Вы тут

Каб не страціць повязь...


На працягу трох дзён, 10—12 верасня, у Гомелі, Жыткавічах і Тураве прадстаўнікі творчых літаратурных саюзаў Беларусі, Расіі і Украіны сустракаліся з чытачамі, прэзентавалі мастацкае слова, знаёміліся з эканамічным патэнцыялам Гомельшчыны, здзіўляліся і здзіўлялі, дарылі ўстановам культуры і адукацыі кнігі.


Уладзімір Гаўрыловіч уручае Міжнародную літаратурную прэмію і медаль “Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру” старшыні Краснадарскай  краявой пісьменніцкай арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі Святлане Макаравай-Грыцэнцы.

Дзясяткі літаратурных мерапрыемстваў прайшлі ў межах XV Міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі», II адкрытага міжрэгіянальнага фэсту літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага» і святкавання 15-годдзя Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Сёлетні фэст быў адным з самых яркіх і запамінальных фестываляў-свят «Славянскія літаратурныя дажынкі», ініцыятарам і арганізатарам якіх з’яўляецца Уладзімір Гаўрыловіч. Больш чым дзясятак творчых акцый ладзілася на розных пляцоўках горада над Сожам 10 верасня.

З самага ранку ў грамадска-культурным цэнтры завіхурыла літаратурнае жыццё. У філіяле абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна «Славянская бібліятэка» адкрыўся IV Форум маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці «Слова». 50 фіналістаў міжнароднага літаратурнага конкурсу «Маё слова» прывітаў Уладзімір Гаўрыловіч, затым на чатырох творчых пляцоўках майстар-класы правялі гомельскія творцы Васіль Ткачоў, Міхась Болсун, Тамара Кручэнка, Іна Зарэцкая і інш.

У гэты ж час на першым паверсе ГКЦ распачалося свята слова і кнігі. Гучалі вершы, песні, а супрацоўнікі абласной бібліятэкі і  кніжніц Гомельскага, Мазырскага, Добрушскага, Рагачоўскага, Лоеўскага, Чачэрскага, Калінкавіцкага, Хойніцкага раёнаў і Гомеля прэзентавалі інтэрактыўныя выставачныя пляцоўкі, прысвечаныя жыццю і творчасці пісьменнікаў-землякоў. Арганізатары падрыхтавалі выставачныя праекты «З любоўю да Гомельшчыны», «Літаратурны музей народных пісьменнікаў Беларусі, выхадцаў Гомельшчыны», выстаўкі «Гомельшчына літаратурная», «Лаўрэаты прэміі імя Кірылы Тураўскага», «Берагі сяброўства», дзе можна было сустрэцца і нават «пагутарыць» з Іванам Шамякіным, Максімам Багдановічам, іншымі класікамі беларускай, рускай, украінскай літаратур, якія размясціліся на ўваходзе ў прасторную залу за імправізаваным рабочым сталом, а іх ролі выконвалі супрацоўнікі бібліятэк Гомельскага раёна.

Адначасова ў канферэнц-зале Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны адбылася сустрэча-канферэнцыя кіраўнікоў пісьменніцкіх арганізацый Беларусі, Расіі і Украіны з прадстаўнікамі вядучай ВНУ Гомельшчыны, студэнтамі і  выкладчыкамі філфака. Прысутныя дзяліліся творчымі здабыткамі, чыталі вершы, абмяркоўвалі перспектывы літаратуры ў сучасным грамадстве. Удзельнікі сустрэчы аднадушна падтрымалі ініцыятыву члена-карэспандэнта НАН Рэспублікі Беларусь доктара фізіка-матэматычных навук Анатоля Сердзюкова і загадчыка кафедры беларускай літаратуры доктара філалагічных навук Івана Штэйнера ўсталяваць каля ўніверсітэта помнікі Янку Маўру і яго сыну Фёдару Фёдараву, заснавальніку беларускай школы тэарэтычнай фізікі.

Драматург Васіль Ткачоў з чытачамі.

