Вы тут

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»


У Міжнародны дзень музыкі, 1 кастрычніка, на сцэне Вялікага тэатра Беларусі гледачоў чакае 300-ы паказ балета «Стварэнне свету» Валянціна Елізар'ева. У ім стваральнікі звяртаюцца да нас са сваімі трывожнымі вечнымі думкамі пра сэнс чалавечага жыцця, пра права чалавека на шчасце і многімі іншымі тэмамі, якія застаюцца актуальнымі ва ўсе часы і пры розных абставінах. Напярэдадні прэм'ернага паказу мы пагаварылі з некаторымі з тых людзей, якія спрычыніліся да такой вялікай працы, узяўшы за кропкі адліку дзеючых персанажаў, увасабленне якіх бачым на сцэне.


Бог

Вячаслаў Чарнуха-Воліч, дырыжор-пастаноўшчык новай рэдакцыі балета «Стварэнне свету»:

— Я вельмі рады і шчаслівы, што мне ўдалося быць сярод тых, хто працаваў над узнаўленнем спектакля, фактычна ствараючы яго новую версію. Бо «Стварэнне свету» — легендарны балет, які я ўпершыню паглядзеў яшчэ ў школьныя гады. Па сваіх складніках ён у пэўным сэнсе рэвалюцыйны. Таму што па той тэме (якую нельга было ўявіць у ідэалогіі савецкага часу), па неверагодна новай харэаграфічнай мове, якая з'явілася ў Мінску з прыездам Валянціна Елізар'ева, і па той светлай і гарманічнай музыцы Андрэя Пятрова, у якой закладзена вельмі шмат глыбокіх, філасофскіх сэнсаў, — гэта неверагодная пастаноўка. І думаю, доўгае жыццё балета і стала пацвярджэннем таго, наколькі гэтая тэма актуальная ва ўсе часы. Зараз, калі мінула амаль 40 гадоў, мы бачым, што тэма гвалту, супрацьстаяння людзей настолькі ж актуальная, як і ў часы стварэння свету... Для мяне Бог справядлівы, і я веру ў наканаванне і сілу, што вышэйшая за нас. І выпрабаванні чалавеку пасылаюцца для таго, каб ён змог штосьці глыбей зразумець. Наш свет жорсткі, і да гэтага варта ставіцца сур'ёзна. Рабіць высновы, выходзіць з любой сітуацыі годна і не ўпадаць у адчай. Чалавек — істота вельмі складаная і супярэчлівая, і ў ім могуць прысутнічаць як дабро і Боскі пачатак, так і абсалютна д'ябальскія рэчы. Гэты працэс працягваецца і не змяняе сваёй сутнасці. Здавалася б, пасля няпростага стагоддзя надышоў час пасталець і стаць больш мудрымі і цярпімымі адзін да аднаго. Але мы бачым на прыкладзе ўсіх краін, і нашай, на жаль, таксама, што гвалт, нежаданне чуць працягваюць сваё існаванне. І гэтая вечная барацьба дабра са злом працягваецца, а вяртанне ў рай пакуль застаецца марай. Магчыма, з-за таго, што мы глядзім на «Стварэнне свету» як на класічную, але абсалютна сучасную пастаноўку, і аўдыторыя яе так успрымае і ўважліва назірае за ўсім, што адбываецца на сцэне... Спектакль Елізар'ева абсалютна ўнікальны. Бо, калі першапачаткова ў задуме харэографаў ён быў амаль што ілюстрацыяй да Бібліі, то ў нас «Стварэнне свету» ўжо набывае зусім іншыя маштабы, дзе больш сур'ёзнасці і глыбіні, дзе разважанні пра лёс асобнага чалавека і ўсяго нашага роду...

Чалавек, пражываючы сваё ўласнае жыццё, прыўносіць адбітак сваёй гісторыі і свайго развіцця ў тое, што стварае ў мастацтве, і ў яго разуменне. Я сам, напрыклад, многія філасофскія рэчы, якія адлюстраваны ў «Стварэнні свету», расшыфраваў для сябе толькі ў сталым узросце, а на нешта мае погляды кардынальна змяніліся. Але толькі гледачам судзіць, ці стаў балет больш глыбокі і цікавы...

