Вы тут

Янка Купала: новыя сербскія сцежкі


Народны паэт Беларусі Янка Купала вядомы, лічы, усяму свету. Пераклады яго твораў зроблены болей як на сто моў. І вось новае выданне класіка беларускай нацыянальнай літаратуры (у друкаванай і электроннай версіях) выходзіць у Сербіі — у серыі «Бібліятэка беларускай кніжнасці» выдавецтва «АЛМА».


Зборнік пачынаецца перакладамі вершаў, якія паэт стварыў у 1905—1907 гады. А завяршаецца вершам «Беларускім партызанам», які напісаны, як вядома, у 1941 годзе. Ёсць тут і легендарны твор — «А хто там ідзе?». Дарэчы, усяго існуе чатыры пераклады гэтага верша на сербскую/сербскахарвацкую мову. Яны зроблены Дэсанкай Максімавіч, Мамчылай Джэркавіч, Міадрагам Сібінавічам і Даянай Лазаравіч. І ўсе вершы для новай сербскай кнігі Янкі Купалы «Спадчына» пераклала Даяна Лазаравіч.

Даяна Лазаравіч — малады і настойлівы прапагандыст беларускай літаратуры ў сучаснай Сербіі. Яна адна робіць столькі, колькі не пад сілу іншым інстытутам, асветніцкім цэнтрам альбо кніжным выдавецтвам. Руплівасць сербскай перакладчыцы і бібліёграфа (Даяна падрыхтавала поўны бібліяграфічны агляд таго, што надрукавана з перакладаў беларускай літаратуры ў Сербіі болей як за стагоддзе!) пацвярджаюць наступныя факты: пачынаючы з 2017 года, перакладчыца выдала ў Бялградзе кнігі беларускіх паэтаў і празаікаў Максіма Багдановіча, Віктара Кажуры, Сяргея Панізніка, Марыі Кобец, Алеся Бадака, Святланы Быкавай, Валерыя Казакова... А што ўжо казаць пра публікацыі твораў беларускіх паэтаў у сербскай перыёдыцы ў перакладах Даяны Лазаравіч! Лік падаецца бясконцым. Якуб Колас, Максім Танк, Алесь Бачыла, Уладзімір Караткевіч... Сербская перакладчыца працуе натхнёна і з вялікай увагай да гісторыі беларускай літаратуры і ўсяго, што сёння характарызуе літаратурны працэс у нашай краіне. Як ацэнка яе здзяйсненняў — прыняцце Даяны Лазаравіч у склад сяброў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Перакладчыца часта бывае ў Беларусі. Яна прыязджала і на Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час», які штогод ладзяць Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Саюз пісьменнікаў Беларусі пры ўдзеле Выдавецкага дома «Звязда». Сербскую перакладчыцу добра ведаюць у Літаратурным музеі Янкі Купалы, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, іншых музеях, бібліятэках, асветніцкіх установах Мінска...

Сербская «спадчына» Янкі Купалы завяршаецца грунтоўным артыкулам-пасляслоўем доктара філалагічных навук, прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Івана Чароты «Янка Купала ў сваім родзе і на пасадзе між народамі». Літаратуразнаўца і — гэта нельга не падкрэсліць — слынны сербіст падрабязна расказвае пра прачытанне творчасці і лёсу народнага песняра Беларусі папярэднікамі Даяны Лазаравіч у краінах былой Югаславіі, непасрэдна ў Сербіі. Пачатак, дарэчы, быў пакладзены рэцэнзійнай нататкай у славенскім часопісе «Dom іn svet» у 1908 годзе. Аўтар тэксту «Песні Янука Купалы» — Леапольд Ленард (1876—1962), гісторык, публіцыст, культуролаг, лінгвіст, літаратуразнавец, крытык, святар. Для напаміну: першыя рэцэнзіі на Радзіме, у Беларусі, на першы зборнік Я. Купалы з'явіліся 9 ліпеня і 15 жніўня 1908 года — у газетах «Минское эхо» і «Наша ніва».

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка: Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм

Лукашэнка: Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм

У Маскве адбылася сустрэча і перагаворы кіраўніка нашай краіны з яго калегам Уладзімірам Пуціным.

Грамадства

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

З авітамінозам у нас прынята змагацца па-старому...

Грамадства

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

На Гомельшчыне актыўна рэалізоўваюцца праекты па развіцці тэрыторый, пацярпелых у выніку катастрофы на ЧАЭС. 

Грамадства

Дружыннікі выходзяць на дзяжурства... А разам з імі — і карэспандэнт «Звязды»

Дружыннікі выходзяць на дзяжурства... А разам з імі — і карэспандэнт «Звязды»

Кожны замацаваны за сваім участковым, у кожнага свая зона адказнасці.