Вы тут

Што паглядзець у Нацыянальным мастацкім музеі


Вiдавочна, што пакуль былi зачыненыя музеi, гледачы засумавалi па «жывой» сустрэчы з карцiнамi. Бо прызнаемся шчыра — нiякiя вiртуальныя прэзентацыi (дарэчы, дзякуй за iх нашым музеям) не заменяць сузiрання ўсёй непаўторнасцi адценняў i фактур шэдэўра, маўклiвай размовы з мастаком. I няхай трывога застаецца, але ўсё часцей людзi прыходзяць у свой любiмы музей — ратавацца гутаркай з вечным, з беларускiм. Ну а супрацоўнiкi Нацыянальнага мастацкага музея заўжды гатовыя прапанаваць нам усё самае цiкавае i крэатыўнае. Я з вялiкай радасцю зноў прыйшла ў наш галоўны мастацкi музей, дзе не была ўжо даўно. I адразу выбудавалiся некалькi маршрутаў праз неверагодны сусвет фарбаў, лiнiй, адценняў i формаў.


Маршрут першы. Легенда

Падарожжа пачалося, так бы мовiць, «пад знакам» легендарнага беларускага мастака Вiтольда Бялынiцкага-Бiрулi. Якраз адбывалася прэзентацыя новай кнiгi пра яго, аўтарства дырэктара музея, вядомага мастака i мастацтвазнаўцы Уладзiмiра Пракапцова (на фота). Уладзiмiр Iванавiч шмат пiсаў пра Бiрулю, даследаваў яго творчасць i бiяграфiю. Выданнi з рэпрадукцыямi славутых мастакоў — гэта, напэўна, найлепшы сродак папулярызацыі нацыянальнай культуры. I падчас той прэзентацыi Уладзiмiр Iванавiч падзялiўся новай цiкавай задумай: у музея з выдавецтвам «Беларусь» маецца амбiцыйны план  — выдаць трынаццаць тамоў, у якiх «сабраць» усе шэдэўры Нацыянальнага мастацкага музея.

А яшчэ наведвальнiкi змогуць нейкi час палюбавацца нацюрмортам Марыi Iсаёнак «Сонечны дзень. Прысвячэнне Бiрулю» i пейзажам Мiкалая Iсаёнка «Жнiвень. Поле Бiрулi. На радзiме Бiрулi». «Нейкi час» — таму што палотнам наканавана адправiцца ў Магiлёў, у экспазiцыю музея Бялынiцкага-Бiрулi. Карцiны вядомай мастакоўскай пары падчас прэзентацыi музею перадала Марыя Iсаёнак.

Маршрут другi. Для юных

Наш наступны маршрут пачынаўся пад лiчылку «Раз, два, тры, чатыры, пяць, я iду цябе шукаць». Iлюстрацыi да кнiг для дзяцей i падлеткаў, зробленыя майстрамi XX—XXI стагоддзяў, стракацеюць усiмi фарбамi, прымушаюць усмiхацца, а яшчэ — адразу пазнаць непаўторны стыль аўтара. Толькi азiрнешся, успомнiш iмёны: Аксана Аракчэева, Кацярына Дубовiк, Арлен Кашкурэвiч, Георгiй Паплаўскi, Валерый Славук, Васiль Шаранговiч, Барыс Забораў, Павел Татарнiкаў... Як бачыце, ад народных мастакоў да сённяшнiх маладых-таленавiтых.

— Звярнiце ўвагу: карцiны вiсяць нiжэй. Гэта для таго, каб iх маглi разгледзець нават самыя маленькiя гледачы, якiя прыйдуць на выстаўку, — расказвае Святлана Анэйка, намеснiк генеральнага дырэктара па навуковай i асветнiцкай працы. — Яшчэ адна фiшка: частка работ — у аўтарскiх паспарту. Паглядзiце: гэта могуць быць абрысы матылька цi кветкi. Да выстаўкi падрыхтаваныя закладкi на падставе прадстаўленых прац, iх атрымалi першыя з тых, хто прыйшоў на выстаўку. За першы ж дзень раздалi сто пяцьдзясят! Падрыхтавалi i паштоўкi, іх таксама раздадзiм падчас мерапрыемстваў, у якiх возьмуць удзел вядомыя артысты. Таксама будзе квэст для маленькiх i дарослых, якi дапаможа ўспомнiць вядомыя казачныя сюжэты. Для юных наведвальнiкаў маецца расфарбоўкi i пясочнiца з фiгуркамi жывёл. Так што маладым бацькам з дзецьмi будзе i прыемна, i зручна правесцi з намi час.

