Вы тут

Метады прадуктыўнай рэкламы сучаснай беларускай прозы


Метады прадуктыўнай рэкламы сучаснай беларускай прозы
(на прыкладзе творчасці пісьменніка Кірыла Стаселькі)

У інфармацыйнае стагоддзе чалавек больш ахвотна выбірае чытанне навін, гартанне стужак сацсетак, блогі, гутаркі ў інтэрнэт-чатах. Мастацкім творам усё цяжэй канкурыраваць з забаўленчымі электроннымі сродкамі. У такіх умовах беларускія пісьменнікі дзейнічаюць па-рознаму, але кожны спрабуе прыцягнуць чытацкую аўдыторыю.

Разгледзім прыёмы прасоўвання прозы на прыкладзе творчасці сучаснага маладога пісьменніка Кірыла Стаселькі — аўтара кніг «Дзіцячы маніфест», «Marginalis», «Дзевяць жыццяў Віта Морэ».
Кірыл Стаселька запусціў сваё рэаліці-шоу ў інстаграме, дзе расказвае пра працэс выдання кнігі. Рэаліці-шоу працуе ў фармаце сторыс. Яго мэта — зацікавіць як мага больш людзей кнігай, пра якую ідзе гаворка. Сам Кірыл называе свой праект «Узнікненне кнігі і яе прамоцыя», дзе ён распавядае пра выдавецкі працэс, пра тое, як праводзіць краўдфандынг і рэкламаваць кнігу. Аўтар звяртаецца да гледачоў з пытаннямі, адказаць на якія можна ў сторыс, проста націснуўшы на кнопку. Напрыклад, пытанне: «Што робіць персанаж беларускай міфалогіі Апівень?» — і тры варыянты адказу: спявае/спойвае/спальвае [2]. Гэтак жа аўтар дае магчымасць гледачам і патэнцыйным чытачам самім выбраць мерч, які б яны хацелі атрымаць у дадатак да кнігі. Гэта пытанне таксама аформлена ў фармаце сторыс.


