Вы тут

Пра духоўную экалогію і замок на «сусветнай валізе»


Пра духоўную экалогію і замок на «сусветнай валізе»

Разумнае спажыванне, абмежаванне колькасці рэчаў ва ўжытку, немудрагелісты лад жыцця — усё гэта трывала ўкаранілася ў нашай карціне свету, стаўшы адной з найважнейшых мэт і каштоўнасцей свядомага сучаснага чалавека. Мы доўга раздумваем над мэтазгоднасцю той ці іншай пакупкі, старанна зніжаем колькасць штодзённых адкідаў, рупімся аб экалогіі як навакольнага асяроддзя, так і свайго ўласнага дома. Адным словам, для нас становяцца ўсё больш важнымі прыродная простасць і чысціня той прасторы, якая атачае наша фізічнае цела. Сёння многія ўздымаюць пытанне экалогіі вонкавай, але мала хто задумваецца над тым, што непасрэдна з ёй звязана, — над экалогіяй унутранай.

Духоўнае перанасычэнне
І я кажу нават не аб раскрыцці свайго духоўнага патэнцыялу (хаця гэта, бадай, мае быць прамым наступствам таго, аб чым пойдзе гаворка), а аб вызваленні прасторы нашых розуму і душы ад усяго лішняга, што замінае нам спазнаць саміх сябе. Так, мы пачалі набываць менш непатрэбных рэчаў, па магчымасці адмаўляцца ад выкарыстання пластыку і ўдзельнічаць у акцыях па зборы смецця ў лясах. Пры гэтым з нябачанай сквапнасцю паглынаем тоны патрэбнай і непатрэбнай інфармацыі, прапускаем праз сябе бясконцыя плыні літар, гукаў, карцінак і, не пабаюся заўважыць, самі выкідваем у навакольную прастору не менш. І я маю на ўвазе не толькі інфармацыйны шум, але і многае з таго, што прынята лічыць важным, карысным, прагрэсіўным. Вядома ж, аб’ектам крытычнага асэнсавання перш-наперш павінны стаць усялякае ментальнае смецце і інтэлектуальны «пластык», якога зараз возам не павязеш. Але, ні ў якім разе не змяншаючы ролі выкшталцонага мастацтва, музыкі, літаратуры ва ўзбагачэнні нашай душы, прапаноўваю крыху па-новаму паглядзець на інфармацыйную энергію наогул. Далей будзе зразумела, што я насамрэч маю на ўвазе.
Толькі прашу вас, не падумайце, што я топлю за культурнае і інтэлектуальнае цемрашальства! Я сама — заўзяты змагар фронту асветы і лічу тое, аб чым цяпер гавару, як ні дзіўна, яе неад’емнай часткай. Таму што добраахвотны духоўны голад магчымы і патрэбны толькі пасля духоўнага перанасычэння і пакліканы стаць перыядам адпачынку і ўнутранага абнулення, калі ўсё засвоенае асэнсоўваецца і перапрацоўваецца, каб вызваліць месца новаму і неабходнаму. Я сама прыйшла да гэтага менавіта тады, калі бясконцае, механістычнае, часам амаль гвалтоўнае «самаразвіццё» вычарпала мае рэсурсы і пачало выклікаць не што іншае, як млосць.

Ад карысці да фанатызму: духоўны канвеер
У эпоху адукацыі і інфармацыі, калі чалавек літаральна знаходзіцца пад прэсам неабходнасці бесперапынна атрымліваць усё новыя і новыя дыпломы і сертыфікаты, праходзіць усё новыя і новыя курсы і трэнінгі, павышаць сваю прафесійную кваліфікацыю ўсё новымі і новымі спосабамі, чытаць усё новыя і новыя кнігі, развіваць усё новыя і новыя скілы, — у гэтых умовах так званае «самаразвіццё» становіцца назойлівай, часам паранаідальнай ідэяй. Разам з новымі ведамі і навыкамі чалавек набывае хранічны стрэс ад перанасычэння інфармацыяй, становіцца носьбітам грымучай сумесі пачуццяў на стыку пыхі і самабічавання, трапляе ў пастку панічнага страху перад «нічоганерабленнем» і «кудысьцінепаспяваннем» і, не маючы шанцу спыніцца хоць на хвілінку і выдыхнуць, вырашае, што не застаецца нічога іншага, акрамя як запісацца на чарговы разумны курс або пачаць чытаць чарговую разумную кнігу. А раптам дапаможа?
І замест таго каб адпусціць сябе хаця б ненадоўга, мы маскіруем свае апатыю і стому тым, што напышліва трасём адзін перад адным крутымі пасадамі і навуковымі ступенямі, моднымі інстаграмамі і інтэлектуальнымі дыскурсамі як медалямі. Яшчэ раз паўтару: адукацыя і самаразвіццё — гэта адзін з найцудоўнейшых здабыткаў чалавецтва, як, дарэчы, і такія цывілізацыйныя нішцякі, як каналізацыя, аўтамабіль і крама. Але ад любові да нянавісці адзін крок, ад карысці да фанатызму — яшчэ менш, і разумнае спажыванне ад прагавітасці аддзяляе толькі што? Слушна, розум. І няважна, пра што ідзе размова: пра круасан, пакет або чырвоны дыплом.  Ды што там казаць, цяпер нават запаветны духоўны пошук часта ператвараецца ў канвеер: хто больш гуру паслухае і больш разоў на Балі злятае.

