Вы тут

Гісторыі жывая ніць


У першай палове XX стагоддзя здавалася, што ручное рамеснае ткацтва знікне пад ціскам новых тэхналогій. Але на піку паўсюднай індустрыялізацыі французскі рэфарматар мастацтва Жан Люрса (1892—1966) удыхнуў новае жыццё ў габелен, вярнуўшы яго ў поле дэкаратыўна-манументальнага мастацтва. Cлова decorum перакладаецца як «прыстойнасць, годнасць», а слова monumentum — «успамін, памяць». Гэта значыць, прадметам дэкаратыўна-манументальнага мастацтва з’яўляецца нешта, годнае застацца ў памяці. Такое разуменне сутнасці жанру будзе адпраўным пунктам у спробе асэнсавання габелена «Гісторыі жывая ніць», які нарадзіўся ў гэтым годзе ў Гродне.


Габелен «Гісторыі жывая ніць», 2020 г.

Яго аўтарамі сталі кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Яўген Феліксавіч Шунейка, метадыст па народным ткацтве Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Алена Феліксаўна Шунейка і яе вучаніца Юлія Барадзіна. Творчы калектыў рэалізаваў унікальны па складанасці і працаёмкасці праект за 151 дзень.

Кампазіцыйная дамінанта габелена прадстаўлена персаніфікацыяй Беларусі ў выглядзе маладой жанчыны з хлопчыкам на руках. Мадонна. Тэма вечная, але для беларускага мастака вельмі рызыкоўная. Пасля «Партызанскай мадонны» Міхаіла Савіцкага, якая стала асновай вобраза рэспублікі-партызанкі, здавалася, складана сказаць што-небудзь кардынальна новае. Яўгену Шунейку (ён аўтар кардона габелена) гэта ўдалося.

У габелене «Гісторыі жывая ніць» гаворка ідзе не пра адраджэнне, а пра росквіт гістарычна маладой незалежнай Беларусі і ўслаўленне гэтага росквіту. Ствараючы алегарычны вобраз беларускай мадонны, Яўген Шунейка звярнуўся да іканапіснага вобраза Адзігітрыі, але не еўрапейскай, увасобленай Рафаэлем у прамой перспектыве на сіксцінскім палатне, а да яе першапачатковага грэка-візантыйскага выяўлення, выкананага ў зваротнай перспектыве, паводле падання, святым Лукой. Пратограф Адзігітрыі вядомы з V стагоддзя, калі пасля распаду антычнай Рымскай імперыі яе ўсходнія землі прынялі на сябе цывілізацыйную місію захоўвання і прымнажэння культуры і хрысціянскай традыцыі. Таму зварот да яго не толькі вырашыў задачу ўкаранення вобразнага шэрагу габелена ў глыбінных пластах гісторыі, але і паслужыў суаднясеннем з гістарычна нядаўнім набыццём Беларуссю дзяржаўнай незалежнасці.

Цэнтральныя фігуры габелена акружаны трыма ярусамі фонавых сюжэтных малюнкаў, ствараючы падабенства з традыцыйнай для Беларусі жыційнай іконай. Грэчаскія манахі на Сінаі, адкуль прыйшлі жыційныя іконы, першапачаткова трактавалі такую аправу клеймамі як вянок пазачасавай славы сакральных фігур, прапісаных у сярэдніку.

