Вы тут

Янка Бобрык. Літаратар-філосаф з Глуска


Таленавіты паэт-“маладняковец” Янка Бобрык прысвяціў свае лепшыя творы малой радзіме, а загінуў ад голаду ў Ленінградскую блакаду


Валерый Маракоў, Янка Бобрык і Яўгенія Пфляўмбаўм гартаюць кнігі з бібліятэкі "Маладняка". Менск, 1925 г.

Сёлета 21 ліпеня споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння Янкі (Івана Іванавіча) Бобрыка (1905–1942). Пабачыў ён свет у Глуску, з маленства шмат мог і ўмеў. Авалодаў, скажам, кавальскім рамяством: бацька ж меў рэпутацыю лепшага ў воласці каваля. Пазней Янка з поспехам спрабаваў сябе як акцёр, мастак. Але галоўнай сферай для творчага самавыяўлення ў яго заўсёды была паэзія.

Ураджэнец Глуска разумеў, што цяжка быць майстрам у паэзіі, не маючы адпаведнай літаратурна-лінгвістычнай адукацыі. У 1924 годзе ён уліўся ў шэрагі студэнтаў адпаведнага аддзялення педфака Беларускага дзяржуніверсітэта. Дарэчы, у Менску (так пісалася назва беларускай сталіцы) працаваў тады хірургам яго старэйшы брат Мікалай — з яго дапамогай Янка пазнаёміўся з паэтам Валерыем Мараковым. Яны пасябравалі. Час ад часу наведвала братоў у сталіцы іх родная сястра Маруся.

У 1924 годзе быў апублікаваны першы верш Янкі Бобрыка. У той час у Менску было шэраг літаб’яднанняў, і юнак выбраў “Маладняк”. Там найбольш папулярным быў Уладзімір Дубоўка: ён як магніт прыцягваў моладзь. А Янка Бобрык нават кіраваў мінскім філіялам суполкі. Ураджэнец Глуска й землякоў сваіх знаёміў з творчасцю чальцоў “Маладняка” (суполка існавала з лістапада 1923‑га па лістапад 1928‑га года). (Ва ўспамінах вядомага паэта Сяргея Грахоўскага знаходзім: “Прыязджаючы дадому, ён заўсёды прывозіў ладны стосік маладнякоўскіх кніжачак і раздаваў іх чытаць мясцовым аматарам літаратуры. Вечарамі ў кавалёвай хатцы збіралася поўна людзей, чыталі ўголас, рагаталі, часта “падсольвалі” асобныя мясціны моцным і дасціпным слоўцам. Як толькі прыязджаў Янка, я станавіўся яго ценем. Тады й пачаў (каб ніхто не ведаў) крэмзаць свае вершы”. Ці вось яшчэ цікавы ўрывак: “Па дарозе з Добруша да майго дзядзькі завярнуў ягоны сын, малады паэт Янка Бобрык са сваім таварышам Петрусём Броўкам. У Добрушы яны разам з ленінградскімі пісьменнікамі “выцягвалі з прарыву” папяровую фабрыку “Герой працы” й заскочылі адведаць Янкавых бацькоў. У малюсенькай хатцы адразу стала цесна й людна: прыходзілі суседзі й суседкі нібыта пазычыць солі ці рэшата, каб зірнуць на “менскіх пісацеляў”, перакінуцца словам з Янкам, пабачыць яго таварыша”. — Рэд.) У найблізкае кола творчых і сяброўскіх зносін Янкі Бобрыка ўваходзілі Паўлюк Трус, Валерый Маракоў (пасябравалі паэты раней, чым уступілі ў літаб’яднанне), Віктар Казлоўскі, Сяргей Дарожны, Максім Лужанін, Пятро Глебка, Тодар Кляшторны, Алесь Дудар, Пятрусь Броўка. У 1926‑м выйшаў паэтычны зборнікі “Пунсовае ранне” трох маладых паэтаў: Алеся Звонака, Янкі Туміловіча ды Янкі Бобрыка.

У 1929‑м, закончыўшы ўніверсітэт, Янка пачаў працаваць па спецыяльнасці ў “Белдзяржкіно”: у тандэме з Алесем Звонакам пісаў кінасцэнары. Паводле іх быў зняты шэраг фільмаў. А ў 1932 годзе Я. Бобрык і Л. Кацнельсон выканалі даручэнне ЦК КП (б) Беларусі — напісалі “Доклад об основных этапах развития белорусской кинематографии”, які лёг на стол Першаму сакратару. (Па ўсёй бачнасці, то быў Мікалай Гікала: ён узначальваў ЦК у 1932–1937 гадах. — Рэд.). І яму, кажуць, напісанае спадабалася. У 1930‑м з’явілася буйная паэма Янкі Бобрыка “Галіна”, твор аб прадстаўніках сельскай інтэлігенцыі. Бобрык падкрэслівае важную ролю гэтых людзей у сацыяльнай перабудове савецкай вёскі.