Кірыл Стаселька выбудоўвае прамую камунікацыю з чытачом, прапаноўваючы яму самому ўдзельнічаць у выдавецкім працэсе у якасці гледача, назіраючы за рэаліці-шоу ў інстаграме, а таксама ў якасці саўдзельніка, калі той выбірае мерч, платформу для правядзення краўдфандынга і іншае.
«Пімкі» — чацвёртая кніга пісьменніка. Да сваіх папярэдніх выданняў ён таксама праводзіў рэкламныя акцыі або інтэрактывы. Напрыклад, у 2016 годзе падчас прэзентацыі рамана «Marginalis» паабяцаў, што аднаго з персанажаў наступнай кнігі назаве імем аднаго з чытачоў. Для гэтага чытачам трэба было прайсці літаратурны квэст і адшукаць персанажа, які з’яўляецца галоўнай дзеючай асобай. У рамане 136 персанажаў, і кожны з іх прэтэндаваў на ролю такога героя.
Для удзелу ў квэсце неабходна было набыць раман, уважліва прачытаць яго і адшукаць галоўнага персанажа. Далей — камунікаваць з аўтарам кнігі, каб даслаць свой адказ. Адметна, што дасылаўся адказ напрамую пісьменніку праз сацыяльныя сеткі альбо e-mail. Такі падыход збліжае чытача з аўтарам: тут зноў прысутнічае прамая камунікацыя, хоць і ў аднабаковым фармаце. Чытач уваходзіць у азарт і імкнецца да перамогі. І чым мацнейшая інтрыга, тым больш ён будзе разважаць і трымаць у галаве пытанне. Апошняе ж будзе патрабаваць канцэнтрацыі ўвагі і ўдумлівага чытання. У сучасных рэаліях бясконцага інфармацыйнага шуму і вялікай колькасці розных забаў такі квэст дапамагае аўтару застацца ў чытацкай памяці, а не адысці на другі план, як астатні «шум». Нават калі чытач не адшукае героя, ён усё роўна зацікавіцца і выдаткуе час на новы квэст.
Кірыл Стаселька выкарыстоўвае і іншыя спосабы камунікацыі з чытачом. У сваім тэлеграм-акаўнце ён публікуе спасылку на гугл-форму, дзе патэнцыйны чытач можа пазначыць, як яму зручней атрымліваць навіны пра новыя кнігі, інтэрактывы, конкурсы і іншае. Калі пакінуць адрас сваей электроннай пошты, пісьменнік будзе дасылаць навіны аб праектах.
Стаселька стараецца весці акаўнты не толькі ў інстаграме, «УКантакце» і фэйсбуку, але і ў «Аднакласніках», твітары, тэлеграме, каб ахапіць як мага большую аўдыторыю. Сам ён пра гэта гаворыць так: «Я зарэгістраваны ва ўсіх папулярных сацсетках, і ў кожнай з іх знаходзіцца свой чытач: так, з «Аднакласнікаў» прыходзяць жанчыны старэйшага ўзросту, якія не прывыклі чытаць такую літаратуру» [3].
Так, акрамя вядзення сацыяльных акаўнтаў, для тэлеграма пісьменнік стварыў ўласныя стыкеры паводле матываў рамана «Marginalis». Стыкеры можна атрымаць, калі аўтар адправіць спасылку на іх ці калі хтосьці выкарыстоўвае іх у чаце. Такім чынам, убачыўшы стыкеры ў прыватнай перапісцы, адрасат, не знаёмы да гэтага моманту з кнігай, можа зацікавіцца карыкатурнымі выявамі персанажаў і звярнуцца да першакрыніцы — кнігі, па матывах якой яны былі створаны. Гэта дапамагае наладзіць сваю чытацкую сетку. Стыкеры можна аднесці да сучаснага лічбавага мерчу — неад’емнай часткі фанацкай супольнасці. Кірыл Стаселька неаднаразова выкарыстоўвае словазлучэнне «далучыцца да чытацкай супольнасці» у сваіх публікацыях у тэлеграме.
Пасля выхаду «Marginalis» аўтар супольна з праектам InfoGrapher.by запусціў культурніцкую кампанію па папулярызацыі сучаснай беларускай літаратуры «Чытаем беларускую». У фэйсбуку і «УКантакце» публікаваліся цытаты вядомых беларускіх пісьменнікаў, каб прымусіць аўдыторыю больш чытаць. А чытачы дзяліліся сваімі сэлфі з кнігай, якая найбольш спадабалася, і водгукамі на яе.
Вядомыя беларусы па просьбе Кірыла Стаселькі падтрымалі яго кампанію. Яны рабілі здымкі ці сэлфі з кнігамі «Дзіцячы маніфест» і «Marginalis». Большасць выкладала здымкі ў сваіх акаўнтах. Сярод шматлікіх удзельнікаў мадэльер Саша Варламаў, журналістка Ганна Бонд, кампазітар Эдуард Ханок, тэлевядучыя Яўген Булка і Антон Мартыненка [1]. Водгукі тых, хто ўдзельнічаў у кампаніі, не ўспрымаюцца чытачом як рэклама: няма яўнай прапановы купіць кнігу; маюць месца толькі асабістыя меркаванні — і нейтральныя, і станоўчыя, і адмоўныя. Такія водгукі ўспрымаюцца хутчэй як парада ад сябра, чым рэклама.
Для кожнай сваёй кнігі Кірыл Стаселька ужывае асобны хэштэг. Асноўная ідэя хэштэгаў — каб чытачу было зручней знайсці інфармацыю пра канкрэтны твор. Напрыклад, па #Marginalis у «Укантакце» і фэйсбуку можна знайсці каля 10 публікацый, сярод якіх пасты самога аўтара і водгукі чытачоў.


