Вы тут

Псіхолаг Аксана Катрэнка: Калі мама не хоча спаліць псіхіку дзіцяці, то ёй неабходна абмяжоўваць яго ад рознага роду «спакусаў»


Калі зазірнуць у сябе, разумееш: так, усе мы родам з дзяцінства. Часам крыўдлівыя больш меры, часам не лагічна ўпартыя, нават зайздросныя... Тым не менш, мы — жыццёвы прыклад для сваіх дзяцей. А яны — наша люстэрка. Таму, як кажуць псіхолагі, хочаш змяніць свет вакол — пачні з сябе.

Пагаварыць пра тое, як дарослым лепш выхаваць сваіх дзяцей у перыяд пандэміі эмацыйнага спусташэння і інфармацыйных войн, я вырашыла з псіхолагам, сэксолагам, журналісткай аўдыёвізуальных СМІ, даследчыцай у галіне псіхалагічных навук, старшай выкладчыцай кафедры тэлебачання і радыёвяшчання факультэта журналістыкі БДУ Аксанай Катрэнкай.


— Неяк у інтэрнэце бачыла фотаздымак: пасярод пустой, перакрытай паліцыяй плошчы стаіць хлопчык. Блізка стаіць і глядзіць на «жывы плот». Не ўяўляю, пра што дзіця думала ў той момант. А яго бацькі?.. Аксана Адамаўна, наколькі дзяцей можна паглыбляць у праблемы дарослых?

— Ідэальны варыянт, калі ў сям’і ўсталёўваюцца дакладныя правілы. Напрыклад, праблемы, якія могуць перагрузіць псіхіку дзіцяці, трэба вырашаць без яго. Асабліва гэта тычыцца дзяцей 9–10‑гадовага ўзросту. Іх няўстойлівую псіхіку лёгка траўмаваць з‑за высокай ступені ўнушальнасці, гэта даказана навукоўцамі. І нават калі мама з татам моўчкі глядзяць відэа з негатыўным пасылам, у дзіцяці такі кантэнт можа выклікаць страх, нават панічную атаку. Дзеці ўсё ўбіраюць як губка. «Мама, у нас будзе вайна?» Здавалася б, адкуль дзіця можа яе баяцца? Такога страху ў яго апрыёры быць не можа. Але ёсць паняцце — калектыўнае несвядомае, калі ў інфармацыйным полі існуе глыбінны страх той жа вайны, што перадаецца з пакалення ў пакаленне. І нешта дзіця ўбачыла на экране, гэта зрэзаніравала з яго падсвядомасцю. Мы можам нічога не казаць, але спаць гэтай ноччу малое будзе дрэнна. І яшчэ: калі нешта выносіцца на сямейную раду, мама з татам павінны разумець: тое, што адбываецца дома, дзіця панясе ў школу. Увогуле, асноўны крытэрый, паглыбляць яго ў нейкую тэму ці не, гэта адказ для сабе на пытанне: ці я не нашкоджу яму? Ці прынясе карысць гэтая размова? Бо ў малых усе страхі ірацыянальныя. Яны могуць любога чалавека ўспрымаць як мульцяшнага героя, нават прэзідэнта. І, вядома, калі дзіцяці тры гады, зусім неабавязкова абмяркоўваць пры ім палітыку, асабліва калі ў сям’і ёсць розныя меркаванні на гэты конт.

— Інтэрнэт, як сімвал уседаступнасці, можна любіць ці ненавідзець, але быць абыякавым, як той казаў, да яго нельга. Бо ён — у кожным доме і кожнай сям’і, нават у розумах нашых неакрэплых псіхічна дзяцей. Канешне, роўтар можна ад іх схаваць, а мабільную перадачу дадзеных адключыць. Але калі дзіцё выходзіць на вуліцу, яно ўсё роўна трапляе ў інфармацыйнае поле са сваімі спакусамі і фэйкамі. І як тады зберагчы непаўналетняе дзіця ад усяго лішняга?

