамі, канцэртамі стараюся наогул не есцi асабліва, каб была лёгкасць у целе. А яшчэ я ўпэўненая, што знешняя прыгажосць i ўвогуле фігура перш за ўсё залежаць ад агульнага стану — як фізічнага, так і эмацыйнага. Трэнажорная зала і жорсткія дыеты не для мяне. На мой погляд, у шпацырах на свежым паветры карысці нашмат больш, чым у занятках той жа ёгай, якая для нас не традыцыя, а прадукт імпарту. А яшчэ я лічу, што галоўнае, пра што павінна клапаціцца кожная жанчына, — гэта душэўная раўнавага. Мы выглядаем лепш, калі на працы, у сям’і ўсё ладзіцца.

— Раскажыце, як лёс звязаў вас з фестывалем?

— Дарэчы, вядучай я стала, можна сказаць, выпадкова, дзякуючы недарэчнаму збегу абставін. На першым фестывалі «Славянскага базару» я вяла «Дзённікі». У прамым эфіры брала маленькія інтэрв'ю. Але здарылася непрадказальнае: канцэрт затрымліваўся, і замест 15 хвілін мы вымушана былі ў «прамым эфіры» ўсе 35. Давялося iмправiзаваць, выкручвацца: я падыходзіла з мікрафонам да гледачоў, работнікаў сцэны і нават да міліцыянтаў... Сітуацыя нервовая, здавалася, усіх каго магла апытала. І трэба ж такому здарыцца, гэты «прамы эфiр» убачыў старшыня Белтэлерадыёкампаніі. Ён запатрабаваў у галоўнага рэдактара зняць мяне з «Дзённікаў» і паставіць больш вопытнага журналіста.

Уяўляеце мой стан? Нікога не хацела бачыць, вочы на мокрым месцы… Менавіта ў гэты момант мяне сустрэў рэжысёр фестывалю. Ён жа ведаў сапраўдныя прычыны скамячанага тэлеэфіру. Падышоў i выбачыўся, і прапанаваў стаць вядучай наступнага свята. Так у мяне з'явіўся шанец, і тут ужо я не разгубiлася.

— Першы раз на сцэну «Славянскага базару» вы выйшлі яркай бландынкай з вельмі стылёвай прычоскай — пад «вожыка». Гэта і сёння даволi смела, а ў 1993 годзе было амаль што выклiкам.

— Насамрэч, мая знакамітая стрыжка — вынік няўдалага наведвання цырульні. Літаральна напярэдадні фестывалю майстар перастараўся з «хіміяй», мне практычна спалілі валасы. Калі я прыехала ў Віцебск, то папрасіла знаёмага стыліста прыдумаць хоць што, каб і з сітуацыі выкруціцца, і зрабіць так, каб мяне гледачы запомнілі.

Калі ўбачыла сябе ў люстэрку, вохнула і заплакала! Але што рабіць, давялося прывыкаць да сябе такой, новай. Дарэчы, потым, як мне расказваюць знаёмыя стылісты, многія беларускія жанчыны пачалі стрыгчыся «пад Спірыдовіч». Неспадзявана я скасавала ўяўленне, што святочная жаночая прычоска — гэта абавязкова «хімія» і начосы з лакам. Мая стрыжка была проста іншапланетнай!

Праўда, у нейкім сэнсе я стала закладніцай свайго вобразу: больш за дваццаць гадоў мы са стылістамі прыдумваем розныя інтэрпрэтацыі кароткіх стрыжак. Але я ўжо сябе і не ўяўляю з іншай прычоскай. Адкрыю сакрэт: смелае стылістычнае рашэнне дапамагло мне і ў прафесійным плане — з такой адметнай стрыжкай я стала больш упэўненай у сабе.

— Атрымліваецца, што вобраз вам таксама падказаў выпадак! А строi для сцэны якім чынам падбіраеце?

— На адкрыццё «Славянскага базару» заўсёды шыю новую сукенку. Гэта ўжо традыцыя. Потым магу яе на нейкія іншыя мерапрыемствы апранаць, але на першы дзень Віцебскага фестывалю мой убор абавязкова павінен быць новым — гэта вобраз, які задае рытм усёй маёй працы на сцэне. Частку калекцыі захоўваю дома, частку — на тэлебачанні. Стварае для мяне касцюмы дызайнер Таццяна Сычова, з якой мы шмат гадоў сябруем і супрацоўнічаем.

— У Віцебску падчас «Славянскага базару» асаблівая атмасфера. Ці знаходзіце вы магчымасць у перапынках паміж выступамі прагуляцца па горадзе Шагала?

— Віцебск штогод дорыць мне сустрэчу з дарагімі сэрцу людзьмі, з камандай, якая стварае гэта надзвычайнае свята. Мне заўсёды вельмі шкада, што падчас фестывалю няма часу для павольнай прагулкі — рэпетыцыі, канцэрты, запісы.