Пасля выхаду кнігі «Marginalis» выдавецтва «Галіяфы» запусціла сумесную акцыю з сеткай піцэрый «Папа Джонс». Па промакоду, апублікаванаму ў сацыяльных сетках Кірыла Стаселькі, можна было атрымаць другую бясплатную піцу да замовы. А сетка піцэрый у сваю чаргу да кожнай замовы далучала флаер, які даваў магчымасць купіць гэтую кнігу са зніжкай [4].
Такая акцыя была разлічана на працу з халоднай аўдыторыяй, не зацікаўленай у набыцці кнігі. Адначасова акцыя заахвочвала тых, хто ўжо быў знаёмы з творчасцю Стаселькі. Людзі, якія праглядаюць сацсеткі аўтара, ужо з’яўляюцца зацікаўленай аўдыторыяй, і гэты промакод для іх — заахвочванне, падзяка за тое, што яны сочаць за навінамі аўтара. Прыём эксклюзіўнай прапановы для карыстальнікаў сацсетак часта выкарыстоўваюць камерцыйныя арганізацыі, накіраваныя на афлайн-продаж, але зацікаўленыя ў рассылцы рэкламных навін праз сацсеткі.
Яшчэ адзін цікавы прыём, які выкарыстоўвае Кірыл Стаселька, — стварэнне інфанагоды з выхаду кнігі. У наш час пісьменнікаў даволі многа, і, каб вылучыцца з агульнага шэрагу і прыцягнуць увагу СМІ, Кірыл заявіў, напрыклад, што прадае героя кнігі «Дзевяць жыццяў Віта Морэ» за 50 тысяч долараў. Ён не разлічваў, што хтосьці набудзе прапанаваны аб’ект, але гэта паспрыяла новым інтэрв’ю і з’яўленню матэрыялаў у СМІ.
Да такіх інфанагод можна аднесці і некалькі ўзятых рэкордаў Куфара. Так, «Дзевяць жыццяў Віта Морэ» прызналі самым шматжанравым раманам у беларускай літаратуры. У тэксце 7 жанраў, некалькі гістарычных эпох, кантынентаў, філасофскіх канцэпцый і больш за 250 персанажаў. А раман «Marginalis» ў 2016 годзе прызнаны праектам «Рэкорды Куфара» творам з самай высокай канцэнтрацыяй персанажаў у сучаснай беларускай літаратуры. У кнізе аб’ёмам 251 944 знакаў сустракаюцца 136 дзеючых асоб — прыблізна адзін герой на старонку друкаванага тэксту [6].
Акрамя яскравых загалоўкаў у СМІ, такія інфанагоды фарміруюць пэўны імідж пісьменніка. Патэнцыйны чытач, яшчэ не знаёмы з кнігамі Стаселькі, убачыць загаловак «Новы раман Кірыла Стаселькі: двайны рэкорд беларускай літаратуры» [5] і для сябе, магчыма, вырашыць, што такую выдатную кнігу варта прачытаць. Хоць «Рэкорды Куфара» самі па сабе ніякай каштоўнасці не маюць, яны ўсё ж павышаюць рэйтынг пісьменніка ў вачах чытача.
Такім чынам, Кірыл Стаселька не толькі рэкламуе свае кнігі і папулярызуе беларускую літаратуру, але і спрабуе стварыць уласную супольнасць чытачоў. Для гэтага ён выкарыстоўвае :
·  спецыяльны лічбавы мерч, звязаны з творамі;
·  камунікацыю з чытачамі ў сацыяльных сетках;
·  стварэнне пляцовак і суполак, дзе чытачы маюць магчымасць дзяліцца сваім меркаваннем аб прачытаных кнігах;
·  інтэрактывы;
·  інфанагоды, прывязаныя да выхаду кніг.
Кожны пункт распрацаваны як асобная маркетынгавая стратэгія, накіраваная на тое, каб заклікаць патэнцыйнага чытача купіць кнігу. У сукупнасці ж гэта цэльная кампанія папулярызацыі, накіраваная на тое, каб беларуская літаратура стала масавай. Прынамсі, творы Кірыла Стаселькі.

Спіс выкарыстанай літаратуры:

1. Вядомыя беларусы падтрымалі СучБелЛіт [Электронны рэсурс] / 2020 Sputnik. — Рэжым доступу: https://bel.sputnik.by/lifestyle/20170428/1028525695/vyadomyya-belarusy-padtrymali-suchbellit.html : 05.04.2020.
2. Гісторыі — Інстаграм [Электронны рэсурс] / INSTAGRAM ОТ FACEBOOK, 2020. — Рэжым доступу: https://www.instagram.com/stories/highlights/17870620159602540/ : 05.04.2020.
3. Как спасти белорусскую литературу от вымирания [Электронный рэсурс] / 2008 UDF.BY / Новости Беларуси. — Рэжым доступу: https://udf.by/news/kultura/187794-kak-spasti-belorusskuyuliteraturu-ot-vymiraniya.html : 05.04.2020.
4. Запіс са сцяны Кірыла Стаселькі [Электронны рэсурс] / 2020 Команда Вконтакте. — Рэжым доступу: https://vk.com/staselkakiryl?w=wall47761140_1295 : 05.04.2020.
5. Новы раман Кірыла Стаселькі: двайны рэкорд беларускай літаратуры [Электронны рэсурс] / Belsat TV. — Рэжым доступу: https://belsat.eu/news/novy-raman-kiryla-staselki-dvajny-rekordbelaruskaj-litaratury/ : 05.04.2020.
6. Рекорды Куфара [Электронны рэсурс] / Рекорды Куфара, 2016. — Рэжым доступу: http://rekordy.kufar.by/#110 : 05.04.2020.

Ірына ГРЫБАНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.