— Да трох гадоў катэгарычна не рэкамендую паказваць яму рухомую карцінку. Я пра тэлевізары і камп’ютары кажу. Цяпер модна ўключаць дзіцяці розныя развівальныя мульцікі са стракатымі кадрамі, якія хутка змяняюцца. Гэта прычыняе вялікую шкоду развіццю малога, яго мозгу, зроку. Пра тое навукоўцы ўсяго света «крычаць». У мяне асабіста на гэтую тэму даследавана больш за 450 крыніц, з іх 140 на англійскай мове. Выпраўляць такія памылкі вельмі складана. Дзіцяці трэба, каб мама была побач, шкадавала яго, карміла грудзямі, трымала на руках. І ўсё! Калі бацькі разумеюць, што яны фарміруюць асобу дзіцяці, праблем потым у прынцыпе быць не павінна ў дыялогу з дзецьмі. Выхаванне пачынаецца з закладкі каштоўнаснай базы, фарміравання эмацыйнага інтэлекту, выбудоўвання глыбокага ўзроўню даверу. Калі я цябе нарадзіла не для таго, каб ты мне на старасці шклянку вады прынёс, а таму, што хацела, каб ты быў. Я цябе люблю таму, што ты ёсць.

— Гэта ідэальная мадэль узаемаадносін. І нават калі яе атрымоўваецца выбудаваць, дзіця аднойчы выходзіць у соцыум і бачыць, як яго аднагодкі «сэлфяцца» ды выкладаюць свае відэа ў сацсеткі… Узнікае пытанне: мама, а можна я таксама?..

— У выніку сваіх даследаванняў я зрабіла выснову, што ва ўзросце 9–10 гадоў пачынаецца перыяд каштоўнаснай пераарыентацыі. Калі з аднаго боку разумееш, што трэба быць добрым, сумленным, сачыць за здароўем і добра вучыцца, а з другога — хочацца, каб у цябе ўжо «быў хлопец», а лепш два ці татуіроўкі на руцэ, пакуль намаляваныя маркерам. Дзеці кідаюцца з адной крайнасці ў іншую. Цяпер, мабыць, кожны з іх хоча стаць блогерам. Усе гэтыя здымкі абы якія ды проста жудасныя сябе любімага — дэманстрацыя даросласці. Бацькі павінны дапамагчы выстаяць у перыяд такой разбалансіроўкі. Прапануйце выбар з адабранага вамі матэрыялу. Гэта значыць, самі яго арыентуйце. Пастаянна, штодня, штогадзіна! Хочаш стаць блогерам? Выдатна! Прынясі мне канцэпцыю твайго кантэнту. Мама, а што такое канцэпцыя?.. Так, крок за крокам «выцягвайце» дзіця з інфармацыйнага смецця, у якім яно, магчыма, ужо загразла, вучыце яго дзяліць збожжа ад пустазелля.

— А потым прыходзіць са школы такі разумны і правільны хлопец ці дачка і са слязамі заяўляе, што ён — белая варона.

— Згодна, не такі як усе. Асаблівы. Але давайце прызнаемся шчыра: кожны з нас мае ў сабе гэта пачуццё. Проста ў многіх яно скажонае. Развівайце ў дзецях самапавагу, любоў да сябе, уменне дараваць сабе і іншым. Не трэба ні на каго крыўдзіцца, пакідаючы права чалавеку здзейсніць той ці іншы ўчынак. Белая варона? Ну і што! Нас не могуць любіць усе. Так, у цябе няма сотавага тэлефона, але ў параўнанні з Васем у цябе ўсё не так і дрэнна: ёсць мудрыя бацькі, яны цябе шчыра любяць. А ў Васі зашмат тэлефонаў і няма разумення сэнсу жыцця, ён не імкнецца да развіцця і пакрыўджаны на ўвесь свет. Аднаўляйце з дзіцем каштоўнасны баланс.

— Нават не ўсе бацькі ўмеюць гэта рабіць. Ды што там аднаўляць баланс! Хаця б проста навучыцца разумець свае эмоцыі …

— На жаль, нас гэтаму не вучаць. Хоць, здавалася б, ёсць мноства псіхалагічных цэнтраў, вэбінараў, семінараў. І нават з бясплатным першым заняткам! Але не хапае ў іх глыбіні і шматвектарнасці, цэласнасці, сістэмнасці. Інфармацыя даецца кавалкамі і ўспрымаецца фрагментарна. Зацікавілі, а далей — заплаці. І нават калі заплаціш — часта нічога для сябе не ўсведамляеш. Хацелася б мець сістэму «пад ключ», каб яна падказвала, дапамагала чалавеку разабрацца з самім сабой. Дарэчы, у мяне ёсць ідэя, як стварыць такі праект.

