Вы тут

Якія інвестыцыі робяць перыферыю прывабнай для ўласнай справы


У беларуска-расійскім прыграніччы ўсё больш грамадзян разумеюць, што ў нас можна добра зарабляць. І не трэба нікуды ехаць — на радзіме ёсць магчымасць не толькі ўладкавацца на працоўнае месца з параўнальна высокай аплатай, але і распачаць сваю справу. І можна гэта зрабіць без пазык і крэдытаў, адпаведна, даўгоў. Стаць прадпрымальнікам магчыма незалежна ад узросту і адукацыі. І дзеля гэтага трэба нямнога: жаданне, трохі інтуіцыі і цярпення — ды, бадай, і ўсё, каб штомесяц атрымліваць дастойныя сумы грошай.


Тац­ця­на Гі­ла­вей­ня, цы­руль­нік з Лёз­на.

Шпаргалка для «чайнікаў»

У Лёзненскім раёне тым, хто хоча працаваць на сябе — грэх скардзіцца на мясцовую ўладу. Кожны, хто пажадае, можа, нават не выходзячы за дзверы жылля, пачаць навучацца азам бізнесу.

Так, у раённай газеце «Сцяг перамогі» існуе праект «Свая справа: парады для «чайнікаў» і не толькі». У  рэдакцыі канстатуюць, што моладзь, людзі сярэдняга, ды і некаторыя асобы перадпенсійнага ўзросту і рады б стаць прадпрымальнікамі, але іх спыняе адсутнасць разумення, чым хацелі б заняцца. Журналісты кажуць, што элементарнае няведанне, з чаго пачаць, як афармляць дакументацыю, падатковыя нюансы не спрыяюць павелічэнню колькасці дзелавых людзей. Таму газета вырашыла выступіць пляцоўкай для своеасаблівай школы бізнесу і запрашаць да сябе спецыялістаў у розных сферах...

Тут ужо размясцілі інфармацыю пра тое, як атрымаць грошы з бюджэту для адкрыцця сваёй справы, распачаць бізнес без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, знайсці сваю нішу на рынку паслуг і гэтак далей. У рамках праекта праводзяцца тэматычныя семінары, дзе падказваюць, што рабіць, калі, як той казаў, «прыйшла праверка», пра ролю малога бізнесу ў эканоміцы раёна.

Безумоўна, лепшая рэклама бізнесу — споведзь тых, хто ім пачаў займацца ці наогул мае добры вопыт. Вельмі натхняюць словы Сяргея Козыра, старэйшыны вёскі Ордзеж, які ў сярэдзіне 1990-х вырашыў заняцца фермерствам. Ён надзвычай цікава расказаў пра першыя няўдачы, ва неўраджайныя гады і, наадварот, пра тое, як развіваў гаспадарку, аб тым, што як акупляецца...

У аддзеле эканомікі райвыканкама паведамілі — на Лёзненшчыне сем сялянска-фермерскіх гаспадарак.

Рады кожнаму

Малы бізнес Лёзненскага раёна, акрамя гэтага, прадстаўлены каля 140 індывідуальнымі прадпрымальнікамі, прыблізна 40 арганізацыямі прыватнай формы ўласнасці. Прадпрымальніцтва вядзецца ў пяці галінах эканомікі: у гандлі, вытворчасці, паслугах, транспарце, будаўніцтве.

У райвыканкаме нагадалі, што ва ўмовах рыначнай эканомікі развіццё малога прадпрымальніцтва — аснова стварэння канкурэнтнага асяроддзя. Зразумела, што яно служыць і пашырэнню экспартнага патэнцыялу, інвестыцыйнай дзейнасці, павышэнню мабільнасці і эфектыўнасці вытворчасці. І, канешне, усё гэта забяспечвае стабільнасць у развіцці любога рэгіёна.

Намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Ірына Дзерваед  паведаміла, што для ахвотных працаваць на сябе ў райвыканкаме дзверы адчынены на ўсіх узроўнях кіраўніцтва, дастаткова толькі праявіць інтарэс. Тады пракансультуюць па розных пытаннях, падкажуць, чым лепш заняцца, якая ніша можа стаць той самай «залатой жылай». Абавязкова дадуць канкрэтныя парады, дзе ўзяць стартавы капітал, набыць тэхніку і інструменты, дапамогуць знайсці памяшканні.

Самазанятасць у жыхароў раёна становіцца ўсё больш папулярнай. Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Лёзненскага раённага выканаўчага камітэта паведамілі, што летась зарэгістравалі 65 рамеснікаў, трох уладальнікаў аб'ектаў сельскага турызму і 64 плацельшчыкаў адзінага падатку.

