Вы тут

На прамую лінію ў Магілёўскі аблвыканкам звярнуўся 31 жыхар


На гэты раз яны мелі магчымасць задаць свае пытанні наўпрост губернатару — Леаніду Зайцу. Праблемы традыцыйна датычыліся жыллёва-камунальнай, будаўнічай, дарожнай і іншых сфер дзейнасці. Некаторыя праблемы грамадзян пачалі вырашацца адразу ж пасля іх сігналу. Як у выпадку з расіянкай Таццянай Леанідаўнай, якая жыве ў Мсціславе. Дапамога неабходна яе брату, які перанёс два інсульты і зараз мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе. Ён згубіў дакумент, які пацвярджае від на жыхарства ў Беларусі, і яго адмовіліся прымаць у мясцовай бальніцы. Пасля званка на прамую лінію на заяўлены адрас была накіравана хуткая дапамога. Медыкі павінны даць заключэнне, а калі спатрэбіцца, шпіталізаваць пацыента.


Фота БЕЛТА.

Трэць званкоў на прамую лінію паступіла ад магіляўчан і яшчэ тры ад жыхароў Магілёўскага раёна. Па два разы патэлефанавалі з Бабруйска, Круглянскага, Мсціслаўскага і Асіповіцкага раёнаў, а таксама з Бялыніцкага, Бабруйскага, Быхаўскага, Кіраўскага, Клімавіцкага, Краснапольскага, Крычаўскага, Хоцімскага, Чавускага і Шклоўскага раёнаў.

Трывожны сігнал паступіў з вёскі Мосін Хоцімскага раёна, дзе ў гаспадыні захварэлі свінні, тры з якіх прапалі. На месца тэрмінова выехалі спецыялісты раённай ветслужбы.

У сціслыя тэрміны даручана ліквідаваць праблемы па новабудоўлі на вуліцы Бярозаўскай у Магілёве, якая была здадзена ў эксплуатацыю. Шматдзетная маці Алеся Конанава паскардзілася, што ў яе новым жыллі шмат будаўнічых недапрацовак. Да ліку кароткатэрміновых па вырашэнні аднесена і пытанне па ачыстцы меліярацыйнага канала ў завулку Зарэчны ў Магілёве, на стан якога наракала магіляўчанка Ірына Аляксееўна.

З Мсціслава патэлефанавала жанчына і паведаміла, што ў горадзе цэлы год не працуе лазня. Губернатар паабяцаў ёй, што чакаць засталося зусім нядоўга — аб'ект адкрыецца ўжо да 7 лістапада.

З вёскі Нікалаеўка-3 прасігналізавалі наконт дрэнных дарог. Старшыня аблвыканкама даў даручэнне комплексна абследаваць стан дарог у Магілёўскім раёне і сфарміраваць адпаведную праграму па іх рамонце на наступны год. На кантролі пытанне і аб аднаўленні дарогі да могілак у раёне вёскі Грыбаны Магілёўскага раёна. Адтуль паскардзіліся, што яе ўзаралі.

Пад разгляд трапіла таксама скарга з Асіповіцкага раёна наконт працаўладкавання ў мясцовую аграгаспадарку. Бабруйчанін, які пераехаў туды працаваць, абурыўся, што зарплата, якую ён атрымаў, зусім не такая, як абяцалі першапачаткова.

Прававую ацэнку павінна атрымаць і сітуацыя з непаўналетнім з Бабруйска, які прыняў удзел у несанкцыянаваным мітынгу. На прамую лінію патэлефанавала яго занепакоеная маці.

У адрас кіраўніка вобласці прагучала таксама некалькі падзяк. Жыхар Чавускага раёна падзякаваў за вырашэнне пытання па рэканструкцыі ліній электраперадачы ў пасёлку Ялавое, а жыхарка Бабруйскага раёна выказала ўдзячнасць за дапамогу ў абгароджванні зямельнага ўчастка.

Старшыня аблвыканкама Леанід Заяц, падсумоўваючы вынікі прамой лініі, падкрэсліў, што зваротам грамадзян павінна і надалей надавацца асаблівая ўвага. Без гэтага даверу ад насельніцтва да ўлады не будзе. Усе пытанні, якія паступілі на прамую лінію, узяты на кантроль. Па кожным з іх будуць прынятыя меры і дадзены тлумачэнні заяўнікам.

Усяго з пачатку года на прамыя лініі паступіла 813 зваротаў — на 84 болей, чым за аналагічны перыяд летась. З іх 285 вырашаны станоўча, 170 заяўнікам дадзены тлумачэнні ў пісьмовым выглядзе, яшчэ 83 звароты знаходзяцца на працяглым кантролі і 84 у стадыі разгляду. Рашэнне адмовіць у задавальненні патрабаванняў прынята па 133 заяўніках.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Медыцына, дарогі, камуналка...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.