Вы тут

Свята народнае, свята з душой


Звыш 3 000 удзельнікаў і больш за 20 000 гасцей з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы сабралася на V Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый «Покліч Палесся» ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельшчыны


У 2020-м гасцей чакалася больш, чым у мінулыя гады, але перашкодзіў каранавірус. Да прыкладу, у 2018 годзе на фэст «Покліч Палесся» прыехала 35 тысяч гасцей. Як паведамілі СМІ, актыўнасць гасцей замежных прыкметна знізілася. Але гэта не паўплывала на ўнікальнасць і каларыт адметнага свята Палесся.

Упершыню гасцямі «Поклічу Палесся» сталі дыпламаты з Арменіі, Азербайджана, Балгарыі, Ірана, Літвы, Пакістана, Палестыны, Расіі, Судана, Узбекістана. Напярэдадні падчас Дня гандлёвага саветніка яны вывучалі патэнцыял Прыпяцкага Палесся на Мазырскім эканамічным форуме.

— Я ўпершыню на Палессі. Фестываль дорыць добрыя ўражанні. Мы вельмі здзіўлены. Прыгожая прырода, добрыя людзі. Усё выдатна, — падзяліўся эмоцыямі дарадца па эканамічных сувязях Амбасады Судана ў Беларусі Алі Хасан.

За гэтыя гады палескі форум стаў адной з візітных картак краіны, падкрэсліў Міністр культуры Юрый Бондар:

— Вельмі рады, што ў культурным жыцці Беларусі ёсць такая яркая падзея, як «Покліч Палесся». З кожным годам форум развіваецца, яго праграма адкрывае самыя патаемныя куткі багатай беларускай культуры, якая з’яўляецца асновай нашай нацыянальнай ідэнтычнасці. Думаю, што ў гэтага фестывалю вялікая будучыня, бо сучасная моладзь шчыра цікавіцца сваёй гісторыяй, а менавіта тут — нашы карані.

Прыгажосць сталых жанчын, за плячыма якіх вялікі жыццёвы досвед, відавочная

Свята пачыналася з традыцыйнага прысваення на цэнтральнай сцэне званняў «Ганаровы паляшук». Сёлета двое ўраджэнцаў Беларускага Палесся атрымалі бронзавыя статуэткі — кіраўнік заслужанага народнага ансамбля «Выцінанка» Столінскага дома культуры Пётр Астапчук і байдарачнік, алімпійскі чэмпіён, сяміразовы чэмпіён свету Раман Петрушэнка. У яго калекцыі — гэта незвычайная ўзнагарода, прызнаўся ён:

— Я ганаруся, што нарадзіўся і жыву на палескай зямлі. Мой родны горад — Калінкавічы, а працую ў суседнім Мазыры. Дзе б я ні быў, малая радзіма — заўсёды ў сэрцы. Нават адпачынак праводжу тут з вудай на возеры і, вядома, з роднымі людзьмі.

На сцэне фестывалю свае нумары прадстаўлялі Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Генадзя Цітовіча, заслужаны калектыў Беларусі ансамбль народнай музыкі «Бяседа», вакальны гурт «Чысты голас», фальклорны ансамбль славянскай песні «Збіцень», артысты Гомельскай абласной філармоніі, Гомельскі эстрадна-сімфанічны аркестр імя Юрыя Васілеўскага. Шмат яркіх момантаў падрыхтавалі артысты ўкраінскага гурта «Лісапетни батальйон».

Майстар лозапляцення Віктар Давідовіч

Гасцям фестывалю прапаноўвалася пазнаёміцца з фантастычным і загадкавым светам нашых продкаў праз міфалогію вяскоўцаў Палесся. Так, на падворках з агульнай назвай «Таямніцы палешукоў» распавядалася аб міфалагічных персанажах, паказваліся інсцэніроўкі пра іх. Тэрасы-падворкі знаёмілі з міфалагічнымі ўяўленнямі як з культурнай з’явай і часткай гісторыі духоўнага жыцця народа. Удзельнікі і госці фестывалю маглі наведаць млын, дамы ткацтва, рыбака, паляўнічага, майстэрню ганчара, кафэ ў стылі народных традыцый.

На майстар-класы запрашала выстава-кірмаш «Рамесная слабада». Там расчынілі дзверы «Майстэрня ганчарства і кузня», «Майстэрня саломапляцення і ткацтва», «Майстэрня лозапляцення і бондарства», «Хата рыбака і паляўнічага».

У адной з майстэрняў можна было пазнаёміцца са старажытным рамяством Беларусі: ткацтвам

Сёлета Ляскавічы па аднадушным меркаванні тых, хто прыязджаў на гэты фестываль і ў мінулыя гады, вельмі змяніліся. Да прыкладу, Аляксандр Клачко, пчаляр з Лельчыцкага раёна, прапаноўваючы ўсім, хто да яго падыходзіў, пакаштаваць духмяны палескі мёд, казаў:

— Ён чысты, лугавы ды лясны. Пачыналася тут усё проста на паляне, а цяпер можна праводзіць такія фестывалі і маштабныя канцэрты.