У 1932‑м Янка Бобрык стаў ленінградскім беларусам: кажуць, па жорсткім патрабаванні сябра, паэта-футурыста Паўлюка Шукайлы. І такім жа чынам у паўночнай сталіцы Расіі апынуліся Алесь Звонак, Зінаіда Бандарына. Дарэчы, і тады ў Піцеры жыло шмат беларусаў, і Шукайла нават стварыў там беларускую літаратурную арганізацыю. Паўлюк быў проста ўпэўнены, што ўсе трое ўпрыгожаць яе, будуць запатрабаваныя ў Дзяржаўнай акадэміі мастацтвазнаўства. І не памыліўся: дзяржакадэмія пачала адлік гісторыі выключна дзякуючы прабіўной сіле Шукайлы. Была свая логіка ў тым, што ён стаў яе першым кіраўніком. Шукайла займаў адначасова й прэстыжную пасаду яе віцэ-прэзідэнта. (Магчыма, не столькі пра “паэтычнае ўпрыгажэнне” горада на Няве беларускімі талентамі дбаў былы “маладняковец”, ураджэнец Ваўкавыскага павета Гародзеншчыны Паўлюк Шукайла (1904–1939). Пэўна ж, клапаціўся й пра тое, каб ацалелі ягоныя сябры ў віхурную пару палітрэпрэсій, якія пачаліся ў Беларусі ў 1930 годзе. Цяпер жа вядома: нават Янка Купала 22 лістапада 1930 года, якога цягалі на допыты, напісаў перадсмяротны ліст, узяў нож і загнаў яго сабе ў жывот. Гэтак спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але паэта ўратавалі. А Паўлюк Шукайла быў арыштаваны АДПУ СССР па справе міфічнага “Саюзу вызвалення Беларусі” ў верасні 1932 года — і тады ацалеў. Другі ж раз арыштавалі яго ў Маскве ўвосень 1938‑га. 13 красавіка 1939 года Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР вынесла прысуд: вышэйшая мера пакарання. Расстраляны 14 красавіка, пахаваны на могілках “Коммунарка” пад Масквой. — Рэд.)

Першыя два гады ў Ленінградзе Янка Бобрык вучыўся ў аспірантуры Дзяржакадэміі мастацтвазнаўства, пісаў кандыдацкую. Потым… паехаў настаўнічаць: у Беларусь, у Мілаславіцкую сямігодку. (Мілаславічы цяпер — у Клімавіцкім раёне Магілёўшчыны. — Рэд.) Сябры закідвалі яго лістамі з пажаданнямі хутчэйшага вяртання — і ўрэшце ён вярнуўся. Быў навуковым супрацоўнікам згаданай акадэміі, затым галоўным рэдактарам ва ўпраўленні па справах мастацтваў Ленгарвыканкама. У 1938‑м узяў шлюб з Наталляй Вішнеўскай. А два папярэднія мужы яе абвешчаны былі ворагамі народа, так што савецкі працаўнік яўна рызыкаваў, і не толькі кар’ерай. І ўвогуле Янка Бобрык не цураўся тых сяброў, якія сталі вязнямі сталінскіх лагераў па 58‑м артыкуле. Гэтаксама паступаў і ягоны брат. Вядома, што калі Сяргей Грахоўскі, стрыечны іх брат, апынуўся ў няволі, то Мікалай Бобрык яго падтрымліваў. (Ва ўспамінах Сяргея Грахоўскага: “Яшчэ верылася, што пераканаюцца ў маёй невінаватасці й пусцяць дамоў. А там мая маладзенькая жонка з дня на дзень чакае дзіцяці. Як яна? Што з ёю? Хто ёй дапаможа? Нашы ж людзі выхаваны ў спрадвечнай пільнасці, у страху, нават блізкія адварочваюцца ад сям’і пакутніка. Але я памыляўся. Тады, калі дзеці выракаліся бацькоў “ворагаў народа”, жонкі — мужоў, мой дваюрадны брат, славуты хірург Мікалай Іванавіч Бобрык, не толькі не адвярнуўся ад маёй няшчаснай жонкі, ён не баяўся званіць па тэлефоне майму следчаму, станавіцца перад турмой у чаргу з перадачаю для мяне, ён не пакідаў мяне да апошняга дня маёй няволі”. Ва ўспамінах пра бацьку “Не адкладай сустрэчу на пасля…” Таццяна Грахоўская таксама піша пра высакародныя ўчынкі Міколы Бобрыка: “У Сібіры ў нас былі прыгожыя “магазінныя” цацкі. Прысылаў татаў стрыечны брат, дзядзька Мікола (Бобрык Мікалай Іванавіч). Ён нам прысылаў і арэхі, і яблыкі, і кніжкі, і многае іншае, але некалькі цацак жыве і сёння. Цацкі заўсёды вазілі за сабою. Вясковыя дзеці, амаль скрозь пасляваенныя бязбацькавічы, рабілі цацкі самі. Асабліва папулярнымі былі ланцугі з каляровай паперы. Колца сіняе, колца ружовае, колца жоўтае… Мне таксама хацелася рабіць ланцужкі, але тата папрасіў: “Не трэба, дачушка, я вельмі не люблю ланцугоў…”. — Рэд.)

