Вы тут

Святыні старажытнага Турава


Незвычайная падзея адбылася ў кафедральным Свята­Духавым саборы Мінска 26 верасня, у часе ўрачыстай вячэрняй службы на свята Узвіжання. Над вернікамі быў узняты Тураўскі крыж… Святыня, адноўленая ў выніку шматгадовай працы й веры годных людзей.


Напярэдадні падзеі на прэс-канферэнцыі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі й Заслаўскі Веньямін назваў аднаўленне Тураўскага крыжа знакавай падзеяй для краіны, сімвалам аднаўлення духоўных традыцый і сувязі пакаленняў: “Мы адраджаем святыні, каб пакінуць іх нашчадкам”.

Нічога не здараецца выпадкова

Тураў, Тураўская зямля — сапраўды сакральнае для Беларусі месца, і найбагатая гісторыя таго краю мае шмат таямніцаў. Гісторыкі сцвярджаюць: там быў як магутны цэнтр фармавання беларускай дзяржаўнасці, так і цэнтр культурнага й духоўнага жыцця. Цэлы шэраг святых беларускай зямлі спалучаны лёсамі з горадам: святы дабраверны князь Барыс Тураўскі, прападобны Марцін Тураўскі, свяціцель Лаўрэнцій — затворнік Пячэрскі й епіскап Тураўскі. А таксама свяціцель Кірыл, епіскап Тураўскі — найбольш вядомы ў хрысціянскім свеце. Калі шэсць год таму мы гутарылі са знакамітым археолагам Пятром Лысенкам, той запэўніў, што па значнасці й колькасці беларускіх культурных каштоўнасцяў Тураў супернічае з Полацкам…

Мы шмат гаварылі тады з Пятром Фёдаравічам пра таямніцы Турава. Пра падземныя азёры, якія, напэўна, спарадзілі легенду пра Тураў калодзеж, у якога тры дны — залатое, срэбнае й мядзянае. І калі апошняе будзе прабітае, то, кажуць у народзе тамтэйшым, настане канец свету. Пра незвычайныя саркафагі з чорнага каменя, якія больш нідзе не сустракаюцца. Пра першую знойдзеную на Беларусі кірылічную азбуку, выразаную на самшытавым грабеньчыку. І, вядома ж, пра каменныя крыжы, што растуць з зямлі… Я глядзела на гіпсавы партрэт маладой тураўчанкі, рэканструяваны паводле парэшткаў з пахавання, і мне здавалася, што гэта рысы нашай сучасніцы, разумнай і адважнай.

Памяць Пятра Лысенкі ў Тураве варта было б, аддаючы належнае ягонаму важкаму наробку ў нашай культуры, ушанаваць належным чынам. Менавіта ж ён, археолаг, на ўзгорку ля Прыпяці, дзе мясцовыя жыхары пасвілі жывёлу, знайшоў падмурак старажытнага праваслаўнага сабора. Храм быў падобны да Кіеўскай і Полацкай Сафіі, а закладвалі яго ў 50–70‑х гадах XІІ стагоддзя па дабраславенні багаслова й першага беларускага пісьменніка епіскапа Кірылы Тураўскага. Сабор той прастаяў нядоўга й быў разбураны ў 1230 годзе ў выніку моцнага землятрусу, эпіцэнтр якога быў у Карпатах. Гаварылі мы й пра самога Кірылу Тураўскага. Ён, аказваецца, выхоўваўся ў асяродку грэчаскіх інтэлектуалаў, якія на той час жылі ў Тураве, пры двары княгіні Варвары, а сама ж княгіня была сястрой візантыйскіх імператараў. І пра тое, колькі страчана ў часе беларускіх гістарычна-культурных каштоўнасцяў, і колькі яшчэ трэба зрабіць па зберажэнні таго, што ацалела, у Тураве…

У часе размовы слынны гісторык дастаў з шафы незвычайны металічны крыж-рэканструкцыю, якую калісьці зрабіў сам разам з сынам Фёдарам, тады яшчэ школьнікам. Да крыжа прымацаваныя былі чатыры відавочна старажытныя абразкі… Пётр Фёдаравіч знайшоў іх, казаў, у 1962 годзе, калі вяліся раскопкі Тураўскага гарадзішча на слаі XІІ-XІІІ стагоддзяў і вызначыў каштоўную знаходку як часткі напрастольнага крыжа Тураўскага епіскапальнага храма. Гісторык марыў, каб калі-небудзь той крыж быў узноўлены, падобна да крыжа Еўфрасінні Полацкай.

Што ж, часам беларускія артэфакты сапраўды вяртаюцца. Магчыма, ёсць на тое нейкія свае тэрміны, ведаць якія нам не дадзена. Вось раптам у Лондане знаходзіцца ў бібліятэцы асобнік першага беларускага буквара. Ці ў вёсцы Вішнева на Смаргоншчыне — карціна славутага Яна Дамеля. Альбо выявіцца ў якімсьці архіве новы рукапіс Максіма Багдановіча ці Уладзіміра Дубоўкі… Нават калі сама каштоўнасць знішчаная, то неабыякавыя, таленавітыя людзі адновяць яе — з глыбокай павагай да рарытэту.