Тыя, хто прыехаў на фэст упершыню, шчыра захапляліся яго размахам. Вось што сказала мастак-афарміцель з Хойніцкага Дома культуры Таццяна Саханькова:

— Я шмат чула пра гэты фестываль, але сюды мяне ўзялі толькі сёлета як удзельніцу. Мы ўсіх запрашалі да сябе на падворак, каб пачаставаць Хойніцкімі прысмакамі, зачараваць нашым раёнам і запрасіць да сябе ў госці.

Побач з хойніцкімі ўдзельнікамі фестывалю — гасцінныя палешукі з усяго Петрыкаўскага раёна. І кожны наперабой імкнецца выказаць сваю радасць ад далучаннасці да свята.

— Я тут другі раз, — кажа Вольга Сілівонец, мастачка-пастаноўшчыца народнага тэатра ў Доме культуры гарадскога пасёлка Капаткевічы. — «Покліч Палесся» змяняецца кожны год. На гэты раз пляцоўка проста цудоўная! Але самае важнае, што мы тут знаёмімся, заводзім новых сяброў. Гэта не толькі фестываль палескай культуры, але і сяброўства. Самае важнае — палеская самабытнасць.

 Заспяваць песню, патанчыць пад гармонік з бубнам, ды яшчэ ў народных строях — яскравая прыкмета фэсту «Покліч Палесся»

А вось якое меркаванне выказаў вядомы на ўсё Палессе Васіль Казачок, ганчар з вёскі Гародная Столінскага раёна:

— Калі мы не будзем захоўваць свае карані, рамёствы, песні, абрады, касцюмы, мову, — кім мы будзем? Беларусамі? Палешукамі? У гэтым плане Палессе выткана з такіх каларытных культурных нітак, што страціць гэты ўнікальны свет для Беларусі, ды і для ўсёй Еўропы, недапушчальна. Таму такія фестывалі жыццёва неабходныя.

А разьбяр па дрэве, Аляксей Батан, чыімі скульптурамі немагчыма не залюбавацца, сказаў:

— І ў лыжцы, і ў статуі павінна быць душа. Калі яе не ўкладаеш, — выраб не ажывае, дрэва не аддае цяплыню. А ў нас тут найлепшыя месцы для натхнення… У Палесся ёсць свая душа — вялікая, старажытная. І калі яе зразумееш, то гэты край ніколі ўжо не разлюбіш.

З вясёлай праграмай прыехалі ў братнюю Беларусь артысты ўкраінскай групы «Лісапетни батальйон»

Дарэчы, этнафестываль палескага жыцця аб’ядноўвае восем раёнаў Гомельшчыны (Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Хойніцкі, Жыткавіцкі, Ельскі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі) і тры раёны Брэстчыны (Столінскі, Лунінецкі і Пінскі). Сёлета да традыцыйных стылістычных падворкаў дадаліся цікавыя навінкі. Напрыклад, выступленне лялечных тэатраў-батлеек, якія зарадзіліся ў нашых краях яшчэ на пачатку XVІ стагоддзя. Загадчыца Мікуліцскага дома культуры Надзея Гананайка (Ельскі раён) сцэнары лялечных спектакляў піша сама:

— Батлейка ў нас жыве ўжо другі год. Гэта самы распаўсюджаны калядны варыянт. Спектакль «Цар Ірад» апавядае пра нараджэнне дзіцяткі Ісуса і падзеі, звязаныя з тым. Дзецям, ды і дарослым вельмі падабаецца. Цяпер ужо гатовыя новыя фігуркі для спектакля «Пан і паненка», гэта будзе не рэлігійная, а сацыяльная гісторыя.

Можна было не толькі праходжвацца ўсюды, але і ўдзельнічаць у імпрэзах. Для гледачоў падрыхтавалі танцавальны сюрпрыз: навучанне рытмічным рухам з глыбіні стагоддзяў. На фестывалі прайшоў майстар-клас па вывучэнні старажытнага беларускага бытавога танца пад назвай «Лысы».

Усіх прыгажунь, якія перамаглі ў розных намінацыях, паяднала вялікая, святочная радасць

Увечары на галоўнай сцэне фестывалю прыгажуні з дзвюх абласцей спрачаліся за званне «Палеская Прыгажуня — 2020». Перамагла жыхарка Петрыкава Аляксандра Вобель. А завершылася гэтае свята вячэрнім шоу і святочным феерверкам.

Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Покліч Палесся» — свята сапраўды народнае. Ён спрыяе захаванню і папулярызацыі этнакультурных традыцый, вывучэнню і падтрымцы багатай гістарычна-культурнай спадчыны, умацаванню творчых сувязяў памежных рэгіёнаў. А поспех фэсту, як выказаўся старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, вызначылі тры складніка — унікальная, цнатлівая прырода, найбагатая гістарычна-культурная спадчына і аўтэнтычныя народныя абрады і рамёствы. Плюс працавітасць, гасцінны характар палешукоў ды іх вялікія сэрцы, якія ўмеюць шчыра любіць і радавацца.

Міхаліна Чаркашына

З выкарыстаннем матэрыялаў «СБ. Беларусь сегодня», БелТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».