— Ёсць кароткія парады: як эмацыйна не выгараць?

— Нармуйце свой распарадак дня. Сон, харчаванне, фізічныя нагрузкі — базавыя патрэбы і дарослага, і дзіця. Бо малыя таксама эмацыйна выгараюць. Ну і псіхічны складнік, безумоўна, важны: усё, што мы робім, павінна прыносіць радасць. Таму не «трэба рабіць урокі!», а тлумачым іх карысць, разважаем пра плюсы і мінусы навучання. Бо школа — гэта падмурак, яна дае магчымасць пазнаёміцца з усімі сферамі жыцця і выбраць сваю. І ў дарослых школа жыцця — такі ж падмурак, на якой будуем сваю асобу. Як ні круці, мы ўсе знаходзімся ў пэўнай сістэме, якую немагчыма ігнараваць.

— Успомніла свае падлеткавыя дыскусіі пра тое, ці можна заставацца свабодным, знаходзячыся ў рамках той ці іншай сістэмы. У самы крызісны перыяд мне здавалася, што жыццё — гэта турма.

— А што такое ўнутраная свабода? Гэта пачуццё любові да сябе, прыняцце сябе. Калі разумееш, што ты — асобная планета, самакаштоўнасць. Ведаеш сваё прызначэнне, ведаеш, што ты на сваім месцы, робіш тое, што хочаш, што душа просіць. Разумееш, чаму ты тут. Не абмяжоўваеш кагосьці і не дазваляеш абмяжоўваць сябе. Усё гэта і дае адчуванне ўнутранай свабоды. Чалавек, што яе атрымаў — заўсёды яркая асоба, якая не баіцца асуджэння з боку, мае свой пункт гледжання, але ўлічвае «правілы гульні». Ну і, вядома, страхі перашкаджаюць унутранай свабодзе.

— Ужо даўно назіраю тэндэнцыю ўседазволенасці, калі дзіця, напрыклад, мае права самастойна выбіраць сабе віды адпачынку, і мяне тое насцярожвае. Ці заўсёды трэба прыслухоўвацца да жаданняў непаўналетняй асобы, якая просіць купіць такі ж гаджэт, як у Васі, або пафарбаваць валасы ў ружовы колер, бо ўсе сяброўкі ўжо зрабілі гэта?

— Калі мама не хоча спаліць псіхіку дзіцяці, то ёй неабходна абмяжоўваць яго ад рознага роду «спакусаў». Калі дазволіць глядзець і рабіць усё, што хочацца і колькі хочацца, дзіця проста «згарыць». І тое, што было ўкладзена ў яго да гэтага, можна перакрэсліць. Пачнецца разбуральны дысбаланс, які ў дзяцей і так перыядычна ўзнікае ў сілу фізіялогіі. Што тычыцца бясконцых дзіцячых «хачушак», тут проста трэба быць разумнымі. Дзесьці даем права выбару. Недзе ідзем на кампрамісы. Але калі дзяўчынка перакананая, што без фарбаваных валасоў яна не спадабаецца хлопчыку, то тут ужо маці варта задумацца, ці не транслюе яна дачцэ свае падсвядомыя комплексы? Трэба выпрацоўваць у дзіцяці з ранняга ўзросту крытычнае мысленне: а ці праўда гэта? Калі я паглядзела або паглядзеў тыя кадры, і ў мяне стала часцей біцца сэрца, знік добры настрой, з’явіўся страх — а ці трэба мне тое? Задача бацькоў — навучыць дзіця ўсведамляць свае эмоцыі, не дазваляць сябе атакоўваць звонку.

— Цяпер гэта зрабіць вельмі цяжка, калі ідзе звышмаштабная «атака» на дзіцячую свядомасць. Тая ж тэма інтымнага жыцця… Калі ты не распавядзеш — аднакласнікі «адукуюць». Чаму так адбываецца?