Ачысціць унутраны акіян
Ведаеце, часам найлепшы здабытак — гэта адмаўленне.  Страшна і адначасова неверагодна кайфова аднойчы перастаць чапляцца, як за мыліцы, за жыццёвыя парадыгмы разумных людзей і кніг, няхай яны і вельмі аўтарытэтныя. Безумоўна, яны патрэбныя ў свой час, каб прадаставіць нам пункт адліку ў пабудове ўласнай рэчаіснасці. Але, калі не адпусціць усё гэта аднойчы, можна так ніколі і не пайсці на сваіх нагах. Унутраная экалогія — менавіта пра гэта. Пра тое, што трэба перыядычна ачышчаць свой духоўны акіян, каб адчуваць унутры свежасць, моц і глыбіню ўласнай магутнай стыхіі. Каб хоць часам у ціхім і няспешным сузіранні ўнутранай пустэчы — вусцішнай і рэсурснай адначасова — разумець,  якія  мы насамрэч. Чалавек для мяне — не tabula rasa і не простая сума ўваходных сігналаў. Чалавек у сваёй найлепшай праяве — гэта сасуд, які можа  змясціць  у сабе  бясконцы вопыт і пры гэтым адпусціць яго ў любы момант, калі яму гэтага захочацца.

Разумнае спажыванне і разумная аддача
Вось і мяне напаткала фаза перанасычэння, з-за чаго я сумую і чаму ўсцешана адначасова. Год напружанай інтэлектуальнай працы над дысертацыяй, якая таксама прысвечана праблемам паэтычнага тэксту, над артыкуламі для рубрыкі і ўласнымі літаратурнымі і мастацкімі праектамі павінна зараз змяніцца фазай адасаблення і медытатыўнага сузірання, бо творчы зарад не стрымаеш у цуглях: ён не церпіць сілы. Цягам гэтага году паэзія, магчыма, і так раскрыла мне болей сваіх таямніц, чым належыць, а таму патрэбны час, каб калодзеж слоў і вобразаў напоўніўся зноў.  Болей за тое, паэзія якраз і можа стаць для нас павадыром у той запаветны сусвет унутранай цішыні, пра які я кажу. Толькі для гэтага трэба не злоўжываць яе ацаляльнай энергіяй і самім як мага часцей наводзіць парадак у закутках уласнай душы.
Важна разумець, што духоўная экалогія — гэта не толькі ўмеранае спажыванне рэсурсаў тонкай прыроды, такіх як веды і ўражанні, але і разумная іх аддача. Па маіх асабістых адчуваннях, перш чым зрабіць які-кольвек унёсак у навакольную прастору, заўжды варта спачатку паразважаць над тым, наколькі ён дарэчны і неабходны ў дадзены момант. Дысцыпліна цела, розуму і душы — вось што, на маю думку, прадвызначае арганічнае — і экалагічнае! — суіснаванне чалавека з навакольным асяроддзем і самім сабой. 
Я хачу шчыра падзякаваць часопісу «Маладосць», а таксама ўсім тым, хто цягам гэтага часу дзяліў са мной радасць паэтычных адкрыццяў! Памятайце: паэзія — гэта як замок з кодам на «сусветнай валізе»: варта падабраць правільную камбінацыю сімвалаў і вам адкрыюцца сапраўдныя скарбы! 

Кацярына МАСЭ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.