Вы тут

Аляксандр Лукашэнка пра тавараабарот з Браншчынай: Мы зможам падысці да мільярду долараў


Сустрэчай з кіраўніком Бранскай вобласці Расіі Аляксандрам Багамазам завяршыўся «губернатарскі тыдзень» Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.


Кіраўнік беларускай дзяржавы заўсёды падкрэсліваў важнасць прамых рэгіянальных кантактаў паміж краінамі, пры чым не толькі з Расіяй. Разам з тым, камандзіроўкі расійскіх губернатараў у Мінск сталі лагічным працягам нядаўніх дамоўленасцяў паміж Прэзідэнтамі дзвюх краін у Сочы.

«Толькі што завяршыўся Форум рэгіёнаў, вы больш чым я былі пагружаныя ў дэталі гэтага форуму, — сказаў Прэзідэнт. — Па сваіх выніках ён перасягнуў усе астатнія: усё ж такі, заключэнне кантрактаў амаль на 750 мільёнаў долараў —гэта добрае ўкладанне ў эканоміку Беларусі. Ужо не кажу, што гэта і для Расіі істотнае (няхай не такое ўжо і вялікае) укладанне. Тым больш, што трэба мець на ўвазе наступны эфект ад гэтых кантрактаў. Гэта ж праца людзей, гэта заробкі, гэта тое, чаго нам бракуе з іншымі краінамі ў супрацоўніцтве».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, гэта добра, што ў няпростых умовах пандэміі і абвастрэння міжнародных адносін былі знойдзеныя шляхі ўзаемадзеяння, якія прыносяць адчувальны эканамічны эфект.

«Таму Форум рэгіёнаў і гэта форма ўвогуле работы рэгіянальных лідараў, бізнесу рэгіянальнага з Беларуссю дае станоўчы вынік. Да гэтага мы больш чым на два мільярды долараў заключалі кантракты на гэтых форумах, а на гэтым — амаль палову ад шасці папярэдніх. Добры рывок наперад», — ацаніў вынікі Прэзідэнт.

«Мы думаем аднолькава, мы дзейнічаем аднолькава, у нас падобныя эканомікі»

Кіраўнік дзяржавы назваў Бранскую вобласць не проста суседам — вельмі сяброўскім для Беларусі рэгіёнам, дзе жывуць людзі, якія «абсалютна нічым не адрозніваюцца ад беларусаў».

«Гэта не тое, што блізкія, гэта адзін народ, абсалютна адзін, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Мы думаем аднолькава, мы дзейнічаем аднолькава, у нас падобныя эканомікі. Нюансы, яны заўсёды былі і будуць, але мы поўныя рашучасці іх вырашыць. І думаю, што вось ваш візіт гэты ў Беларусь як раз будзе садзейнічаць вырашэнню гэтых нюансаў».

За сем месяцаў 2020 года тавараабарот паміж Беларуссю і Браншчынай склаў каля 355 мільёнаў долараў, што трохі вышэй, чым у аналагічным леташнім перыядзе, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

«Але думаю, калі мы з вамі замахнёмся, то ў другім перыядзе вашага знаходжання на пасадзе дакладна зможам падысці да мільярду долараў тавараабароту Беларусі і Бранскай вобласці», — лічыць ён.

Аснова супрацоўніцтва — сельская гаспадарка, прамысловасць і будаўніцтва

Аляксандр Лукашэнка бачыць добрыя перспектывы ў развіцці, перш за ўсё, прамкааперацыі і міжгаліновага ўзаемадзеяння. Асновай для далейшага росту ён назваў сумесную работу ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці і будаўніцтве.

