* * *
У бессмяротным слоўніку зямлі
Ці знойдзецца на роднай мове слова?
Вякі глядзяць трывожна і сурова,
Гудуць вятры праз ціхія палі.
І свет зусім навокал не нямы,
Ён поўны гукаў, песень і мелодый.
І хто адказ свой дасць: хібы не мы
Раскажам іншым аб сваім народзе?
Бялее аркуш і чакае зноў
Калі, нібы па снежным чыстым полі,
Сцяжынка доўгая спрадвечных родных слоў
У шлях адвечны павядзе паволі.
* * *
Захлынуцца песняй недапетай,
Абарванай празвінець струной…
Так сыходзяць лепшыя паэты,
Нібы знічкі сумнаю парой.
І святло іх зорнае світае
Над спрадвечнай роднаю зямлёй,
Бо яна заўжды для іх святая,
Бо яны пацалаваны ёй.
І маўчым мы ў роспачы суровай
Паміж будняў і трывожных сноў,
Запаветнае шукаем слова,
Што падорыць нам надзею зноў.
І паэты нам яго шукалі,
Бо ў жыцці такі ім выпаў лёс…
І глядзяць цяпер з далёкіх даляў
Зорным мроівам гаючых чыстых слёз.
* * *
Зноў сцяжыначкай коўзкаю
Крочыць стомлены час…
Я чытаю Таркоўскага
Пра сябе і пра нас.
І радкі адкрываюцца
Пракаветнай тугой,
І вякі абдымаюцца
Адзінотай сваёй.
І душа ціха песціцца
Гэтым дзіўным святлом.
І ўваходзіць Паэзія
У мой сцішаны дом.
* * *
Нам слова даецца зусім не дарма —
вышэйшага шчасця на свеце няма.
Прыходзіць як вынік пакут і надзей
і лепшае долі не знойдзе нідзе.
Такі ўжо чароўны складаецца лёс,
сатканы з усмешак, спадзеваў і слёз.
Дык што ж, калі здолеў яго ты прыняць,
скідай адзіноты, маўчання пячаць.
І выбухне слова як радасць і боль,
і ўзыдзе суквецце ўсіх зор над табой.
* * *
Такія цуды навучыліся рабіць людзі:
Штучнае футра, штучны інтэлект, штучны голас…
Усё нібы натуральнае, усё гэтак падобна…
Дык што? На чарзе надзея, вера, любоў?
Ім таксама знойдзем замену?
№ 1 «Полымя», 2020
Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца.
«Абеліскі параненай зямлі».
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.