Д'ябал

Іван Савенкаў, выканаўца партыі Д'ябла ў спектаклі «Стварэнне свету»:

— Для мяне Д'ябал даволі алегарычны персанаж, асабліва ў першым акце. Гэта зусім не ўвасабленне абсалютнага зла. Персанаж ачалавечаны, ён увасабляе альтэрнатыву выбару іншага шляху. Не самага правільнага, але простага, зручнага і прыемнага. Ён такі сабе абаяльны эгаіст, «дрэнны хлопец». І галоўная магія адбываецца ў той момант, калі ты не іграеш і не паказваеш, а калі прапускаеш праз сябе ўсе гэтыя якасці і пераўтвараеш іх з дапамогай пластыкі, дазваляючы сабе ў рамках спектакля пабыць такім на самой справе. Тады і глядач табе верыць і з захапленнем успрымае. Думаю, поспех гэтага персанажа ў шчырасці, у тым, што ён заяўляе пра сябе, не спрабуючы прыкідвацца і хаваць твар пад маскай. Таму і маёй галоўнай задачай з'яўляецца тое, каб выйсці на сцэну і выпусціць сваіх дэманаў, атрымліваючы пры гэтым задавальненне.

...Барацьба дабра і зла ў душы чалавека вечныя. Успамінаецца дрэўняя індыйская легенда, у якой расказваецца, што ў кожным чалавеку жывуць і змагаюцца два ваўкі — чорны і белы, дабро і зло. А перамагае ў выніку той, якога ты гадуеш і песціш. Так і ёсць. Ты будзеш менавіта такі, якімі эмоцыямі падсілкуеш сябе. І ў кожнага ёсць выбар, незалежна ад сітуацыі, — узлавацца на ўвесь свет ці прыняць сваё жыццё і напоўніць яго станоўчай энергіяй. Для мяне важна ў любой сітуацыі перш за ўсё заставацца чалавекам...

Сёння мы жывём у свеце, дзе дамінантай упэўненасці, стабільнасці і поспеху з'яўляецца матэрыяльны дабрабыт. Так склалася, і гэта нармальна, што чалавек імкнецца да лідарства, хоча рэалізоўваць нейкія свае амбіцыі, забяспечыць сям'ю. Але сумна, калі пры гэтым губляецца духоўны складнік, простыя, вечныя чалавечыя каштоўнасці, сярод якіх — сям'я, каханне, сяброўства, павага і клопат. Бо самыя галоўныя рэчы — гэта зусім не рэчы. Менавіта яны лечаць і вылечваюць стомленыя і пакалечаныя вечнай гонкай за заўтрашнім днём душы.

Адам і Ева

Ірына Яромкіна, выканаўца партыі Евы ў «Стварэнні свету»:

— Як артыст я заўсёды праз сваю гераіню імкнуся несці са сцэны гледачу тую задуму, якая закладзена харэографам. Ева ў «Стварэнні свету» — гэта вобраз чысціні. Вобраз жанчыны, якая ратуе дабро і нясе яго па жыцці, бо яна тварэнне Бога. Па яго задуме праз яе ў свет прыйдуць будучыя пакаленні, таму жаночая місія — нараджэнне дзяцей, нараджэнне чалавецтва. І ў гэтым спектаклі паказана, што адраджэнне чалавецтва адбываецца менавіта праз жанчыну…

... Абапіраючыся на ўласны жыццёвы вопыт, я разумею, што ў кожнай жанчыны свой шлях, свае думкі і што кожная — асаблівая. Мне складана вывесці нейкі абагульнены вобраз сучаснай жанчыны, бо, нават улічваючы рознае наша ўнутранае напаўненне, галоўным застаецца наша роля маці і каханай — гэта тое, што закладзена ў нас прыродай. Зразумела, што час і абставіны, у якіх мы жывём, прымушаюць нас падладжвацца і трансфармавацца, але нутро застаецца нязменнае... Нам хочацца быць за мужчынам, які ведае, у чым яго прызначэнне...