Стваральнікі габелена «Гісторыі жывая ніць» лічаць, што пазачасавая слава Беларусі грунтуецца на ратных подзвігах народа ў час Вялікай Айчыннай вайны. Беларусь памятае, што перамога дасталася агульнымі намаганнямі беларускіх партызан і рэгулярнай арміі. Напрамак руху дзеючых асоб ніжняга яруса сюжэтных кампазіцый габелена падкрэслівае адзінства памкненняў гэтых дзвюх дзяржаваўтваральных сіл. Так, як гэта гучыць у словах Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Слава Беларусі ствараецца таксама творчай працай беларусаў у цяперашні час. У размешчанай па правай руцэ персаніфікацыі Беларусі сюжэтнай кампазіцыі ў стваральнікаў габелена атрымалася паказаць прастор беларускіх палёў і радасць сельскай працы. Па левай руцэ Беларусі адлюстравана энергічная кампактнасць і інтэлектуальнае напружанне беларускіх гарадоў. У абодвух сюжэтах (сельскім і гарадскім) падкрэслена актыўная роля беларускіх жанчын у жыцці краіны. Гэтая актыўнасць прасочваецца не толькі ў дынамічнасці жаночых сілуэтаў, але нават і ў даўжыні спадніц, якія дазваляюць рабіць рашучыя шырокія крокі. Тонка адзначана розніца ва ўспрыманні калектыўнай беларускай ментальнасцю сціснутага гарадскога і прасторнага сельскага жыцця і адвечнай цягі беларуса да зямлі. Пры агульнай збалансаванасці колеровай гамы правы (сельскі) сюжэт святлейшы, пазітыўнейшы і «больш жывы». Тут знайшлося месца і жніву, і песні, і яшчэ аднаму «дрэву жыцця», і, натуральна, буслу — найбуйнейшаму з птушыных драпежнікаў Еўропы, які, аднак, у беларусаў служыць сімвалам міру, сям’і, росквіту і «прыносіць дзяцей».

Стваральнікі габелена Яўген Шунейка, Алена Шунейка і Юлія Барадзіна.

Калі ніжні ярус сюжэтаў кажа аб славутым баявым мінулым беларусаў, сярэдні — аб радаснай і  вольнай працоўнай сучаснасці, то будучыня бачыцца перш за ўсё светлай, афарбаванай у колеры ранішняга неба. Тапаграфія будучага беларускага Горада Нябеснага застанецца ранейшай. З захаду будуць стаяць Холмскія вароты Брэсцкай крэпасці і Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя, з усходу — магілёўская Трыумфальная арка, гомельскі Кафедральны Свята-Петрапаўлаўскі сабор і віцебская Ратуша. І, вядома, у цэнтры будзе знаходзіцца наша беларуская вось свету — axis mundi — мінскі Абеліск Перамогі. Беларусам чужога не трэба. Таму светлую і радасную будучыню яны будуюць на сваёй зямлі.

Сімвалічнае багацце кампазіцыі габелена адрозніваецца выключнай глыбінёй. Балансам паміж sacrum і profanum служыць багата арнаментаваны бардзюр габелена, сімволіка якога каранямі сыходзіць у глыбокае дахрысціянскае мінулае жыхароў беларускіх зямель. Бардзюр утвораны пры дапамозе традыцыйных для беларускага народа знакаў і форм расліннага, зааморфнага і геаметрычнага арнаменту і служыць сакралізацыі ўнутранай прасторы, арганізуючы характэрную для беларускай ментальнасці сімвалічную сувязь зямнога і нябеснага. У ім чаргуюцца адсылкі да ключавога для беларусаў паняцця апрацаванага (і таму ўраджайнага) поля — насычаная сінь палявога васілька, — геаметрычная зеляніна сімвалаў дрэва жыцця, лёгкасць блакіту стылізаваных птушак і арнаментальныя знакі купальскага агню і ранішніх зорак. Сваім ліпеньскім каларытам арнамент бардзюра акрэслівае глыбінныя пласты беларускай сэнсавай прасторы, у якой па-за часам цурчыць трэль жаўрука ў сінім ліпеньскім небе над шырокім родным полем, дзе ў ціхім шалясценні наліваецца жыццёвай сілай колас.

