Вы тут

Вызначальныя стасункі


Так сталася, што мы з Іванам Стадольнікам двойчы ў розны час працавалі ў двух рэдакцыях — у полацкай газеце «Сцяг камунізму» і ў сталічным часопісе «Вожык». Але не толькі гэтым вызначаецца наша даўняе сяброўства, літаратурныя і чалавечыя стасункі.


Іван Стадольнік пасля прыняцця ў Саюз пісьменнікаў БССР, 1980 г

Шчаслівы выпадак прывёў мяне, дзевятнаццацігадовага хлопца, у далёкім 1967 годзе з полацкага завода шкловалакна ў карэктары найстарэйшай на Беларусі паважанай газеты. Менавіта тут я пачаў далучацца да таямніц журналістыкі. Мяне таксама вабіла літаратура, і з заміраннем сэрца я чуў расповеды старэйшых калег пра літаб’яднанне «Наддзвінне», якое дало нашаму прыгожаму пісьменству такіх волатаў, як Пятрусь Броўка, Эдуард Самуйлёнак, Тарас Хадкевіч, Алесь Савіцкі, Валянцін Лукша, Генадзь Бураўкін.

І тут рэдактар Іван Фёдаравіч Мележ даручае мне, пачаткоўцу, апекавацца літстаронкамі, якія рэгулярна выходзяць у газеце.

«Хутка да нас прыйдзе на працу сапраўдны літаратар, больш вопытны, чым ты, вось пад яго кіраўніцтвам і будзеце займацца “Наддзвіннем”», — сказаў ён.

Так з’явіўся ў рэдакцыі былы зубны доктар з Глыбоччыны Іван Стадольнік, які свае першыя вершы друкаваў у газеце падчас вучобы ў полацкім медвучылішчы. Малады, прыгожы, з выдатнай беларускай мовай, ён спадабаўся супрацоўнікам, а мне было прыемна, што Іван Канстанцінавіч адразу прапанаваў сябраваць і называць яго проста Іванам. Так пачалося наша доўгае сяброўства, якое, па словах Івана, сёння можна назваць нават братэрствам.

У нас было нямала сумесных вандровак, прыгод, нават смешных, так што некалі Стадольнік нават прапанаваў мне стварыць цыкл гумарэсак пад назвай «Мы з Іванам».

Памятаю, як аднойчы, едучы з Мінска, дзе мы аддавалі ў выдавецтва свае першыя рукапісы, у вагоне цягніка Іван стаў ініцыятарам цэлай інтэрмедыі, сыграўшы вясковага дзецюка-халасцяка, якога па імправізацыі я вазіў у сталіцу выбіраць жонку. Гэта было так натуральна, што суседзі па купэ спачатку прынялі наш розыгрыш за чыстую манету, а  потым, здагадаўшыся, доўга пыталіся, у якім тэатры мы працуем.

Былі і больш сур’ёзныя сустрэчы. Калега па газеце Герман Кірылаў, які потым стаў добрым пісьменнікам, пазнаёміў нас з Віктарам Іванавічам Сікорам, сынам знакамітага садавода Івана Сікоры з вёскі Алашкі, што ў  Шаркаўшчынскім раёне. Мы потым не раз ездзілі ў славуты сікораўскі сад, а Герман напісаў некалькі цікавых артыкулаў, што паспрыялі ўвекавечанню памяці слыннага садавода. Наша полацкая сябрына злучыла мяне з цудоўнымі беларусамі Іванам Стадольнікам, Германам Кірылавым і Канстанцінам Жарнасекам. Я быў самы малады, і для мяне гэтыя стасункі сталі вызначальнымі не толькі ў выбары прафесіі, але і  жыццёвага шляху. Менавіта з таго часу стаў гаварыць, думаць і пісаць пабеларуску.

Іван пачынаў як паэт. Некаторыя вершы сталі папулярнымі песнямі, да яго творчасці меў прыхільнасць знакаміты самадзейны кампазітар Мікалай Пятрэнка, аўтар мелодыі песні «Ручнікі», якая стала сапраўды народнай. Ён працаваў у полацкім педвучылішчы, і мы часта сустракаліся і ў рэдакцыі, і на розных імпрэзах у горадзе.

Але аднойчы сябра прынёс нам на суд з Германам сваё першае апавяданне «Бывай, Буланчык». Кранальная гісторыя пра каня, напісаная багатай сакавітай мовай, прыемна ўразіла.

«Янка, гэта абавязкова трэба друкаваць», — заявіў адразу Кірылаў.

Нам давялося быць першымі чытачамі і іншых апавяданняў сябра, якія з’явіліся на старонках часопіса «Маладосць».

Падчас сустрэчы з галоўным рэдактарам польскага часопіса «Шпількі» Вітальдам Філерам (злева) і супрацоўнікам Ежы Кляйнэ ў полацкай газеце «Сцяг камунізму», 1985 г.

А неўзабаве радасны і ўсхваляваны Іван пазнаёміў нас з лістом да яго Янкі Брыля, у якім мэтр выказваў нямала прыхільных слоў на адрас маладога празаіка. Потым у Стадольніка выйшла першая кніжка прозы, яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў, запрасілі на работу ў «Вожык».

Але нашы стасункі не перарываліся. Мы сустракаліся і ў Мінску, калі я прыязджаў па справах, ды і Стадольнік часта наязджаў у родны яму Полацк. Так! Іван заўсёды лічыў горад маладосці і сталасці родным, хоць нарадзіўся ў вёсцы Янкі Докшыцкага раёна. Мне давялося пабываць разам з сябрам у яго Янках, пазнаёміцца з роднымі.

Калі я пераехаў у Мінск, першым рабочым месцам у сталіцы стаў для мяне менавіта «Вожык» і тая пасада, якую раней тут займаў Стадольнік. Сам ён у гэты час працаваў у «Тэатральнай Беларусі». Калі часопіс перастаў выходзіць, а ў «Вожыку» аказалася вакантная пасада, Іван вярнуўся ў ранейшы калектыў, і мы сталі працаваць разам зноў.

Але тут у сябра здарылася бяда — цяжкая хвароба. Як мог, стараўся дапамагчы. Дзякуй Богу, моцны арганізм і асабістая мужнасць дапамаглі сябру выйсці пераможцам з гэтай бітвы.

Ён нямала зрабіў у роднай літаратуры. Яго вершы, гумарэскі, апавяданні пазначаны несумненным талентам, шчырасцю, разважлівай сялянскай мудрасцю. Як сведчаць крытыкі, «Іван Стадольнік у сваіх апавяданнях і гумарэсках піша пра жыццё сучаснікаў, дзе пераплятаюцца мужнасць, трагізм і камізм. Паказвае чалавека, які трапляе ў  перыпетыі і як на іх адгукаецца кожная чалавечая душа».

Івану Канстанцінавічу — 80. Важкая дата. У гэтыя дні — самыя лепшыя пажаданні, самыя шчырыя словы, думаю, разам са мной падзеляць яго паплечнікі і чытачы.

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў. 

У свеце

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

Уся Літва трапіла ў «чорную» зону заражэння каранавірусам. 

Грамадства

Страшнае слова «генацыд»

Страшнае слова «генацыд»

Для тых, хто прысвойвае сабе права быць «выключнымі», гэта рана ці позна становіцца катастрофай у маштабах народа.