Вы тут

Сімвалы часу ад Георгія Скрыпнічэнкі


У Музеі “Замкавы комплекс “Мір” 25 верасня адкрылася выстава жывапісу й графікі “Сімвалы часу. Боскае і зямное ў творах Георгія Скрыпнічэнкі”


Георгій Скрыпнічэнка. Барбара. 1987-2007 гг. Алей, двп.

Знакавая падзея ў культурнай прасторы краіны не адбылася б, калі б не цёплае прыцягненне да сучаснасці ў айчынным выяўленчым мастацтве з боку музейных работнікаў “Замкавага комплексу “Мір” і асабіста дырэктара гэтай асветніцкай установы Аляксандра Лойкі. Пра тое з удзячнасцю казала на адкрыцці куратар выставы й кіраўніца праекта “Art lіbrum”, мастацтвазнаўца Ала Зміева, прадаўжаючы: “Мы з радасцю везлі ў Мір працы вялікага мастака сучаснасці Георгія Скрыпнічэнкі — бо ведалі, што ім тут будзе ўтульна. І гэтая ўтульнасць няхай дапаможа новым наведнікам музея адкрыць для сябе не толькі гісторыю нашай Айчыны, але й яе сучаснае прачытанне вачыма жывапісца й графіка…”

Георгій Скрыпнічэнка, які нарадзіўся ў 1940 годзе ва Украіне, пасля Вялікай Айчыннай вайны разам з бацькамі пераехаў жыць у Слуцк. Там атрымаў мастацкія ўрокі ў таленавітага педагога й графіка Уладзіміра Садзіна. У 1966‑м закончыў Мінскае мастацкае вучылішча. Паспрабаваў сябе ў розных тэхніках, пастараўся сумясціць гістарычна-міфалагічны досвед, філасофскія ацэнкі сусветнага існавання чалавецтва з рэчаіснасцю, з беларускай гісторыяй.

Мастацтвазнаўцы, мастацкія крытыкі лічаць Г. Скрыпнічэнку, які пайшоў з жыцця ў 2015 годзе, паслядоўным сюррэалістам. Хаця на самой справе мастакоўскі светагляд беларускага творцы нашмат шырэйшы. Пра тое сведчаць і дзясяткі прац, якія выстаўлены цяпер у адной з залаў у Мірскім замку, а таксама сотні прац Георгія Сяргеевіча, якія раскіданыя па розных музеях свету, знаходзяцца ў калекцыянераў і яго спадчыннікаў.

Сяргей Мартынаў на адкрыцці выставы

У адкрыцці выставы прынялі ўдзел былы Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў (які доўгія гады сябраваў з мастаком, і цяпер спрыяе пашырэнню вядомасці здзейсненага майстрам), сын мастака Сяргей Скрыпнічэнка, унук Георгія Сяргеевіча — Дамінік Скрыпнічэнка, мастацтвазнаўца, мастацкі крытык Юрый Абдурахманаў.

Сяргей Шычко

Фота: Канстанцін Дробаў

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Гэты тыдзень вельмі ўдалы ў плане кар'еры і любові. Могуць паступіць прыемныя дзелавыя прапановы. Калі вы сканцэнтраваныя і ўважлівыя, то забяспечаны поспех, прычым такі, на які нават не разлічвалі. Цяпер час выканання жадання, вырашэння праблемы, якая хвалюе даўно. Да канца тыдня прыйдзе адчуванне радасці, спакою і гармоніі.

Грамадства

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Сёння ў кожнага пятага дарослага чалавека ў свеце дыягнастуецца павышаны крывяны ціск.