Але мне вельмі падабаецца фестываль вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», калі на некалькі дзён вуліцы старажытнага города ператвараюцца ў імправізаваныя сцэны, а мінакі — у гледачоў. На розных пляцоўках Віцебска спяваюць, танчаць, чытаюць вершы, праводзяць майстар-класы — гэта цудоўная атмасфера свята і сучаснага карнавала.

Сёлета «Славянскі базар» змяніў фармат і ператварыўся ў вялікі опэн-эйр. Гэта новы цікавы вопыт. І з надвор'ем пашанцавала, бо ў фестывальныя дні яно бывае капрызным, спёка тут жа змяняецца халодным даждом.

— Лета — час традыцыйных адпачынкаў, а вы на працы. Як аднаўляеце сілы?

— Для мяне найлепшы адпачынак — гэта лецішча. Там вельмі прыгожа, асабліва калі ўсё патанае ў зеляніне і кветках. Дарэчы, мая суседка па лецішчы — Марыя Карпенка, якая раней узначальвала часопіс «Алеся». У яе шыкоўныя кветнікі, штосьці яна дорыць нам. Можа, здзіўлю, але ў нашай сям’і «справамі зямельнымі» займаецца муж — ён даглядае кветкі, вырошчвае садавіну і гародніну.

Лецішча — маё месца сілы. Саджуся ў машыну, паўгадзіны ў дарозе — і я ўдыхаю свежае паветра. Для таго, каб адчуць сябе «абноўленай», мне хапае некалькi гадзiн. А потым вяртаюся ў горад, на эфір праграмы «Белорусское времечко».

Пандэмiя адмянiла шмат фестываляў і канцэртаў, у мяне з'явілася больш часу на тыя простыя рэчы, якія адкладвалiся на «потым». І зараз я атрымліваю асалоду ад прыгажосці роднай прыроды, зносін з блізкімі і дарагімі мне людзьмі. Майму тату 85 гадоў. З-за пандэміі ён некалькі месяцаў быў вымушаны сядзець у ізаляцыі ў гарадской кватэры. Калі сітуацыя стала больш спакойнай, мы прыехалі з ім на дачу. Тут можна бяспечна шпацыраваць, няспешна займацца дачнымі справамі, прастор нас напаўняе і дае новыя сілы. Тут я з задавальненнем займаюся гатоўкай страў. Сам працэс адцягвае ад руціны, прыводзіць думкі ў парадак.

— Вы таксама вядоўца самых «смачных» кулінарных праграм на нашым тэлебачанні.

— Упэўненая, што самая карысная для чалавека ежа — тое, што вырасла на зямлі, дзе жылі твае продкі. Гэтыя спалучэнні прадуктаў правераны часам, жывуць у нашай генетычнай памяці. Мяне вельмі ўразіў смак гур'еўскай кашы, якую мы гатавалі на перадачы «Братэрская кухня». Рэцэпт, увогуле, усім вядомы. Але якая ж гэта смаката! Шкада, што многія нават не здагадваюцца, наколькі ў нас багатыя кулінарныя традыцыі. Упэўненая, што яны могуць атрымаць другое нараджэнне, у тым ліку, і з дапамогай нашай праграмы.

А праект «Беларуская кухня» — гэта сапраўднае кулінарна-гістарычнае шоу! Этнограф Ларыса Мятлеўская ездзіць са здымачнай групай па вёсках і збірае старадаўнія рэцэпты беларускіх страў. Віртуозны кухар Вартан падказвае гаспадыням, як прыгатаваць па бабуліных рэцэптах на сучаснай кухні тыя ж бабоўнік, вантрабянкі і іншыя стравы, назвы якіх для многіх сёння гучаць як экзотыка. Наш праект вучыць, як на сучаснай кухні — без печы, але з цэлым арсеналам сучаснай тэхнікі, — прыгатаваць аўтэнтычныя стравы.

— Хто ў вашай сям'і часцей становіцца да пліты?

— Гатуем і я, і муж. Увогуле, у нас хатняя праца не дзеліцца на жаночую ці мужчынскую. Сям'я — гэта наш агульны дом, дзе прыемна рабiць нешта карыснае адно аднаму.

 

Яніна КУРЫЛОВІЧ

Фота з архіваў Белдзяржтэлерадыёкампаніі і А. СПІРЫДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жывыя і мёртвыя. Вялікая Айчынная вайна зачапіла амаль кожную беларускую сям'ю

Жывыя і мёртвыя. Вялікая Айчынная вайна зачапіла амаль кожную беларускую сям'ю

Саракавыя-ракавыя раскідалі па свеце людзей, разлучылі цэлыя сем'і, пакінулі дзяцей сіротамі. 

Культура

Мінск 1941. Як гэта было

Мінск 1941. Як гэта было

Неба пачарнела ад самалётаў.