Вы тут

Ад бяросты да інфакіёска. Чым жыве полацкі Музей беларускага кнігадрукавання


Пад уплывам кніг чалавек паступова становіцца асобай, а людзі, што проста жывуць побач, — грамадствам, нацыяй. Першы працэс адбываецца і сёння з кожным з нас, другі — расцягнутая на доўгія стагоддзі гісторыя беларускага пісьменства, пачатак якой ідзе ад старажытнага Полацка. І менавіта ў Полацку ёсць месца, дзе адлюстраваны ўвесь шлях беларускай кнігі ад старажытнасці да нашых дзён. Гэта Музей кнігадрукавання, які сёлета адзначае 30 гадоў з дня адкрыцця.


Інтэр’ер старажытнага скрыпторыя

Полацкі Музей беларускага кнігадрукавання — установа ўнікальная. Пераважную частку яго экспазіцыі складаюць кнігі розных эпох і фарматаў, але, гледзячы на лісты і літары, засумаваць амаль немагчыма, бо кожны з экспанатаў — гэта ключ да значных гістарычных падзей Беларусі або партал у звычайнае паўсядзённае жыццё беларусаў мінулых стагоддзяў. Вядучы навуковы супрацоўнік Вера Ашуева правяла карэспандэнта «ЛіМа» па экспазіцыі і распавяла не толькі пра гісторыю музея і змест экскурсій, але і пра філасофію, якой прытрымліваюцца супрацоўнікі і якую імкнуцца перадаць наведвальнікам Музея беларускага кнігадрукавання.

Мінулае

Музей адкрываўся ў 1990 годзе, да 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны. Ён размяшчаецца ў будынку XVIII стагоддзя, былым жылым корпусе праваслаўнага мужчынскага Богаяўленскага манастыра. «Часта гэты будынак называюць “брацкай школай”, — распавядае вядучы навуковы супрацоўнік музея Вера Ашуева. — Але гэта не зусім правільна, бо менавіта ў гэтым будынку ніякай школы не было. Сам манастыр быў вядомы яшчэ з XVI стагоддзя. Будынкі былі драўляныя, гарэлі і адбудоўваліся, пакуль у канцы XVIII стагоддзя не ўзвялі гэтыя сцены. Брацкая школа была тут у драўляных будынках». Экспазіцыя музея даволі шырокая, займае два паверхі і больш за дзясятак залаў, расказвае пра гісторыю кніжнасці на тэрыторыі Беларусі ад старажытнасці да сённяшніх дзён. Тут адлюстравана, як змяняліся матэрыялы і тэхналогіі вырабу кніг, мова і аздабленне, прадстаўлены найбольш значныя помнікі беларускага пісьменства: як рэлігійныя, так і юрыдычныя, навучальныя і мастацкія кнігі.

У музеі прысутнічаюць і арыгінальныя экспанаты, але большасць помнікаў старажытнай кніжнасці — музейныя копіі. Яны прынцыпова адрозніваюцца ад факсімільных выданняў тым, што вырабляюцца ўручную рэстаўратарамі спецыяльна для музея ў адзіным экзэмпляры. Копіі скарынаўскіх кніг, напрыклад, рабіліся для музея па пецярбургскіх арыгіналах. Значную дапамогу ў стварэнні і  збіранні экспанатаў аказалі беларусы, якія жывуць у Пецярбургу, асабліва кнігазнаўца Мікола Нікалаеў.

У будынку таксама ёсць яшчэ адна асобная экспазіцыя — Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага, адкрытая пазней, у 1994 годзе. Тут узноўлены інтэр’ер бібліятэкі XVII—XVIII стст. Зала выконвае адразу некалькі роляў: музей у гонар Сімяона Полацкага (лічыцца, менавіта на месцы гэтай залы знаходзілася згаданая ў пачатку брацкая школа пры манастыры, дзе вучыўся, а пазней працаваў настаўнікам Сімяон) і навуковая бібліятэка Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Абодва музеі з’яўляюцца структурнымі часткамі вялікага комплексу, які ў цэлым уключае 11 музеяў.

Дырэктарам запаведніка на той час была Таццяна Рудава, яна аказала вялікую падтрымку ў стварэнні музея. Ён рыхтаваўся да адкрыцця ў васьмідзясятыя гады, праводзілася рэстаўрацыя — многія палачане ладзілі добраахвотныя суботнікі. Аўтарам навуковай канцэпцыі экспазіцыі была Галіна Ладзісава. Яна стала першай загадчыцай музея і займала пасаду на працягу дзесяці гадоў. Над мастацкай канцэпцыяй працавалі два аўтары — Сяргей Дзмітрыеў і Ігар Куржалаў.

