Вы тут

Арцемій Барычэўскі: «Музыка прыйшла да мяне сама»


Арцемій Барычэўскі: «Музыка прыйшла да мяне сама»
Шчаслівая гісторыя пра тое, як кампазітар не стаў зваршчыкам

Вельмі добра памятаю свайго былога аднакласніка Арцёма Барычэўскага. Быў ён задзірай і неслухам, крыўдзіў усіх, хто трапляўся на шляху, а настаўнікаў даводзіў часам так, што выклікалі хуткую. Не, Арцём не быў злым, проста быў пакрыўджаным падлеткам, якому хацелася ўвагі. Цяпер яму 21, ён стаў не злачынцам, як многія прадракалі, а кампазітарам, імя якога вы яшчэ аднойчы пачуеце (прабачце мне суб’ектыўнае меркаванне).

Пра сустрэчу з музыкай
— Дзяўчына, першае каханне, мяне кінула. І панеслася музыка: я быў такі гаротны, хацелася пакутаваць. Аддавацца суму пад прыгожую музыку нашмат прыемней, таму я слухаў Людавіка Эйнаўдзі (Ludovico Einaudi), вельмі вядомага зараз італьянскага кампазітара.
У канцы 9-га класа пачаў працаваць на будоўлі. Яна размяшчалася ў цэнтры горада Свіслач, дзе жыве мая цётка. На абед, каб не марнаваць час, хадзіў не дадому, а да яе. Ад былога мужа-музыкі ў цёткавай кватэры застаўся старэнькі сінтэзатар Yamaha. Я якраз пачаў цікавіцца музыкай, паглядзеў фільм «1+1», дзе галоўны саўндтрэк — «Fly» Людавіка Эйнаўдзі. Гэтая кампазіцыя засела ў галаву, спрабаваў сыграць яе праз камп’ютарную праграму, але не надта атрымлівалася, і я вырашыў паглядзець, ці змагу на сінтэзатары. Проста сеў і стаць іграць. Лета скончылася, праца таксама. І перад пачаткам 10-га класа у мяне паўстаў выбар: купіць на заробленыя грошы сінтэзатар, хоць наогул не разумею, што гэта такое і што з ім рабіць, альбо набыць прыстаўку і гуляць далей у камп’ютарныя гульні. Падкінуў у галаве манетку і купіў сінтэзатар. Гэта самая ідыёцкая пакупка ў маім жыцці: патраціў грошы на дарагую рэч, не маючы нават уяўлення, як з ёй абыходзіцца. Памятаю той дзень: пайшоў у школу, тут тэлефануюць на перапынку, што прывезлі інструмент. І я прапаў. Аднёс яго дадому, адкрыў, як скрыню Пандоры, і падумаў: «Вось яно! Не ведаю, што гэта, але яно!» Пачаў іграць, а гук электронны, педалі няма… Адным словам, непрыгожа. Кінуў і пайшоў гуляць у камп’ютар. Ні музычнай школы, наогул нічога звязанага з музыкай у маім жыцці не было. Ды і саму музыку пачаў слухаць у гадоў 13-14, і то не класічную, а нейкі агідны рэп тыпу «1.Kla$», а потым Макса Каржа.
Праз некаторы час паехаў у Мінск у госці да бацькі, і ён мне падкінуў грошай: «На, пагуляй па сталіцы». На той час вялікую суму — 200 тысяч рублёў (да дэнамінацыі). Я адразу выправіўся ў музычную краму, дзе ўбачыў педаль да сінтэзатара. Яна каштавала 198 тысяч. І зноў выбар: альбо зараз пайду гуляць па Мінску, альбо куплю педаль. Вядома, выбраў другое. Прыехаў дадому, падключыў педаль да сінтэзатара. І тут канчаткова знік. Проста сеў і пачаў іграць. Я не разумеў, што раблю, не ведаў, што такое ноты і дзе яны размешчаны на клавіятуры. Проста бачыў, што на відэа піяніст націскае на пэўныя клавішы з нейкай чарговасцю, хуткасцю, рытмам, і паўтараў. Перш за ўсё вывучыў «Fly», потым «Experience». Цяпер, аналізуючы, разумею, што гэта кампазіцыі ўзроўню чацвёртага-пятага класа музычнай школы. А я іх вывучыў з нуля, нічога не разумеючы, за два тыдні. Цуд (усміхаецца). Мама бачыла мае намаганні і параіла схадзіць у музычную школу.
