У Сусветны дзень чысціні, які адзначаецца 19 верасня, ва ўборцы тэрыторыі горада паўдзельнічала ліепайская беларуская суполка “Мара”.
Чулі пра Сусветны дзень чысціні? Гэта міжнародны рух энтузіястаў, штогадовая падзея. А ўпершыню Дзень чысціні прайшоў у Эстоніі 15 верасня 2018 года. Мэта руху: дапамагчы людзям глыбей усвядоміць маштабы праблемы адходаў і зрабіць пасільны ўнёсак у яе вырашэнне. Гэта была найбуйнейшая ў гісторыі грамадзянская ініцыятыва: у адзін дзень у парадак сваю зямлю прыводзілі жыхары 158 краін.
У суботу, 19 верасня, ва ўборцы тэрыторыі горада паўдзельнічала ліепайская беларуская суполка “Мара”. І такім чынам адкрываўся ў нас ужо сёмы сезон праекта “Латвія і Беларусь. Насустрач адзін аднаму”. Удзельнікі праекта — навучэнцы Ліепайскага марскога каледжа, Ліепайскага дзяржаўнага тэхнікума і Ліепайскай сярэдняй школы Ліедага. Усе гады кіруюць праектам актывісты суполкі “Мара”.
Па традыцыі праект стартаваў правядзеннем экаталакі: мы прыводзіліся ў парадак месцы адпачынку “Беберліні” ў Ліепаі. Падлеткі мелі магчымасць таксама паўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах. А ў канцы талакі ды гульняў на свежым паветры вельмі дарэчы прыйшлася бульба з мясам — гатавалі страву на адкрытым агні — ды гарбатка з духмяных лясных ягад.
У плыні праекта “Латвія і Беларусь. Насустрач адзін аднаму” плануецца шэраг розных імпрэзаў, мэта якіх — пазнаёміць хлопцаў і дзяўчат, якая жывуць у Латвіі ды прадстаўляюць розныя нацыянальнасці, з традыцыямі беларускага й латвійскага народаў. А мэта экаталакі — згуртаваць удзельнікаў праекта для далейшай супрацы. “Падлеткі спагадныя, з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел ва ўборцы тэрыторыі”, — адзначае кіраўніца праекта Жанна Буйніцкая. З радасцю падзялілася назіраннем: за час пасля завяршэння 6‑га сезона праекта (летась у снежні) да пачатку новага яго ўдзельнікі з нецярпеннем чакалі такіх імпрэзаў ды, вядома ж, рыхтуюцца да чарговай паездкі ў Беларусь.
Анжэла Фаміна, г. Ліепая
У лясніцтвах ужо тыдзень кіпіць работа.
«Адно немагчыма без другога».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.