Вечнае

Факсімільныя выданні Скарынавых кніг

Пачатак — зала з партрэтамі беларускіх асветнікаў, сярод якіх трое — палачане. Перад тым, як распавесці пра гісторыю беларускага пісьменства, робіцца экскурс у гісторыю кнігі ўвогуле. У музеі згадваюць, якія формы кніг і матэрыялы для пісьма існавалі ў больш далёкім мінулым. У вітрынах прадстаўлены таблічкі з каменю, гліны, пальмавыя лісты, папірус, пергамент, папера. Тора на старажытнаяўрэйскай мове, паказаная ў музеі як прыклад пергаменту, была знойдзена ў Полацку. Узоры менавіта ўсходнеславянскага пісьменства пачынаюцца з Барысава каменя, што сёння змешчаны каля Сафійскага сабора. Тут жа ёсць тыпова славянскія матэрыялы і прылады для пісьма — бяроста, васкоўкі (драўляныя таблічкі, пакрытыя воскам), касцяныя і металічныя пісалы.

Далей экскурсія працягваецца ў зале, цалкам прысвечанай паперы, тэхналогіям яе вырабу ў старажытныя часы і сёння, паэтапна прадстаўляецца працэс стварэння папяровай кнігі і старажытныя выданні розных фарматаў. Тут жа паказаны рэкордныя экспанаты: самая тоўстая кніга ў музеі, самая вялікая па фармаце, мініяцюрныя выданні. Старажытны папяровы прэс, паказаны ў зале, — падарунак ад Беларусьфільма. Прылада прымала ўдзел у здымках фільма «Я, Францыск Скарына», які выйшаў у 1970 годзе.

Але гэтыя тры залы — толькі прадмова. Гісторыя беларускай кніжнасці пачынаецца з чацвёртай — тут змешчана карта, на якой адзначаны цэнтры кнігапісання, паказаны самыя старажытныя кнігі Беларусі — Тураўскае (XI ст.) і Полацкае (XІI ст.) Евангеллі. Прадстаўлена і арыгінальная знаходка — пячатка Еўфрасінні Полацкай, знойдзеная на тэрыторыі манастыра ў 2015 годзе. У гэтай зале наведвальнікам расказваюць пра марудны працэс перапісвання кніг, паказваюць, як змянялася аздабленне і мова ў старажытных кніжных помніках. Ёсць таксама больш познія рукапісныя экспанаты, зробленыя ў Полацку.

Асаблівасцю экспазіцыі музея, якая заўсёды прыцягвае ўвагу наведвальнікаў, з’яўляюцца спецыяльныя інтэр’ерныя часткі з васковымі фігурамі. Так, у зале, прысвечанай пачатку кніжнасці, змешчаны скрыпторый — майстэрня перапісчыка кніг.

Цэнтральная частка музея — гісторыя кнігадрукавання і жыццёвы шлях Францыска Скарыны. У зале прадстаўлены кнігі пражскага і віленскага перыяду, а для параўнання — сучасныя перавыданні скарынаўскіх кніг, зробленыя Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Найважнейшы экспанат — «Псалтыр» Скарыны, выдадзены ў 1517 годзе, — кніга, з якой і вядзецца адлік беларускага і ўвогуле ўсходнеславянскага кнігадрукавання. У гэтай частцы музея адноўлены гістарычны інтэр’ер друкарні XVI—XVII стагоддзяў, прадстаўлена дзейнасць нашчадкаў Скарынавай справы, іншых усходнеславянскіх першадрукароў — Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца. Паказаны помнікі кнігадрукавання, якія ствараліся на тэрыторыі Беларусі на польскай або лацінскай мовах, у тым ліку Брэсцкая Біблія. Экспазіцыю дапаўняюць розныя арыгінальныя прадметы тых часоў: манеты, падсвечнікі, чарнільніцы і г. д.

У наступнай зале асобнае месца адведзена вучэбнай літаратуры — букварам, граматыкам, якія выдаваліся ў манастырскіх друкарнях для брацкіх школ. Прысутнічаюць выданні, што належалі Полацкаму езуіцкаму калегіуму (музей сабраў ужо цэлую калекцыю). Гэтая зала мае вялікае значэнне для педагагічнай дзейнасці музея — тут праводзяцца заняткі для дзяцей і падрабязна распавядаецца пра навучанне ў брацкіх школах. Таксама прадстаўлены гістарычны інтэр’ер кабінета вучонага — месца, дзе збіраліся, чыталіся і захоўваліся кнігі.

На другім паверсе экспазіцыя працягваецца залай так званай «скарыніяны»: прадстаўлены кнігі і прадметы, прысвечаныя Скарыну. Цэнтр залы  — партрэт Францыска Скарыны работы Лазара Рана. На другім паверсе музея  — экспазіцыя кніжнай ілюстрацыі і майстэрня мастака-гравёра, створаная па ўзоры сапраўднай майстэрні мастака Георгія Паплаўскага. Ёсць і вялікая зала з рознымі відамамі друкаванай прадукцыі, якая ўзнікае на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў. Гэта выданні перыядычнага друку, даведачная літаратура, календары, паштоўкі і г. д. Разам з тым прадстаўлены кніжныя помнікі беларускага адраджэння пачынаючы з «Беларускага лемантара», выдадзенага суполкай «Загляне сонца ў наша аконца» ў Пецярбургу ў 1906 г., затым віленскія выданні, полацкія кнігі таго часу. Працягваюць тэму падручнікі, слоўнікі, краязнаўчая літаратура, выпушчаныя ў перыяд беларусізацыі. У гэтым шэрагу — кнігі Вацлава Ластоўскага, Максіма Гарэцкага, Усевалада Ігнатоўскага, Аркадзя Смоліча. Зала была падрыхтавана дзякуючы матэрыялам з калекцыі Алеся Матусевіча — беларускага журналіста, які ўсё жыццё збіраў кнігі і перыёдыку.

