Вы тут

Пад знакам АГРА


Міжнародны форум “Белагра—2020” у чарговы раз адбудзецца ў Мінску. А ўлічваючы складаную эпідэміялагічную абстаноўку ў свеце некаторыя з запланаваных мерапрыемстваў форуму пройдуць у рэжыме відэаканферэнцый, анлайн­-прэзентацый.


Фота belarus-tractor.com

Да форуму, што мае ўжо слаўныя традыцыі, ёсць вялікі інтарэс у вучоных-аграрыяў, спецыялістаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў, што выпускаюць і пастаўляюць для сельскай гаспадаркі машыны й абсталяванне. Міжнародная выстава разгорнецца ў Футбольным манежы (што па праспекце Пераможцаў, 22/2), пройдзе з 29 верасня па 4 кастрычніка. З кожным годам спіс яе ўдзельнікаў папаўняецца прадстаўнікамі новых краін. Летась, напрыклад, аграрная выстава сабрала ў Мінску 560 кампаній з 29 краін. Экспазіцыі прэзентавалі вытворцы з Беларусі, Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі ды іншых еўрапейскіх краін. Былі выстаўлены сельгасмашыны й прадукцыя вытворцаў з Германіі, Даніі, Ізраіля, Індыі, Італіі, Канады, Кітая ды іншых краін. І на сёлетняй выставе таксама чакаюць нямала ўдзельнікаў з замежжа.

Новаўвядзеннем “Белагра—2020” стане 7-ы міжнародны спецыялізаваны салон “Біягаз—2020”. Наведнікі даведаюцца, як адладжаны цяпер перадавыя тэхналогіі збору, транспарціроўкі, захоўвання сыравіны й выпрацоўкі біягазу, як ідзе бражэнне біямасы ў ёмістасцях. І нават тое, як навучыліся выкарыстоўваць адходы вытворчасці ды пра розныя механізмы, прыборы, што прымяняюцца ў працэсах.

Спецыяльную экспазіцыю дасягненняў беларускіх аграрыяў штогод арганізуе Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчавання. Апошнія распрацоўкі прадэманструюць навукова-практычныя цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук па механізацыі сельскай гаспадаркі, земляробстве, бульбаводстве, агародніцтве й харчаванні. А НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі ды “Белплемжываб’яднанне” ладзяць спецыяльную экспазіцыю дасягненняў айчыннай жывёлагадоўлі й птушкаводства.

І яшчэ цікавая навіна: Мінскі трактарны завод выставіць на пляцоўцы ля Футбольнага манежа больш за 15 мадэляў трактароў — і гэта будуць апошнія распрацоўкі прадпрыемства. Сярод іх і многім знаёмы трактар BELARUS-82.3 у абноўленым выглядзе: з новым дызайнам, вялікай колькасцю ўдасканаленняў у тэхнічным плане. Як вядома, калёсныя трактары “Беларусь” такога класа могуць выкарыстоўвацца не толькі для падрыхтоўкі глебы пад пасевы, але і ў лясной, камунальнай гаспадарках, на будаўніцтве і ў прамысловасці. Беларускія трактары да таго ж прыстасаваныя для працы ў любых кліматычных умовах. Да іх можна дастасоўваць розныя прылады, механізмы, у тым ліку й замежных вытворцаў.

Наймагутны трактар у лінейцы МТЗ BELARUS-4522, які прызначаны для выканання энергаёмістых сельгасработ у цягавым і цягава-прывадным рэжымах, таксама набыў новы дызайн. Яго выставяць на пляцоўцы інавацыйнай прадукцыі Мінпрама. І перад МТЗ будуць выстаўленыя не толькі трактары, але й навясное абсталяванне вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў.

У часе выставы запланавана вялікая колькасць семінараў, сустрэч з вучонымі, распрацоўшчыкамі тэхнікі. Удзел у ёй дапаможа знайсці новых партнёраў, даведацца пра новыя тэндэнцыі ў развіцці аграрнай галіны, прадставіць сваю прадукцыю, абмяняцца досведам.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.