Размяшчэнне ў бардзюры габелена двух сімвалічных птушак, звернутых галовамі да арнаментальнага сімвала ранішняй зоркі, акружанага знакамі вечназялёнага «дрэва жыцця», можа быць трактавана як дэкарацыя ў народным стылі. Тут дарэчы ўспомніць фальклорнае гучанне «Зоркі Венеры» Максіма Багдановіча і Уладзіміра Мулявіна і ўбачыць, як прамяні ранішняй зоркі ператвараюцца ў пасмы залатых валасоў у цэнтральных фігур габелена. У той жа час для светаўспрымання, выхаванага ў культурнай парадыгме традыцыйнай для беларусаў хрысціянскай канфесіі, размяшчэнне дзвюх крылатых істот над галавой маладой жанчыны з дзіцем на руках утрымлівае асацыяцыю з шырока распаўсюджаным у каталіцкіх беларускіх храмах іканаграфічным выяўленнем Багародзіцы Царыцы анёлаў (лац. Santa Maria Regina Angelorum). Тым больш што натуральнасць, прыроднасць Царскіх цэнтральных фігур габелена падкрэслівае белы вянок (па-грэцку Διάδημα — дыядэма) на валасах маладой маці з трыма жамчужынамі ў чырвонай аправе — сімваламі жаноцкасці, цэласнасці і адзінства.

На габелене адлюстраваны тры птушкі. Яны ўтвараюць геаметрычны знак дынамікі і развіцця — трохкутнік вяршыняй уніз. Трэцюю птушку трымае дзіця, якое сядзіць на руках у маці. Колеравая гама дазваляе ўбычыць у ёй містычную птушку шчасця з філасофскай прыпавесці Морыса Метэрлінка, героі якой усё XX стагоддзе падарожнічалі па свеце, шукаючы шчасця, і заўсёды знаходзілі яго толькі ў сябе дома. Звернутая да хлопчыка сіняя птушка шчасця мае значэнне паказальніка і ключа да разумення простай, але фундаментальнай праўды — шчасце Беларусі ў яе сынах, а шчасце яе сыноў магчыма толькі на Беларусі.

Адзінства, суверэнітэт, святло, радасць мацярынства, сыны, каханне, росквіт, шчасце — паняцці, увасобленыя ў вобразных метафарах габелена.

У трактоўцы, дадзенай у пачатку XX ст. Жанам Люрсам, габелен павінен імкнуцца сыходзіць ад трохмернай маляўнічасці да плоскаснай іканічнасці чыстага знака. Асноўная складанасць у тым, што мала таленавіта стварыць сюжэтны кардон габелена. Трэба яшчэ выкарыстоўваць абмежаваную колеравую гаму і  абапірацца на выяўленчыя магчымасці аб'ёму і таўшчыні каляровых нітак, якія ствараюць фізічна адчувальную матэрыю сімвалічнага тэксту. Вось у гэтых адносінах дзівоснае майстэрскае тэкстыльнае ўвасабленне трыумфальнай семіётыкі габелена «Гісторыі жывая ніць» Аленай Шунейка і Юліяй Барадзіной сапраўды можна назваць ажыўленнем гісторыі пры дапамозе ніткі.

Габелен «Гісторыі жывая ніць» памерам 1,5×2 метры створаны да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Але, нягледзячы на тое, што яго выяўленчы шэраг утрымлівае сілуэты людзей са зброяй, ён не пра вайну. «Гісторыі жывая ніць» — аб прыродзе Перамогі, якая схавана ў глыбінным, народным сэнсе пераадолення велізарнай усеагульнай бяды. Аб прыродзе трыумфу пасля болю. Аб прыродзе паўнаты радасці пасля перажытых пакут. Гэта яго галоўная тэма. Але яшчэ габелен таксама пра тое, як сёння, праз семдзесят пяць гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, нашчадак пераможцаў — абагульнены беларус — бачыць сябе і сваё месца ў гэтым свеце.

 Як і належыць габелену, ён павінен дэкарыраваць сцяну. Лічу правамерным сцвярджаць, што па шырыні задумы і майстэрстве выканання габелен «Гісторыі жывая ніць», створаны ў 2020 г. у Гродне Яўгенам і Аленай Шунейкамі і Юліяй Барадзіной, — мастацкае сведчанне калектыўнага аптымістычнага светаадчування беларусаў і  праслаўленне незалежнай Беларусі.

Уладзімір ЛЯЎШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».