Вы тут

На сонечным баку Сеціва, або Анчоусы з цюлькі і чырвоныя макі ў сіняй вазе


Памятаеце гэту фразу з Булгакава, якую пісьменнік уклаў у вусны прафесара Праабражэнскага: «Не чытайце з раніцы савецкія газеты»? Калі выкласці яе на сучасны капыл з мэтай захаваць сэнс таго, што мелі на ўвазе аўтар і яго герой (не чытайце, бо сапсуяце сабе настрой і самаадчуванне на ўвесь дзень), то гучаць будзе прыблізна так: «Не чытайце з раніцы сацыяльныя сеткі і тэлеграм-каналы». І паўтараеш сабе гэта кожны дзень, а толькі ўладкуешся ў тралейбусе — рука сама цягнецца да смартфона. Гэткі, можна сказаць, самазнішчальны абрад, бо ні самаадчуванне, ні настрой лепшым ад яго дакладна не становіцца.


Прынамсі, так я думала да нядаўняга часу. Пакуль не злавіла сябе на тым, што шукаю ў названых віртуальных прасторах толькі тое, што датычыцца палітычных падзей і таго, што вакол іх адбываецца. Прааналізавала, выдыхнула — і вырашыла паглядзець на рэчы больш аб'ектыўна: у «Фэйсбуку» звярнуць увагу не толькі на тое, што сетка падае мне як свежыя навіны, але і не паленавацца зайсці на старонкі сяброў. Іх у мяне там зусім няшмат — усяго 130 чалавек, але затое ўсіх ведаю асабіста.

Уражанні, скажу я вам, надзвычай цікавыя. Бы ішла па ценявым баку вуліцы, дзе і халаднавата, і цемнавата, а потым раптам дадумалася перайсці дарогу і трапіла туды, дзе свеціць сонца. Яно, канешне, таксама за аблокі хаваецца, і сівер, бывае, падзьме, але ж не ўсё вакол змрок ды холад, як дагэтуль думалася.

Вядома, ад таго, што адбываецца навокал, мае «фрэнды» не адгароджваюцца. Хтосьці з іх хваліцца сваімі свежымі фота з акцыі «За Беларусь!», хтосьці кожную нядзелю выходзіць «на пратэст», а пасля з гонарам (ці з самаіроніяй) піша, як, кіруючыся маршрутам тэлеграм-канала, «нахадзіў» 25 тысяч крокаў. Хтосьці посціць песню «Любімую не аддаюць», хтосьці — навіны апазіцыйных сайтаў. Але гэтыя публікацыі нельга назваць галоўнымі ці дамінуючымі. Ёсць іншыя — больш асабістыя і ад гэтага больш цікавыя. Звычайнае жыццё звычайных людзей. Сонечны бок сеціва, на які многія з нас апошнім часам зусім не заглядваюць.

Вось, напрыклад, спадарыня Тамара. Ходзіць на прэм'еры ў Вялікі і на лекцыі па фотамастацтве, збірае ў лесе і соліць рыжыкі, робіць настойку з грыба вясёлкі і дзеліцца фота анчоусаў уласнага прыгатавання, якія яна зрабіла з цюлькі... Спадарыня Людміла, якая калісьці ў Паставах частавала мяне надзвычай смачным бісквітным пірагом, малюе шыкоўныя карціны і дзеліцца іх выявамі. Чырвоныя макі ў цёмна-сіняй вазе, белыя ружы ля гэткай самай белай занавескі, лебедзі ў празрыстым святле... Спадар Алесь, апантаны кніжнік, выкладвае на старонцы фота прыгажэнных нарачанскіх краявідаў, дзеліцца сваімі новымі прафесійнымі адкрыццямі — пра знойдзены інвентар Жыровіцкага манастыра, напісаны амаль пяцьсот гадоў таму на старабеларускай мове, пра тое, як «Максім Багдановіч з Яраслаўля масквічоў троліў». (Апошняе вельмі раю знайсці і пачытаць.) Яшчэ адна Людміла завяла шчанюка мопса (назвала Кексам), а Аксана нядаўна «ўсынавіла» з прытулку рудога з белымі лапкамі коціка Антона...

Яшчэ (ці мне здаецца, ці насамрэч так?) менавіта ў гэты час у сацыяльных сетках сталі посціць больш цытат вядомых людзей. «Тармазіць сябе трэба на кожным кроку, і гэта павінна ператварыцца ў звычку... Чалавек без тормаза — сапсаваная машына» — з Макаранкі. «Людзі часта бываюць дурныя і ўпартыя, эгацэнтрычныя і нелагічныя. Усё роўна даруй ім. Калі ты добры, людзі будуць вінаваціць цябе ў тым, што пад маскай дабрыні ты хаваеш карыслівасць. Усё роўна заставайся добры. Калі ты дамогся поспеху, цябе будуць акружаць няшчырыя сябры і сапраўдныя ворагі. Усё роўна дамагайся поспеху. Калі ты сумленны і шчыры, людзі будуць падманваць цябе. Усё роўна будзь сумленны і шчыры. Тое, што ты будуеш гадамі, хтосьці разбурыць за адну ноч. Усё роўна будуй. Калі ты спакойны і шчаслівы, табе будуць зайздросціць. Усё роўна заставайся шчаслівы.Тое дабро, якое ты робіш сёння, заўтра людзі забудуць. Усё роўна рабі дабро. Аддай свету самае лепшае з таго, што ў цябе ёсць, і свет папросіць яшчэ. Усё роўна аддавай самае лепшае. Сябра мой, у рэшце рэшт, тое, што ты робіш, усё роўна трэба не людзям. Гэта трэба толькі табе і Богу». (Маці Тэрэза.) «Усе людзі, пасланыя нам, — гэта наша адлюстраванне. І пасланыя яны нам дзеля таго, каб мы, гледзячы на гэтых людзей, выпраўлялі свае памылкі. І калі мы іх выпраўляем, гэтыя людзі або таксама змяняюцца, або сыходзяць з нашага жыцця». (Пастарнак.) «Не гвалці душу не сваёй прафесіяй. Прафесія ад пачатку павінна быць актам любові. І ніяк не шлюбам па разліку. І, пакуль не позна, не забывайце пра тое, што справа ўсяго жыцця — гэта не справа, а жыццё» (Муракамі)...

Я таксама сёння на сваёй старонцы размясціла цытату з дэтэктыўнай прозы, якая нядаўна закранула: «Памыляўся Іван Карамазаў, калі сказаў: «Калі Бога няма, усё дазволена». Ніхто з цябе за подласць не спытае больш строга, чым ты сам»...

Раптам хто-небудзь, блукаючы па сонечным баку сеціва, прачытае, задумаецца і спыніцца, каб пасля з самога сябе строга пытаць не давялося.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: itc.ua

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.