Мастацтва рабіць прыгажосць

Таццяна Гілавейня якраз і плаціць адзіны падатак, бо робіць прычоскі. Працуе на першым паверсе будынка, дзе раней знаходзілася раённае спажывецкае таварыства.

Між іншым, у гарадскім пасёлку з насельніцтвам каля 6,7 тысячы чалавек разам з дзяржаўнай — ажно сем цырульняў. І як яны змагаюцца за кліентаў? Мая суразмоўніца кажа, што, напрыклад, да яе любяць прыходзіць жанчыны з дзецьмі. Зразумела, малым цяжка доўга сядзець на месцы. Але Таццяна, як сапраўдная чараўніца, знаходзіць падыход да самай капрызнай дзяўчынкі ці хлапчука.

Ды і да вельмі «зорных» дарослых знойдзе падыход. Яна — майстар-універсал. Дарэчы, на мой жарт наконт таго, што мо і барбер, сказала, што, канешне, цырульнікі не вельмі любяць «вазіцца з барадой», бо часу трэба шмат, ды і ўсё-такі, адчуваецца дэфіцыт адпаведных інструментаў. Але мужчыны ведаюць, да каго прыйсці — і гэта яна ўмее.

Таццяна расказвае пра сваю справу, як паэт, узнёслымі словамі. Ну, напрыклад: «Гэта прафесія натхняе і развівае». Цырульнік з гумарам кажа, што ў яе ёсць нават муза — муж! Дарэчы, ён таксама творчы чалавек — мастак па адукацыі. Яго вырабы з металу — лаўку і кветку — можна ўбачыць у цырульні.

Дарэчы, навучалася Таццяна мастацтву цырульніка ў Віцебскім індустрыяльна-педагагічным каледжы. Ездзіла туды штодня на вучобу, знаходзячыся пры гэтым у дэкрэтным адпачынку, з Лёзна — гэта прыкладна сорак кіламетраў. А першыя ўрокі яна атрымала ў пачатку 1990-х, калі вучылася ў Віцебску на швачку-вышывальшчыцу. Тады былая майстар прычосак запрасіла яе ў гурток.

Да таго як пачаць зарабляць самастойна, папрацавала ў адным з лёзненскіх салонаў прыгажосці. І ў расійскую Рудню, да якой прыкладна пятнаццаць кіламетраў, ездзіла. Там вельмі цанілі яе ветлівасць, сур'ёзнасць у плане асваення прафесіі і жаданне стаць майстрам з вялікай літары. У сваю чаргу жанчына вельмі ўдзячная тым, хто да яе прыходзіў, верыў у тое, што яна зможа іх зрабіць больш прывабнымі.

Але ж Таццяна вырашыла, што быць сама сабе гаспадыняй на рабоце — лепш.

Што датычыцца падаткаў, кожны месяц плаціць крыху больш за дваццаць рублёў. Хочаш працаваць толькі па выкліках, дома ў кліентаў — калі ласка. Акрамя нядзелі, Таццяна ўвесь час у салоне. Канешне, на заробку адбіваецца сезоннасць: у цёплы час года жанчыны часцей прыходзяць, каб навесці прыгажосць. Блізкасць абласнога цэнтра ўплывае таксама, бо некаторыя прынцыпова хочуць зрабіць прычоску ў горадзе, маўляў, так больш прэстыжна. Але, калі параўноўваюць суадносіны цаны і якасці, нярэдка адзін раз, звярнуўшыся да Тані, больш не марнуюць грошы і час, каб даехаць у Віцебск.

Безумоўна, чалавечы фактар у бізнесе — вельмі важна. Калі ты да кожнага адносішся, як да чаканага госця, будуць стаяць і ў чарзе па паслугу.

P.S. У глыбінцы бізнесу прапануюцца прэферэнцыі. І гэтым карыстаюцца ўсё больш тыя, хто аказвае паслугі. Тут багаты выбар аб'ектаў нерухомасці, працавітыя людзі, якія з лёгкасцю змогуць змяніць сферу дзейнасці, блізкасць да Расіі — «бонусы», якія робяць інвестыцыі ў перыферыю прывабнымі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Бонусы ініцыятыўным

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.

Грамадства

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. Буйныя крэдыты зараз лепш не браць. Паспрабуйце прывесці думкі і пачуцці ў парадак. І перастаньце гібець, зазірніце ў сябе, ураўнаважце эмацыянальны стан. Зараз самы час для наладжвання згубленых сувязяў, якія спатрэбяцца ў найбліжэйшай будучыні. Не забывайце пра родных і блізкіх.

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.