Вы тут

Пандэмія праблем. Што адбываецца ў Літве?


Днямі ў Літве паведамілі аб рэкорднай колькасці новых выпадкаў каранавіруса. Аднак абвяшчаць лакдаўн нашы суседзі не збіраюцца. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падкрэсліў, што ў дадзены момант было б няправільна спыняць эканоміку. Паводле яго слоў, меры, якія ўжываюцца ў краіне па супрацьстаянні «ковіду», будуць лакальныя пры аператыўнай ідэнтыфікацыі ачагоў, паведамляе газета «Літоўскі кур'ер». Прэзідэнт Літвы падкрэсліў, што немагчыма цалкам спыніць жыццё і закрыць адукацыйны працэс. Да таго ж, па словах Наўседы, незразумела, ці прыносіць поўны лакдаўн вялікі эфект. Як падкрэсліваюць эксперты, пандэмія абвастрыла клубок сур'ёзных праблем, якія выспявалі ў эканоміцы, сацыяльнай сферы і дзяржаўным кіраванні Літвы. Што адбываецца ў суседняй краіне?


У даўгах

Даходы даволі адчувальна згортваюцца. На фоне крызісу з-за COVІD-19 кампаніі скарысталіся магчымасцю адкласці падатковыя плацяжы. У выніку ў студзені — жніўні гэтага года паступленні ў дзяржаўны бюджэт і бюджэты самакіравання Літвы паступіла на 911,6 мільёна еўра (12 працэнтаў) менш, чым планавалася, паведаміла прэс-служба Міністэрства фінансаў. Больш нізкі, чым планавалася, збор быў абумоўлены паказчыкамі рынку працы, на якія негатыўна паўплываў крызіс COVІD-19, і павелічэннем запазычанасці з-за адтэрмінаваных плацяжоў па падаходным падатку. Падчас каранціну ў Літве ў другім квартале года каля 33 працэнтаў насельніцтва краіны не працавала або працавала менш гадзін, чым звычайна, перадае baltnews.lt.

Дзяржаўны доўг Літвы да канца гэтага года можа скласці 49,8 працэнта ВУП, а налета ён можа вырасці і дасягнуць 54,5 працэнта. Да такой высновы прыйшоў Дзяржаўны кантроль Літоўскай Рэспублікі ў сваім прагнозе на 2020—2025 гады на фоне эканамічнай няпэўнасці, выкліканай пандэміяй. Пры гэтым, як адзначаецца, паказчык у 54,5 працэнта ВУП паказваецца ў базавым сцэнарыі. Усяго ў справаздачы Дзяржкантролю апісана пяць варыянтаў развіцця сітуацыі. У прыватнасці, адзін са сцэнарыяў прадугледжвае, што дзярждоўг наблізіцца да 60 працэнтаў ВУП. «Мы павінны не толькі стабілізаваць рост дзяржаўнага доўгу, але і прадугледзець яго зніжэнне», — заўважыла дырэктар Дэпартамента па маніторынгу бюджэтнай палітыкі Рута Рукшэнайце. Толькі вось наконт таго, ці атрымаецца рэалізаваць гэта на практыцы, паўстае вялікае пытанне.

Каму прадаць ураджай?

Не менш важнае — «хлебная» праблема. У Літве ў гэтым сезоне добры ўраджай збожжавых, а прадаваць няма каму — з-за пандэміі каранавіруса ўпаў попыт на сельскагаспадарчую прадукцыю. Па даных Літоўскай асацыяцыі вытворцаў збожжа, ураджайнасць, паводле папярэдніх звестак, на 18 працэнтаў вышэй, чым у мінулым годзе. Агульны каравай ацэньваецца ў 6,5 мільёна тон.

Апошнія некалькі гадоў валавы збор не апраўдваў чаканняў — у 2018-м і 2019-м неўраджай быў выкліканы засухай, а ў 2017 годзе — дажджом. Сёлета лічбы радуюць, але на дабрабыце вяскоўцаў гэта не адбілася. «Ужо мінаюць тэрміны плаціць за збожжа, разлікі ідуць, але мы бачым, што закупкі запаволіліся. Прадпрыемствы, якія гандлююць збожжам, імкнуцца максімальна адкласці заключэнне новых дагавораў, размеркаваць разлікі на працягу больш доўгага перыяду», — заважыў дырэктар асацыяцыі вытворцаў збожжа Ігнас Янкаўскас.

Паводле яго слоў, павольная закупка збожжа выклікае ланцуговую рэакцыю. Без належнага атрымання даходу ад вырабленай прадукцыі пачынаюць затрымлівацца выплаты саміх фермераў (па падатках, лізінгавых плацяжах). Урад мае намер вылучыць сельгасвытворцам 40 мільёнаў еўра ў выглядзе льготных крэдытаў. Аднак, на думку Ігнаса Янкаўскаса, гэта недастатковая сума для вырашэння складанай сітуацыі.

