«Вы сабраліся тут, каб адкрыта і прама выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, аб'ядналіся, каб стаць на абарону галоўных дасягненняў такой жа, як вы, маладой і незалежнай краіны, — зачытаў падчас урачыстага адкрыцця форуму зварот ад Прэзідэнта намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч. — Няма нічога даражэй за мір, бяспеку і свабоду, за якія нашы продкі ў розныя гады аддавалі свае жыцці... Вы ўжо ўвайшлі ў гісторыю як пакаленне першай суверэннай беларускай дзяржавы і павінны заставацца ў ёй як патрыёты, якія ў няпросты час з гонарам прайшлі выпрабаванне на трываласць, захавалі вернасць спрадвечным традыцыям і збераглі родны дом — Беларусь».
За некалькі гадзін да адкрыцця мерапрыемства ў Лядовым палацы можна было наведаць своеасаблівую выстаўку дасягненняў моладзі і даведацца пра ўсё, чым яна сёння дыхае. А кірункаў шмат — валанцёрскі, навуковы, будатрадаўскі... Дарэчы, за 9 месяцаў з пачатку года праз студэнцкія будаўнічыя атрады паспелі прайсці 18 тысяч хлопцаў і дзяўчат. Узяць, напрыклад, будатрад «Маладосць» Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта харчавання — лічыцца, што трапіць у яго вельмі прэстыжна. Летась ён абслугоўваў ІІ Еўрапейскія гульні ў Мінску, сёлета стаў найлепшым на міжнародным вытворчым працоўным праекце «Атлант-2020». «Ветэранамі» ў будатрадаўскім руху становяцца хутка: тры гады адпрацаваў — і ты ўжо загартаваны баец. Чацвёртакурсніца ўніверсітэта харчавання Таццяна Дзенісенка якраз адна з такіх «ветэранаў».
— Студэнцкі будатрадаўскі рух — гэта своеасаблівае брацтва, магчымасць знайсці новых сяброў і набрацца ўражанняў, — кажа яна. — А яшчэ — плённа папрацаваць на добры вынік разам. Гэта вельмі аб'ядноўвае.
У актывістаў маладзёжнага руху была магчымасць выказацца падчас «Адкрытага дыялогу» або накіраваць свае прапановы праз электронную платформу.
— Цікава даведацца, што думае моладзь, чаго ёй не хапае, што магчыма было б змяніць, — разважае першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Дзмітрый Варанюк. — Перамены патрэбны, але ўсё павінна ісці праз дыялог, цывілізавана і канструктыўна. Самыя цікавыя прапановы будуць агучаны Прэзідэнту.
— Моладзь сёння выказвае розныя погляды, у тым ліку і палітычныя, іх таксама трэба ўлічваць, — перакананы старшыня маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Ягор Макарэвіч. — Форум дасць магчымасць вызначыцца наконт нашага агульнага будучага. Мы стаім на парозе значных палітычных падзей — Усебеларускага народнага сходу, канстытуцыйнага рэфармавання, — і голас моладзі павінен быць пачуты. Мы прапаноўваем шэраг ініцыятыў па карэкціроўцы Асноўнага Закона, канкрэтныя ініцыятывы па ўцягванні моладзі ў эканоміку, новыя вытворчыя пляцоўкі. Маладзёжныя форумы стануць месцам для дыскусій, дапамогуць скласці павестку будучага, каб краіна магла паспяхова рухацца наперад.
Форум у Магілёве даў старт аналагічным мерапрыемствам па ўсёй краіне.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Сам будынак уражвае архітэктурай.
«Вышывала, калі за лямпы былі толькі керасінкі».