Вы тут

З гісторыі пісьмовых практык


Нацыянальная бібліятэка Беларусі добра вядомая тым, хто актыўна цікавіцца кнігадрукам і літаратурай як маштабнымі з’явамі нашай культуры, без якіх нельга ўявіць жыццё сучаснай краіны. Менавіта ў НББ захоўваецца найвялікшы ў нашай краіне фонд рэдкіх выданняў, старажытных рукапісаў, навуковых прац і іншых літаратурных або калялітаратурных рэчаў, што цікавяць як даследчыкаў, так і ўсіх, хто проста любіць беларускую ці, шырэй, сусветную літаратуру.


Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі таксама заклапочаны тым, каб пастаянна павышаць культурны ўзровень жыхароў Мінска і гасцей сталіцы. Для гэтага на базе ўстановы ладзяцца розныя тэматычныя экскурсіі, прэс-канферэнцыі, круглыя сталы, дзе прафесіяналы ў сваіх сферах дыскутуюць пра шляхі развіцця культуры Беларусі ў сучаснасці.

Арганізоўваюцца розныя выставачныя праекты, якія прыцягваюць у бібліятэку новых наведвальнікаў. Адна з  самых вялікіх за апошнія гады выставак адкрыецца 24 верасня і будзе прысвечана гісторыі пісьмовых прылад на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачынаючы ад старажытнасці, заканчваючы сучаснасцю. Як адзначаюць арганізатары выстаўкі, гэта ўнікальны праект, бо адкрывае абсалютна невядомую гісторыю пісьмовых практык нашай краіны, дазваляе ўбачыць развіццё культуры Беларусі праз нязвыклую прызму бытавых, здавалася б, зусім звычайных прадметаў, расходнага матэрыялу, які, тым не менш, вельмі важны для разумення ступені развіцця пісьменства краіны ў пэўны гістарычны перыяд. Праект будзе мець назву «Таямніца канцылярыі»: гульня слоў — адначасова і адсылка на знакамітую таемную канцылярыю, якая існавала ў Расійскай імперыі, і намёк на сутнасць экспазіцыі, бо задача выстаўкі ў тым, каб адкрыць для наведвальнікаў невядомыя старонкі беларускай гісторыі і культуры. Большая частка экспанатаў была сабрана пры дапамозе беларускага культурнага дзеяча і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава.

У рамках праекта будуць прадстаўлены як шараговыя пісьмовыя прылады, характэрныя для Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды, так і ўнікальныя, выключныя артэфакты, сярод якіх — рэчы, што належалі вядомым асобам, пісьмовыя прылады з унікальным аўтарскім аздабленнем ці з лімітаваных серый, створаныя да тых ці іншых падзей.

Выстаўка будзе працаваць на працягу двух месяцаў, і на ўвесь гэты час запланаваны мерапрыемствы, скіраваныя на розныя групы насельніцтва. Гэта зроблена як з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне (каб стварыць бяспечныя ўмовы і не канцэнтраваць усіх жадаючых у адзін дзень), так і для таго, каб мець магчымасць зрабіць цікавыя экскурсіі і для навукоўцаў, і для дзяцей.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Птушка шчасця. Курыца: «фабрычная» або вясковая?

Птушка шчасця. Курыца: «фабрычная» або вясковая?

Курыца — самая папулярная і даступная сёння па цане мясная страва.

Грамадства

У тыле ворага. Да гадавіны выхаду першага падпольнага нумара «Звязды»

У тыле ворага. Да гадавіны выхаду першага падпольнага нумара «Звязды»

Гэта быў беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі беларускага друку!