Вы тут

Галоўны рэдактар «Лідскай газеты»: Не трэба спадзявацца, што сітуацыя вырашыцца сама сабой


Пра грамадска-палітычную сітуацыю ў нашай краіне і ролю ў гэтай сітуацыі СМІ мы пагутарылі з членам Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, галоўным рэдактарам «Лідскай газеты» Кацярынай СЕРАФІНОВІЧ.


Фота Яна Хведчына

— Кацярына Адамаўна, што, на ваш погляд, адбываецца сёння з беларускім грамадствам?

— У часткі грамадства з'явілася нейкае недастатковае разуменне, і яно вылілася ў тыя канфлікты, якія мы сёння бачым. Мы з калегамі спрабавалі на сваім рэгіянальным узроўні даведацца аб прычынах незадаволеннасці, гутарылі з пратэстоўцамі, але канкрэтнага адказу не дамагліся. Крычаць: «Нам трэба больш свабоды», а што яны маюць на ўвазе пад «свабодай» — незразумела. Больш сталыя людзі, якіх таксама можна ўбачыць сярод пратэстоўцаў, кажуць пра тое, што хочуць заявіць аб сабе; пра тое, што яны ёсць і іх меркаванне трэба ўлічваць. Напрыклад, жанчына, з якой я размаўляла, расказала, што раней яна працавала бухгалтарам у прыватніка, атрымлівала заробак у канверце, і вось прыйшоў час пенсіі, якая пасля ўсіх падлікаў аказалася зусім невялікая. Ёй падаецца гэта несправядлівым, і цяпер яна на мітынгу такім чынам прад'яўляе дзяржаве прэтэнзіі. Але ўлада заўсёды казала пра тое, што заробак трэба афармляць законна, і тады пенсія будзе налічвацца адпаведна яму.

— З людзьмі, несумненна, патрэбна гаварыць. але метады інфармацыйнай работы цяпер патрабуюць новых падыходаў... Што маеце на ўвазе?

— Сёння мы актыўна працуем ў гэтым кірунку. Наша дзяржава ў гэтым плане добра развітая, мы ўсё ж такі называемся ІT-краінай. І вялікая частка насельніцтва атрымлівае інфармацыю з сацыяльных сетак і Telegram-каналаў. І нам, прадстаўнікам дзяржаўных СМІ, трэба быць больш актыўнымі ў сацсетках. Зараз у нас, у Гродзенскай вобласці, з'явіліся новыя дзяржаўныя Telegram-каналы, і мы з калегамі з абласной газеты «Гродзенская праўда», раённых выданняў працуем над тым, каб іх развіваць.

Але ад друкаваных СМІ нельга адмаўляцца, асабліва ад рэгіянальных, бо яны значна бліжэй да чытача, па маіх адчуваннях. Прынята лічыць, што тыраж газеты вызначае давер, але разам з тым ва ўмовах сучаснасці неабходна дубліраваць інфармацыю і ў сацыяльных сетках. Вось, напрыклад, мы падлічылі: за восем месяцаў бягучага года ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года тыраж газеты ўпаў на шэсць працэнтаў, але разам з тым на 34 % вырасла наведвальнасць яе электроннай версіі — сайта, таму казаць пра страту даверу чытача да «Лідскай газеты» не прыходзіцца.

— Якую ролю могуць сыграць дзяржаўныя СМІ ў пераадоленні таго недастатковага разумення ў грамадстве, пра якое вы кажаце?

— Першаступенную! Ніхто ад людзей не замыкаецца. І дэпутаты розных узроўняў, і кіраўнікі рэгіёнаў ідуць на кантакты, імкнуцца растлумачыць пазіцыю дзяржавы, яе клопат аб сацыяльным дабрабыце грамадзян краіны. І СМІ павінны аб гэтым гаварыць. Калі ёсць нейкія недахопы або негатыў — пра гэта павінны казаць у першую чаргу дзяржаўныя СМІ, тады і праблема будзе вырашацца, і давер будзе расці. Мы неаднаразова падымалі ў сваёй газеце праблемы, аб якіх даведваліся праз сацыяльныя сеткі, і людзі бачылі нашу рэакцыю, бачылі, што пытанні, якія іх хвалююць, вырашаюцца. Таму да нас у рэдакцыю лідчане і звяртаюцца, бо ведаюць, што будуць пачутыя. Канешне, на ўзроўні рэгіёна часцей падымаюцца пытанні добраўпарадкавання, капітальнага рамонту дамоў, якасці дарожных работ, захаванасці экалогіі. Так, мы гаворым і пра недахопы, але і паказваем, як потым праблема вырашаецца. Журналістыка павінна быць дзейсная.

— Як вы лічыце, чаму многія аддаюць перавагу інфармацыі з інтэрнэту?

