23 кастрычніка, пятніца

Вы тут

Што будуць рабіць з пустым жыллём у Віцебскай вобласці


У аўторак у цэнтры ўвагі членаў прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў быў Указ № 357, які датычыцца жылля, што стаіць пустое і не выкарыстоўваецца.


Не лішнім будзе нагадаць, што работу з праблемным жыллём распачалі яшчэ ў лютым 2006-га. Згодна з Указам № 70, патрабавалася скараціць колькасць непатрэбнага. І сельскія выканкамы Віцебшчыны пасля карпатлівага вывучэння налічылі больш за 25 тысяч такіх дамоў. Менавіта тады была праведзена значная работа, каб адшукаць спадчыннікаў. І тысячы даўно ўжо гарадскіх жыхароў, і нямала замежнікаў «раптам» успомнілі пра свой кавалак зямлі. Пачалі думаць, што з ім рабіць. А ў лютым 2012-га працягам нарматыўнай базы стаў Указ № 100.

Тэма актуальная і дагэтуль. Насельніцтва не толькі на Віцебшчыне ўсё больш становіцца гарадскім: людзей у вёсцы, на жаль, усё меней. Адпаведна, «метры» ў глыбінцы нярэдка застаюцца незапатрабаваныя, без гаспадароў і прэтэндэнтаў на выкарыстанне.

Дарэчы, на мерапрыемстве была агучана цікавая статыстыка, якая датычыцца не толькі самай паўночнай вобласці, але і краіны ў цэлым. Калі ў 1991-м у вёсках і пасёлках жылі 3,3 мільёна чалавек, цяпер толькі каля двух мільёнаў...

Пытанне абмяркоўвалася не па прынцыпе пратакольнага мерапрыемства са справаздачамі — апошняе ператварылася ў дыскусію. Усе прапановы, заўвагі, спрэчныя пытанні стануць нагодай для выпрацоўкі адзіных стратэгій, падыходаў, алгарытмаў дзеяння, падкрэсліў кіраўнік «парламента Прыдзвінскага краю» Уладзімір Цярэнцьеў.

Ён нагадаў, што сёлета завяршаецца трохгоддзе малой радзімы. Таму трэба актывізавацца, каб у кожнага дома ў сельскай мясцовасці быў прыстойны выгляд. Калі няма гаспадароў, іх нашчадкаў, трэба прапанаваць жыллё іншым, напрыклад, пад дачы, сельскі бізнес, фермерам, каб разводзілі жывёлу, птушку. Калі з часам дом разбураецца, яго трэба зруйнаваць. Усё проста і лагічна. А на месцы былых «метраў», калі іх знесці, можна распачаць апрацоўку зямлі, штосьці пабудаваць «з нуля»...

Што да колькасці выяўленага безгаспадарнага жылля на Віцебшчыне на сённяшні дзень, то такіх дамоў каля 2,1 тысячы.

Няма агульных падыходаў, канстатаваў Уладзімір Цярэнцьеў. І ў выніку адчуваецца незразумелы дысананс. У прыватнасці, чаму ў Аршанскім раёне выявілі пад дзвесце непатрэбных дамоў, а ў суседнім Дубровенскім — толькі адзін?

Паводле інфармацыі начальніка ўпраўлення землеўпарадкавання Віцебскага аблвыканкама Ігара Левянкова, з пачатку рэалізацыі ўказа па зносе старых і пустуючых дамоў, а гэта каля пятнаццаці гадоў таму, іх стала менш на амаль што 17 тысяч. Агульная плошча зямельных участкаў набліжалася да 2,5 тысячы гектараў.

Начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Сяргей Мялешкін катэгарычны ў размове пра тых старшынь сельскіх Саветаў, якія не разумеюць важнасці своечасовага ўліку, зносу безгаспадарных аб'ектаў. Такіх ён патрабуе пазбаўляць займаемай пасады. Прывёў прыклады. У прыватнасці, кіраўніку мясцовай прадстаўнічай улады тры разы тлумачылі, што трэба зрабіць, а ніякіх спроб рэалізаваць тое, не было. І што з такім «адказным» рабіць? Няўжо не разумее, што дом без гаспадара — гэта месца, дзе могуць траўміравацца ў тым ліку і дзеці, якія вырашылі там пагуляць... А летась пры тушэнні пажару на такім аб'екце ў Пастаўскім раёне загінуў выратавальнік. Без бацькі засталіся двое дзяцей...

На завяршэнні пасяджэння прэзідыума старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў падкрэсліў, што яно стане пачаткам больш плённай працы. Самыя цікавыя даклады ўвойдуць у брашуру, якая без перабольшвання стане настольнай для выканаўцаў, дапаможа ўлічыць усе нюансы.

Дарэчы, у Гарадоцкім раёне, як паведаміла Святлана Зуева, старшыня райсавета, такую «шпаргалку» для адказных асоб ужо распрацавалі. Цяпер «вераснёўскія тэзісы» стануць асновай для публікацыі больш грунтоўнага даследавання на дадзеную тэму.

На сайтах органаў мясцовай улады вырашана рэкламаваць такое жыллё для продажу з фота, усёй неабходнай інфармацыяй і юрыдычнымі нюансамі. Запланавана арганізаваць экскурсію для дэпутатаў у раёны Беларусі, дзе найбольш удала пастаўлена работа з безгаспадарным жыллём.

«МС» будзе і далей адсочваць, як рэалізуецца заканадаўства ў дачыненні да навядзення парадку на зямлі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв’ю: viberi.by

Загаловак у газеце: Старое жыллё ператвараецца ў...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра роды-прыгоды, вытокі вялікага шляху, урок філасофіі.

Грамадства

Транспарт вялiкага горада. Пра новыя маршруты, электробусы i трэцюю лiнiю метро

Транспарт вялiкага горада. Пра новыя маршруты, электробусы i трэцюю лiнiю метро

 У Мiнску цяпер працуе 199 маршрутаў аўтобусаў, восем — электробусаў, 89 — тралейбусаў, восем — трамваяў.