Інтэр’ер друкарні XVI—XVII стагоддзяў.

Асобны тэматычны блок прысвечаны Ефрасінні Полацкай, складаецца з выданняў 1910 года, калі адбылося перанясенне мошчаў святой з Кіева ў Полацк.

У канцы экспазіцыі — друкарскае абсталяванне сярэдзіны ХХ стагоддзя і — на слайдах — самыя перадавыя тэхналогіі кнігадрукавання на момант стварэння музея. Пра сучасны выгляд гэтай прамысловасці наведвальнікі могуць даведацца са спецыяльнага інфакіёска.

Апошняя вітрына ў экспазіцыі абнаўляецца кожны год. Міністэрства інфармацыі штогод перадае музею экзэмпляры кніг, якія сталі пераможцамі конкурсу «Мастацтва кнігі», і менавіта яны ствараюць у наведвальнікаў уражанне пра найлепшыя прыклады сучаснага беларускага кнігадрукавання. Адзіны экспанат-сімвал, які застаецца нязменным, — гэта «Буквар» Анатоля Клышкі 1975 года, які ў 1977-м атрымаў залаты медаль у Лейпцыгу як самая прыгожая кніга.

Сучаснае

Да трыццацігоддзя музея супрацоўнікі падрыхтавалі невялікую выстаўку, прысвечаную гісторыі ўстановы. Асноўная яе частка — кнігі з дароўнымі надпісамі вядомых асоб — пісьменнікаў, мастакоў, дзяржаўных дзеячаў, а таксама архіўныя фотаздымкі, дзе адлюстраваны працэс рэстаўрацыі будынка, распрацоўкі экспазіцыі, першыя гады працы. Кожны супрацоўнік музея, расказвае Вера Ашуева, ведае на памяць верш з дароўнага надпісу Міхася Скоблы:

 Я аддаю сябе дазвання

 музэю кнігадрукавання.

 Няхай стаіць, як Калізэй,

найлепшы ў Полацку музэй.

Асобная вітрына адведзена кнігам, аўтары якіх так ці інакш звязаны з Полацкам. Тут ёсць выданні, падпісаныя Генадзем Бураўкіным, Рыгорам Барадуліным, Пятром Васючэнкам, Алесем Савіцкім. Кніга «Ад Полацка пачаўся свет» падпісана музею не толькі аўтарам Уладзімірам Арловым, але і фотамастаком Сяргеем Плыткевічам. Адлюстравана і сучаснае жыццё літаратурнай Полаччыны. Перш за ўсё гэта дзейнасць літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне», з якім музей падтрымлівае цесныя стасункі. Яно ўтварылася яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя як полацкая філія «Маладняка». «Наддзвінне» — назва першага зборніка гэтага філіяла, выдадзенага ў 1926 годзе. У 1946-м аб’яднанне было адноўлена Алесем Савіцкім і існуе дагэтуль. Можна сказаць, што «Маладняк» у Полацку жывы. Таксама цеснае супрацоўніцтва звязвае музей і выдавецтва «Беларусь». Менавіта яно часцей за ўсё выдае кнігі, альбомы і паштоўкі, прысвечаныя ўстанове. Такія выданні таксама прысутнічаюць у юбілейнай экспазіцыі.

Фотачастка выстаўкі адлюстроўвае не толькі гісторыю, але і ўсе аспекты жыцця музея: заняткі з дзецьмі, удзел супрацоўнікаў у навуковых канферэнцыях і тэматычных мерапрыемствах, прэзентацыі кніг і сустрэчы з пісьменнікамі.

Ідэя

Экскурсія па музеі заўсёды заканчваецца каля скульптуры Паўла Вайніцкага «Прысвячэнне роднаму слову». Гэта дыпломная работа майстра, створаная ў 1999 годзе. Кампазіцыя стала своеасаблівай візітоўкай музея. Жаночая постаць, якая ўвасабляе саму Мову, правы яе бок — бліскучы і прыгожы — паказвае часы росквіту, а левы — быццам знішчаны пажарам або ржой  — цёмныя часы забароны і заняпаду. Пераход паміж гэтымі часткамі вельмі дынамічны. Чаго будзе болей — цёмнага ці светлага, — залежыць ад кожнага чалавека. Менавіта да такой думкі прыводзяць экскурсаводы наведвальнікаў Музея беларускага кнігадрукавання.

Дар’я СМІРНОВА

Фота Уладзіміра СУПРАНЁНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».