Вы тут

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»


Леанід Аляксандравіч ЛАТОЦІН

У час маёй вучобы на фізмаце пра Латоціна хадзілі легенды. Я пра гэта даведаўся, калі нас са старэйшым братам пасялілі ў інтэрнат № 1 па вуліцы Ленінскай. І там нам адразу расказалі, што на другім паверсе жыве ўсім вядомы студэнт чацвёртага курса Лёня Латоцін. Ён не толькі сам прытрымліваўся строгіх правіл паводзін, але стараўся «павярнуць да сваёй веры» і студэнтаў з ліку хлопцаў, якія часта выпівалі, былі заўважаны ў дробным хуліганстве ці проста былі добрымі шалапутамі. Лёня выбіраў аднаго з такіх студэнтаў і абвяшчаў над ім шэфства: карміў яго, сачыў за наведваннем заняткаў, знешнім выглядам, вызначаў яго вольны час і кантраляваў, чым той займаецца. Гэтых студэнтаў усе называлі «сынкамі» Латоціна.

Лёня ад прыроды быў гіпердынамічным. Яго хапала не толькі на вучобу, а яшчэ яму патрэбен быў поўнамаштабны занятак. І калі ён яго знаходзіў, то не толькі сам пагружаўся ў новае захапленне, але і пад ціскам уцягваў туды ўсіх астатніх. Мы з ім былі заўсёды побач, сябравалі і практычна кожны дзень кантактавалі, ажно да самага майго прызначэння міністрам адукацыі. Але і ў Мінску, няхай і апасродкавана, ён працягваў мяне «даймаць» сваімі ідэямі.

Пасля эпапеі выхавання «сынкоў» Латоцін захапіўся вывучэннем універсальнай мовы эсперанта. Сам яе засвоіў дасканальна, а мы з цяжкасцю адбіліся ад яго настойлівых спроб і нас уцягнуць у гэту чарговую «веру».

На нейкі час ад падобных зацікаўленняў Лёню адцягнула аспірантура, падрыхтоўка да абароны кандыдацкай дысертацыі. Але ненадоўга. Прыйшоў 1985-ы і вядомая ўсім гарбачоўская кампанія барацьбы з п'янствам. Лёня глыбока і дасканала вывучыў пагубныя наступствы захаплення спіртным і далейшага алкагалізму, падрыхтаваў курс лекцый на гэту тэму і запісаўся ў першыя рады прапагандыстаў здаровага ладу жыцця. Наш з Лёнем сябар, таксама аспірант прафесара А. А. Столяра, Валодзя Дрозд, калі даведаўся пра актыўнасць Латоціна на антыалкагольным фронце, пацікавіўся, у якіх аўдыторыях Лёня выступае з гэтымі лекцыямі? Валодзя жыў у Мінску і ўсіх падрабязнасцяў не ведаў.

Адказваю:

— На лентаткацкай фабрыцы, на камбінаце шаўковай тканіны, ва ўнівермагу, у буйных гастраномах, у школах, сярод нашых студэнтаў.

Валодзя ўдакладняе:

— Я так зразумеў, што ў асноўным у жаночых калектывах?

Пацвярджаю:

— Так, там яго не проста слухаюць, а з усім пагаджаюцца!

Тады Дрозд і кажа:

— Ты яму скажы, каб паспрабаваў са сваімі антыалкагольнымі тэзісамі выступіць перад кіламетровай чаргой у гарэлачную краму!

З часам захапленне барацьбой з п'янствам у Латоціна таксама прайшло. Тым болей, што да гэтага часу ён ажаніўся. І тут да яго з новай стыхіяй вярнуўся вопыт клопату пра «сынкоў», але цяпер ужо з прымяненнем ранейшых навыкаў у сям'і. Мы, маладыя выкладчыкі, у той час жылі сваімі сем'ямі ў студэнцкім інтэрнаце. Усё было агульнае: кухня, прыбіральні,
умывальнікі. Усё на вачах. І ўсе заўважылі, што сваёй маладой жонцы Людміле Лёня ўвогуле нічога не дазваляе рабіць з хатніх заняткаў. Ён сам гатуе ежу, прыбіраецца ў пакоі, ходзіць па крамах, мые посуд, бялізну. Жонкі іншых выкладчыкаў, назіраючы такія турботы аб сваёй палавіне, сталі папракаць уласных мужыкоў — чаму яны ўвесь побыт пераклалі на іх плечы? Пачаліся сямейныя скандалы, і калегі Латоціна нават сабраліся яго пабіць, іншым метадам пераканання ён не паддаваўся.

Я думаю, што клопат пра блізкіх — у Лёні ад нараджэння. Ён заўсёды быў і будзе з ім. Вось яшчэ адзін доказ у тэму. У 1991 годзе ўтрох, Л. А. Латоцін — тады ўжо загадчык кафедры выкладання матэматыкі, М. П. Марозаў — загадчык кафедры матэматычнага аналізу, і я — загадчык кафедры алгебры і геаметрыі, удзельнічалі ў канферэнцыі матэматыкаў Беларусі. Яна тым разам праходзіла ў Гродне, і Леанід Аляксандравіч сам вызваўся быць арганізатарам
нашай паездкі. Вырашылі, што едзем на канферэнцыю аўтобусам, па дарозе туды і назад абедаем у Мінску ў пельменнай каля вакзала. Жывём утрох у адным нумары гасцініцы. Бяром з сабой набор прадуктаў па прадыктаваным ім спісе (а раптам з харчаваннем будуць праблемы). Паездка сапраўды была прыкметная — праз усю Беларусь, з цікавымі дарожнымі размовамі, у прыўзнятым настроі.