Няма жадання працаваць

На фоне трывожных навін пра ўсплёск захваральнасці на COVІD-19 профільныя ведамствы Літвы паведамілі аб беспрэцэндэнтным росце беспрацоўя. Рэспубліка б'е антырэкорды. Як сведчыць статыстыка, Літва апынулася сярод краін Еўрасаюза з самай вялікай колькасцю беспрацоўных. Гэтая сітуацыя — сур'ёзны выклік для дзяржавы і нацыянальнай эканомікі, аслабленай падчас пандэміі, заўважае baltnews.lt.

Паводле дадзеных Службы занятасці, па стане на пачатак верасня ўзровень беспрацоўя склаў 13,7 працэнта. Такім чынам, 235,6 тысячы чалавек не маюць работы. Рост істотны — яшчэ напрыканцы ліпеня ўзровень беспрацоўя складаў не больш за 9,4 працэнта. Эксперты адзначаюць: і 13,7 % — не мяжа. Прычым сярэдні паказчык — верхавіна айсберга, паколькі ў шэрагу месцаў сітуацыя значна горшая. Так, напрыклад, у правінцыйным мястэчку Кельме ўзровень беспрацоўя падышоў да адзнакі 20 %.

Чаму колькасць прэтэндэнтаў на біржы працы працягвае імкліва расці? Меркаванні экспертаў на гэты конт разышліся, але большасць спецыялістаў вінавацяць улады, прычым сутнасць папрокаў даволі незвычайная — маўляў, яны «закідалі людзей грашыма» і адбілі ў насельніцтва жаданне працаваць.

Міністр сацыяльнай абароны і працы Літвы Лінас Кукурайціс распавёў, што з-за выплат па беспрацоўі ў 200 еўра літоўцы перасталі ўладкоўвацца на нізкааплатныя месцы. «Гэтай уладзе пашанцавала. У іх яшчэ поўныя кішэні грошай. Яны практычна актывуюць беспрацоўе, правакуюць яго, — расказаў дэпутат Еўрапарламента Віктар Успаскіх парталу baltnews. — Новыя працоўныя месцы не ствараюцца. Мінімальны заробак фактычна адпавядае «беспрацоўным» выплатам, таму сацыяльная палітыка перакручаная: яна не матывуе людзей працаваць».

Пры гэтым у суседніх краінах сітуацыя лепшая, чым у Літве. Так, паводле даных мясцовых статыстычных ведамстваў, напрыканцы жніўня ўзровень беспрацоўя ў Латвіі складаў 8,4 %, у Эстоніі — 7,8 %, а ў Польшчы — 6,1 %.

Бедных пабольшае

Узровень беднасці ў Літве ў 2020 годзе можа павысіцца, асабліва сітуацыя пагоршыцца ў катэгорыі людзей пенсіённага ўзросту, лічаць у Дэпартаменце статыстыкі рэспублікі. Ва ўзроставай групе старэйшых за 65 гадоў адпаведны паказчык cёлета складзе каля 40 працэнтаў (афіцыйная лічба летась — 31,6 %).

Каранцін з-за каранавіруса зробіць маламаёмных літоўцаў жабракамі, а дапамога ЕС да іх не дойдзе. Аб гэтым заявіла ў перадачы «Дзень на Delfі» дырэктар Нацыянальнай сеткі асацыяцый па скарачэнні беднасці Айстэ Адомавічэне. Паводле яе слоў, нават пасля выхаду з каранціну многія сутыкаюцца з сур'ёзнымі фінансавымі цяжкасцямі, таму людзі выказваюць вялікую незадаволенасць ростам цэн і тэмпамі аднаўлення эканомікі.

«Ёсць такая галіна, як авіяцыя, якая цалкам закрылася, і сцюардэсы страцілі свае рабочыя месцы. Гэта ў тым ліку жанчыны ва ўзросце каля 50 гадоў, якія ніколі не працавалі на якой-небудзь іншай рабоце і павінны думаць пра тое, дзе працаваць на працягу некалькіх гадоў да выхаду на пенсію. Зараз яны часова жывуць на дапамогі», — расказала Адамавічэне. Яна адзначыла, што падобныя гісторыі нярэдкія. Пры гэтым ёсць і людзі, якія атрымліваюць вельмі нізкі даход — сярэдняя сацпадтрымка складае ўсяго 85 еўра.