— Мне здаецца, адна з прычын у тым, што журналіст дзяржаўных СМІ ў некаторым сэнсе абязлічаны. Яго могуць ведаць па прозвішчы, а тое, што ён жыве ў суседнім доме — не. Калі ў газеце няма фотаздымкаў журналістаў — гэта дрэнна. Карэспандэнт можа расказваць аб падзеі ад першай асобы, але яго ўсё роўна не бачна. Адпаведна і ступень даверу змяншаецца. Яшчэ такі момант: сучасныя людзі прывыклі выказваць свой пункт гледжання ў сацсетках, там інтэрактыўныя зносіны, анлайн вядуцца размовы і нават спрэчкі. Людзі ў сацсетках усе трошкі журналісты. А вось купіць газету ці нават зайсці на сайт — для гэтага трэба зрабіць нейкія дзеянні. У Telegram-каналах увогуле ўсё хутка і проста: пост пачытаў — і ўжо эксперт. У сацсетках людзі адчуваюць сябе прыналежнымі да прагрэсіўнай часткі грамадства, блізкімі да сваіх сяброў ці тых людзей, з якімі хацелі б сябраваць.

— Вы сказалі, што журналістыка дзяржаўных СМІ абязлічаная. Ці можна гэта неяк змяніць?

— Па-першае, тэндэнцыя ўжо ідзе. Многія журналісты сталі пісаць свае калонкі. Гэтыя калонкі павінны быць шчырыя, у іншым выпадку карысці ад іх няма. Гэта тое ж самае блогерства. Такія рэчы павінны быць і ў дзяржСМІ. Між іншым, папулярнасць можа быць не заўсёды прыемная. Так здарылася і са мной. Нядаўна наша выданне апублікавала меркаванне, а фота артыкула трапіла ў «Інстаграм», і мне сталі пісаць у акаўнце непрыемныя рэчы. Але гэта ўсё пройдзе. Трэба сумленна і паслядоўна казаць пра тое, што адбываецца ў краіне, і тады, магчыма, хтосьці з тых, хто выходзіць на пратэсты, задумаецца. Цяпер такі час, што інфармацыйная работа павінна весціся штохвілінна.

— Якімі рысамі, на ваш погляд, павінна вызначацца якасная журналістыка, каб ёй давяралі?

— Нічога новага не скажу. Яна павінна быць аб'ектыўнай і асвятляць падзеі ўсебакова.

— Ці значыць гэта, што зараз трэба пісаць пра ўсё, што адбываецца ў краіне?

— Так, але цяпер такая сітуацыя, што да нас звяртаюцца чытачы і просяць спыніць гэтае вар'яцтва, што выхаднымі днямі творыцца на вуліцах гарадоў. Яскрава прасочваецца цікавасць чытачоў газеты, наведвальнікаў сайта да пазітыўных матэрыялаў — людзі зараз больш шукаюць станоўчую інфармацыю, інтуітыўна абараняючыся ад негатыву. У нас вырасла колькасць праглядаў дачных парад, артыкулаў пра прадстаўнікоў той ці іншай прафесіі, тлумачэнняў заканадаўства. Празмерны негатыў не спрыяе паляпшэнню сітуацыі ў краіне, тым больш што мы не працуем на хайп, у нас зусім іншыя задачы.

— Як вы бачыце сваю асабістую ролю ў сённяшняй сітуацыі ў краіне як члена Савета Рэспублікі?

— Безумоўна, дзейнасць сенатара была і застаецца заканатворчай, але з улікам сённяшніх рэалій важна цяпер не маўчаць. Варта быць актыўным у плане сустрэч з людзьмі, не баяцца іх вострых пытанняў, трансляваць свой пункт гледжання. Увогуле, парламентарый павінен быць лідарам меркаванняў нават у сацыяльных сетках.

— ...і як рэдактара газеты?

— Цяпер ва ўмовах інфармацыйнай напружанасці дзяржаўныя СМІ часта абвінавачваюць у прапагандзе, а насамрэч любое СМІ — і дзяржаўнае, і прыватнае — прапагандуе сваё бачанне сітуацыі. Наколькі яно аб'ектыўнае — гэта справа прафесіяналізму і сумлення тых, хто працуе ў сферы мас-медыя. Таму сваю задачу бачу ў тым, каб тлумачыць чытачу рэальны стан спраў, даваць яму ўсю неабходную інфармацыю з улікам часу і запатрабаванняў. У гэтым задача СМІ, як рэгіянальных, так і рэспубліканскіх.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?

Грамадства

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Аб альтэрнатыве клайпедскаму порту, рэканструкцыi Нясвiжскага палаца i роднай мове падчас сямейных сустрэч.

Грамадства

Заразіцца прафесіяналізмам. Чаму трапіць на неканферэнцыю настаўнікаў EdCamp лічыцца вялікай удачай?

Заразіцца прафесіяналізмам. Чаму трапіць на неканферэнцыю настаўнікаў EdCamp лічыцца вялікай удачай?

Чацвёртая педагагічная неканферэнцыя прайшла ў мінулыя выхадныя з нязменным аншлагам і сабрала больш як тры сотні педагогаў з розных куткоў нашай краіны.