Вы тут

XXX Мiжнародная спецыялiзаваная выстаўка «Белагра-2020» адкрылася ў Мiнску


Урачыстае адкрыццё XXX Мiжнароднай спецыялiзаванай выстаўкi «Белагра-2020» адбылося ўчора ў Мiнску, паведамляе прэс-служба Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання.


Экспазiцыю дапаўняюць выстаўкi «Белферма» (апошнiя дасягненнi ў галiне жывёлагадоўлi) i «Белпрадукт» (прадукты харчавання). Удзел у выстаўках прымаюць 360 кампанiй. У iх лiку 30 кампанiй, якiя прадстаўляюць прадукцыю замежных вытворцаў з 13 краiн: Бельгii, Вялiкабрытанii, Венгрыi, Германii, Iзраiля, Iталii, Кiтая, Нiдэрландаў, Польшчы, Расii, Францыi, Швейцарыi, Швецыi.

Сёлета «Белагра» прымеркавана да Форуму рэгiёнаў Беларусi i Расii. У сувязi з гэтым асобнымi экспазiцыйнымi блокамi тут прадстаўлены прадпрыемствы абласцей РФ: Бранскай, Растоўскай, Валгаградскай, Саратаўскай, Варонежскай. Асобна прэзентаваны таксама прадпрыемствы Венгрыi.

Калектыўныя экспазiцыi сфармiравалi Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання, Мiнiстэрства прамысловасцi, Нацыянальная акадэмiя навук, канцэрн «Белдзяржхарчпрам», Белкаапсаюз i ўсе вобласцi Беларусi. Шырокi спектр прадуктаў харчавання дэманструюць 130 прадпрыемстваў харчовай i перапрацоўчай прамысловасцi з усiх рэгiёнаў краiны. У днi работы выстаўкi (да 4 кастрычнiка) арганiзаваны кiрмаш-продаж прадуктаў харчавання i тавараў народнага спажывання.

Прафесiйнае суправаджэнне Беларускага аграпрамысловага тыдня — дзелавая праграма, якая прадугледжвае шырокае абмеркаванне iнiцыятыў у галiне сельскай гаспадаркi. Ключавое месца ў праграме ўдзелена пытанням развiцця галiны, экспарту прадукцыi, распрацоўкi i ўкаранення iнавацыйных тэхналогiй. У рамках выставак пройдуць конкурсы «Найлепшы араты», «Найлепшая племянная карова малочнай пароды», «Найлепшы племянны конь», выстаўка племянных жывёл i iншыя.

Учора на пляцоўцы «Белагра-2020» быў прэзентаваны абноўлены легендарны трактар BELARUS-82.3.

Гэтая машына выпускаецца некалькi дзесяцiгоддзяў. «Мы правялi глыбокую мадэрнiзацыю, i атрымаўся зусiм новы трактар. Устанавiлi глушыцель, якi забяспечыў меншы шум i вiбрацыю ў кабiне. У гэтай мадэлi новае стыльнае аздабленне з сучаснай святлатэхнiкай. У прыватнасцi, устаноўлены святлодыёдныя рабочыя фары i лiхтары, электракiруемыя люстэркi задняга вiду. Што датычыцца тэхнiчных асаблiвасцяў, вялiкiя змены праведзены па трансмiсii. Прывад пярэдняга вядучага моста здзяйсняецца не праз механiчную перадачу, а гiдракiруемай муфтай. Пярэднi мост тут падвышанай нагрузкi, з вялiкiмi шынамi, якiя забяспечваюць выкананне больш цяжкiх работ», — цытуе вядучага iнжынера па рэкламе ўпраўлення пратакола i рэкламы маркетынг-цэнтра ААТ «МТЗ» Васiля Гнедчыка БелТА.

Таксама ўдзельнiкi «Белагра» могуць ацанiць новыя магчымасцi мадэрнiзаванага BELARUS-1222.4. Гэта ўнiверсальны ў сваiм класе варыянт з шырокiм выкарыстаннем у розных работах у сельскай гаспадарцы, дарожных i аварыйна-выратавальных мерапрыемствах, на будаўнiчых пляцоўках.

На выстаўцы прэзентаваны таксама самы магутны трактар у лiнейцы прадукцыi Мiнскага трактарнага завода BELARUS-4522 у новым дызайне.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.