Вы тут

Кіраўнік ААН заклікаў Азербайджан і Арменію спыніць ваенныя дзеянні ў зоне нагорна-карабахскага канфлікту


Кіраўнік ААН Антоніу Гутэрыш 28 верасня правёў перамовы па відэасувязі з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым і прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам. Ён заклікаў іх спыніць баявыя дзеянні ў зоне нагорна-карабахскага канфлікту і вярнуцца да канструктыўных перамоваў з тым, каб пазбегнуць нестабільнасці ў рэгіёне. Пра гэта піша БелТА са спасылкай на Цэнтр навін ААН.


Генеральны сакратар зноў адзначыў важную ролю краін — сустаршыняў Мінскай групай АБСЕ і заклікаў абодва бакі да супрацоўніцтва з імі. Мінская група АБСЕ яшчэ ў 1992 годзе была ўпаўнаважаная садзейнічаць пошуку мірнага ўрэгулявання нагорна-карабахскага канфлікту. Яе сустаршынямі з’яўляюцца Францыя, Расійская Федэрацыя і ЗША. Генеральны сакратар ААН таксама лічыць неабходным неадкладна накіраваць у рэгіён назіральнікаў АБСЕ.

27 верасня, пасля таго як з’явіліся першыя паведамленні аб эскалацыі гвалту ў Нагорным Карабаху, Гутэрыш выступіў з заявай, у якой асудзіў прымяненне сілы і выказаў шкадаванне ў сувязі з гібеллю людзей. Яшчэ ў ліпені 2020 года, калі на армяна-азербайджанскай мяжы пачаліся абстрэлы, кіраўнік ААН заклікаў бакі праявіць максімальную стрыманасць, каб пазбегнуць поўнамаштабнага канфлікту, які, паводле яго слоў, стаў бы катастрофай.

Генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась 28 верасня таксама выказаў сур’ёзную занепакоенасць і заклапочанасць у сувязі з аднаўленнем узброенага канфлікту ў Нагорным Карабаху, падчас якога з абодвух бакоў ёсць забітыя і параненыя, у тым ліку сярод мірнага насельніцтва. У АДКБ канстатавалі, што парушаны рэжым спынення агню, ужываецца цяжкае ўзбраенне, у тым ліку артылерыя, танкі і авіяцыя, а таксама ўдарныя беспілотныя лятальныя апараты. «Рашэнне канфлікту ў Нагорным Карабаху магчыма толькі палітыка-дыпламатычнымі метадамі», — падкрэслілі ў арганізацыі. МЗС Беларусі таксама выказаў глыбокую занепакоенасць рэзкай эскалацыяй абстаноўкі і актыўнымі баявымі дзеяннямі з прымяненнем цяжкіх відаў узбраенняў і авіяцыі ў зоне нагорна-карабахскага канфлікту. Старшыня Выканаўчага камітэта Садружнасці незалежных дзяржаў (СНД) Сяргей Лебедзеў заклікаў Азербайджан і Арменію да хутчэйшага спынення баявых дзеянняў у Нагорным Карабаху. Старшыня Савета Міжпарламенцкай асамблеі СНД Валянціна Мацвіенка заклікала канфліктуючыя бакі да неадкладнага спынення агню.

Раніцай 27 верасня прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян паведаміў, што азербайджанскія УС пачалі наступ у кірунку Нагорнага Карабаха. Паводле інфармацыі МЗС Арменіі, армія Азербайджана бамбіла населеныя пункты, у тым ліку Сцепанакерт. Мінабароны Азербайджана ў сваю чаргу паведаміла, што Арменія пачала інтэнсіўны абстрэл пазіцый азербайджанскай арміі. У сувязі з абвастрэннем сітуацыі ў Нагорным Карабаху ўрад Арменіі 27 верасня ўвёў ў краіне ваеннае становішча і абвясціў ўсеагульную мабілізацыю рэзерву. 28 верасня ў Азербайджане было ўведзена ваеннае становішча і аб’яўлена частковая мабілізацыя.

Прэв’ю: Reurers

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?