Здзейснілася й мара Пятра Фёдаравіча. Праўда, так наканавана было, што не дажыў ён да яе ўвасаблення ўсяго некалькі месяцаў. Але ж бываў на пасяджэннях, дзе абмяркоўваўся праект, і не выказваўся супраць эскіза крыжа, як сцвярджае старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўным мастацтве, архітэктуры й рэстаўрацыі Беларускай праваслаўнай царквы Марыя Нецвятаева. Менавіта яна была прызначаная куратарам прац па аднаўленні Тураўскага крыжа, яна ж і аўтар яго канцэпцыі. Для спадарыні Марыі то было царкоўнае паслушэнства, можна сказаць, духоўны подзвіг, бо рабілася дабрачынна.

— На аб’яўлены ў 2018 годзе конкурс эскізаў было прадстаўлена дзевяць прац, — распавядае Марыя Валянцінаўна. — Мы хацелі зрабіць конкурс максімальна незалежным, праекты падаваліся пад нумарамі. У журы пад старшынствам мітрапаліта Паўла ўваходзілі прадстаўнікі Акадэміі мастацтваў ды Акадэміі навук. Былі адзначаны тры праекты. Першае места заняў эскіз Алены Андрушчанкі, другое і трэцяе — праекты аўтарскага калектыву пад кіраўніцтвам Ігара Гардзіёнка і скульптара Андрэя Хацяноўскага. Працы па ўзнаўленні крыжа пачаліся па ініцыятыве Сяргея Мікалаевіча Румаса, які на той час узначальваў ААТ “Банк Развіцця Рэспублікі Беларусь”. Банкам і былі прафінансаваны ўсе працы па ўзнаўленні. Было прынята рашэнне зрабіць два крыжы: каб адзін зберагаўся ў царкве, другі — у Акадэміі навук.

— Які з іх упрыгожваюць абразкі, знойдзеныя Пятром Фёдаравічам?

— Здзейсніць такую задуму не ўдалося, бо ўсе рэчы навукоўца паводле ягонага жадання перададзеныя ў Нацыянальны гістарычны музей. Але іх аднавілі па сярэднявечнай тэхналогіі.

— Чула спрэчкі: а ці сапраўды знойдзеныя абразкі былі часткай напрастольнага крыжа?

— Гэта гіпотэза, але яна мае абгрунтаванне. Ва ўсім свеце норма — рэканструяваць артэфакты па фрагментах, ведаючы характэрныя рысы культуры эпохі й рэгіёна. Петр Фёдаравіч таксама абапіраўся на свае веды. Абразкі, знойдзеныя ім, не былі падпісаныя. Гэта значыла, што яны — частка нечага, і подпісы засталіся на той рэчы, да якой яны былі прымацаваныя. Пра што сведчыў і зваротны, пляскаты іх бок. Памеры казалі, што гэта быў крыж — толькі для яго маглі рабіцца ў той час абразкі такога памеру. А памер усяго крыжа заклаў Пётр Фёдаравіч: 52 сантыметры. Вядома, нідзе не напісана, што напрастольны крыж павінен быць менавіта вось такой даўжыні, але мы зноў жа на традыцыю абапіраліся, тую, якая была ў канцы XІІ — пачатку XІІІ стагоддзяў.

— Пётр Фёдаравіч казаў пра візантыйскі ўплыў, які тады адчуваўся ў Тураве — дзякуючы княгіні Варвары. А ў Тураўскім крыжы ён таксама прасочваецца?

— Мы не хацелі, каб крыж быў зроблены “пад Візантыю”, ці нейкі гатычны. Мы ставілі ўмову, каб гэта была беларуская нацыянальная святыня. Так, я заўважала, напрыклад, у казаннях Кірылы Тураўскага калькі з узораў візантыйскай культуры, але там шмат і свайго, самабытнага. Старажытны Тураў вельмі важны быў і для Захаду. Сказаць, што ён быў чыста пад візантыйскім уплывам, нельга. І калі мітрапаліт Веньямін прымаў вырабленыя крыжы, многія выказваліся, што гэта самабытны беларускі артэфакт.