І я з сябрам пацягнуў сінтэзатар як вялікую каштоўнасць, абкруціўшы пенапластам, праз увесь горад у музыкалку. Там я пазнаёміўся з выкладчыцай Аленай Міхайлаўнай Сідаркевіч, цудоўнай жанчынай (чуеце? Велізарны вам дзякуй!). Яна адразу сказала: «Іграй». Я нешта выканаў жудасна нязграбна. Але, выслухаўшы, Алена Міхайлаўна сказала: «Арцём, разумееш, ёсць такія людзі, як ты, Бог іх узнагародзіў дарам. Я хачу цябе вучыць». Ніколі не забуду гэтыя словы. Так у 16 гадоў трапіў у хобі-клас (ну як клас — я быў адзіны вучань) пад эксперыментальны метад навучання.
Пра ген музыкі
— У нашай сям’і няма музыкаў. Толькі дзед па татавай лініі быў баяністам на вясковых вясел лях, спяваў, як ён казаў, барытонавым голасам. Але бабуля забараніла яму «гэтай лухтой займацца», бо дзед пастаянна вяртаўся п’яны з гэтых урачыстасцяў (смяецца). Тата хацеў стаць музыкам, распавядаў, што ў дзяцінстве нават збег з хаты ў суседнюю вёску, каб запісацца ў музычную школу, — зноў жа бабуля не дазваляла (дорага было аплачваць заняткі). Але бацька ўсё ж дабраўся да суседняга сяла за 30 км і запісаўся. Яго, вядома, знайшлі, і бабуля яму ўсыпала. А цяпер тата не заахвочвае і мае памкненні, увесь час кажа, што я бяздарнасць, дрэнны музыкант, буду нікім.
Пра знаёмства з фартэпіяна
— У музычнай школе дзяцей завальваюць тэорыяй, а Алена Міхайлаўна прытрымлівалася нейкай сваёй дзіўнай методыкі: яна не тлумачыла мне нічога (смяецца). Нот я не ведаў, толькі дзе яны размешчаны на клавіятуры: тут вышэй, тут ніжэй, для чаго чорныя і белыя клавішы. Выкладчыца прапанавала мне сваю методыку ігры — падбору на слых. Прыродны музычны слых — гэта даволі рэдкая здольнасць, якую трэба развіваць. А ў мяне ён проста быў. Я прыходзіў да яе і казаў: «Пачуў твор, ён мне вельмі спадабаўся, хачу навучыцца яго іграць». Мы не шукалі нот, не глядзелі відэа, а проста ўключалі кампазіцыю: я слухаў адрэзкі ў 15-20 секунд і падбіраў на слых. Калі было незразумела ці складана, выкладчыца дапамагала. Алена Міхайлаўна навучыла мяне адчуваць інструмент.
Пра размову з інструментам
— Я не ведаю, ці можна растлумачыць сувязь з фартэпіяна. Напрыклад, віртуозны і тэхнічны піяніст выконвае прыгожы складаны класічны твор. Ідэальна, без памылак, але гучыць абыякава, мёртва. А адчуваць фартэпіяна — гэта калі яно з табой размаўляе. Інструмент не проста выдае гук, калі ты націскаеш на клавішу. На адну і тую ж клавішу можна націснуць па-рознаму і палову твора на ёй адной правесці. Есць яшчэ сакрэтныя тэхнікі, як шчыпок струны, напрыклад. Для гэтага патрэбна, каб інструмент быў адкрыты.
Калі іграюць на раялі, падымаюць вечка. Са звычайным фартэпіяна так ніхто не робіць, але ў яго таксама падымаецца века, здымаецца пярэдняя панэль — і бачны механізм малаточкаў і струн. Потым адкрываецца вечка, якое закрывае клавішы. Я, груба кажучы, распранаю інструмент. Калі бачыш, як націскаеш на клавішу, як працуе механізм, як ўдарае малаточак па струне (летуценна), узнікае мноства пачуццяў.