У нашым балеце Адам — гэта якраз той сімвал сілы і надзейнасці, які паказвае нам вобраз сапраўднага мужчыны. Я цалкам раздзяляю гэта бачанне вобраза нашым харэографам. Бо ўменне несці адказнасць за сваю жанчыну і дзяцей — гэта адна з галоўных мужчынскіх якасцяў. І ў наш час асноўная частка мужчын — сапраўдныя і выконваюць тую місію, якая ў іх закладзена прыродай і небам…

Зараз, на маю думку, у кантэксце барацьбы дабра і зла вырашальным аказваецца тое, чым чалавек сябе напаўняе. Калі ў чалавеку больш шчырасці, адкрытасці і дабрыні, то і жыццё будзе складвацца ў такім рэчышчы. А калі ўнутры негатыў і адмоўныя эмоцыі, то мы самі блакіруем дабру магчымасць прыйсці да нас. Бо падобнае прыцягваецца да падобнага.

 


Iмгненнi творчасцi ў фотаздымку

А перад спектаклем адбудзецца прэзентацыя фотаальбома Аляксея Казнадзея, прысвечанага вядомай пастаноўцы.

— Для мяне балет «Стварэнне свету» — танец, якi паказвае неверагодныя магчымасцi чалавечага цела... Гэта цудоўныя мастацкiя вобразы i думкi... Гэта сiнтэз сцэнаграфii Лысiка, генiяльнай харэаграфii Елiзар'ева, музыкi Пятрова, якi дазваляе адчуць усю сiлу Божай любовi, — кажа Аляксей Казнадзей. — Калi здымаю, iмкнуся быць незаўважным, каб пазбегнуць пастановачных кадраў. Для мяне больш важна зрабiць рэпартажны кадр, у якiм адчуецца непаўторная эмоцыя... За час работы над праектам «Стварэнне свету» я зрабiў больш за 12 000 фотаздымкаў. Валянцiн Мiкалаевiч дапамог адабраць найлепшыя i пабудаваць на iх аснове фотагiсторыю з пункту гледжання харэографа...

«Iмгненнi Валянцiна Елiзар'ева. Стварэнне свету» — гэта ўжо трэцi альбом з серыi «Iмгненнi Валянцiна Елiзар'ева». Так, у першай кнiзе Аляксей Казнадзей прадставiў фотаздымкi, дзе адлюстраваны моманты рэпетыцый балета «Спартак», а таксама падрыхтоўка да гала-канцэрта з нагоды 70-гадовага юбiлею Валянцiна Мiкалаевiча. А ў другой кнiзе можна ўбачыць фотаздымкi, прысвечаныя балету Сяргея Пракоф'ева «Рамэа i Джульета». На сустрэчу з гледачамi ў Малой зале завiтаюць пастаноўшчыкi спектакля — мастацкi кiраўнiк тэатра, народны артыст СССР Валянцiн Елiзар'еў i дырыжор Вячаслаў Чарнуха-Волiч. У наведвальнiкаў будзе ўнiкальная магчымасць не толькi паразмаўляць са знакамiтым харэографам, але i паўдзельнiчаць у розыгрышы трох фотаальбомаў. Кнiгi дастануцца тым, хто адрасуе фотамайстру найбольш цiкавыя пытаннi.

Таксама ў гэты вечар Вялiкi тэатр падрыхтаваў падарунак i маладажонам — можна запiсацца на бясплатную вясельную фотасесiю ў тэатры. Для гэтага будучым сужэнцам, якiя падалi заяву ў загс, неабходна паказаць аднаму з адмiнiстратараў у фае ўваходныя бiлеты з датай фотасесii i кантактнымi данымi.

Алена ДРАПКО

Фота прадастаўлена Вялікім тэатрам

Загаловак у газеце: На чым трымаецца «Стварэнне свету»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

У 90 % выпадкаў людзі не ведаюць, як правільна мыць галаву.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У Блізнятаў ёсць шанц кардынальна змяніць жыццё.

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.