Вы тут

Канстытуцыя, бюджэт, адміністрацыйны кодэкс. Тры вяршыні восеньскага маршруту дэпутатаў


Больш за 30 законапраектаў рыхтуецца да разгляду на восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў, якая адкрыецца 2 кастрычніка. Першарадную ўвагу дэпутаты павінны ўдзяліць законам сацыяльна-эканамічнага блока, якія забяспечваюць устойлівы эканамічны рух, эфектыўнае развіццё бізнес-асяроддзя і сацыяльную абарону грамадзян, сказаў на пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў яе старшыня Уладзімір Андрэйчанка.


«Дэпутацкаму корпусу сёмага склікання ўпершыню трэба разгледзець пакет бюджэтных дакументаў краіны на будучы год, — паведаміў ён. — Дэпутаты ў складзе міжведамасных рабочых груп прымаюць ужо ўдзел у рабоце над рэспубліканскім бюджэтам на 2021 год і змяненнямі ў Падатковы кодэкс. Наша агульная задача — каб бюджэт быў эфектыўны, забяспечваў эфектыўнае расходаванне сродкаў, даў магчымасць у поўным аб'ёме выканаць сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы».

Дэпутатам трэба будзе ўдзельнічаць у рабоце па абнаўленні Асноўнага закона краіны з прыцягненнем самага шырокага кола зацікаўленых, звярнуў увагу спікер.

«Канкрэтныя прапановы парламентарыяў па гэтым пытанні павінны быць прадстаўлены да канца кастрычніка ў Пастаянную камісію па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка. — Неабходна таксама актыўна далучыцца да работы па фарміраванні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на будучую пяцігодку, удасканаленні выбарчага заканадаўства, заканадаўства аб палітычных партыях, мясцовым кіраванні і самакіраванні, іншых ключавых прававых актаў, што датычацца палітычнага ўладкавання нашай дзяржавы. Так, дэпутаты ўжо накіравалі ў адпаведную міжведамасную рабочую групу шэраг прапаноў па пашырэнні паўнамоцтваў урада і мясцовых органаў улады».

Старшыня Палаты прадстаўнікоў таксама заявіў, што ў высокай ступені гатоўнасці знаходзяцца праекты КаАП і ПВКаАП.

«У міжсесійны перыяд Пастаянная камісія па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце правяла вялізную работу па гэтых кодэксах, — сказаў ён. — З удзелам прадстаўнікоў розных дзяржаўных органаў, бізнес-суполак і навуковых устаноў разгледжаны каля 400 заўваг і прапаноў. Усе шурпатасці, якія засталіся, трэба адпрацаваць у найбліжэйшы час, каб у лістападзе мы іх разгледзелі на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.