Пра вызначэнне лёсу
— Набліжаўся канец школы, і Алена Міхайлаўна спытала: «А кім ты наогул будзеш?» «Я не ведаю, уся сям’я адпраўляе на будоўлю, там грошы плацяць добрыя. Напэўна, буду зваршчыкам», — адказаў я (смяецца). І яна сказала: «Ты сапраўды хочаш ім быць?» Карацей кажучы, у нас адбылася вельмі цікавая кароткая размова, пасля якой я зразумеў, што не хачу быць зваршчыкам (смяецца), не хачу быць нікім, акрамя музыкі. Мабыць, самае важнае пытанне: «Хто ты?» У юнацтве цяжка на яго адказаць. Ды нават выйдзі на вуліцу і ў дарослага чалавека спытай: «Хто вы?», табе адкажуць: «Я Зіна». А я музыкант. Мне нават думаць не трэба. Пячатка на ілбе, таўро на спіне. Пакуль не магу сказаць, што я піяніст, кампазітар. Умею толькі граць на фартэпіяна і пісаць музыку, не самую лепшую, але ўсё ж… Аднак у цэлым я ведаю, што я музыка, і гэта ўжо не знікне. Многім сучасным людзям не хапае разумення сябе: яны могуць вельмі шмат усяго ўмець і рабіць, але пры гэтым не ведаць, хто яны ў жыцці.


Пра паступленне
— І калі мы з Аленай Міхайлаўнай вызначылі мой лёс, яна прамовіла: «Заканчваем падбор на слых, пачынаем вучыць ноты і рыхтуем цябе ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў». Я спачатку спалохаўся: усё жыццё займаўся нічым, прагуляў палову школы, збіраўся ісці на будоўлю, бо апошнія тры гады там працаваў. А тут — добры дзень, мяне адпраўляюць у каледж мастацтваў! Усю музычную грамату і тэорыю выкладчыца дала мне за два месяцы, хоць у школе іх праходзяць сем гадоў, па-мойму. І ў каледжы вывучаў тры гады (усміхаецца). На піяніста быў набор толькі пасля 9-га класа, але Алена Міхайлаўна сказала, што не дазволіць страціць мне яшчэ два гады. І я паступіў на «народную харавую музыку», трапіў да цудоўнага куратара Чапялюк Алены Мікалаеўны. Яна была як другая маці, строгая, але добрая. Нам ставілі галасы, вучылі музычнай грамаце, дырыжыраванню, танцам — далі велізарную базу. Школу памятаеш, як я скончыў? 5.5 — сярэдні бал у атэстаце. А каледж — на 9! (смяецца) Я мог бы выйсці і на чырвоны дыплом, проста не ведаў гэтага на першым курсе. Цяпер я культарганізатар, культработнік.
Пра ўніверсітэт
— У Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў паступіў праз велізарны стрэс. Жудасна праспяваў песню і яшчэ горш станцаваў, бо вельмі хваляваўся. Але атрымаў за ўступныя экзамены «дзявяткі». Апынуўся на той жа спецыяльнасці «народная творчасць». Зноў у хоры, зноў у народным. Сябры з каледжа яшчэ ў дзень адчыненых дзвярэй вызначыліся, што пойдуць на народны вакал, а я вагаўся: можа, гатовы на фартэпіяна? Схадзіў на прафарыентацыю, прынёс сваю папку з творамі, але веру не ўсялілі. Аказалася, там чакаюць піяністаў з тэхнікай, з дзевяццю класамі музычнай школы, якія вельмі добра граюць з аркуша. А мае сачыненні, сувязь з інструментам ім не патрэбны. Яшчэ думаў паступаць у Акадэмію музыкі на кампазітарскае, але спалохаўся. Як цяпер разумею, дарма, атрымалася б.
