Вы тут

Гістарычная праўда ў аснове дня заўтрашняга


Учора ў Мінску пачаў сваю работу VІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, прысвечаны тэме «Гістарычная спадчына Вялікай Перамогі як аснова развіцця сацыяльна-эканамічных і духоўных сувязяў народаў Беларусі і Расіі». Мерапрыемства праходзіць пад патранажам прэзідэнтаў дзвюх краін і ўпершыню ў рэжыме відэаканферэнцыі.


Праца першага дня форуму была арганізаваная па пяці секцыях і некалькіх тэматычных напрамках: парламенцкае супрацоўніцтва, сумесныя эканамічныя праекты, подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, супрацьдзеянне гераізацыі нацызму, павышэнне актыўнасці сельскай моладзі.

«VІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзіць у юбілейны 75-ы год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта эпахальная падзея. Роўна 75 гадоў таму свет быў вызвалены ад «карычневай чумы», — заявіў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец перад пачаткам пасяджэння секцыі «Парламенцкае вымярэнне ў кантэксце захавання гістарычнай спадчыны і ўмацавання адзінства брацкіх народаў». — На жаль, мы сёння назіраем, як некаторыя палітычныя сілы спрабуюць перапісаць гісторыю Другой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай, паменшыць ролю і значэнне савецкага народа ў перамозе над фашызмам, а ў некаторых выпадках нават гераізаваць нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых. Вядома, мы не можам стаяць у баку ад спроб фальсіфікацыі гісторыі. Мы абавязаны захаваць для цяперашніх і наступных пакаленняў праўду аб гэтай вайне. І тут, вядома, вялікая роля парламентаў дзвюх краін».

Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў падчас пасяджэння секцыі «Подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне — аснова выхавання патрыятызму і грамадзянскай адказнасці» паведаміў, што беларускія навукоўцы-гісторыкі працягваюць даследаваць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. «Важна забяспечыць аб'ектыўнае асвятленне Вялікай Перамогі савецкага народа і захаванне памяці пра гэты самаадданы гераічны подзвіг».

Адбыліся таксама сумеснае пасяджэнне дзелавых саветаў Беларусі і Расіі і экспертная сесія высокага ўзроўню на тэму «Адукацыя як аснова гістарычнай памяці і далейшага інтэграцыйнага развіцця Саюза Беларусі і Расіі».

Акрамя таго, у ходзе пасяджэння Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве былі разгледжаны пытанні рэгіянальнага супрацоўніцтва, выканання дакументаў, прынятых на папярэдніх форумах, развіцця навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва дзвюх краін.

Цэнтральнай падзеяй форуму стане пленарнае пасяджэнне, дзе традыцыйна будуць падведзены вынікі працы секцый, абмеркаваны ключавыя пытанні, і на іх падставе будзе прыняты выніковы дакумент.


«Неабходна быць моцнымі, у першую чаргу эканамічна, тэхналагічна, інтэлектуальна»

Падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі сустаршыня Асацыяцыі знешнепалітычных даследаванняў імя А. А. Грамыкі, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей РАХМАНАЎ расказаў, якім чынам саюзнае мерапрыемства можа дапамагчы ў вырашэнні праблем у беларускім грамадстве:

— Выклікі ёсць, і яны былі заўсёды, таму не трэба здзіўляцца таму, што адбываецца. Гэта заканамерныя з'явы — пазіцыя Беларусі і Расіі далёка не ўсім у свеце падабаецца. Каб падобнаму актыўна супрацьстаяць, неабходна быць моцнымі, у першую чаргу эканамічна, тэхналагічна, інтэлектуальна. Наша задача — пры любых абставінах узмацняць свае пазіцыі, уцягваць інтэлект ва ўсе сферы дзейнасці, быць максімальна гатовымі да рэагавання, прычым апераджальнага рэагавання. Неабходна прагназаваць развіццё падзей і дзейнічаць прэвентыўна. Таму мэта форуму і заключаецца ў тым, каб сваю пазіцыю абазначыць і рэалізаваць на практыцы.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?