20 кастрычніка, аўторак

Вы тут

Якія хрысціянскія каштоўнасці можна пабачыць у Іерусаліме


Якое пакаранне атрымаў Лот, каму прысвяцiў сваю фрэску вялiкi грузiнскi паэт Шата Руставелi i чаму царыца Тамара загадала пахаваць сябе адразу ў некалькiх месцах

У апошнюю нядзелю верасня праваслаўныя адзначаюць асаблiвае свята — Узвiжанне Крыжа Гасподняга. У народзе яго называюць яшчэ днём сустрэчы восенi з зiмой. Але ў яго паходжання больш сiмвалiчная глыбокая гiсторыя. Летась менавiта ў гэтыя восеньскiя днi мне пашчасцiла трапiць у Iерусалiм i акунуцца ў яе, як той сказаў, з усёй галавой. I яшчэ пераканацца, што нiчога ў свеце не адбываецца проста так.


Навошта 33 гады Лот палiваў сухое дрэва

Хра­ма­выя сце­ны ўпры­гож­ва­юць гру­зiн­скiя i грэ­час­кiя рос­пi­сы ХII—ХI­II ста­год­дзяў.

Памятаеце рублёўскую «Тройцу»? Усё пачалося з таго, што аднойчы роданачальнiку выбранага народа Аўрааму быў знак. «I з'явiўся яму Гасподзь каля дубровы Мамрэ, калi ён сядзеў каля ўваходу ў шацёр свой, у час дзённай спёкi. Ён узвёў вочы свае i зiрнуў, i вось, тры мужы стаяць насупраць яго...» Гэтыя радкi са старазаветнага Быцця ў XV стагоддзi праiлюстраваў iканапiсец Андрэй Рублёў. Ну хто не ведае гэты замiлавальны сюжэт, дзе пад Мамврыйскiм дубам сядзяць i трапезнiчаюць тры анёлы. Паводле падання, перад тым як адправiцца на загад Бога ў пакараныя iм Садом i Гамору, анёлы пакiнулi Аўрааму свае тры посахi. Ён iх потым перадаў пляменнiку Лоту, якi саграшыў са сваiмi дочкамi. Каб Бог дараваў яму гэты грэх, Лот павiнен быў палiваць посахi да тых часоў, пакуль сухое дрэва не пусцiць каранi. Цуд адбыўся праз 33 гады. Увесь гэты час Лот насiў ваду з Iардана, а сатана спакушаў яго — або выпiваў, або разлiваў ваду. Лот цяжка ўздыхаў i зноў браўся за сваю, здаецца, бессэнсоўную справу. Але аднойчы посахi прараслi, прычым адначасова кедрам, кiпарысам i пеўгам (хвояй) у адным дрэве. I ў гэты момант Лот зразумеў, што памiлаваны.

У кнiгах Старога Запавету ёсць таксама прароцтва, што Хрыстос будзе распяты на трохсастаўным дрэве. «Слава Лiвана прыйдзе да цябе, кiпарыс, ядловец i кедр злучацца, каб упрыгожыць месца свяцiлiшча Майго, i Я праслаўлю падножжа ног Маiх...» — прадказвае прарок Iсая. Дрэва, узгадаванае Лотам, вырасла такое нязвычнае i прыгожае, што нават цар Саламон хацеў выкарыстаць яго для будаўнiцтва храма. Яго спiлавалi, але зрабiць з яго нiчога не змаглi: яно ўвесь час змянялася ў памерах — то скарачалася, то павялiчвалася. Ёсць паданне, што няўдалую бэльку пакiнулi ў якасцi лаўкi. На яе аднойчы села царыца Саўская, якая прыехала ў госцi да Саламона. I падскочыла, быццам бы яе агнём апаленая. А потым пакланiлася дрэву i сказала, што на iм будзе раскрыжаваны Збавiцель свету, а царству iўдзеяў прыйдзе канец. Саламон спужаўся i загадаў закапаць бэльку. Потым на гэтым месцы была пабудавана купальня для абмывання ахвярных жывёл. Гэтае месца стала называцца Авечай купеллю i праславiлася вылячэннямi. Незадоўга да пакарання Хрыста бервяно нечаканым чынам усплыло...

