Вы тут

Казімір Камейша. Доля цяпла шукала


Таямніца печы

 

Памяці Валерыя Маракова

Пакуль бядой не пахне дым,

А сном ды прыпамінам,

Брыдуць старэйшы з маладым

У свет, прапахлы глінай.

 

Хвала дарозе і хадзе,

Дзе ёсць парог для стрэчы!

Вунь колькі сцен выводзіць дзень,

А сцены просяць печы.

 

Навуку ведаў ён адну,

Бацькоўскую, дарэчы:

Маліся покуці, акну,

Але танцуй ад печы.

 

Ад печы й песню пачынаў

І ў свет праз ноч выводзіў.

Ішла пакутніцай яна,

Як доля наша ходзіць.

 

У пушчу зрання шлюць ганца:

«Даўно чакаем! Досыць!»

Шляхетнай кафлі з Івянца

Той дом, за рэчкай, просіць.

 

Дом просіць бляску і віна,

Не хоча наскай гліны.

А ў нас як быццам плоць яна:

З калянасцю каліны,

 

З агнём дзявочае шчакі,

З пяшчотай свету мудрай.

Якой вам волі, дзецюкі,

Якой вам трэба пудры?!

 

Ужо і цемра неўпрыкмет

На цемя дахаў легла.

Пакуль без слоў жыве паэт —

Радком кладзецца цэгла.

 

Згарэла столькі дроў і стрэч,

Збылося сноў нямала.

Спявала ноч, спявала печ,

Сама душа спявала.

 

Сярнічка ўспыхне і згарыць,

За горла сцісне цемра —

Бо кроў сцякала па пяры,

Ішлі гайнёю цені.

 

Цень ад сцяны і ад стала,

І ценем стаўся горад.

Як многа ў сценах тых цяпла,

Але за імі — холад.

 

Зіма і лёд чужынны там,

Халодныя грамніцы.

Стварыў ён таямніцу сам.

І сам ён — таямніца.

 

ЦЯПЛО

За морам, у лесе, у полі,

Дзе нават нага не ступала,

Там людзі шукалі долі,

А доля цяпла шукала.

 

Пара! Пачынаць усё трэба!..

Бо працы шчэ — край не пачаты.

Жылі без вады, без хлеба,

Але будавалі хату.

 

Хай нават стаіць на па́лях

Або на курыных ножках,

Ды толькі б цяпла хапала

У сценах, у сэрцы й ложку.

 

Хай цешыцца грэшнае цела —

Цяпла прычакала, здаецца.

Калі бракавала ў сценах,

Было аж залішне ў сэрцы.

 

Жыць вольна пад небам птаху,

Над песняй самой уздымацца.

І тым, хто жыве пад дахам,

Патрэбна зямлі трымацца.

 

* * *

Яшчэ жыццё як аркуш белы —

Ніводнай плямінкі нідзе.

Яшчэ душа грахоў не мела,

А ўжо да споведзі ідзе.

 

Яшчэ не пазычаў нічога,

А ўжо пакрыху аддаю.

А той другі, з крыла другога

Заводзіць песеньку сваю.

 

Мой хуткі час, яго — марудны,

Дарога гладкая, як блін.

Я — не суддзя, ён — не падсудны,

Мы ў храм спяшаемся адзін.

 

Ідзём і я, і ён, нябога.

Стаміліся і я, і ён.

Хоць мы ідзём адной дарогай,

А кожны думае сваё.

 

* * *

Зноў мой сон замяла гэта белая вея,

Замяце і твае ля парога сляды.

Новы ранак ідзе. Чуеш водгук хады?

І тваёю шчакой небасхіл ружавее.

 

Ёсць характар зімы і ў абцасікаў стуку,

У разлёце брыва, у павеве рукі.

Я ўжо чую, матыў выспявае які,

Бо даўно тых капрызаў засвоіў навуку.

 

Калі птушка з гняздзечка ўздымаецца рана,

Значыць, сну не было ці трывожным быў сон.

Я цябе не вініў і не бег наўздагон,

А сябе дакараў, тым і быў пакараны.

 

Прытамлёны гадзіннік зноў просіць заводу,

І ў спружынкі аслаблай цярпення няма.

Рана так пачынаецца гэта зіма.

Мо счакаем не позна і блізкую згоду.

 

* * *

Я ўсё аддам,

Што сёння яшчэ маю,

Чым сам яшчэ душу не наталіў,

Што іншыя тапталі і ламалі,

А потым за капейкі прадалі.

 

Жыццё маё, нам на дваіх з табою

Было ўсяго, што трэба для жывых.

Было залішне толькі, мабыць, болю,

А боль дзяліць няпроста на дваіх.

 

Я ўсё аддам,

Што сёння яшчэ маю,

Што нам з табой належала дваім.

Ды за сабою права пакідаю

Любіць і шанаваць, і горка плакаць…

Па ўсім,

Што заўтра будзе не маім…

 

№ 6 «Полымя», 2020

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.