Пра запіс альбома
— Пайшоў па шляху найменшага супраціву — у народны хор, дзе я ўжо асвоіўся і ўсё ведаю. І толькі там ад выкладчыкаў універсітэта пачуў, што музыка ў мяне прыгожая і трэба было ўсё ж ісці на кампазітарскае. Вучуся пакуль, спяваю ў народным хоры «Грамніцы». Але ўсё адно думаю пра запіс свайго альбома. Пакуль усё на адным месцы, бо няма сродкаў і магчымасцей. Хоць план ужо складзены: дзе атрымаць аўтарскія правы, як запісаць, апрацаваць, выкласці ў інтэрнэт, рэкламаваць — пра ўсё прачытаў і даведаўся. Запісацца даволі складана. Нават справа не ў тым, колькі гэта каштуе. Хутчэй цяжкасць у тым, што мне, як чалавеку педантычнаму, патрэбны жывы гук, а для гэтага — добра наладжаны інструмент, мікрафоны, апаратура. Вырашыў, што буду купляць тэхніку сам, а добрых інструментаў поўна ва ўніверсітэце. Навучыцца запісваць, апрацоўваць — і выйдзе танней. Можа, калі-небудзь зараблю нешта і знайду карысныя знаёмствы, якія дазволяць мне працаваць у студыі з прафесіяналамі. Але пакуль у мяне толькі план, і я прытрымліваюся яго.
Пра любімых кампазітараў і сваю музыку
— У мяне тры фаварыты. Людавіка Эйнаўдзі, нямецкі кампазітар Джоэп Бэвінг (Joep Beving) і самы ўлюбёны — Ламберт (Lambert), ён трымае асобу інкогніта і выступае ў масцы быка. Самая шыкоўная музыка, што я чуў у жыцці. Такое адчуванне, што ён залазіць у галаву, дастае адтуль усё самае важнае для цябе, стварае з гэтага музыку і аддае назад. Яго ігра — магічны, чароўны працэс. Ён знайшоў свой стыль выканання і гучання, стварыў цікавы вобраз. Я так пакуль не магу. Большасць маёй музыкі – нешта не вельмі канкрэтнае, хутчэй атмасфернае і пад настрой. Шмат хто кажа, што мае творы пасуюць да кінафільмаў. Большай часткай імправізую, а потым даводжу прыдумку да ладу, абапіраючыся на вобразы або настрой. Магу паўтары гадзіны проста сядзець і глядзець на лістоту, а потым нешта найграць — і атрымаецца твор. Ён не будзе прэтэндаваць на геніяльнасць, але гэта адлюстраванне маіх пачуццяў і фіксацыя моманту. І для мяне гэта цудоўна. Я не заўсёды разумею, што пішу. Але калі музыка прыгожая і не пакідае абыякавым — гэта галоўнае.
Пра ўласны гурт і працу
— У нас пакуль няма назвы, проста прыдумалі з сябрамі, што ў нас калі-небудзь будзе гурт. Усё ў стадыі маруднай распрацоўкі. Пакуль толькі адна песня, нешта ванільнае тыпу «я цябе кахаў, а ты мяне не» і ўсё такое (смяецца). Але мы ўсе гарым творчасцю, мастацтвам, так што я ўпэўнены, што нешта павінна атрымацца з гэтай задумы. Мы сябры, у нас падобны вобраз мыслення. Артур спявае, голас у яго выдатны, Ягор — аўтар песень і гітарыст, я на клавішах.
Я выкладаю вакал і ігру на фартэпіяна ў музычнай школе «Forte». Туды прыходзяць самыя розныя людзі: мужчыны і жанчыны, хлопчыкі і дзяўчынкі. Самаму старэйшаму вучню было 42 гады, працаваў у расійскай амбасадзе, хацеў іграць на фано. Самая малодшая вучаніца — шасцігадовая дзяўчынка Юля, яна таксама вучыцца іграць на фартэпіяна. Цяжка засяродзіць яе ўвагу, але калі атрымліваецца (усміхаецца), то яна хутка ўсё схоплівае.
Пра стыль
— Мне здаецца, калі я знайду свой стыль, гэта будзе проста цуд! Можа, заўтра, а можа, праз 20 гадоў, але знайду! Ну а для гэтага трэба жыць, развівацца, пастаянна шукаць новае ў музыцы. Ты зразумееш, калі знойдзеш сваё, — гэта правіла працуе ва ўсіх сферах жыцця. Музыка прыйшла да мяне сама. Я проста пачуў яе — і нешта ўнутры ёкнула і змянілася. Аказалася: маё — і я гэта зразумеў. Калі знайду свой стыль, я таксама адчую гэта імгненна.

Ганна ВАРОНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.