Вы тут

Пад Мінскам адкрыўся найбуйнейшы комплекс для гоншчыкаў


Ён абышоўся інвестару ў 13 млн долараў плюс каля аднаго мільёна USD у абсталяванне комплексу ўклала ДТСААФ. Аб'ект гэты размешчаны каля магілёўскай трасы, побач з вёскай Прылессе (Мінскі раён), крыху не даязджаючы да Стаек. Убачыўшы велізарнае мноства разнастайных, рознаўзроўневых дарожак і трас на месцы былога кар'ера, зайздросціш нашым спартсменам. «Гэта тое, чаго даўно чакалі не толькі прафесійныя гоншчыкі, але і простыя аўтааматары, якім часам трэба выпускаць пару», — кажуць яны.


Картынгавая траса.

Новая пляцоўка абсталявана трэкамі для мотакросу і картынга, якія не маюць аналагаў у Еўропе. Комплекс будзе спрыяць развіццю аўтаспорту ў Беларусі, а таксама павышэнню майстэрства нашых кіроўцаў. Зараз ідзе падрыхтоўка да першага гоначнага сезона, у планах правядзенне рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў.

Найлепшы ў Еўропе

Ідэйным натхняльнікам праекта, фінансістам і адначасова забудоўшчыкам выступіла кампанія «А-100 Дэвелапмент». Пасля завяршэння работ комплекс быў перададзены ў распараджэнне Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ).

Старшыня наглядальнага савета інвестара Аляксандр Цэнцер лічыць, што гэта першы, але не апошні аб'ект такіх маштабу і складанасці ў нашай краіне. Усё спраектавана і пабудавана паводле сусветных стандартаў, што дасць магчымасць прымаць пад Мінскам міжнародныя спаборніцтвы. Для кампаніі, як сацыяльна адказнага бізнесу, гэта перш за ўсё ўклад у развіццё аўтаспорту ў Беларусі.

Акрамя таго, з адкрыццём комплексу закрываюцца стары трэк і стадыён у Баравой, што забяспечыць камфорт і цішыню жыхарам вялікага квартала. Гэта той самы выпадак, калі ў выйгрышы застаюцца ўсе. Цяпер інвестыцыі ў спорт і дзяцей — гэта залог стабільнага развіцця нашай краіны ў доўгатэрміновай перспектыве, лічыць спадар Цэнцер.

Пляцоўка для будаўніцтва была абраная з разраду «ідэальных» нязручнасцяў. Глыбокі закінуты кар'ер меў складаны рэльеф з вялікімі перападамі вышынь. Больш за год арганізатары будоўлі толькі выраўноўвалі пляцоўку пад будучы комплекс. Увесь ён падзелены на чатыры буйныя зоны, кожная з якіх мае свае функцыі.

Поле для дрыфта. Фота: onliner.by

«Комплекс уключае дзве арганізацыі — Рэспубліканскі спартыўна-тэхнічны цэнтр і Дзіцяча-юнацкую спартыўную школу па аўтамотаспорце», — уводзіць у курс дырэктар комплексу Сяргей Лапіцкі.

Імя кіраўніка добра знаёма ў асяроддзі аўтагоншчыкаў. Сяргей Лапіцкі сам пачаў займацца аўтаспортам з шасці гадоў. Неаднаразовы чэмпіён краіны па трэкавых аўтагонках і майстар спорту па аўтамабільным спорце адзначае, што ў іх комплексе пачынаюць навучанне такім дысцыплінам, як картынг і мотакрос ужо з пяці гадоў. А наогул, у комплексе можна займацца картынг-слаламам, мотакросам, мотаджымханай, tіme-attack (тайм-атак — спаборніцтвы на найлепшы час праходжання круга), дрыфтынгам, хуткасным манеўраваннем. Цяпер ствараецца школа па шашэйна-кальцавых мотагонках. Узроставы дыяпазон навучэнцаў — ад 5 да 60 гадоў. На карце комплексу вылучаны чатыры асноўныя лакацыі: картадром, аўтадром для навучання на ўсе катэгорыі кіроўцаў, стадыён для мотабола і траса для мотакросу. Кожная заслугоўвае асаблівай увагі.

Картадром

Гэта картынгавая траса пабудавана па эксклюзіўным праекце маскоўскай кампаніі. Даўжыня — 1200 метраў, шырыня на некаторых участках дасягае 16 метраў. Асаблівасць — у гнуткасці: пры неабходнасці можна лёгка змяніць яе канфігурацыю.

Прадуманы перапады вышынь, маецца серыя паваротаў. Адзін з самых выкручастых участкаў называюць па аналогіі са знакамітымі гонкамі серыйных аўтамабіляў — а-ля Nascar.

«Хоць асноўнае прызначэнне трасы — гэта трэніроўкі і спаборніцтвы па картынгу, яна стваралася таксама з улікам інтарэсаў іншых дысцыплін, — удакладняе Сяргей Лапіцкі. — Тут можна праводзіць шашэйна-кальцавыя мотагонкі і спаборніцтвы на аўтамабілях, у прыватнасці, па дрыфце».