Паводле слоў старшага эканаміста банка Lumіnor Жыгімонтаса Маўрыцаса, вялікі выклік чакае і прадстаўнікоў сярэдняга класа: «Гэта нават можа выліцца ў незадаволенасць і ў хвалю эміграцыі». Масавы ад'езд магчымы, аднак усё будзе залежаць ад эканамічнай сітуацыі ў краіне, лічыць эксперт. «Калі казаць пра тое, што будзе ў наступным годзе, то такая рызыка ёсць, асабліва гэта датычыцца работнікаў пацярпелых сектараў, а таксама моладзі, бо падчас пандэміі працу знайсці складаней», — цытуе Delfі Маўрыцаса.

Раней эксперты падзяліліся меркаваннем аб магчымым масавым адтоку літоўскіх грамадзян. Так, прафесар Каўнаскага тэхналагічнага ўніверсітэта Вілматне Кумпікайтэ-Валюнене адзначыла, што эміграцыя разгорнецца не адразу. «На самай справе хваля пачнецца. Я думаю, восенню, у пачатку 2021-га, калі людзі не змогуць знайсці работу і ўбачаць, што інакш выжыць не атрымаецца», — заявіла яна. Па словах Кумпікайтэ-Валюнене, пакуль рана прагназаваць, колькі літоўскіх грамадзян збіраецца эміграваць, аднак ёсць верагоднасць, што лічбы будуць падобныя да тых, што былі ў 2010 годзе, калі з'ехалі амаль 100 тысяч жыхароў Літвы. Усё будзе залежаць «ад узроўню беспрацоўя, але крывая будзе падобная. Па меры росту колькасці беспрацоўных будзе расці эміграцыя», — заўважыла прафесар.

Вакцына і тэсты

Барацьба з каранавірусам «падсвятліла» праблемы ў дзяржкіраванні. Ва ўладных кабінетах працягваецца дыскусія аб закупцы вакцыны ад каранавіруса. Прэм'ер-міністр Літвы Саўлюс Скверняліс заклікаў прэзідэнта рэспублікі Гітанаса Наўседу разгледзець гэта актуальнае пытанне на ўзроўні Дзяржсавета па абароне. Сваю прапанову кіраўнік урада абгрунтаваў тым, што набыццё вакцыны сумесна з іншымі краінамі з'яўляецца пытаннем дзяржаўнай важнасці. Паводле яго слоў, фармкампанія AstraZeneca, якая займаецца распрацоўкай вакцыны, падазраецца ў хабарніцтве і распаўсюджванні неэфектыўных лекаў.

Аднак у адміністрацыі прэзідэнта лічаць, што падобным пытаннем павінны займацца ў Міністэрстве аховы здароўя на чале з прэм'ерам, а разгляд тэмы вакцыны ў Дзяржсавеце па абароне з'яўляецца спробай перакласці сваю адказнасць на іншы дзяржорган.

«Гэта проста лухта — гэта не кампетэнцыя міністра, нават не кампетэнцыя ўрада. Гэта закранае стратэгічныя пытанні, калі мы менш важныя пытанні абмяркоўваем у такім фармаце — нейкія чыгункі, рэйкі і да таго падобнага. А дадзеная праблема звязаная не толькі з пытаннем жыцця і здароўя нашых жыхароў на шмат гадоў наперад, але і з эканомікай, гаспадаркай. Бо гэта не проста крызіс у сферы аховы здароўя, ён закранае ўсе сегменты жыцця грамадства: ад эканомікі да аховы здароўя», — адказаў Скверняліс.

У абарону прэм'ера выступіў міністр аховы здароўя Аўрэліус Вярыга. «Ніхто не спрабуе пазбегнуць адказнасці, фінансавыя і іншыя пытанні будзе вырашаць сам урад. І я думаю, што вышэйшыя кіраўнікі краіны абавязаны ўсведамляць гэту сітуацыю, абавязаны ведаць кантэкст і разумець, што адбываецца, чаму адбываецца, у сувязі з чым прымаюцца тыя ці іншыя рашэнні», — заўважыў Вярыга.

Раней у Літве разгарэўся скандал з закупкай экспрэс-тэстаў. Пасля ўвядзення каранціну ў сакавіку было вырашана набыць каля 510 тысяч экспрэс-тэстаў на каранавірус у кампаніі Profarma на суму звыш шасці мільёнаў еўра. Аднак высветлілася, што не ўсе выдаткаваныя сродкі паступілі аўстрыйскаму вытворцу Ameda Labordіagnostіk, які адказваў за пастаўку экспрэс-тэстаў. У кампанію было пераведзена толькі 1,5 млн еўра.