Паходжаннi бiблейскага крыжа

Наш паломнiцкi аўтобус выязджае з Бейт-Джалы, дзе мы наведалi храм Свяцiцеля Мiкалая. У храме знаходзiцца вельмi шанаваны ў Вiфлееме абраз святога Георгiя. Яго iмя праз стрыечную сястру Нiну, хрысцiянскую асветнiцу Грузii, таксама звязана з манастыром Жыватворчага
Крыжа, куды мы накiроўваемся. Па дарозе наша гiд Аляксандра нагадвае гiсторыю пра Лота i ўдакладняе, што ўчора, калi мы акуналiся ў свяшчэнныя воды ракi Iардан, мы якраз былi непадалёк ад таго бiблейскага дуба, пад якiм сустракаўся Аўраам з анёламi. Мы ж едзем у тое месца, дзе Лот па загадзе Божым утыркнуў посахi ў зямлю i вырасцiў цудоўнае дрэва, якое стала асновай для Жыватворчага Крыжа. На гэтым месцы ў IV стагоддзi роўнаапостальнай царыцай Аленай быў пабудаваны храм, якi потым падчас нашэсцяў разбурылi. Царыца Алена стала менавiта той абраннiцай Божай, у якой атрымалася знайсцi цудадзейны крыж праз некалькi стагоддзяў, як на iм раскрыжавалi Хрыста. Ён знаходзiўся якраз пад язычнiцкiм храмам Венеры, якi рымскi iмператар Андрыян загадаў пабудаваць, каб сцерцi ў народа памяць пра Хрыста. Але гэтым толькi абазначыў святое месца. Калi храм знеслi, пад iм знайшлi тры крыжы. Кожны з iх прыкладвалi да нядаўна памерлага чалавека. Ад дотыку Святога Крыжа памерлы ўваскрэс. Святыня знаходзiлася ў спецыяльна пабудаваным царыцай Аленай i яе сынам iмператарам Канстанцiнам храме Уваскрэсення Гасподняга. У 614 годзе ў Святую зямлю прыйшлi персы, якiя не толькi разбуралi манастыры i забiвалi манахаў, але i забралi з храма ў якасцi ваеннага трафея крыж Хрыста.

I толькi праз 14 гадоў вiзантыйскi iмператар Iраклiй пры дапамозе iншых цароў, сярод якiх вялiкую дапамогу аказаў грузiнскi цар, сабраў вялiкае войска i рушыў супраць персаў. Бiтва завяршылася перамогай аб'яднаных вiзантыйскiх войскаў, i крыж вярнулi. Гэтыя дзве падзеi, звязаныя са здабываннем Крыжа i вяртаннем яго, згадваюцца ў гэтыя святочныя днi. А ў памяць аб той вызначальнай бiтве ўчастак, дзе вырасла дрэва, быў перададзены ў дар грузiнскiм царам. Уся далейшая гiсторыя манастыра Жыватворчага Крыжа звязана з пастаяннымi войнамi. Яго ўвесь час умацоўвалi, i ён паступова ператварыўся ў непрыступную крэпасць.

Гэта, дарэчы, выратавала яго ад разбурэння ў эпоху Аль-Хакiма ў 1009 годзе.

Пра што марыў у сценах манастыра Шата Руставелi?

На фрэс­цы Ша­та Рус­та­ве­лi зра­бiў ся­бе зу­сiм ма­лень­кай ка­зяў­кай на фо­не вя­лi­кiх хрыс­цi­ян­скiх ба­га­сло­ваў.

З VII стагоддзя грузiнская маёмасць паступова пашыраецца. Пэўны час тут жыла грузiнская царыца Тамара — прыгожая i мужная ваяўнiца. Аднойчы ў яе закахаўся мiнiстр фiнансаў — цудоўны паэт Шата з сяла Руставi. Калi чарговы раз у Iерусалiм з Грузii збiраўся караван, каб падтрымаць манастыр, Шата папрасiўся, каб яго адправiлi ў якасцi кiраўнiка паходу. Знамянальна, што манастыр сёння знаходзiцца на вулiцы Шата Руставелi. Тут ён дапiсаў свайго «Вiцязя ў тыгравай шкуры», дзе намаляваў вобраз горача каханай царыцы Тамары. Лiчыцца, што паэт тут i пахаваны. Па адной з версiй, тут жа знаходзiцца пахаванне i яго любай. Але дакладна на гэтае пытанне нiхто не адкажа. Аднойчы да царыцы Тамары пасватаўся персiдскi шах, але яна яму адмовіла. I ён паабяцаў, што яна будзе ягонай пасля сваёй смерцi. Царыцу насцярожылi гэтыя словы. Калi яна памерла, з яе апартаментаў адправiлiся ў розныя канцы свету некалькi караванаў з трунамi. Лiчыцца, што адна з iх, прычым тая, дзе ляжыць царыца, знаходзiцца тут.