А на галоўнай фестывальнай пляцоўцы віравала прэзентацыйнае жыццё: былі прадстаўлены 40 кніг гамяльчан, выдадзеных сёлета. Выступілі паэты Лідзія Долбікава і Лілія Вялічка, празаікі Васіль Ткачоў, Міхаіл Дзедавец, Аляксандр Джад, Тамара Кручэнка, Валерый Вятошкін... У выкананні спевака і кампазітара Віктара Задарожнага, артыста тэатра і кіно, пісьменніка Аляксея Бычкова гучалі песні на словы гомельскіх творцаў. На сцэне выступалі і фіналісты ХІV абласнога конкурсу чытальнікаў «Захаваем свет разам!», лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя К. Тураўскага прэзентавалі новыя кнігі.

З караваем сустрэлі расійскіх і ўкраінскіх гасцей на ганку Грамадска-культурнага цэнтра, а затым усе разам — пісьменнікі трох краін і чытачы горада над Сожам — адкрылі фестываль.

Прадстаўнікі творчых саюзаў Расіі — Васіль Дварцоў, Украіны —Анатоль Міроненка і Беларусі — Уладзімір Гаўрыловіч у знак дружбы запалілі тры свечкі. Гэтай традыцыі ўжо пятнаццаць гадоў.

І вось чытачы і больш як 200 прафесійных літаратараў, маладых творцаў і аматараў мастацкага слова акунуліся ў насычанае фестывальнае жыццё. У праграме — шматлікія творчыя сустрэчы, прэзентацыі, выстаўкі, аўтографсесіі, майстар-класы…

На галоўнай пляцоўцы амаль гадзіну ішла прэзентацыя ганаровага госця «Славянскіх літаратурных дажынак» — Міжнароднага фестывалю маладзёжнай паэзіі і перакладаў «Берагі дружбы», пуцёўку ў жыццё якому і  далі гомельскія літаратурныя дажынкі больш чым пяць гадоў таму. Генеральны дырэктар фестывалю «Берагі дружбы» паэт Леанід Север і прэзідэнт форуму Васіль Дварцоў уручылі дыплом аб прысуджэнні Гранпры конкурсу гамяльчанцы Стасі Кацюргіной, а таксама ўзнагароды фіналістам: выдадзеныя кнігі і памятныя медалі па выніках летняга фестывалю на Растоўшчыне. Самым хвалюючым момантам стала ўручэнне кнігі «Незабыўнае» (пераклады з беларускай мовы на рускую) гомельскага паэта Алеся Дуброўскага, які пайшоў з жыцця ў 2014 годзе яго сям’і.

На галоўнай пляцоўцы гучалі беларуская, руская і ўкраінская мовы. Чыталі свае вершы і прэзентавалі новыя кнігі Алесь Казека з Магілёва, Дзмітрый Радзівончык з Гродна, Васіль Дварцоў з Масквы, Вадзім Цярохін з Калугі, Святлана Макарава-Грыцэнка з Краснадара, Людміла Ашэка, Аляксандр Дзівінскі, Алена Лявонава з Бранска, Анатоль Міроненка, Таццяна Данільчанка і Сяргей Канаваленка з Кіева, Леанід Север, Вольга Звягіна з Растоўскай вобласці... А галоўны рэдактар газеты «Кубанскі пісьменнік», старшыня Краснадарскай пісьменніцкай арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі прэзентавала чэрвеньскі нумар свайго выдання, прысвечаны пісьменнікамгамяльчанам.

Па блаславенні Высокапрэасвяшчэннага Стэфана, архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага, адбылася прэзентацыя кнігі «Летапіс Гомельскай епархіі», прысвечанай 95-годдзю стварэння і 30-годдзю аднаўлення епархіі.

Сёлета ў Гомельскай вобласці прайшло сем літаратурных конкурсаў, у якіх удзельнічалі больш як 2 тысячы пачынаючых аўтараў. «Зразумела, не ўсе яны стануць пісьменнікамі  — галоўнае, што яны нераўнадушныя да мастацкага слова», — падкрэсліў Уладзімір Гаўрыловіч і ўручыў фіналістам форуму ўзнагароды — кнігі лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя Кірыла Тураўскага.