Уздоўж трасы расстаўлена больш за дзясятак судзейскіх пастоў. Спраектаваная сістэма відэаназірання, якая будзе дапамагаць у спрэчных сітуацыях, — высакахуткасныя камеры, устаноўленыя на кожным павароце, дазволяць дакладна адсачыць траекторыю матацыкла або аўтамабіля. Для гледачоў прадугледжана трыбуна ўмяшчальнасцю 300 чалавек.

Былы кар'ер — пляцоўка плошчай 75 га.

Плануецца, што картадром будзе працаваць круглы год. Скарыстацца яго паслугамі змогуць не толькі спартсмены і вучні ДЮСШ, але і звычайныя аўтааматары. Цэнтр збіраецца рабіць трэк-дні.

Але картадром гэта не толькі траса, але яшчэ шэраг будынкаў і лакацый. Напрыклад, для камандаў, якія прыехалі на спаборніцтва, прадугледжана пляцоўка, дзе яны могуць паставіць палатку або мотархоум, падключыцца да электрычнасці. Словам, у нармальных умовах абслужыць карты і выканаць рамонт.

Побач размешчаны бокс тэхнічнага кантролю (дзе тэхнічныя камісары змогуць правесці дэталёвы агляд аўтамабіляў пераможцаў) і бокс для захоўвання і абслугоўвання картаў.

Па словах кіраўніка спартыўнага комплексу, менавіта картынгавая траса стане пунктам адраджэння ўсяго аўтамабільнага спорту ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што траса лічыцца картынгавай і мае адносна невялікую працягласць, яна падыходзіць і для больш буйных аўтамабіляў. На ёй можна атрымаць першасныя навыкі гоначнай язды: вывучэнне траекторый, тэхніка работы тормазам і газам. На трэку ўжо праходзяць спаборніцтвы.

Адметнасць трасы — невялікі трамплін. Найменшая памылка ў выбары пункту тармажэння можа прывесці да вылету. Мы звярнулі ўвагу на тое, што зоны бяспекі абгароджаныя новенькімі пакрышкамі «Белшыны». Аказваецца, гэтага патрабуюць стандарты бяспекі. Для картынгавай трасы набылі каля 6 тысяч шын, праўда, кажуць, што яны былі злёгку некандыцыя. Не ведаю, выглядаюць яны як новыя.

Арэнда картынгавай трасы на аднаго чалавека каштуе ад 50 да 100 рублёў на некалькі гадзін

«Вельмі цікава назіраць за працэсам навучання дзяцей у ДЮСШ, — расказвае Сяргей Лапіцкі. — Спачатку прыходзяць малыя, шлем якіх большы, чым яны самі. Але паступова хлопцы ператвараюцца ў дарослых гоншчыкаў, якія вучацца працаваць у камандзе, атрымліваюць навыкі механікаў, гатовыя вытрымліваць напружаную барацьбу».

Стадыён «Зара»

У нашай краіне існуе і нават знаходзіць падтрымку такі спорт, як мотабол: праводзіцца чэмпіянат краіны, а наша каманда пару гадоў таму заняла трэцяе месца на чэмпіянаце Еўропы. Але ніхто не здагадваецца, як жа гэта было цяжка без сваёй нармальнай пляцоўкі.

Цяпер у спартсменаў ёсць свой стадыён і магчымасць праводзіць трэніроўкі. Асфальтавае пакрыццё на ім падчас спаборніцтваў пасыпаецца шчэбнем, каб мяч не «задзіраўся».

Вакол плямы стадыёна знаходзіцца трэкавая дарожка. Улетку гонкі праводзяцца на грунце, зімой — на чыстым лёдзе. Гэта шалёныя хуткасці, аўтамабілі амаль заўсёды — у ледзяной смузе. Захапляльнае відовішча. Тут таксама можна праводзіць трэніроўкі і спаборніцтвы па мотаджымхане і дрыфце.

У перспектыве таксама плануецца адрадзіць такі від мотаспорту, як спідвей-гонкі на ледзяным авале. Ёсць ідэі адкрыць новую для Беларусі дысцыпліну — ралі-крос. Гэта класічнае ралі і кальцавыя гонкі ў адным. Спаборніцтвы праходзяць на камбінаванай паверхні — асфальт і грунт. Назіраць за спаборніцтвамі з трыбуны могуць паўтары тысячы гледачоў.

Траса для мотакросу

Сяргей Лапіцкі з мячыкам (4 кг) для мотабола.

Самым папулярным відам мотаспорту ў свеце з'яўляецца мотакрос. Для гэтай дысцыпліны прызначана грунтавая траса працягласцю 1848 метраў, якая мае шмат горак, з трамплінамі і паваротамі рознай крутасці.