На адной з калон храма ёсць выява Шата Руставелi, а ўнiзе на старагрузiнскай мове напiсана: «Я Шата з Руставi аднаўляў гэты храм, рабiў роспiсы i прысвячаю гэта Усявышняму». Сябе ён абазначыў маленькай фiгуркай, якая схiляецца перад двума святымi — Максiмам Спавядальнiкам i Iаанам Дамаскiнам.

У ХVII стагоддзi ў храме акрамя грузiнскiх манахаў неслi паслушэнства яшчэ i грэчаскiя. Таму тут часткова захаваўся i грэчаскi роспiс.

— У 2005 годзе, калi ў манастыры iшла рэстаўрацыя i рабiлiся раскопкi, былi знойдзены два пахаваннi — мужчыны i жанчыны, — iнтрыгуе Аляксандра. — I гэта пры тым, што манастыр за ўсю сваю гiсторыю быў выключна мужчынскi. Ёсць меркаванне, што жаночае пахаванне належыць менавiта царыцы Тамары.

З манастыром звязана iмя яшчэ адной святой — Нiны, стрыечнай сястры Георгiя Пераможца. Ёй быў знак ад Багародзiцы, што яна павiнна несцi Божае слова на Каўказ, i яна адправiлася туды. Хутка яна стала асветнiцай зямлi грузiнскай. З яе пачынаецца не толькi хрышчэнне Грузii, але i наладжваецца моцная сувязь гэтай краiны са Святой зямлёй.

Пакаранне для Сiмяона Богапрыiмца

Лю­дзi iдуць па­кла­нiц­ца мес­цу,  дзе вы­рас­ла дрэ­ва Жы­ва­твор­ча­га Кры­жа.

Непадалёк ад манастыра Жыватворчага Крыжа ёсць яшчэ адна праваслаўная славутасць — царква, прысвечаная Сiмяону Богапрыiмцу. У канцы XIX стагоддзя Iерусалiмскi праваслаўны патрыярхат набыў гэты ўчастак, каб захаваць месца, дзе жыў гэты святы i быў пахаваны. Адсюль ён штодзённа хадзiў да iерусалiмскага храма, што на гары Сiён, каб сустрэць сына Божага. У чаканнi Збавiцеля ён пражыў больш чым 350 гадоў.

— У III стагоддзi егiпецкi цар Пталамей пажадаў перакласцi старазапаветныя тэксты на грэчаскую мову для Александрыйскай бiблiятэкi, — расказвае гiсторыю яго даўгалецця Аляксандра. — Адсюль у Александрыю былi запрошаны 70 мудрацоў, сярод якiх i Сiмяон. Ён перакладаў Прароцтва Прарока Iсаii, дзе iшла размова пра тое, што прыйдзе час i Дзева зачне ў чэраве. На iўрыце слова «дзева» мае некалькi значэнняў. Гэта i зусiм юная непарочная дзяўчына, i маладая жанчына, i сузор'е. Сiмяон пераклаў як «маладая жанчына», пасля чаго яму з'явiўся Архангел Гаўрыiл i сказаў, што ён памыляецца, трэба пiсаць непарочная. Сiмяон усумнiўся i пакiнуў, як ужо напiсаў. За гэта ён быў пакараны даўгалеццем i павiнен быў хадзiць на прыступкi храма. Менавiта ён першы прыме на рукi нованароджанага Збавiцеля i абвесцiць, што той прыйшоў на зямлю. Пасля таго, як выканаў сваю мiсiю, ён памёр i быў пахаваны каля свайго дома.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Тайны Жыватворчага Крыжа

Выбар рэдакцыі

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?

Грамадства

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Аб альтэрнатыве клайпедскаму порту, рэканструкцыi Нясвiжскага палаца i роднай мове падчас сямейных сустрэч.

Грамадства

Заразіцца прафесіяналізмам. Чаму трапіць на неканферэнцыю настаўнікаў EdCamp лічыцца вялікай удачай?

Заразіцца прафесіяналізмам. Чаму трапіць на неканферэнцыю настаўнікаў EdCamp лічыцца вялікай удачай?

Чацвёртая педагагічная неканферэнцыя прайшла ў мінулыя выхадныя з нязменным аншлагам і сабрала больш як тры сотні педагогаў з розных куткоў нашай краіны.