Усе побытавыя клопаты Латоцін узяў на сябе: ён нас будзіў раніцою (пры гэтым вельмі рана і безапеляцыйна), рыхтаваў сняданак, наводзіў парадак у нумары, вызначаў, дзе будзем абедаць і вячэраць. Гэта ўсё ў яго адбывалася зусім натуральна, як быццам так яно і павінна быць, а не іначай. Нас з Мікалаем толькі здзіўляла яго надзвычайнае жаданне кожны дзень глядзець модны тады серыял «Рабыня Ізаўра». Перад пачаткам гэтага фільма Латоцін кідаў усе справы і садзіўся каля тэлевізара. Адцягнуць яго ўвагу ад прагляду было немагчыма. Дарэчы, мяне тады моцна здзіўляла нечаканая захопленасць гэтым «мыльным» серыялам некаторых блізкіх мне, разумных і таленавітых людзей. Напрыклад, майго малодшага брата Міхаіла, цяпер заслужанага ўрача Беларусі, ці Валерыя Барашкава, зараз народнага настаўніка.

Канферэнцыя ў Гродне была цікавая, на яе прыехала шмат нашых сяброў, і час праляцеў незаўважна. І вось ужо надышоў момант завяршэння камандзіроўкі — на наступную раніцу трэба было ад'язджаць. Мы таксама выступалі з дакладамі на канферэнцыі, удзельнічалі ў дыскусіях, і за тры дні такой інтэнсіўнай навуковай працы прыкметна стаміліся. З Колем вырашылі вечарам у нумары гасцініцы па-сяброўску пасядзець за чаркай. Вельмі ўжо хацелася свабодна абмеркаваць атрыманыя ўражанні. Захопленыя гэтай ідэяй, мы з Марозавым, ідучы па вуліцах Гродна, пачалі абмяркоўваць, якое спіртное і колькі нам яго ўзяць на вячэру. Нашу размову пачуў Латоцін. Ён ужо ў тыя гады кантактаваў з усімі толькі на беларускай мове і нам заявіў:

— Я катэгарычна супраць!

— Чаму? — запыталіся мы.

— У мяне галава баліць!

— Тады не прымай удзел! Мы будзем выпіваць без цябе!

— Я ўсё адно супраць! — гаворыць Латоцін. — Я ж не ўстрымаюся!

...Беларуская мова стала чарговым глыбокім захапленнем Леаніда Аляксандравіча. Ён перайшоў на яе адразу і паўсюль: на лекцыях, у размовах з калегамі і сябрамі, у крамах, у грамадскім транспарце, у сям'і. Мала таго, ён стаў настойліва патрабаваць поўнага пераходу на беларускую мову ў працы і ў стасунках усіх, хто яго акружаў. Пасля маіх спроб некалькі разоў суцішыць яго запал у гэтых адносінах ён аднойчы ў спрэчцы са мною сказаў:

— Ты, Радзькоў, беларус, аднак ты рускі беларус!

Што ён пры гэтым меў на ўвазе, я і цяпер не зусім разумею.

Яшчэ болей зблізіў мяне з Латоціным прафесар А. А. Столяр. Ён да Лёні добра ставіўся, давяраў яму ва ўсім, разгледзеўшы яго не паказушную руплівасць у вучобе. Абрам Аронавіч праз Латоціна часам прасіў нас дапамагчы яму ў некаторых побытавых пытаннях. Напрыклад, Лёня па просьбе Столяра арганізаваў брыгаду студэнтаў для дапамогі ў пераездзе на новую кватэру. Працавалі мы ўвесь дзень, перавозілі мэблю, розныя рэчы, кнігі. Убачыўшы, што да канца дня мы прытаміліся, жонка Столяра Клаўдзія Аляксееўна прыгатавала нам вячэру: адварыла бульбы, насмажыла мяса, нарэзала гародніны. Абрам Аронавіч адкаркаваў нават бутэльку чырвонага віна. У яго ўжо былі шырокія навуковыя сувязі, і да яго ў Магілёў часта прыязджалі вучоныя з Сярэдняй Азіі, з Каўказа. Віно было з Грузіі, але калі Столяр яго даставаў, ён паказаў нам кавалачкі вяленай дыні. Толькі паказаў!

У тыя часіны мы нават свежую дыню рэдка бачылі, а тут яна вяленая. Але ж няёмка прасіць у Столяра паспытаць такі дэлікатэс. Аднак пасля выпітага фужэра віна Латоцін пасмялеў, хоць ён і так заўсёды быў ва ўсім прамалінейны, і звярнуўся да Столяра:

— Абрам Аронавіч, вы нам паказвалі вяленую дыню. Відаць, забыліся паставіць яе на стол?

Столяру нічога не заставалася, як пачаставаць нас гэтай смакатой. Смак вяленай дыні памятаю да гэтага часу. А калі б не Латоцін?..

(Пачатак)

(Заканчэнне будзе.)

Пераклаў з рускай мовы

Максім Веяніс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння — 80 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны

Сёння — 80 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны

У Беларусі Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны — памятная дата.