Вы тут

Анатоль Ісачанка: У Саюзнай дзяржаве павінны быць камфортныя ўмовы для жыцця


28—29 верасня Мінск і прысталічны рэгіён прымаюць VІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль Ісачанка расказаў «МС» аб ключавых мерапрыемствах і чаканнях ад сустрэч.


— З кожным годам Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі становіцца ўсё больш запатрабаванай пляцоўкай для кіраўнікоў усіх узроўняў абедзвюх краін, для бізнесменаў, экспертаў і парламентарыяў, — упэўнены ён. — Усе пытанні, якія абмяркоўваюцца на пасяджэннях секцый, дзелавых саветаў, на экспертнай сесіі, — важныя і актуальныя. Эфектыўнасць форуму заключаецца ў аналізе падзей расійска-беларускага парадку дня, пошуку найбольш сучасных і своечасовых мер па рэагаванні на выклікі часу.

Віцэ-спікер Савета Рэспублікі нагадаў, што сёлетнія мерапрыемствы праходзяць пад знакам 75-годдзя Вялікай Перамогі. Таму пытанні захавання гістарычнай спадчыны, выпрацоўкі адзінай стратэгіі па супрацьдзеянні гераізацыі нацызму на міжнародных пляцоўках, выхавання моладзі на прыкладах подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны стануць тэмай абмеркавання падчас пасяджэння ўсіх пяці секцый форуму. Дарэчы, яны пройдуць у фармаце відэаканферэнцыі: расійскія ўдзельнікі выйдуць на сувязь са сваімі беларускімі калегамі з залаў Савета Федэрацыі ў Маскве. Гаспадары форуму будуць працаваць на некалькіх пляцоўках, у прыватнасці, на базе Нацыянальнай акадэміі навук, ААТ «БелАЗ» і агракамбіната «Дзяржынскі» пад Мінскам.

— Важна праводзіць сустрэчы там, дзе прынятыя рашэнні ўвасабляюцца ў жыццё, — перакананы суразмоўнік. — Так, у Жодзіна, дзе выпускаюць знакамітыя «Белазы», бізнесмены і кіраўнікі абмяркуюць лёс сумесных беларуска-расійскіх праектаў, бо яны — фактар эканамічнага развіцця нашых краін і росту дабрабыту грамадзян Саюзнай дзяржавы. А на базе агракамбіната ўдзельнікі сесіі пазнаёмяцца з вопытам стварэння на вёсцы годных умоў працы і жыцця для моладзі.

Трэба адзначыць, што развіццё міжрэгіянальных сувязяў — адзін з ключавых і прыярытэтных кірункаў двухбаковага супрацоўніцтва. Анатоль Ісачанка звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што абедзве краіны аб'ядноўвае не толькі агульнае мінулае, але і цяперашняе, з якога будзе нараджацца будучае для наступных пакаленняў.

Вядомы факт — аб'яднанне намаганняў і патэнцыялаў заўсёды дае важкі і адчувальны вынік. Па словах суразмоўніка, за гады правядзення форуму на яго палях было заключана каля 300 пагадненняў аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, культурным міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Сёлета да падпісання падрыхтавана яшчэ 70 такіх пагадненняў. Але жыццё патрабуе больш актыўных дзеянняў па паглыбленні такога супрацоўніцтва, новых ідэй і форм работы, перакананы ён.

— Гэтага ад нас, парламентарыяў, чакаюць нашы грамадзяне, для гэтага мы і праводзім наш форум, — падкрэсліў Анатоль Ісачанка. — Мэта ў нас адна — у Саюзнай дзяржаве павінны быць камфортныя ўмовы для жыцця і самарэалізацыі кожнага, незалежна ад таго, на тэрыторыі Расіі ці Беларусі ён знаходзіцца.

Між іншым, заключэнне камерцыйных кантрактаў стане найважнейшым складнікам дзелавой часткі форуму. Вялікія сумы гэта пацвярджаюць: кумулятыўны кошт экспартных кантрактаў ад форуму да форуму ўзрастае. Бягучы год не стане выключэннем — падчас VІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі плануецца падпісанне кантрактаў на суму каля 750 мільёнаў долараў. Гэта вышэй за ўзровень леташніх дамоўленасцяў.

Найбольш буйны кантракт заключаюць паміж сабой ААТ «Магілёўхімвалакно» і прадпрыемства «Авангард» — на суму звыш 30 мільёнаў долараў. Мяркуецца, што ён будзе падпісаны на пленарным пасяджэнні. Традыцыйна ў таварнай структуры беларускага экспарту значная ўдзельная вага ў прадуктаў харчавання, нафтахімічнай прадукцыі, інвестыцыйных тавараў.

— Аб'ём кантрактаў, напэўна, самы пераканаўчы доказ таго, што інтэграцыя — гэта аб'ектыўнае патрабаванне жыцця. У ёй у аднолькавай ступені зацікаўлены як беларусы, так і расіяне, — падкрэсліў Анатоль Ісачанка.

Загаловак у газеце: Мэта адна — у Саюзнай дзяржаве павінны быць камфортныя ўмовы для жыцця і самарэалізацыі кожнага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».