Янка Бобрык

Працаваў Янка Бобрык у Ленгарвыканкаме і ў 1941‑м, калі пачалася вайна. Ён хацеў пайсці на фронт, ваяваць з ворагам, але былі медыцынскія супрацьпаказанні, якія й прадвызначылі афіцыйнае зняцце яго з ваеннага ўліку. І ўсё ж чалавек, праявіўшы цвёрдасць і напор, трапіў добраахвотнікам у народнае апалчэнне. Там і быў 11 месяцаў. А далей Наталлі Вішнеўскай прапанавалі эвакуацыю разам з дзіцячым домам, у якім яна працавала. Паводле правілаў, яна магла ўзяць з сабою мужа. Ды Іван Іванавіч адмовіўся: бо лічыў, што блакаду павінен перажываць разам з горадам, у якім працаваў да вайны… У разгар лета 42‑га санітары ў часе традыцыйнага абыходу ленінградскіх вуліц знайшлі мужчыну ў вельмі цяжкім стане. Устанавілі: гэта Іван Бобрык. Паэт апынуўся ў бальніцы. Чатыры тыдні спрабавалі яго паставіць на ногі, але дарэмна: 25 жніўня 1942 года беларус-блакаднік памёр. І пахавалі яго на Піскароўскіх могілках, а ягоны архіў прапаў.

Наталля Вішнеўская ў маладосці. Фота з фондаў БДАМЛМ

Напрыканцы варта заваўважыць: пасля выхаду паэмы “Галіна” літаратурная дзейнасць Янкі Бобрыка не спынялася. Прычым ягоныя творы паэзіі, прозы 1930–42 гадоў яшчэ больш дасканалыя. Аналізуючы паэтычныя творы, аповесці, нарысы Янкі Бобрыка можна зрабіць выснову: гэта быў літаратар-філосаф, літаратар-псіхолаг, літаратар-гуманіст, літаратар-патрыёт, які ўпісаў свае важкія радкі ў энцыклапедыю беларускіх народных характараў. Адметная й мова ягоных твораў, у якіх упершыню сустракаюцца многія словы й выразы. Яны ці то прыдуманыя аўтарам, ці то запазычаныя з родных мясцін: з Глушчыны, з Магілёўшчыны.

Вядома, што ўдава Янкі Бобрыка, Наталля Вішнеўская, усынавіла двух хлопчыкаў-дзетдомаўцаў, замяніўшы ім родную маці. Тыя выхаванцы знайшлі сябе ў жыцці: з дзяцінства захварэлі морам, а з гадамі сталі капітанамі далёкага плавання.

Міхаіл Стралец, доктар гістарычных навук, прафесар

Ад рэдакцыі. У артыкуле Людмілы Рублеўскай “Янка Бобрик, сын кузнеца из Глуска” (СБ, 24.08. 2015) ёсць таксама іншыя цікавыя звесткі пра жыццё, акружэнне, творчасць нашага земляка. У прыватнасці, пра тое, што паэтэса Наталля Вішнеўская разам з Янкам Бобрыкам уваходзіла ў “Маладняк”. І яна ж выдала паэтычны зборнік — сумесна з Яўгеніяй Пфляўмбаўм ды згаданай у тэксце Зінаідай Бандарынай. Наталля стала жонкай паэта Алеся Дудара. Калі ж той быў рэпрэсаваны, перад ёй зачыніліся ўсе дзверы. Ёй удалося закончыць універсітэт, і потым яна з’ехала ў Маскву. Там сустрэла яшчэ аднаго “маладнякоўца” — Алеся Звонака, і вышла замуж за яго. Абодва вярнуліся ў Мінск — і трапілі пад новую хвалю рэпрэсій: Алеся Звонака арыштавалі. У тую трагічную пару Алеся Дудара расстралялі: у мінскім Пішчалаўскім замку ў ліку 36 чалавек, пакараных смерцю ў ноч з 29 па 30 кастрычніка 1937 года. Паэта Алеся Звонака саслалі ў Магаданскую вобласць. Вось тады Вішнеўская перабралася ў Ленінград. У Людмілы Рублеўскай чытаем: “Старые друзья, потеряв под колесами кровавого режима близких людей, находят друг у друга утешение…”.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.