Вы тут

Кітай паважае выбар беларусаў


Беларускі народ пад кіраўніцтвам Прэзідэнта здольны самастойна забяспечыць палітычную стабільнасць і бяспеку ў сваёй краіне, лічыць старшыня Камітэта па замежных справах, кіраўнік кітайска-беларускай групы дружбы Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан ЕСУЙ. Аб гэтым ён заявіў падчас сустрэчы з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў, кіраўніком рабочай групы Нацыянальнага сходу па супрацоўніцтве з парламентам КНР Валерыем МІЦКЕВІЧАМ у фармаце відэаканферэнцсувязі.


«У Беларусі і Кітая давернае ўсебаковае стратэгічнае супрацоўніцтва. Кітай заўсёды паважаў шлях развіцця, абраны беларускім народам, і намаганні, накіраваныя на абарону незалежнасці, суверэнітэту, бяспекі і развіцця краіны. Мы выступаем супраць спроб знешніх сіл пасеяць разлад і хаос у беларускім грамадстве», — сказаў Чжан Есуй.

Ён даў высокую ацэнку намаганням беларускіх калег па развіцці адносін з Кітаем, прасоўванні супрацоўніцтва паміж парламентамі. Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі пытанні далейшага развіцця кітайска-беларускіх адносін па лініі заканадаўчых органаў дзвюх краін, умацавання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, узаемнай падтрымкі ў міжнародных справах, сумеснага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі.

«Мы высока цэнім падтрымку Кітая, у тым ліку ў пытаннях павагі замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. Выказваем удзячнасць КНР за канструктыўную пазіцыю адносна сітуацыі ў Беларусі, якая адстойваецца на міжнародных пляцоўках, уключаючы Савет Бяспекі ААН. Мы з цвёрдым аптымізмам глядзім на развіццё беларуска-кітайскіх адносін і ўпэўненыя ў паслядоўнай рэалізацыі ўсіх планаў, — сказаў Валерый Міцкевіч падчас сустрэчы. — Перакананыя, што візіт старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь надасць дадатковы магутны стымул двухбаковаму супрацоўніцтву. Мы гатовыя да цеснага ўзаемадзеяння з парламентам Кітая ў справе яго падрыхтоўкі і арганізацыі».

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Людміла Макарына-Кібак у размове з журналістамі адзначыла важнасць гуманітарнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая. «Кажуць, сябар пазнаецца ў бядзе. Зусім нядаўна прайшла першая хваля каранавіруснай інфекцыі. Калі мы даведаліся, што ў кітайскага боку ўзніклі праблемы з медыкаментамі, па распараджэнні Прэзідэнта Беларусі першымі ў свеце накіравалі нашым сябрам у КНР самалёты з медыцынскай гуманітарнай дапамогай. Калі СОVІD-19 прыйшоў у Еўропу, Кітай дапамагаў нам з тэст-сістэмамі і іншым медыцынскім абсталяваннем, ахоўнымі сродкамі. Таму лічу, што ўзаемадзеянне групы дружбы вельмі важнае і актуальнае», — падкрэсліла яна.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.