— Вядома, напрошваецца аналогія з крыжам Еўфрасінні Полацкай…

— Так, крыж Еўфрасінні паўплываў на канцэпцыю Тураўскага. Полацкі крыж — гэта думкі пра сям’ю, там ёсць выявы святых апекуноў бацькоў Еўфрасінні. Канцэпцыя Тураўскага крыжа нараджалася ў мяне доўга й пакутліва. Толькі калі мы з маім мужам, святаром, паехалі ў Пінск на моладзевы злёт, і я наведала свой улюбёны Музей Беларускага Палесся, а потым паблукала па Пінску й Тураве, то ўсё склалася. Вонкавы бок крыжа — гэта светабудова. Моманты Укрыжавання. Наверсе — смарагд. У цэнтры няма выявы Госпада, але ззяе рубін: як у старажытнасці казалі, лал. Гэта й ёсць адсылка да Цела й Крыві Гасподніх. Мы абапіраліся на багаслоўскі кантэкст, а XІІ стагоддзе напоўненае спрэчкамі пра Ахвяру Гасподнюю і цялеснасць Хрыста. Збоку — выявы Божае Маці ды Іаана Багаслова, ніжэй — Кірылы Тураўскага. А вось з наступным абразком звязаныя самыя вялікія спрэчкі. Бо Пётр Фёдаравіч атрыбуціраваў яго як выяву прападобнамучаніцы. Але такое адзенне, як на выяве, на той час не магло быць адзеннем схімніцы. Пошукі, параўнанні засведчылі, што гэта вопратка князя. І я прыйшла да высновы, што на абразку — Андрэй Багалюбскі, які быў і князем тураўскім, і князем кіеўскім, а яго забойства зрабілася сенсацыяй таго часу. Яшчэ адна выява — мучаніца Варвара, апякунка тураўскай княгіні Варвары. Такім чынам выбудоўваецца іерархія: свяціцель — князь — міранін. На зваротным баку — свая гісторыя. Заказчыкам крыжа мог быць князь тураўскі Глеб, які ў хрышчэнні стаў Міхаілам, таму — выява архангела Міхаіла. І мы не маглі забыць дзвюх персон, без якіх крыж не быў бы адноўлены: Пятра Лысенку і мітрапаліта Паўла, таму змясцілі выяву святых Пятра і Паўла. А з бакоў крыжа вельмі важная дэталь, якая ўсё спалучае: выказванне Кірылы Тураўскага.

Крыжы не выпадкова зробленыя з самых дарагіх матэрыялаў. Марыя Валянцінаўна тлумачыць гэта ментальнасцю нашых продкаў: Богу мусілі ахвяраваць найдарагое, найлепшае, як для ўласных бацькоў, любімых людзей. Дарэчы, на свінцовых абразках, знойдзеных у гарадзішчы, знайшлі рэшткі золата, а майстры аднавілі старажытную тэхналогію, дзякуючы якой паўзверх свінцовай формы ўзнікаў залаты абраз. Таму, каб гэта можна было назваць аднаўленнем, а не проста падробкай, крыжы мусілі быць залатымі ды аздобленымі сапраўднымі каштоўнымі камянямі. На што, вядома, спатрэбіліся сродкі.

Знойдзеныя Пятром Лысенкам абразкі аднавілі з выкарыстаннем сярэднявечнай тэхналогіі

Старшыня праўлення ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” Андрэй Жышкевіч на прэс-канферэнцыі распавёў, што аднаўленне Тураўскага крыжа адбылося ў межах праграмы банка “Культурная спадчына Беларусі”, якая рэалізуецца з 2015 года: “Тураўскі крыж, на мой погляд, з’яўляецца адным з важных і сімвалічных аб’ектаў ідэнтычнасці Беларусі. І як у любым добрым пачынанні, тут удала сышліся для нас зоркі, каб задуманае здзейснілася. З аднаго боку, была актыўная жыццёвая пазіцыя Пятра Лысенкі ды супрацоўнікаў Акадэміі навук, а з іншага — ідэю падтрымала Беларуская праваслаўная царква й Сяргей Румас, які ў той час узначальваў наш банк. І мы сёння ўжо як пераемнікі на фінальнай стадыі гэтага шматгадовага й складанага працэсу па праве падзяляем радасць і гонар, што маем дачыненне да вялікай справы. І зноў жа я адчуваю логіку й справядлівасць таго, што нашу калектыўную працу мы прэзентуем у гэтыя дні, бо сёння Беларусі патрэбны сімвалы яднання”.

Пасля таго, як Тураўскі крыж быў прадстаўлены на свяце Узвіжання Крыжа Гасподняга, запланавана яго экспанаванне ў Царкоўна-гістарычным музеі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Кожны зможа падысці, паглядзець на святыню. А ў дзень памяці святога Кірылы Тураўскага, 11 траўня 2021 года, Тураўскі крыж прынясуць у Тураў. Тады ж, у часе ўрачыстага набажэнства, у рэліквію будуць змешчаныя часцінкі мошчаў святых і часцінка крыжа, на якім быў укрыжаваны Хрыстос.

Сваю кнігу “Сказанне пра Тураў” Пётр Лысенка пачынаў з цытаты з аповесці “Дрыгва” Якуба Коласа і працягваў так:

“Як і ў тыя даўнія часы, і сёння цячэ Прыпяць — гэтая Амазонка беларускага Палесся.

Як і ў тыя даўнія часы, цячэ час.

Як і ў тыя даўнія часы, на беразе Прыпяць стаіць Тураў — адзін са старажытнейшых беларускіх гарадоў.

Сыходзяць вякі, мінаюць тысячагоддзі. Бурлівыя падзеі скаланаюць спакойную плынь жыцця.

А старажытны Тураў задумліва назірае, як цячэнне Прыпяці зносіць удалеч час, падзеі, набыткі”.

Не ўсе набыткі зносіць час. Тое, што патрэбна зямлі і людзям — застаецца, вяртаецца. У нашым часе Тураў і Беларусь будзе ахоўвацца яшчэ адной святыняй.

Людміла Рублеўская

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.