Вы тут

Лукашэнка: Да 100 мільёнаў долараў нам трэба імкнуцца ў тавараабароце з Омскай вобласцю


Другая сённяшняя сустрэча кіраўніка дзяржавы ў Палацы Незалежнасці — з губернатарам Омскай вобласці Расіі Аляксандрам Бурковым.


«Прыемна бачыць яшчэ аднаго губернатара-сібірака. Нашы адносіны да сібіракоў вы добра ведаеце, — вітаў Прэзідэнт расійскага госця. — Не толькі таму, што ў свой час туды з’ехала вельмі шмат беларусаў, і думаю, што вы з імі не маеце праблем. Беларусы заўсёды былі працавітымі, адказнымі людзьмі, думаю, што такімі яны з’яўляюцца і там, у Сібіры. Тым больш, што вельмі многія, ужо новае пакаленне, якое вырасла там, прыязджаюць у Беларусь, лічаць яе сваёй радзімай, вельмі шмат расказваюць пра Сібір. Хоць у нас Сібір — хадзячая назва, але ніхто адтуль дадому ехаць не хоча, яны з задавальненнем там жывуць».

Аляксандр Лукашэнка зноў прызнаўся, што мае досыць рамантычныя ўяўленні пра тэрыторыю Расіі, якая знаходзіцца на ўсход ад Уральскага хрыбта.

«Думаю, што ў будучым годзе мне ўдасца развеяць гэтую рамантыку і пабываць у асноўных кропках Расіі, у Сібіры, у тым ліку», — дадаў ён.

Прэзідэнт назваў недастатковым існуючы тавараабарот паміж Омскам і Беларуссю. «Давайце будзем шчырыя, для другога сібірскага горада па колькасці насельніцтва і па той развітасці рэгіёна — гэта слабы тавараабарот, — сказаў ён. — Думаю, што да 100 мільёнаў (долараў — „Зв.“) нам трэба імкнуцца і дасягаць гэтага. А ўсё астатняе ў нас ёсць».

Па словах кіраўніка дзяржавы, клімат Беларусі не нашмат больш зручны для вядзення сельскай гаспадаркі.

«Я, зыходзячы з рамантычных уяўленняў, лічу, што ў нас тут таксама сібірскі рэгіён. Мы жывём у зоне рызыкоўнага земляробства. Тым не менш, нечаму навучыліся ў сельскай гаспадарцы, гатовыя з вамі падзяліцца ўсім — вось усё, што вы ў нас убачыце і вам спадабаецца».

Супрацоўніцтва Беларусі з Сахалінам, па меркаванню Аляксандра Лукашэнкі, сведчыць, што нашы падыходы і тэхналогіі ў АПК могуць паспяхова ўкараняцца ва ўмовах рускай поўначы.

«Омск напалову бліжэй да нас, чым Сахалін, і сёння тысячы кіламетраў — гэта ўжо не адлегласць, — дадаў ён. — Вы ведаеце нашы магчымасці і ў прамысловасці — мы яе не разбурылі, захавалі ўсё, што было ў савецкія часы і паднялі на ўзровень вышэй. Мы гатовыя з вамі папрацаваць і ў галіне тэхналогій, калі вам гэта трэба, гатовыя ствараць у вас зборачныя вытворчасці для пачатку сумесных прадпрыемстваў, сэрвісныя цэнтры па нашай тэхніцы, калі гэта вам выгадна».

Беларусь, запэўніў Прэзідэнт, гатовая прапанаваць для продажу сваёй тэхнікі выгадныя фінансавыя механізмы.

«Омская вобласць падобная па сваім развіцці на Беларусь, пачынаючы ад зямлі і заканчваючы навукай», — рэзюмаваў ён.

Карыстаючыся магчымасцю, Аляксандр Лукашэнка папрасіў перадаць суайчыннікам у Омскай вобласці прывітанне ад сябе асабіста і ад усіх беларусаў.

Аляксандр Буркоў паведаміў, што ў яго рэгіёне пражывае больш за шэсць тысяч беларусаў толькі па афіцыйнай інфармацыі, да таго ж, у некалькі разоў больш тых, хто мае беларускія карані. 

«Прыехалі яны асвойваць Сібір па ўласнай волі падчас сталыпінскай рэформы, — удакладніў ён. — І што вельмі важна, яны сёння захоўваюць беларускую ідэнтычнасць. Ёсць сёлы, дзе захаваныя мова, вопратка, кухня, побыт, дамы. Уся прыгажосць беларускага жыцця ёсць на тэрыторыі Омскай вобласці. У асноўным, гэта паўночная яе частка».

Па словах губернатара, Беларусь для Омшчыны — асноўны і значны партнёр у знешнегандлёвых адносінах. Летась тавараабарот з Беларуссю склаў каля 80 мільёнаў долараў, што на 18 працэнтаў больш, чым у папярэдні перыяд. Галоўныя сферы супрацоўніцтва — сельская гаспадарка і прамысловасць. На тэрыторыі вобласці прадстаўленыя такія беларускія прадпрыемствы як «Гомсельмаш», МТЗ, МАЗ, «Гомельагракамплект», «Магілёўліфтмаш», «Атлант», «Гефест» і іншыя. Аб’ём беларускай прадукцыі сельскагаспадарчай вытворчасці, які набывае гэты расійскі рэгіён, сёлета расце. Толькі за восем месяцаў гэтага года куплена 224 адзінкі беларускай сельскагаспадрчай тэхнікі на суму 600 мільёнаў рублёў (да канца года прагназуецца сума 800 мільёнаў рублёў).

Аляксандр Буркоў адзначыў, што з рэгіянальнага бюджэту субсідзіруецца пакупка беларускай зернеўборачнай (на 20%) і кармаўборачнай (на 30%) тэхнікі, а таксама пакупка сушылак і токавых гаспадарак (на 50%). 

«Мы дамовіліся павялічыць лакалізацыю пры вытворчасці жатак «Палессе», якія сёння збіраюцца на тэрыторыі Омскай вобласці, — расказаў журналістам пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Аляксандр Буркоў. — Нам сёння цікавая дарожная тэхніка, аўтобусы, электробусы, тралейбусы».

«У спорце, лічу, у нас шмат кропак судакранання, бо за Уралам адзіны крыты велатрэк Расіі — у горадзе Омску, і мы прапанавалі Кубак Садружнасці правесці паміж сібірскімі рэгіёнамі і Беларуссю, — дадаў кіраўнік расійскага рэгіёна. — У вас вельмі моцная каманда па трэкавых відам веласіпеднага спорту».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».