«Калі вы накрэсліце недзе на карце Бранска квартал і скажаце: вось гэта трэба спраектаваць і пабудаваць „пад ключ“, мы гэта зробім»

«Ведаю, што вы рэалізоўваеце вельмі вялікія праграмы. Іх шмат, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі да дарожнага, жыллёвага будаўніцтва і гэтак далей. Калі мы будзем для вас карысныя, будзем вам удзячныя, калі вы нас запросіце і накрэсліце недзе на карце Бранска альбо ў іншым і рэгіёне квартал і скажаце: вось гэта трэба спраектаваць і пабудаваць „пад ключ“. Мы вам гэта зробім, як у іншых абласцях», — паабяцаў Прэзідэнт.

Ён выказаў пажаданне, каб жыхары яшчэ аднаго расійскага рэгіёна ўбачылі менавіта комплекснае будаўніцтва ад беларусаў. Гэта тычыцца і прывядзенне ў парадак дарог. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларускія будаўнікі выйгралі міжнародны тэндар на будаўніцтва дарог, якое фінансавалася Еўрасаюзам.

«Пры гэтым мы гатовыя працаваць такім чынам, каб падключаць вашых людзей, як вы будавалі для нас атамную станцыю і падключалі беларусаў, якія засвойвалі тэхналогіі і потым будуць карысныя „Расатаму“ ў іншых замежных краінах на будоўлях», — дадаў ён.

Удзел у будаўнічых праектах Браншчыны выгадны для беларусаў з-за блізкай адлегласці, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Часта кажу пра будаўніцтва касмадрома „Усходні“, але гэта тысячы кіламетраў, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Мы вельмі хацелі б заняцца гэтай будоўляй, і Прэзідэнт Расіі мяне прасіў пра гэта. Зараз ідзе перамоўны працэс».

«Тое, што мы будуем у Беларусі, быццам бы і не мала, але гэта недзе працэнтаў 70–80 магутнасці. Хацелася б атрымаць падрады, асабліва ў Расіі»

Беларуская дзяржава зацікаўленая ў развіцці гэтай паслугі за мяжой яшчэ і таму, што мае, па словах Прэзідэнта, пэўны лішак уласных будаўнічых арганізацый.

«Мы не развалілі ніводную арганізацыю. Мы захавалі ўсе трэсты, якія былі некалі створаныя ў савецкія часы. Мы іх перааснасцілі і нам вельмі важна загрузіць гэтыя магутнасці, — патлумачыў ён. — Тое, што мы будуем у Беларусі, быццам бы і не мала, але гэта недзе працэнтаў 70–80 магутнасці. Хацелася б атрымаць падрады, асабліва ў Расіі».

Перавага ўсходняй суседкі ў адсутнасці моўнага бар’еру, а таксама ў падобных будаўнічых стандартах і патрабаваннях да якасці.

«Трэба дапаўняць адно аднаго, а не канкурыраваць»

Адносна сумесных з Беларуссю прадпрыемстваў, якія маюцца на Браншчыне, Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне выбудоўваць работу такім чынам, каб дапаўняць адно аднаго.

«Але ні якім чынам каб не бадаліся ілбамі, не дубліравалі і тым больш, не канкурыравалі адно з адным — нам гэта не трэба. Лепш мы разам аб’яднаемся і будзем канкурыраваць на іншых рынках», — сказаў ён.

Прэзідэнт таксама выказаў гатоўнасць стварыць сумеснае прадпрыемства ў Беларусі па вырабе будаўнічых матэрыялаў.

Аляксандр Багамаз: Мы заўсёды за вамі імкнуліся, заўсёды з вас бралі прыклад

У сваю чаргу, Аляксандр Багамаз адзначыў, што Беларусь і Бранскую вобласць звязваюць добрыя адносіны ў самых розных сферах — ад эканомікі да культуры. Пры гэтым больш за траціну знешнегандлёвага абароту гэтага расійскага рэгіёну прыпадае менавіта на Беларусь.

«Вы правільна сказалі: мы — суседзі. У нас у Беларусі шмат пражывае сяброў, знаёмых, сваякоў. І мы не па чутках ведаем, што адбываецца ў Беларусі. Мы заўсёды за вамі імкнуліся, заўсёды з вас бралі прыклад. Нас, вядома, здзіўляюць чысціня і дагледжанасць, дарогі. Ды і наогул усё, што сёння робіцца ў Беларусі», — сказаў губернатар Бранскай вобласці.