Больш за тое, пазней высветлілася, што тэсты былі набытыя не па рыначнай цане. Урад заплаціў 12 еўра за штуку, у той час як іншы літоўскі прадавец экспрэс-тэстаў — Pro Arіs — прапанаваў прадаць іх менш чым за 4 еўра. У выніку сродкі былі выдаткаваныя, а большую частку экспрэс-тэстаў так і не выкарысталі. Да канца ліпеня было праведзена ўсяго каля 20 тысяч экспертыз. Скандал у Міністэрстве аховы здароўя прывёў да абвінавачванняў на адрас кіраўніка ведамства Аўрэліуса Вярыгі і адстаўкі яго намесніка Ліны Ярушавічэне.

Прычына крызісу

Крызіс у Літве мае сістэмны характар і стаў відавочны ва ўмовах пандэміі каранавіруса, лічыць экс-міністр замежных спраў рэспублікі Павілас Гіліс. «Мы жывём ва ўмовах палітычнага, прававога, маральнага і эканамічнага крызісу, і, магчыма, галоўнай яго прычынай з'яўляецца ідыятызм нашай «эліты». Мабыць, невыпадкова, што ў апошні час у нашай публічнай прасторы пачасціліся размовы пра яго», — заявіў Гіліс парталу Pozіcіja.

Паводле яго слоў, пандэмія, як і вайна, уяўляе вялікую пагрозу для нацыянальнай бяспекі Літвы, а дзяржава з усімі сваімі інстытутамі павінна рэагаваць на гэтыя пагрозы, вызначаючы меры ў адказ. Прычым у самым пачатку, калі пагроза віруса толькі абазначылася, літоўскія дзяржустановы спазніліся і не распазналі яе належным чынам, адзначыў Гіліс.

Ён асудзіў дзеянні літоўскага ўрада і іх рашэнні, звязаныя з рэагаваннем на пагрозы пандэміі. «Прыкмет стратэгічнага мыслення на макраўзроўні пакуль не назіраецца», — падкрэсліў экс-кіраўнік МЗС Літвы. На яго думку, калі літоўскія ўлады не «адрэагуюць на сітуацыю», то «крызіс у эканоміцы будзе працягвацца і паглыбляцца».

Няўжо ў такой сітуацыі варта беспардонна ўмешвацца ў справы суседняй дзяржавы? Адказ — відавочны. Ён шмат у чым вынікае з эмацыянальнай прамовы экс-міністра замежных спраў, згаданай вышэй.

Уладзімір МакейКіраўніцтва літоўскага МЗС вылазіць са скуры, каб больш за ўсіх выліць бруду на Беларусь

Пра гэта міністр замежных спраў Беларусі заявіў падчас запісу свайго выступлення да агульнай дыскусіі 75-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН, паведаміла БелТА.

«Здзіўляюся некаторым заявам майго калегі (гаворка пра кіраўніка МЗС Літвы. — БелТА). У нас быў нябожчык намеснік міністра замежных спраў Пётр Бяляеў, які казаў: «Яшчэ асноўныя гульцы на сцэну не выйшлі, а малец ужо чачотку б'е». Мой калега, хай ён мне даруе, нагадвае мне мальца, які цяпер са скуры вылазіць, каб больш за ўсіх выліць бруду на Беларусь. Мы разумеем, чаму гэта адбываецца, хутка ў іх парламенцкія выбары. Таму там навыперадкі ўсе бягуць у плане таго, каб ускубнуць больш балюча Беларусь. Перажывём і гэта», — сказаў міністр.

Паводле яго слоў, літоўскае МЗС неадэкватна ацэньвае сітуацыю і робіць адпаведныя заявы. «Калі яны думаюць, што тым самым умацоўваюць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, то глыбока памыляюцца. Вядома ж, гісторыя расставіць усё на свае месцы. Ведаю, што гэта не спадабаецца, будзе крытыка з яго боку, але я кажу гэта абсалютна свядома, таму што мы шмат разоў гаварылі на гэту тэму — і адзін на адзін, і ў пашыраных складах. Хацелася б, каб усё ж такі мае калегі спыніліся, задумаліся і паспрабавалі аб'ектыўна, разумна ацаніць сітуацыю і не даводзіць яе да той мяжы, калі ўжо вярнуцца назад будзе немагчыма», — падсумаваў Уладзімір Макей.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Прыгажуні-гераіні паралельна — выкладчыцы Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Салярцінскага.

Грамадства

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Калі ў кадравым агенцтве вам прапануюць заплаціць грошы і гарантуюць стапрацэнтнае працаўладкаванне, смела разварочвайцеся і сыходзьце: перад вамі, напэўна, ашуканцы.

Грамадства

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

У адрозненне ад «хімічных антыбіётыкаў», прыродныя лекі не толькі дапамагаюць перамагчы інфекцыю, але і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СКАРПІЁН. На гэтым тыдні традыцыйны падыход да вырашэння праблем не заўсёды будзе ўдалы.