— Таму што гэта рэфлексы… У нас ёсць інстынкт выжывання, размнажэння. Гэта нейкія «кнопкі», якія заўсёды працуюць. Для чаго? Каб прасцей было кіраваць чалавекам, масамі. Таму трэба вучыць дзіця разумець, што адбываецца на самой справе. Што чалавек жыве не сам па сабе, а ў вялікім свеце, дзе шмат усяго і добрага, і дрэннага. Што існуюць сістэмы, і кожная спрабуе на яго ўплываць. І, вядома, я супраць таго, каб сямігадовае дзіця пасвячалі ў працэс зачацця з усімі фізіялагічнымі падрабязнасцямі. Хоць гэта агульная практыка. Але ў гэтым узросце дзяўчынкам хочацца гуляць з хлопчыкамі ў футбол, у лялькі. А тут раптам такое адкрыццё!.. Пачынаецца моцная псіхалагічная ломка. Ужо і тату свайго немагчыма нармальна ўспрымаць. Навошта гэта патрэбна?! Так, цяпер цяжка ўберагчы дзяцей ад медыязгвалтавання. Але ўсё ж трэба імкнуцца адцягнуць «момант ісціны» хоць бы да 9–10 гадоў.

— Булінг, тролінг, мобінг... Чаму гэтыя з’явы, калі здзекваюцца з сабе падобных, сталі папулярнымі? Адкуль карані растуць?

— Так праяўляецца каласальная ўнутраная незадаволенасць. І цяпер вы бачыце, колькі вакол нас недалюбёных людзей? Іх не любілі бацькі, магчыма, не любілі мужчыны і жанчыны. Бо ў стане любові чалавек не зайздросціць, у ім няма агрэсіі, злосці, нянавісці, страхаў… А калі гэта ўсё ёсць — дай толькі нагоду, каб сваю незадаволенасць выціснуць з сябе. Так спрацоўвае кампенсаторыка. Мала таго, чалавек, не разумеючы, што з ім на самой справе адбываецца, можа нават заахвочваць у сабе негатыўныя праявы. Ён можа быць перакананы, што аб’ектыўна мае рацыю. Але корань праблемы мы ўжо выявілі — недалюбілі яго… Бывае яшчэ ўсвядомленая гульня. Калі пазбаўленыя любові «марыянеткі» або «пешкі», як хочаце, думаюць, што дзейнічаюць у сваіх асабістых інтарэсах. І нават атрымліваюць ад гэтага задавальненне. Але трэба разумець: што праўда, што ілюзія. І гэтаму вучыць дзяцей. Ёсць, вядома, апрыёры зласлівыя людзі. Але іх 1% на планеце. Усе астатнія такія — з‑за выдаткаў выхавання, на жаль.

— Я чула, што закладка характару і будучых паводніцкіх рэакцый адбываецца да 5 гадоў. Потым карэктаваць што-небудзь вельмі складана. Сумныя факты…

— Усё папраўна! Акцэнтуйцеся на сваіх здольнасцях, талентах. Гэта тое, чаго заўсёды хоча ваша ўнутранае я. Самаразвівайцеся, тады ўнутры будзе моцны зарад любові, радасці, шчасця, падзякі ўсім і ўсяму за досвед, які набываеце па жыцці. Гэта самы верны спосаб сябе адрадзіць, захаваць. І цяжкі. Прызнаюся, тое, што я вам расказала, раней транслявала толькі блізкаму асяродку. Не была ўпэўненая, што грамадства гатова прыняць такую інфармацыю. Але калі наша сустрэча адбылася, то, напэўна, наспела ў тым сур’ёзная неабходнасць.

Гутарыла Аліса Гюнгер 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Вольга Шпілеўская: Журналістыка — гэта маё жыццё!

Вольга Шпілеўская: Журналістыка — гэта маё жыццё!

Журналіст ўзначаліла прадстаўніцтва Міжнароднай тэлерадыёкампаніі «Мір» у нашай краіне.

Грамадства

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

Адносіны са сваёй маці і свякрухай — гэта дзве зусім розныя гісторыі.