Вы тут

Патрыятызм — гэта вернасць высокім ідэалам


Насычаным на розныя імпрэзы, якія абуджаюць у душах высокія патрыятычныя перажыванні, падмацоўваюць пачуццё вернасці Айчыне, выдаўся верасень-2020 для беларусаў Самарскай вобласці


Самарскія беларусы з сябрамі на этна-кірмашы

Сёлета ў Расіі, які ў Беларусі, ладзіцца шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. З вялікім захапленнем глядзелі мы, як 9 Мая ў Мінску, нягледзячы на розныя меркаванні ў сувязі з каранавіруснай пандэміяй, быў годна праведзены святочны парад Перамогі. А ваенны парад у Расіі прайшоў 24 чэрвеня. Для Беларусі ды Расіі Дзень Перамогі — адно з самых вялікіх усенародных святаў. Мы, дзе б ні жылі, ганарымся воінамі-пераможцамі, аддаем даніну павагі тым, хто вызваляў свет ад фашызму, шануем бессмяротны подзвіг нашых мужных папярэднікаў. Па сутнасці, вялікая каштоўнасць патрыятызму і ў тым, каб заставацца ў любых абставінах вернымі тым высокім ідэалам любові да Бацькаўшчыны, якія мы спавядаем.

І гэта ўжо традыцыя: моладзевы актыў, творчыя калектывы самарскай суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” штогод удзельнічаюць ва ўсіх гарадскіх і абласных імпрэзах, скіраваных на выхаванне моладзі на прыкладах высокай грамадзянскасці, патрыятызму. Бо, як вядома, без духоўнай узвышанасці, без моцнага культурнага складніка ў грамадзянскай супольнасці не можа быць моцным народ, Айчына. Як лічыць прэзідэнт суполкі Ірына Глуская, варта ўсімі сіламі спрыяць і таму, каб умацоўвалася дружба між прадстаўнікамі розных народаў, якія жывуць на самарскай зямлі. Пры тым, заўважае, неабходна памятаць, што патрыятызм — гэта катэгорыя маральная, спалучаная з усім нашым светапоглядам.

Жыхары Самары, госці горада 7 верасня цёпла сустракалі выступленне заслужанага беларускага вакальнага ансамбля “Каданс”. Ён выступаў у канцэртнай праграме ўнікальнага праекта “Дорога истории — наша Победа”: гэта своеасаблівы інтэрактыўны музей пад адкрытым небам на плошчы імя Куйбышава. Сама ж яна была падзелена на 5 тэматычных зон, якія распавядалі пра побыт гараджан, асаблівасці гарадскога жыцця ў ваенную пару. Даваеннаму часу была прысвечана экспазіцыя “Завтра была вайна”, пра пачатак вайны расказвалася ў зоне “Вставай, страна огромная”. Пра ваенныя будні запаснай сталіцы, заводы й галіны вытворчасці, якія ўтварыліся ў гады Вялікай Айчыннай у Куйбышаве, расказвала экспазіцыя “Здесь тыл был фронтом!”. Можна было нават пабываць у зямлянцы, акопе, шпіталі ды ў цэлым пагрузіцца ў атмасферу вайны — з дапамогай зоны “Нам дороги эти позабыть нельзя!”. І, нарэшце, пра вызваленчы рух савецкіх войскаў, трыумфальную Перамогу над ворагам і вяртанне пераможцаў на Радзіму расказвала экспазіцыя “Последний бой, он трудный самый”.

Мастацкая кіраўніца вакальнага ансамбля “Каданс” Іна Сухачэўская расказвае, што актыў суполкі, салісткі творчага калектыву з вялікай цікавасцю агледзелі экспазіцыі. Запомнілася ёй, як уважліва маладыя дзяўчаты разглядалі фатаграфіі сваіх аднагодак з ваенных 40-х.

А 12 верасня ў вобласці ў шосты ўжо раз прайшло свята Дзень дружбы народаў — сёлета ў Тальяці. Беларусаў на сцэне этна-кірмашу таксама прадстаўляў і згаданы ансамбль “Каданс”, створаны пры Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Самадзейныя артысты спявалі ў Тальяці беларускія песні, сярод якіх ужо вядомыя жыхарам рэгіёна беларускія народныя “Бульбачка” й “Лявоніха”.

Патрыятычнаму выхаванню моладзі на самарскай зямлі спрыяе й аўтарскі праект Ірыны Глускай: Фестывальны марафон памяці “ЖИВЁМ и ПОМНИМ!”, прысвечаны 75-годдзю Перамогі. Сёлета праект увайшоў у Лонг-ліст конкурсу Грамадскай палаты Расіі ў галіне грамадзянскай актыўнасці.

Мікалай Бойка, г. Самара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.