Мы гэта раней бачылі па тэлевізары, калі падлятаюць уверх, робяць сальта і пералятаюць цераз два трампліны. «Дзесьці гэта так, — амаль згаджаецца кіраўнік цэнтра. — Адначасова стартуе некалькі дзясяткаў удзельнікаў. Яны рухаюцца на высокіх хуткасцях, узнімаюцца ўверх, прызямляюцца... Спаборніцтвы праходзяць у розных узроставых катэгорыях, самым юным удзельнікам — 5-6 гадоў».

У найбліжэйшай будучыні на гэтай трасе плануецца прымаць этап чэмпіянату Еўропы. А ўжо ў дзень адкрыцця на трасе трэніраваліся спартсмены.

Для спартсменаў прадугледжаны боксы, дзе захоўваецца і рамантуецца тэхніка. Каля 150  матацыклаў належаць ДТСААФ. Але ўзяць іх проста так напракат нельга. На гэтай тэхніцы змогуць ездзіць толькі тыя, хто займаецца ў секцыі мотакросу. Дарэчы, прымаюць у гэты спорт дзяцей з пяці гадоў. А вось прыехаць на сваім матацыкле і пакатацца па трасе можна. Дарэчы, захоўванне матацыкла на месцы будзе каштаваць каля 100 рублёў у месяц.

Пляцоўка-аўтадром — імгненнае задымленне

Пляцоўка для навучання ваджэнню можа выкарыстоўвацца ў якасці трасы для дрыфта. У сваёй звычайнай іпастасі гэта пляцоўкі для навучання ваджэнню на ўсе катэгорыі транспартных сродкаў. Тут ёсць усе неабходныя элементы: «васьмёрка» для матацыклаў, эстакады, «гараж». Пры неабходнасці аўтадром трансфармуецца ў пляцоўку для самых розных відаў спорту: дрыфт, тайм-атак, мотаджымхана, стантрайдынг, картынг-слалам. Большасцю дысцыплін можна заняцца тут самастойна, арандаваўшы пляцоўку. Напрыклад, арэнда пляцоўкі для дрыфта абыдзецца прыкладна ў 70 рублёў за тры гадзіны.

Зусім няшмат, калі не лічыць цану сваёй гумы, якая «гарыць» тут з проста вар'яцкай хуткасцю.

Зала для трэніровак па кіберспорце

У адміністрацыйным будынку, акрамя навучальных аўдыторый, трэнажоркі, медыцынскага кабінета, кафэ, раздзявальняў, знаходзіцца зала для трэніровак па кіберспорце. Цяпер гэта не даніна модзе, а неабходнасць.

«Сёлета зборная каманда Беларусі прадстаўляла нашу краіну на FІA Motorsports Games у Італіі, — прыводзіць прыклад кіраўнік цэнтра. — Выступленні праходзілі ў некалькіх класах: шашэйна-кальцавыя гонкі, картынг-слалам і іншыя. У склад каманды павінен таксама ўваходзіць кіберспартсмен, які набіраў ачкі ў агульны залік. Нам стала відавочна, што трэба развіваць гэты кірунак. Сяргей Лапіцкі лічыць неабходным, каб гэты від спорту прызналі афіцыйным. Аўтасімулятары максімальна рэалістычныя і маюць велізарную колькасць настроек. Гэта не проста траса, а комплекс з даволі разгалінаванай інфраструктурай. Як лічыць кіраўніцтва цэнтра, тут можна будзе правесці цэлы дзень усёй сям'ёй.

Пакуль дзеці займаюцца ў ДЮСШ, бацькі могуць узяць напракат карт або адпрацаваць навыкі кіравання матацыклам. Для тых, хто далёкі ад аўта- і мотаспорту, прадугледжана секцыя фітнесу.

Сацыяльны аспект і трошкі камерцыі

Аляксандр Цэнцер заявіў, што гэта ў першую чаргу праект сацыяльны, які дазволіць дзецям і моладзі займацца папулярнымі аўта- і мотаспартыўнымі дысцыплінамі. Зрэшты, камерцыйны складнік ніхто не выключаў — комплекс павінен і будзе зарабляць грошы. Прыбытак мяркуецца ад работы аўташколы ДТСААФ, арэнды любога з трэкаў для самых розных мерапрыемстваў. А спарткомплекс адкрывае свой першы гоначны сезон. З найбліжэйшых падзей — першынство па мотаболе, спаборніцтва па картынг-слаламе і спаборніцтва па мотакросе.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: На поўнай хуткасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урачыстае мерапрыемства «За Беларусь!» адбылося ў Маскве

Урачыстае мерапрыемства «За Беларусь!» адбылося ў Маскве

Аляксандр Рагожнік звярнуў увагу, што зусім хутка беларускаму народу трэба будзе чарговы лёсавызначальны выбар.

Эканоміка

Развіццё — базіс нашай дзяржаўнасці

Развіццё — базіс нашай дзяржаўнасці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.