Вы тут

У Шчучыне рыхтуецца да здачы 12-кватэрны дом для маладых спецыялістаў


Аб гэтым расказала на сустрэчы з маладымі педагогамі намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта. Паляпшэнне жыллёвых умоў вядзецца ў рамках раённай праграмы па рабоце з маладымі спецыялістамі.


У праграме задзейнічаны ўсе намеснікі старшыні райвыканкама. У кожнага з іх — свая галіна. Напрыклад, у Алены Пасюты, якая курыруе сацыяльную сферу, большасць маладых спецыялістаў — гэта педагогі. Таму сустрэчы з імі сталі традыцыйнымі. Сёлета ў раён накіравана 35 маладых настаўнікаў.

Усе вакансіі запоўнены. Але адна справа — запоўніць вакансіі, і іншая — замацаваць маладых спецыялістаў на сваіх рабочых месцах. Таму ў раёне распрацавана спецыяльная праграма. Асаблівая ўвага аддаецца перспектыўным рэзервам кадраў. Не застаюцца па-за ўвагай і бытавыя ўмовы. Увогуле, гэты аспект самы надзённы, таму і вырашаецца ў першую чаргу. Як расказала намеснік старшыні райвыканкама, рыхтуюцца да здачы 12 кватэр. Першачарговым будзе выдзяленне жылля маладым спецыялістам. Зараз вядзецца пошук магчымасці крэдытавання.

— У найбліжэйшы час мы рыхтуем да здачы дом — жыллё камерцыйнага найму. У першую чаргу кватэры атрымаюць маладыя спецыялісты — гэта дзяржаўная палітыка, — падкрэсліла падчас сустрэчы Алена Пасюта. — Дом ужо адрамантаваны, гатовы, ёсць мэбля і бытавая тэхніка. Нам важна, каб іншагароднія, якія накіраваны ў раён, таксама тут засталіся, стварылі сям'ю і пусцілі карані. А бытавыя ўмовы не павінны адцягваць увагу ад прафесійнай дзейнасці.

Дарэчы, падчас сустрэчы з'явіўся і прэтэндэнт на такое жыллё. Цяпер малады педагог пражывае ў інтэрнаце, умовы ў якім яе не задавальняюць. Дзяўчыне паабяцалі, што пытанне будзе вырашацца на пасяджэнні жыллёвай камісіі.

Увага да маладога педагагічнага корпуса невыпадковая. На думку Алены Пасюты, педагога з вялікім стажам, гэта ўнікальная прафесія, а можа нават і місія. Бо настаўнік суправаджае дзіця, дапамагае яму сябе рэалізаваць. Таму важна, каб маладыя спецыялісты адчулі падтрымку і ўвагу да сябе. Першыя крокі заўсёды складана рабіць, тым больш у такой адказнай прафесіі. Маладыя спецыялісты расказалі, што амаль за ўсімі замацаваны старэйшыя педагогі, да якіх можна звярнуцца з любым пытаннем і абмеркаваць любую сітуацыю. Тыя, хто адпрацаваў год, падзяліліся сваімі ўражаннямі. Хтосьці навучыўся знаходзіць кампрамісы з вучнямі, хтосьці — спакойна ўспрымаць крытыку, камусьці ўдалося перамагчы свае страхі... І ніхто пакуль не расчараваўся ў прафесіі.

— Важна, каб маладыя педагогі, і ўвогуле спецыялісты, якія пачынаюць тут свой працоўны шлях, адчулі падтрымку ўлад. Таму мы клапоцімся, каб у першую чаргу было жыллё, і потым — магчымасць прафесійнага і асобаснага росту, — гаворыць Алена Пасюта.

Падчас адкрытага дыялога маладыя спецыялісты змаглі задаць свае пытанні датычна гарадскога ўладкавання. Напрыклад, педагогаў цікавіла, ці будуць у горадзе пляцоўкі для скейтэраў і райдэраў, а таксама варкаўты. У Шчучыне нямала старшакласнікаў, якія хочуць адточваць сваё майстэрства на спецыяльна абсталяваных пляцоўках. Пакуль гэта адбываецца на гарадской плошчы, каля райвыканкама.

— Што датычыцца варкаўтаў, такая пляцоўка ёсць на тэрыторыі першай школы-гімназіі, дзе займаецца больш за тысячу вучняў. Плануем устанавіць такія ж каля другой і трэцяй школ, дзе шмат моладзі, таксама ў аграгарадках яны будуць, — паведаміла намеснік старшыні райвыканкама. — Будзе разгледжана пытанне і па скейт-пляцоўках.

Увогуле мясцовыя ўлады чакаюць ініцыятыў і ад маладых спецыялістаў. У гэтым сэнсе варта звярнуцца да еўрапейскіх праектаў. Дарэчы, цяпер у Шчучыне ідзе рэалізацыя аднаго з такіх — па рэканструкцыі школьнага стадыёна. Такі ж праект можна было б прапанаваць і па былым парку атракцыёнаў, які пустуе. Ініцыятыва маладых магла б вярнуць яго да жыцця, стварыць сапраўдную зону адпачынку для дзяцей і дарослых.

— Кожны можа прыйсці з ініцыятывай. Гэта датычыцца і настаўнікаў працоўнага навучання, якія разам з дзецьмі могуць зрабіць што-небудзь і для горада. Матэрыялам улады гатовы дапамагчы, — запэўніла Алена Пасюта.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Быт не на апошнім месцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.