Медаль святога Іаана Кармянскага Гомельскай і Жлобінскай епархіі атрымлівае паэтэса Тамара Кручэнка.

Напрыканцы першага дня фестывалю адбыўся ўрачысты сход з нагоды 15-годдзя аддзялення СПБ, дзе прысутнічала кіраўніцтва вобласці, горада, прадстаўнікі духавенства, грамадскіх арганізацый. «Гомельская зямля заўсёды славілася талентамі, — зазначыў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў. — Пісьменніцкая сям’я робіць важкі ўнёсак у захаванне традыцый і роднай мовы. Упэўнены, што межы і жанры конкурсаў і фэстаў будуць толькі пашырацца».

Аўтараў, чые творы прызнаны найлепшымі ў розных жанрах у творчым конкурсе рукапісаў «Літаратурная прэмія імя Кірылы Тураўскага», таксама ўшанавалі ў канферэнц-зале ГКЦ. У намінацыі «Драматургія» ўпэўненую перамогу атрымаў Аляксей Бычкоў, які прадставіў на конкурс новыя творы «І не забудзься пра мяне» і «Букет для Папялушкі». У ліку найлепшых і член СПБ Дар’я Дарошка. Дзяўчына страціла зрок, але, як адзначаюць прафесіяналы, піша вельмі кранальныя вершы. Маладая аўтарка прызнана найлепшай у намінацыі «Паэзія» за лірычны зборнік «Ні пры чым». Найлепшай у намінацыі «Дзіцячая літаратура» стала празаік і паэтка Іна Зарэцкая з аповесцю «Планета двоечнікаў». Гэты фантастычны твор для дзяцей і падлеткаў узнімае прэстыж прафесіі настаўніка, вучыць бескарыслівай дапамозе, сяброўству і ўзаемапавазе. Прэмію ў намінацыі «Літаратурная публіцыстыка і крытыка» атрымала член СПБ Наталля Шамяткова, адзначаны рукапіс яе новай кнігі «Свет стане большым». У намінацыі «Проза» перамога дасталася Уладзіміру Гаўрыловічу, які прысвяціў 75-годдзю Вялікай Перамогі аповесць «Святая Параскева» — яна і дала назву кнізе. Літаратурным «Адкрыццём года» стала Мая Галіцкая. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Нядойскай СШ Буда-Кашалёўскага раёна прадставіла на конкурс рукапісаў цыкл аповедаў «Вобразы». Мая не раз перамагала ў розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Цяпер яна яшчэ і ўладальніца сваёй першай кнігі прозы, выдадзенай па выніках прэстыжнага конкурсу.

Упершыню на ўрачыстасці Уладзімір Гаўрыловіч уручыў міжнародныя літаратурныя прэміі імя Кірылы Тураўскага з медалямі «Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру», заснаваныя Гомельскім абласным аддзяленнем СПБ. Гэтай высокай узнагародай адзначаны Тураў і  Жыткавіцкі раён, Гомель, Краснадарская краявая пісьменніцкая арганізацыя Саюза пісьменнікаў Расіі, згуртаванне аўтаноміі беларусаў Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці, абласная бібліятэка імя У. І. Леніна і персанальна кіраўнік абласнога аддзялення Фонду міру Цімафей Глушакоў.

Шматлікія мерапрыемствы ладзіліся ў межах новага форуму — II адкрытага міжрэгіянальнага фэсту літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага» і свяце горада Гомеля. Прайшлі круглыя сталы, размова на якіх вялася пра падтрымку творчай моладзі. Былі падпісаны дагаворы аб творчым супрацоўніцтве Гомельскага абласнога аддзялення СПБ з Краснадарскай краявой пісьменніцкай арганізацыяй і Калужскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Расіі.

Славянскія пісьменнікі, якія на працягу трох дзён працавалі ў Гомелі, Тураве і Жыткавічах, падкрэслілі, што і надалей будуць прыкладаць шмат намаганняў для таго, каб повязь блізкіх культур і літаратур, нашых народаў ніхто не змог разарваць.

 Улад ПРЫАЗЁРНЫ

Фота прадастаўлена Гомельскім абласным аддзяленнем СПБ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.