На Браншчыне мяркуецца стварыць гандлёвы дом па продажы калійных угнаенняў

Па выніках размовы з Прэзідэнтам Аляксандр Багамаз паведаміў журналістам, што атрымаў падтрымку на стварэнне ў яго рэгіёне пляцоўкі па рэалізацыі беларускіх калійных угнаенняў.

Ён адзначыў, што ў Бранскай і суседніх абласцях развіваецца сельская гаспадарка, кожны год усё больш уносіцца мінеральных угнаенняў. «І праблему мы сёння адчуваем усе — гэта пастаўкі менавіта калійных угнаенняў», — сказаў губернатар.

Аляксандр Багамаз заўважыў, што ў Гомельскай вобласці, якая мяжуе з Бранскай, будуецца новае прадпрыемства па здабычы і вытворчасці калійных угнаенняў. Адпаведна складваецца добрая лагістыка, каб з пляцоўкі на Браншчыне гандляваць угнаеннямі ва ўсёй Цэнтральнай федэральнай акрузе Расіі. Адпаведную працу мяркуецца арганізаваць шляхам стварэння гандлёвага дома.

Акрамя таго, вялася размова пра стварэнне сумеснай базы па ўкараненні сучасных тэхналогій у сельскай гаспадарцы, абмене вопытам, узаемадзеянні ў навуковай сферы.

Усё гэта, а таксама развіццё супрацоўніцтва па існуючых кірунках, напрыклад, пастаўках прадукцыі машынабудавання з Беларусі, павінна дапамагчы, на думку Аляксандра Багамаза, у перспектыве вывесці двухбаковы тавараабарот на ўзровень у $1 млрд.

 

Да ведама:

Згодна інфармацыі, падрыхтаванай прэс-службай Прэзідэнта, самы вялікі тавараабарот паміж расійскай Браншчынай і нашай краінай за апошіня гады быў зафіксаваны ў 2017 годзе, ён тады наблізіўся да 700 мільёнаў долараў. Леташняя лічба — 650 мільёнаў. Сальда ў гандлі заўсёды было станоўчае для нашай краіны.

Беларусь прадае суседзям у асноўным малочныя прадукты, сельскагаспадарчую, дарожную і будаўнічую тэхніку, шпалеры, будаўнічыя матэрыялы і нафтапрадукты.

Імпартуем мы з гэтага рэгіёна ў большай ступені метал, цэмент, сою, паперу, пластык, цукар, насенне рапсу і сланечніку, папяровую і кардонную тару.

У Бранскай вобласці працуюць зборачныя вытворчасці беларускіх прамысловых прадпрыемстваў «АМКАДОР-Бранск» і «Брансксельмаш». Дзейнічаюць суб’екты тавараправоднай сеткі «Мазырсолі» і «Мілкавіты». Працуе афіцыйны дылер «Беларускіх шпалер», гандлёва-фірмовая сетка «Вітэкс», «Беліты», «Мілавіцы», «Белвеста», «Нелвы» і іншых беларускіх прадпрыемстваў.

Акрамя таго, індывідуальнымі прадпрымальнікамі пад вывескай «Беларускія тавары» ў гэтым расійскім рэгіёне адкрыты больш за 100 крам і аддзелаў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Акцёр РТБД — пра прызванне, ахвяры дзеля ролі і місію тэатра

Акцёр РТБД — пра прызванне, ахвяры дзеля ролі і місію тэатра

«Я разумеў, які цяжкі матэрыял трэба будзе ўвасобіць на сцэне».

Гараскоп на тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам лепш не прымаць паспешлівых рашэнняў.

Спорт

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

«Галоўная задача „Беларусь 5“ — паказваць беларускаму гледачу беларускі спорт».