Маршрут трэцi. Гераiчны

Яшчэ адна новая выстаўка ў музеi — да 75-годдзя Перамогi. Ваенная тэма ў беларускiм мастацтве зрабiлася цi не адной з галоўных. Бо, як распавядаюць мастацтвазнаўцы, яе распрацоўваюць ужо як мiнiмум тры пакаленнi мастакоў: вiдавочцы — тыя, хто нарадзiўся ў 1930-х, прадстаўнiкi пакалення «дзяцей вайны» i нашы сучаснiкi, што асэнсоўваюць трагiчныя падзеi з адлегласцi, праз чужы вопыт.

— Тут прадстаўлены працы буйных мастакоў з фондаў нашага музея. Працы ў асноўным манументальныя — гэта i тэндэнцыя беларускага жывапiсу другой палавiны XX стагоддзя, i маштаб сюжэтаў патрабуе пэўнага фармату, — тлумачыць Святлана Анэйка.

Маршрут чацвёрты. Нямецкi

Калi чытаеш архiўныя матэрыялы 1920—1930-х гадоў, можаш толькi горка шкадаваць, трапляючы на звесткi аб тым, колькi тады было вывезена прадметаў сусветнага мастацтва з Беларусi ў iншыя музеi. Вялiзныя страты культурнай спадчыны адбылiся i падчас вайны. Але сёння ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея дастаткова твораў сусветнага мастацтва, якiя збiралiся руплiўцамi-супрацоўнiкамi, набывалiся ў прыватных калекцыянераў, прымалiся ў дар. Сёння ў асобнай экспазiцыi можна пабачыць нямецкi жывапiс i гравюру XVII—XVIII стагоддзяў з музейных фондаў. Адкрыйце для
сябе незвычайныя культурныя паралелi. Вось, напрыклад, парадны партрэт у нямецкiм стылi вялiкага гетмана Мiхала Казiмiра Агiнскага, якi ператварыў Слонiм у «прыстанак муз». Аўтар урачыстай карцiны — насамрэч аўтарка, мастачка Ганна Разiна Лiшэўская, дачка вядомага мастака польскага паходжання. Яна намалявала князя ў 1754 годзе, калi той прыехаў у Нямеччыну на ўзнагароджанне ордэнам Белага Арла. А вучань Дрэздэнскай школы Фрыдрых Барызьен намаляваў партрэт уладальнiка маёнтка Раманава на Аршаншчыне Аляксея Дандукова. Расеец Дандукоў, нашчадак калмыцкага хана, атрымаў ва ўладанне на беларускiх землях маёнтак, канфiскаваны ў Караля Радзiвiла, калi той адмовiўся прысягнуць на вернасць Кацярыне II. Так што перад вамi — магчымасць не толькi пазнаёмiцца з нямецкiм мастацтвам, але i заглыбiцца ў таямнiцы беларускай гiсторыi.

Маршрут пяты. Краязнаўчы

Мііхась СЯЎРУК. Слуцкая брама.

Незвычайна цёплае i адначасова шчымлiвае ўражанне... Карцiны мастакоў, якiя занатоўваюць так званую «малую радзiму». Але недарэмна выстаўка называецца «Малая радзiма — вялiкая зямля».

Грамыка, Цвiрка, Шчамялёў, Маркавец, Сяўрук, Кiрэеў, Кожух, Данцыг... Каложская царква, Заслаўе, Слуцкая брама ў Нясвiжы, Блакiтныя азёры...

Непаўторныя стылi, непаўторныя выявы... Для майстроў мiлыя сэрцу краявiды — падстава для фiласофскага выказвання. Таму зубры ператвараюцца ў магутнае ўвасабленне стыхii, квiтнеючы луг выяўляе абрысы жаночай фiгуры, стагi нагадваюць анёлаў... Праўда, як нi дзiўна, нiводнай аўтаркi-мастачкi тут не прадстаўлена.

Мастацтвазнаўца Надзея Вусава звяртае нашу ўвагу на карцiны так званай «заводскай урбанiстыкi»:

— Калiсьцi яны ўспрымалiся як кан'юнктурныя — заводы, вытворчасць, працоўны люд вяртаецца са змены... Але сёння выглядаюць зусiм па-iншаму. Сёння такiмi карцiнамi захапляюцца. Паглядзiце хоць  бы на палатно Iвана Стасевiча, на якiм намаляваныя шахцёры Салiгорска — якая экспрэсiя, якiя твары! Гэта канкрэтныя людзi, iх мастак пiсаў з натуры. Цiкава было б даведацца, як склаўся лёс кожнага.

Не ведаю, якiя i калi ў вас, шаноўныя чытачы, адбудуцца спатканнi ўжывую з карцiнамi — але пры магчымасцi не прамiнiце iх.

Людмiла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Сезон грыпу чакаецца ў студзені — сакавіку. Эпідэміёлаг расказаў, як і калі лепш прышчапіцца

Сезон грыпу чакаецца ў студзені — сакавіку. Эпідэміёлаг расказаў, як і калі лепш прышчапіцца

З пачаткам навучальнага года рэгіструецца і рост захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Вакол Дзеў падымаецца вецер змен. 

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?